У гэтым краязнаўчым блозе аб Налібоцкай пушчы я хацеў бы штось паведзіць аб Першай сусьветнай вайне на яе тэрэне, дзе расейска-нямецкі фронт стаяў два з паловай гады. У той час дзясяткі тысяч жаўнераў з абодвух бакоў значна зьмянілі ляндшафт Налібоцкай пушчы, высякая лес і будуя зямлянкі ды франтавыя ўмацаваньні. Гэтыя жаўнеры рымсьцілі ў цяжкіх умовах акопна-зямляначнага жыцьця.Часам зь імі здараліся гостра-сюжэтныя гісторыі, якія цікава бы паведзіць. Я дазнаўся пра шэраг гэтакіх, і таму вырашыў падаць шэсьць зь іх як асобныя бложныя пасты.
Дадзенае другое апавяданьне, як і ўсе наступныя на гэту тэму не зьяўляецца напоўніцу дакумэнтальным. Яно ёсьць мастацкая рэканструкцыя падзей на дакумэнтальнай аснове з імкненьнем максымальнага праўдападабенства, але ў нейкіх частках можа ўтрымліваць выдуманыя імёны і мастацкую выдумку другасных падзей, калі бракавала сапраўднай інфармацыі.
Быў верасень 1917 года. Як і два гады таму ў Налібоцкай пушчы нямецкае войска стаяла па тром лініям абароны на левабярэжжы Нёмна і правабярэжжы Заходняй Бярэзіны, а расейскае войска адпаведна моцна акапалася ўздоўж гэтай жа лініі фронту з супрацьлеглага боку. Усе гэтыя два гады пазыцыйнай вайны ў Налібоцкай пушчы значных боек амаль што не было. Здараліся лякальныя атакі з абодвух бакоў, але зь іх нічога не вынікала. Фронт аніяк ня рухаўся. Жаўнеры ў вільготных і сьцюдзёных зямлянках кармілі вошай ды пацукоў, часам галадалі, а калі й елі то не досыць і нясмачна. Жаўнеры і афіцэры з абодвух бакоў масава хварэлі на тыф, гішпанку, дыфтэрыю і крывавы дрыстун. Адпаведна яны часта паміралі ад гэтых хвароб. Іх целы кідалі ў ямы па 30-100, што звалася брацкай магілаю або капцом. Гэта доўгая безвыніковая пазыцыйная вайна ачамярэла як жаўнерам з расейскага боку гэтак і нямецкім жаўнерам з супрацьлеглага боку. З абодвух бакоў пачаўся сабатаж вайсковых абавязкаў і нават братанія процістаячых аддзелаў расейскіх і нямецкіх жаўнераў. Афіцэры нэрваваліся, пагражалі бунтуючым жаўнерам астрогам і нават расстрэлам. Нямала якіх жаўнераў застрэлілі за братанія і непаслухменства. У адказ жаўнеры забілі не аднаго афіцэра. Фронт з абодвух бакоў развальваўся. Асабліва заўважна тое было з расейскага боку, дзе забесьпячэньне войскаў было значна горшым і моцную антываенную прапаганду і агітацыю сабатаваць вайну праводзіла камуністычная партыя бальшавікоў.
