Маюцца розныя ўяўленні аб сымбалічнай браме ў Налібоцкую пушчу, але для мяне адназначна гэта мост праз Нёман у Сіняўскай (былой Наднёманскай) Слабадзе. І вось чаму. Па-першае, гэта тое мейсца, дзе па драўнянаму масту на тоўстых палях тры стагодзьдзі рухалася гэтакая ці інакшая сувязь Радзівілаўскага маерату ў Нясьвіжы з Радзівілаўскімі валоданьнямі ў Налібоцкай пушчы, перш за ўсё зь ягонай лавецка-лесагаспадарчай афіцыны ў Налібоках. Часам па гэтаму масту праходзілі доўгія лавецкія конна-вярблюдныя працэсіі то з Нясьвіжу ў Налібокі, а то назад пасьля магнацкага паляваньня. Снавалі праз мост розныя пасыльныя з загадамі й справаздачамі. Везлі рознага кшталту пушчанскую даніну ў Нясьвіж: мяса й трафэі здабытага зьвера, улоўленую рыбу, дрэўну, паташ і іншае да Радзівілаўскага скарбу.
Не так даўно і я адчуваў тамака сваю собкую браму ў гэтую пушчу. Добры пад'езд да пушчы й стары драўняны мост, які поўніўся калярытам вясковай глыбінкі, далей паўз маленькую ціхую вёску самаход пераносіў мяне ў Налібоцкую пушчу, а ззаду, як адрэзала, заставаліся перапрацаваныя людзьмі аграрна-урбанізацыйныя прасторы. Гэтыя прасторы леваруч Нёмна цягам стагодзьдзяў настолька зьменены людзьмі, настолькі тамака зьнішчана ўсё прыродна-натуральнае, што, ня гледзячы на ўсе тамашнія зьнічкі дарагой мне ліцьвінскай гісторыі кшталту Мірскага замку мне заўжды хацелася хутчэй зьбегчы адтуль на прыроду ў недалёкую Налібоцкую пушчу. І той драўняны мост у Сіняўскай Слабадзе сапраўды быў як брама ў Налібоцкую пушчу.
Потым гэты прыгожы драўняны мост стаў памалу разбурацца. Узьніклі аварыйныя папярэджваньні пры ўезьдзе на мост. Хтосьці каля самога мосту на бэтоннай пліце напісаў: «Адбудуйце мяне».
Адбудавалі.... з жалеза й бэтону, як у вялікім месцы з ілюмінацыяй. Узьнікла адчуваньне значнасьці гэтага страчанага старога прыгожага драўнянага мосту на палях як у тыя далёкія часы, а таксама кудысьці зьнікла й маё собкае адчуваньне той ранейшай брамы ў Налібоцкую пушчы. Неяк і менш стаў тамака езьдзіць, хаця й акалічнасьці жыцьця вымагаюць, наадварот, быць тамака часьцей.
Другім падобным мастам на Нёмне, што аблямоўвае Налібоцкую пушчу з поўдня, а менавіта мастам у Панямоні і Дзялятычах пашанцавала балей. Яны апошнім часам гэтаксама развальвалісь, але іх аднавілі з дрэўны ў тым жа прыгожым выглядзе, як яны й былі. Адбудоўвалі тыя масты ў Дзялятычах і Панямоні вайскоўцы.
А вось масту праз Бярэзіну ў Малой Чапуні пашанцавала найменш. Яго разбурылі крыгаход і веснавая палавень сьнежнага 2013 году, пасьля чаго гэты мост не аднаўлялі. Так і стаіць вёсачка Малая Чапунь падзеленая на дзьве часткі па-цяперашняму як і па-даўнейшаму Прыстань і Малая Чапунь. Трапіць з адной часткі ў другую можна толькі чоўнам, якіх апошнім часам я тамака ня бачыў. Цяперака нават не заўважна, дзе той мост быў, хаця мінула не так шмат часу.
Comments