• Vadim Sidorovich

Арыкаў хутар Дашчэчына: былы развой, заняпад і апошнія жыхары

Updated: Sep 30

Спачатку я хацеў бы крыху паведзіць, чаму мне хацелася бы распавесьці пра Арыкаў хутар Дашчэчына. Гэты крок ёсьць ня проста апісаньне набытай інфармацыі аб чарговым людзкім паселішчы ў маім краязнаўскім блозе аб Налібоцкай пушчы. У гэтым ёсьць нешта, што закранула маю краязнаўскую цікавасьць і настальгічныя пачуцьці аб мінулым.


Першае маё знаёмства з хутарам Дашчэчына адбылося летам 1983 году пад час адной з маіх пешых вандровак па Налібоцкай пушчы. Крочачы лясной пясчанай дарожынай, што пралягала па барох у міжрэччы Волькі й Ізьледзі, я трапіў на гэты зьбяднелы хутар. Наколькі я мог бачыць той двор складаўся з двух галявінак, агульнай плошчай каля трыццаці сотак, малой хаты і дзьвюх хлявоў. У большым хляву корпалася з нечым пажылая жанчына Яніна Арыка. Я падышоў і запытаў аб начлезе. Яна сказала, што ў іхняй малой хатцы з начлегам зусім цяжка. Да таго ж завяліся пасьцельныя клапы, ад якіх яны ніяк не могуць пазбавіцца. На сена пад страху аднаго з хлявоў таксама яна  ня пусьціць, бо палохаецца пажару. Мне тое было паразумела і прымальна. Пад час размовы я бачыў, што ў гаспадарцы ёсьць конь, мыка, куры і два невялічкіх япрукі. Памарудзіўшы крыху, я запытаў солі і каб купіць буханку хлеба, бо мой хлеб і соль размоклі пад дажджом мінулай ноччу. Хлеба яны самі мелі небагата, а солі Яніна дала, запрасіўшы зайсьці  ў невялічкія сенцы хаты. Праз адчыненыя дзьверы я бачыў пануючую беднасьць быту, але надта прыгожую некаторую самаробную мэблю. Я запытаў аб той мэблі, і яна адказала, што  па вайне яе зрабіў бацька Кастусь, бо ўсё ранейшае пагарэла ўлетку 1942 году, як нямецкія карнікі палілі Яськава. Сярод той самаробнай мэблі я бачыў прыгожую шапу, два драўняных ложка, стол і два адмыслова прыгожыя зэдлі або ўслоны. На шпалераваных сьценах было шмат фота, большасьць якіх было сабраны ў два вялікіх пано. Памятую, што таксама было некалькі вялікіх фотапартрэта памерлых папярэднікаў. Яны выглядалі заможна ўбраны, ледзь не шляхта. Адыходзячы ад хаты з набытай сольлю, я заўважыў, што да двара падыходзяць таксама пажылыя жанка й мужык. То напэўна былі сястра Яніны Ленарда (Лёня) і ейны мужык Ян Касьперовіч.


Дзеці Кастуся і Стэфаніі Арыкаў: Ленарда з Янінай напрыканцы 1950-х гадоў, Флёрык (Фларіян) у пачатку 1960-х гадоў, Яніна ў 1970-я гады.



Уначы мне давялося начаваць у Дзянісава ў хаце Бразоўскіх. Гасьцінныя гаспадары мяне нават запрасілі на вячэру, дзе я запытаў аб хутары Дашчэчына. З той размовы я даведаўся, што той хутар у Дзянісава завуць Дзянісава-Арыкі, а ў Яськава завуць як Яськава-Арыкі, або Арыкаў хутар ці двор. Што тычыцца найменьня Дашчэчына, то тое ёсьць  назва старая, і да Другой сусьветнай вайны менавіта гэтак той хутар і найменавалі. Да Першай сусьветнай вайны радзінны клян Арыкаў быў даволі заможны. Арыкі займалі тры хутары (адзін зь іх Дашчэчына) і фальварак Стаў пры рэчцы Вольцы, дзе быў вадзяны млын. Другія два хутары разьмяркоўваліся паблізу, дакладна паміж Дашчэчына і Ставам ва ўрочышчы Сухі Бор. Гаспадарамі на тых хутарох былі Марцін Арыка з жонкай Каралінай, ды Язэп Арыка з жонкай Даротай. У абодвух было шмат дзяцей. Ў той час галавой радзіннага кляну Арыкаў быў Якаў і ягоны сын Ян (Іван). Яны валодалі фальваркам Стаў і млыном. Усе Арыкі былі праваслаўныя і належалі да Бакштоўскага прыходу.