Вось у гэтай калатэчнай сытуацыі апынуўся невялікі расейскі артылерыйскі аддзел у 10-15 жаўнераў, які знаходзіўся на доўгачасовым патайным баявым дзяжурстве сярод раскідістай адчыненай травяной багны, якую звалі Валасеньскай. Іхні пастой тамака пачаўся ўзімку 1915 году і здавалася, што гэты тамашні пастой ніколі ня скончыцца. Тая Валасеньская багна знаходзілася на правабярэжжы Нёмна паміж паселішчамі Купійск, Галяндэрня і Броднае з поўдня ды Будамі і Ўстрынь-Баркі з поўначы. Той аддзел мейсьціўся на больш-менш сухадольнай але невялікай выспе, што звалася Печышчам. У Печышчы на той час быў самотны двор з маленькай хаткай, дзе гэтак жа самотна жытлавала састарэлая знахарка Глафіра Падбярозка, якая была вядомая ў навакольлі сваімі лекарскімі здольнасьцямі. Жаўнеры мешкалі ў дзьвюх зямлянках ды занялі закінутае але яшчэ прыдатнае для пастою гумно-пуню, што належала Глафіры. Жаўнеры акрамя звычайных для таго часу вайсковых стрэльбаў мелі на ўзбраеньні чатыры кулямёты і дзьве гарматы на выпадак прарыву немцаў і іхнім руху праз грэблю, якая перасякала Валасеньскую багенную галявіну. На пачатку грэблі на Валасеньскім Рагу блізу хутара Валасень і на яе канцы блізу хутара Трасьцяніца стаялі па значнаму аддзелу расейскага войску асабліва пры Трасьцяніцы. Тыя вайскоўцы кантралявалі ўсялякі рух па грэбле, а Печышчанскім жаўнерам трэба было больш-менш употай жытлаваць тамака і быць у сталай баявой гатоўнасьці. Аб мажлівым прарыву немцаў павінені быць паданы адпаведны агнявы сыгналь вайскоўцамі з-пад Валасені. Раз на два тыдня Печышчанскім вайскоўцам падвозіліся харчы і пошта ў Валасень. Тады Печышчанскія жаўнеры двума коннымі возамі забіралі ўсё ім дастаўленае, рухаючыся па лядашчай вузкай грэблі, якую яны жа разварацілі, калі зацягвалі туды гарматы.
Ачольнікам над тым аддзелам засады пры Валасеньскай грэблі быў малодшы афіцэр Уладзімір Дубіцкі беларускага паходжаньня. Ён акурат быў родам з Налібоцкай пушчы, недзе з паўночнай яе часткі пад Валожынам. Вядомы імя і прозьвішча яшчэ трох тых жаўнераў. Імі былі рускі Захар Шакута, беларус Васіль Несьцяровіч, ды паляк Адам Калей. Менавіта Ўладзімір Дубіцкі хадзіў за харчамі і поштай да Валасеньскага аддзелу. Меўшы гадоў пад сорак ён яшчэ быў нежанаты, а на хутары Валасень жытлавала аўдавеўшая прывабная маладая кабета Клёпа (або Клеапатра) Фарботка, якая к таму часу яшчэ ня мела дзяцей бо прабыла ў шлюбе нядоўгі час. Клёпа была дачкою Мультана Фарботкі са Сьмейнага. Прозьвішча, імя і паходжаньне ейнага мужыка ня ведаю, але вядома, што ён загінуў у першыя жа месяцы вайны ва ўсходняй Прусіі.
І вось Уладзімір неяк паступова сышоўся з Клёпаю. Употай часам начаваў у яе ды тое-сёе дапамагаў па невялічкай напаўразрабаванай гаспадарцы. Часам Уладзімір прыносіў сваім жаўнерам нейкія дадатковыя харчы ад Клёпы. Звычайна тое было курыныя яйкі або гародніна, але пры скудным забесьпячэньні харчамі і тое было добра.
Улетку 1915 году ў навакольлі хутара Валасень адбылося досыць жахлівае здарэньне. Чацьвёра расейскіх жаўнераў перанялі ў лесе блізу Валасені васьмінаццацігадовую дзяўчыну Аляксандру Козец з хутара Броднае, якая пайшла туды з малодшай сястрой Даміцэляю ні то па грыбы, ні то па чарніцы. Жаўнеры былі нападпітку і зьдзекліва затрымалі Аляксандру, аб’явіўшы яе нямецкім шпегам. Учынілі быццам бы допыт у лесе, а потым па чарзе пачалі яе гвалтаваць і ўрэшце забілі. Пра тое неяк дазнаўся малады пасьцівы афіцэр рускага паходжаньня Максім Венедыктаў, які тэрмінова паведзіў пра тое жахлівае здарэньне свайму вайсковаму ачольніцтву. Да таго ж бацькі Аляксандры ўжо прыйшлі да войска ў Казловым Барку, каб неяк адшукаць сваю дачку, бо іхняя малодшая дачка Даміцэля бачыла як жаўнеры схапілі Аляксандру. Сама Даміцэля паціху ўцякла незаўважанай. Трох тых гвалтаўнікоў адразу схапілі і таго жа дня застрэлілі па выраку тэрміновага ваенна-палявога суду, а аднаму зь іх удалося ўцячы. Гвалтаўнікі паказалі, дзе схавалі цела забітай Аляксандры. Бацькі Тодар і Ярына Козец пахавалі сваю згвалтаваную дачку на тым жа мейсцы пры багеннай галявіне, пасадзіўшы побач елачку. Тая магіла з помнікам і вялізнай елкай і дагэтуль ёсьць на тым мейсцы. Праз некалькі месяцаў магчыма ад шкадаваньняў па гэтак жахліва і заўчасна загінулай дачцэ Аляксандры яе бацьку Тодара хапіў удар у галаву (па-цяперашняму інсульт), у выніку чаго таго яго параліхавала й яшчэ праз некалькі месяцаў ён памёр. Жонка і маці Ярына засталася адна з трыма дзецьмі ў Бродным.
