Гаёўня Купалішча на груду Чарнава сярод багнаў Купалішча і Паўночнае Ўюнішча
- Vadim Sidorovich

- Jun 9
- 4 min read
На паўночным усходзе Налібоцкай пушчы гаёўня Купалішча была найбольш заглыбленай у леса-багенныя нетры. Яна разьмяркоўвалася паміж разложыстай багнаю Паўночнае Ўюнішча з захаду і меншай, але вельмі топкай багнаю Купалішча з усходу. Сам купалішчанскі двор з хатаю і гаспадарчымі забудовамі стаяў на адрогу вялікай сухадольнай выспы Чарнава пры беразе багеннай рачулкі Жаўцянка. Цалкам тая гаёўня ўяўлялася немараччу, зь якой коннай фурманкаю магчыма было выбрацца ў накірунку бліжэйшай вёскі Белакорац толькі ў адносна засушлівае надвор’е летнім часам ды марознай зімою. Звычайна тая дарога забірала ня менш двух гадзін цяжкай працы каня і фурманшчыка. Даждлівым часам або веснавой распуціцай гаёўня Купалішча было адрэзана ад навакольнага людзкога сьвету. Веснавая ізаляцыя купалішчанскага гаёвага доўжылася каля двух месяцаў, а позьневосеньская гэтакая – каля месяца. Нагодамі налібоцка-пушчанскай леса-лавецкай гаспадаркі мець гаёвага ў Купалішчы былі цэлы шэраг, але асноўнымі былі наступныя дзьве.
Першая гэтакая нагода была неабходнасьць камусь забясьпечваць летняе сенакашэньне на прыгаданых травяных багнах, а таксама вартаваць багенныя сенакосы ад гвалтоўных пакосаў. Дзеля забесьпячэньня сенакашэньня пры купалішчанскай гаёўні лясьніцтва адбудавала дзьве вялікія пуні, а таксама значную колькасьць малых пуняк і трывалых адонкаў беспасярэдне пры травяных багнах. Пад час сенакосу ў тых пунях цягам некалькіх тыдняў жытлавала да сарака працаўнікоў сенакосу. Вывозілі сена ў першую палову зімы па яшчэ плыткаму сьнегу і марознаму надвор’ю. Да сканчэньня вывазу сена гаёвы быў павінен вартаваць складзенае сена і кантраляваць ягоны вываз.
Другой надобай мець гаёвага ў Купалішчы была патрэба ахоўваць гэтыя мясьціны ад клусаўнікоў. Асабліва значнымі лавецкімі гатункамі тутай былі лось, дзік, бабёр і качкі-крыжанкі. Акрамя таго на купалішчанскім багна штогод гнездавалася нямала шэрага гуся, які, напрыклад у даваеннай Польшчы, падлягаў строгай ахове. Словам, адказнай працы ў купалішчанскага гаёвага было шмат ўсясэзонна.





