• Vadim Sidorovich

Дзе тыя нетры, глухамань або зашывень у Налібоцкай пушчы?

Updated: Feb 16

Як тое мне падаецца, за сорак гадоў заалягічных заняткаў і краязнаўчых вандровак я зьведаў ледзь ня кожны куток Налібоцкай пушчы. Заўжды мяне вабілі тыя пушчанскія мейсцы, дзе толькі зрэдку бываюць людзі, і дзе цяперака чалавечы ўплыў на асяродзьдзе і прыродныя варункі адчуваецца параўнальна нязначным. У народзе гэтакія мейсцы называюць каларытнымі словамі: нетры, глухамань, або зашывень.


Адразу хацелася бы зацеміць, што я не меў на ўвазе нейкія амаль што пярвотныя лясы, або багны, якіх у Налібоцкай пушчы пасьля паваенных ледзь не татальных высечак и асушэньняў фактычна не засталося. Дакладнее, ёсьць у Налібоцкай пушчы немалыя па плошчы 200-гадовыя лісцястыя дрэвастаны пры Бярэзіне ва ўрочышчах Дразды, Пяшчаны й Паташня, ды 300-гадовая дуброва пад Бродным ва ўрочышчы Вотчын. Адылі, тое не самая пушчанская зашывень, бо ў тых мейсцах часта бываюць рыбакі, байдарачнікі, паляўнічыя, грыбнікі, рогашукальнікі ды й шэраг іншых аматараў. Хаця можна казаць, што Вотчын ёсьць больш менш зацішны куток, але ён зусім побач з хутарскім паселішчам Броднае, дзе стала бываюць людзі.


Вышэй я нездарма ўжыў слова цяперака, то бок цяперака тамака зашывень і глухамань, але самі варункі маглі быць надта зьмянёныя ў мінулым. То бок асноўнае пытаньне ў тым, дзе цяперака ў Налібоцкай пушчы зрэдку бываюць людзі.


Раней у 1980-тыя і 1990-тыя гады ў Налібоцкай пушчы тых нетраў было значна больш, але будаўніцтва лясных дарог і рэкрэацыйны наплыў людзей паступова зьнішчаў гэтакую пушчанскую наяўнасьць. Дзе ж гэтыя нетры ў Налібоцкай пушчы зараз?


Гэтакіх глухаманей у Налібоцкай пушчы засталося зусім мала, дзе б на досыць вялікім абшары (прынамсі ў некалькі квадратовых кілямэтраў) адчуваўся бы трывалы спакой і нейкая неруш цягам апошніх дзесяцігодзьдзяў. На мой погляд самая Налібоцка-пушчанская глухамань цяперака гэта ва ўрочышчах Ліповіца, Юніца ды Кухня, а яшчэ ў Ямна ды Смуга. Меншыя па плошчы, але таксама надта мала ходжаныя чалавекам мейсцы ёсьць ва ўрочышчах Няроўны Бор, Запрудзьдзе, Ялоўка, Раўцы й Таварышчына. У кожным зь іх значную частку займаюць забагененыя чорнаалешнікі. Немала даволі старых ельнікаў. У адных зь іх паўсюдна ёсьць зарослыя асушальныя канавы, падтопленныя бабрамі (урочышчы Ліповіца, Кухня, Юніца, Запрудзьдзе, Таварышчыша, Ялоўка), тады як іншыя поўняцца раскошнымі ветраваламі пераважна па ельнікам (Ямна, Смуга, Таварышчына, Няроўны Бор, Ялоўка, Раўцы).


Ва ўрочышчы Юніца. Зьлева ўнізе былое рэчышча Юніцы, што цякла па адчыненай травяной багне, а цяперака яна ўсё яшчэ крыху цячэ па багеннаму чорнаалешніку. Справа канава Юніца, што забраў асноўную ваду рэчкі Юніцы.


Банакава канава ва ўрочышчы Кухня.

Старыя багенныя чорнаалешнікі ва ўрочышчы Ліповіца.

Шубіна-Неманская канава ва ўрочышчы Ліповіца.

Ва ўрочышчы Ялоўка.

Лясныя трушчобы ва ўрочышчы Ямна.


Цікава, што годным пацверджаньнем нетравай якасьці памянутых мейсцаў з'яўляецца іхняе штогадовае карыстаньне мядзьведзямі для зімовага засонку. У гэты час мядзьведзю на берлагу як нікому патрэбна зашывень.

Мядзьведзь каля мярла ў трушчобах ва ўрочышчы Ямна.



Лясныя трушчобы, што парасьлі маладым ельнікам, ва ўрочышчы Таварышчына.

Мядзьвежа мярло ў яловым гушчары ва ўрочышчы Таварышчына.

226 views0 comments