Неяк напрыканцы 1915 году пры дапамозе Клёпы Печышчанскія жаўнеры абзавяліся мыкаю. Уладзімір Дубіцкі разам з іншым беларусам Васілём Несьцяровічам, якому той давяраў, абмянялі дойную мыку на тры баявыя стрэльбы з шасьцю скрынямі патронаў у Мультана Фарботкі з недалёкага хутара Сьмейнае. Мыку прыгразіў забраць аддзел расейскіх вайскоўцаў, што разьмяркоўваўся ў Трасцяніцы, і той абмен мыкі на зброю пасаваў Фаботкам са Сьмейнага. Трасцяніцкім вайскоўцам сказалі, што мыку задралі ваўкі, і тыя адчапіліся. Але на адыход яны пагражалі, маўляў, маніш дзед, глядзі, бо калі даведаемся, што няпраўда, то будзе худа. У Сьмейным дваццаці трох гадовы Васіль пазнаёміўся з Мультанавай дачкой Тарэсяй, ды пасьля пачаў зьнікаць туды на спатканьні зь ёю. Уладзімір ды й іншыя саслужыўцы ставіліся да таго лагодна, маўляў, справа маладая і няхай пагуляе ды яшчэ і за іх. Мультан або хтось з ягоных сыноў часам прыходзілі самі ў Печышча штось дапамагчы з мыкаю ды ўзяць малака сабе.
Гэтак тыя жаўнеры жытлавалі ў Печышчы размераным жыцьцём ды сваім малым гуртом. Да цяжкасьцяў і бракаў таго жыцьця яны звыкліся, хаця яно было параўнальна лягчэйшым за жаўнерскі пастой у іншых мейсцах франтавога навакольля. Таму маліліся на тое, каб іх кудысь не перасунулі. Васіль неяк прызнаўся Ўладзіміру, што калі іх будуць адводзіць адсюль, то ён уцячэ ды будзе неяк трымацца Фарботак. Гэтакія ж думкі блукалі й у галаве самаго Ўладзіміра.