Штось вядома з людзкой гісторыі гаёўні Купалішча і цалкам баравой выспы Чарнава. Гэтак напрыканцы красавіка 1863 пад час антырасейскага паўстаньня проці сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту тамака складаўся паўстанцкі аддзел. Лясны страж Макар Прыгожы, які самотна жытлаваў у той памежнай Тышкевічскай гаёўні, перайшоў на бок паўстанцаў. З таго тая гаёўня стала апірышчам паўстанцкага табарышча. Пасланцы паўстанцкага аддзелу пакрыёма хадзілі да бліжэйшых вёсак і мястэчак, агітавалі далучацца, і новыя інсургенты-дабраахвотнікі памалу падыходзілі да іх. Быццам бы інсургенты Ўладзіслаў Варыга й Юліан Матусевіч былі ачольнікамі тых паўстанцаў. К канцу сакавіка інсургентаў, якія сабраліся вакол гаёўні Купалішчы, было пад паўсотні. У сваю чаргу гаёвы Макар Прыгожы спрабаваў далучыць да паўстанцаў іншых навакольных лясных службоўцаў. Тое было не зусім бясьпечна. І вось адзін з гэтакіх знаёмых лясных службоўцаў а менавіта Панцеляймон Шыбут лясьнік з недалёкай гаёўні Юраўскае пры даліне ракі Іслачы выдаў тых паўстанцаў вялікаму карнаму аддзелу расейскіх войскаў, якія былі расквартэраваны ў Валожыне. Ён жа незаўважна падвёў карнікаў да паўстанцкага табарышча. Тыя зьнянацку атакавалі паўстанцкі лягер. Інсургенты з баямі вымушаны былі адступаць на ўсход. Пераважныя сілы карнікаў упарта выцясьнялі паўстанцаў за межы Налібоцкай пушчы пад Івянец. Пад Рудняю яны трапілі ў засаду Івянецкага аддзелу казакаў, калі пераходзілі даліну рэчкі Волмы са стромкімі прыдаліннымі схіламі. Шмат каго з інсургентаў тамака забілі, а хтось можа й уратаваўся ўцёкамі. Па сыходу карнікаў тамтэйшыя людзі з Рудні і Пагарэлкі пахавалі палеглых на тым жа мейсцы пад Рудняй.
Яшчэ вядома, хто слугаваў у гаёўні Купалішча перад Другой сусьветнай вайною. То быў Яўстах Радзівілка родам з хутароў Завоі. Ён быў прыняты на службу палясоўшчыка ў гаёўню Купалішча напрыканцы 1937 году. Тады наймітам у тую аддаленую гаёўню ў купалішчанскай глухамані бралі спраўных і толькі жанатых мужыкоў. Практыка з самотнымі палясоўшчыкамі не апраўдвала сябе, бо яны ад таго адзінокага цяжкага жыцьця сьпіваліся і занядбала ставіліся да леса-лавецкай службы. Таму займеўшы гэтакую прапанову на працаўладкаваньне яшчэ нежанаты Яўстах пасьпяшаўся пабрацца шлюбам. Яму сасваталі дзяўчыну на імя Емяльяна Бычкоўская з недалёкай вёскі Рассолішкі. Емяльяна быццам бы спадабалася Яўстаху, і ён даў згоду на шлюб. Праз тры месяцы пасьля вясельля маладыя сужанцы перабраліся са сваім скарбам у гаёўню Купалішча, якая ўжо больш года пусьцела. Праз два гады восеньню 1939 году савецкае войска вярнула заходнюю Беларусь ад Польшчы ў склад Беларусі і Савецкага Саюза цалкам. Шмат чаго памянялася ў жыцьці навакольных людзей, але ў жыцьці пры купалішчанскай гаёўні тых зьменаў было няшмат. Фактычна для Яўстаха зьмяніліся ачольнікі, паменшыў заробак, ну а ягоныя абавязкі засталіся, як і былі ранейшымі.
Гэтак мінуў час да пачатку новай вайны 22 чэрвеня 1941 году. К восені 1941 году на сяродбагеннай сухадольнай высьпе Чарнава сталі зьбірацца чырвонаармейцы, якія адсталі ад сваіх вайсковых частак пры швыдкім наступе нямецкіх захопнікаў, або тыя, якія зьбеглі з нямецкага палону. Набралася тых жаўнераў пад шэсьцьдзесят ды зь імі каля дзясятка навакольных мужыкоў. Аднаго зь іх Рамана Радзівілка з вёскі Белы Бераг Яўстах добра ведаў. Ён быў сваяком Яўстаха, а дакладна стрыечным дзядзькам. Менавіта Раман прывёў у Чарнава першую групу чырвонаармейцаў. Паступова гэта партызанскае згуртаваньне пачало структурна афармляцца і ўладкоўвацца жытлаваць. Гаспадарчыя забудовы і сама гаёўня былі заселены партызанамі. Гвалту не было, бо фактычна тое жытло належыла лясьніцтву, то бок было дзяржаўным. Яўстаху з Емяльянай дастаўся невялічкі пакой у бакоўцы гаёўні. Рэшта гаёўні стала жытлом для камандзіра і камісара партызанскага атраду, а таксама слугавала ў якасьці штабу ды складу найбольш каштоўнай маёмасьці. Самі Яўстах і Емяльяна ўзгодна парады дзядзькі Рамана ўступілі ў гэты партызанскі атрад.
Будынкі купалішчанскай гаёўні прастаялі да кайстрычніка 1942 года, калі ў выніку бамбардаваньня партызанскага атрада нямецкімі карнікамі яны згарэлі. Да гэтай пары захавалася лонка на выступу баравой выспы Чарнава, дзе разьмяркоўвалася тая гаёўня Купалішча. На той лонцы рымсьціць даволі старая яблыня. Побач на Чарнава захаваліся шматлікія рэшты зямлянак купалішчанскага аддзелу савецкіх партызанаў. Побач дагэтуль можна натрапіць на рэшты нейкіх рэчаў, якія былі ва ўжытку тых партызанаў.
Рэшты зямлянак савецкіх партызанаў часу Другой сусьветнай вайны на выстпе Чарнава.
Рэшты рэчаў, якія можна назіраць каля зямлянак савецкіх партызанаў часу Другой сусьветнай вайны на выстпе Чарнава.




















Comments