Разбурэньні й заўважнае зьбядненьне ў Арыкава гаспадарства прынесла Першая сусьветная вайна. Побач з Арыкавымі хутарамі й далей у бок Івенцу пралягла трэцяя лінія абароны расейскіх войскаў. Сам фронт доўгія ледзь ня тры гада стаяў па рацэ Заходняя Бярэзіна, або проста Бяроза, як тутай дагэтуль кажуць. Хто чытаў аповесьць нашага клясыка Максіма Гарэцкага «Літоўскі хутарок», той з лёгкасьцю ўявіць, як тое зьбядненьне і разбурэньні адбываліся, калі побач жытлуе ў зямлянках шмат жаўнераў. Пры гэтым зацемім, што спачатку нямецкага наступу кайзераўцы прасунуліся да Волькі і былі нават у Навусьці, а расейцы акапаліся на лініі Яськава. Тады  тутай былі й нейкія бойкі, на што паказваюць шмат гільзаў ад страляных патронаў, якія даводзіцца бачыць то ў агаліўшымся пяску, то на высечцы, то на лесагаспадарчай разоры, то на дарозе. Потым праз два месяцы немцы адыйшлі, спраставаўшы фронт па Бярозе.


Па Першай сусьветнай вайне Арыкі ў асноўным аправіліся ад рабаваньня і страт той вайны. У Дашчэчына была немалая ферма па выгадоўлі дойных мыкаў і гусей. Кажуць, што гусей было да трох і нават чатырох соцен, а дойных мыкаў спрадавалі больш дзесяці на год.  Гэтаму пасавала вялікая паша, што цягнулася аж на 300 мэтраў да рэчкі Ізьледзі (цяперака там забагенены лісьцясты лес). У Ставе зноў запрацаваў млын, на якім гаспадарыў Ян з сынам Пятром. Але яны гінуць у 1924 і 1929 гадох. Абодва былі застрэлены кімсьці ў лесе. Стаўскі млын з фальваркам зноў пачынаюць занепадаць. Канчатковыя разбурэньні і галеча прыйшлі ў Арыкаў клян з Другой сусьветнай вайною, калі ўсё было дашчэнту знішчана немцамі ў 1942 годзе. Няшмат хто з Арыкаў выжыў. Сярод іх мне вядомы толькі Кастусь з жонкай Стэфаніяй, іхнія дзеці (Яня, Ленарда і Флярыян). Яны і адбудавалі тую маленькую хатку і хлявы, што я бачыў у 1983 годзе. Бацькі паўміралі, Флярыян зьехаў, Ленарда зпазьнёна пабралася з ужо сталым Янам Касьперовічам, дзяцей у іх не было, а дабразычлівая і прыязная Яніна гэтак і засталася ў дзеўках. Бедна жылі ўсе разам у той малой хатцы, пакуль не памерлі. На гэтых людзях радзінны клян Арыкаў у Налібоцкай пушчы зьнік.


Арыкава хатка ў Дашчэчына ў 2022 годзе.



Дашчэчына на польскай мапе 1930-х гадоў.


Цікава зацеміць, што сярод тутэйшых людзей панавала думка, што Арыкі як перад Першай гэтак і перад Другой сусьветнай вайной захавалі шмат золата, бо былі заможнымі й мелі патрэбу схаваць нейкія набыткі на гады ліхалецьця. Паскольку цягам тых войнаў шмат хто з Арыкаў загінуў, магло гэтак стацца, што клады так і засталіся схаванымі ў зямлі. Таму гэтакія захаваньні людзі шукалі. Імпэту дадавала, што недзе пад Ставам на лясной разоры нехта знайшоў некалькі залатых манэт. Таксама каля Дашчэчына знайшлі вялікі срэбны відэлец і срэбную трымалку для сурвэтак. Тое сьведчыць аб ня бедным шляхецкім жыцьці тагачасных жыхароў Дашчэчына. Наколькі тое вядома, балей ніхто нічога не знайшоў.


Пасьля таго майго першага кароткага, але помнага візыту ў Дашчэчына я цягам ледзь не 40 гадоў ня быў у той хаце, але гэтак здаралася, што мае зоалягічныя дасьледаваньня ў Налібоцкай пушчы хоць раз на год але вярталі мяне ў мясьціны паблізу таго хутара.  Ленарда з Янам некуды перасяліліся, і як памерла Яніна ў 1990 годзе, то хата стаяла ў забыцьці. Дзесьці напрыканцы 1990-х яе нехта набыў, зрэдку вітаўшы туды і анічога не паляпшаючы тамака. Напачатку 2020 году хата ў Дашчэчына зьявілася ў інтэрнэце на спродаж і ў 2022 годзе яе купілі. Фармальна яна значылася як Вайнілаўшчына. Гэта прыналежнасьць ёсьць кшталту як хутар Яськава-Гвінты фармальна адносіцца да Навусьці, але ад нашай хаты ў Навусьці туды ехаць 11 кілімэтраў.


З новым гаспадаром Дашчэчна я неяк трапіў у тую Арыкаву хату. Хаця й новы гаспадар зьняў шпалеры са сьцен і тое-сёе занёс у хату, мяне імгненна штурханула думкаю, што я апынуўся ў часе гадоў сорак а мо значна балей таму. Гэта адчуваньне непасрэднай лучнасьці з мінулым той хаты было для мяне ў тыя хвіліны вельмі прывабным і чамусь важлівым. На сьценах я ўбачыў усе тыя ж пано з калажам фотак, што я ўжо бачыў сорак гадоў таму.






59 views0 comments