К канцу лета 1917 года ў расейскім войску, што стаяла ў Налібоцкай пушчы пры Нёмне, стала неспакойна. Здараліся частыя непадпарадкаваньні загадам камандзіраў, былі ўцёкі жаўнераў, братаньні з варожымі нямецкімі жаўнерамі. Камандзіры нэрваваліся, кагось забіралі ў вайсковы астрог, кагось расстрэльвалі на мейсцы за дэзыртырства і непаслухменства. Печышчанскім жаўнерам ужо месяц не падвозілі пошту і харчы, а на Валасеньскам Рагу амаль што нікога не засталося. Уладзімір Дубіцкі паслаў два жаўнера да асноўнага вайсковага лягеру ў Казлоў Барок, каб даведацца аб сытуацыі з харчамі й увогуле. Вярнуўся толькі адзін зь іх, другога застрэліў афіцэр за тое, што ён быццам бы самавольна пакінуў баявую варту. Пасьля гэтага здарэньня Васіль Несьцяровіч сыйшоў з Печышча. Якраз гэтымі днямі памерла старая гаспадыня Печышч Глафіра Падбярозка. Жаўнеры пахавалі яе непадалёку ад яе маленькай хаты і тая магілка да гэтай пары заўважна на той Печышчанскай выспе, але на на ёй няма аніякіх адзнак. Уладзіміру Дубіцкаму таксама самому хацелася сыйсьці, але куды. Сыйсьці на хутар Валасень да Клёпы Фарботка было небясьпечна. Ён нават перастаў вітаць да яе і пачаў немала хвалявацца за яе лёс. І вось калі ён наважыўся ісьці да яе на хутар Валасень, каб забраць яе ў Печышча, яна сама прыйшла да яго, спадзяючыся на ягоную абарону. Цягам мінулага тыдня ўсю ейную гаспадарку разрабавалі нейкія незнаёмыя жаўнеры, якія да таго ж пад пагрозай забіць утрох гвалтавалі яе чацьвера содняў запар, а потым тыя гвалтаўнікі зьніклі. Уладзімір Дубіцкі, зазнаўшы невыказаны Клёпін папрок, пачуваўся вельмі кепска. Ён загадаў застаўшымся жаўнерам страляць у любога, хто наблізіцца да Печышча. Праз два дні Ўладзімір і Клёпа сыйшлі да Фарботак у Сьмейнае. Сваіх жаўнераў пад сваю адказнасьць ён распусьціў, але яны ня ведалі, як і куды ісьці. Іх нямала палохаў лёс застрэленага тыдзень таму іхняга саслужыўца, які пайшоў даведацца аб сытуацыі ў Казлоў Барок. Таму застаўшыеся жаўнеры меркавалі жытлаваць у Печышчы яшчэ нейкі працяглы час да дакладнага вызначэньня сытуацыі. Уладзіміру Дубіцкаму тое пасавала. Мыка перастала даваць малако, а быка нідзе не было. Таму яе забілі, падзяліўшы мяса пароўні паміж Печышчанскім і Сьмейненскім бакамі. Дзьве гарматы, што былі ўсталяваны ў Печышчы па сыходу жаўнераў тамака і засталіся. Іх забралі толькі напрыканцы 1920-х гадоў за польскімі ўладамі. Падобна на тое, што кулямёты забраў Уладзімір з Васілём, як сыходзілі ў Сьмейнае да Фарботак.
Паступова застаўшыеся печышчанскія жаўнеры некуды сышлі. Тамака застаўся жытлаваць толькі Захар Шакута ды Адам Калей. Яны мешкалі у хаце памерлай Глафіры Падбярозкі. Але ў першую іхнюю зіму Захар моцна застудзіўся і памёр. Адам Калей застаўся адзін. Яму не было куды ісьці. Ягоная жонка і двое дзетак, якія да вайны разам зь ім жытлавалі недзе ў Польшчы на Мазурах памерлі не то ад гішпанкі не то ад тыфу, аб чым ён даведаўся напрыканцы 1916 года з бацькоўскага ліста. Вяртацца на радзіму, дзе ўсё нагадвала аб ягонай трагедыі ён не меў аніякай ахвоты. Потым ён неяк пабраўся з Даміцеляю Козец, то бок сястрою згвалтаванай і забітай Аляксандры. К таму часу яе маці Ярына Козец перабралася да састарэлых бацькоў у Купійск. Даміцэля і Адам пачалі мешкаць у матчынай хаце ў Бродным. Гэтакім чынам быў пакладзены пачатак вядомай радзіне Калеяў у Бродным. Але аб іх будзе асобны аповяд у іншай навэле.
Недзе праз год па сыходу ўсялякіх войскаў Уладзімір Дубіцкі з Клёпаю Фарботка перабраліся на абрабаваны хутар Валасень. На дзіва Валасеньская хата і гаспадарчыя забудовы захаваліся. Усё ўшчэнт было разрабавана, але сьцены і дах захаваліся, а тое было галоўнае. Жылі разам яны добра, нарадзілі чатырох дзяцей, але Ўладзіміру часам падавалася, што іхняе першае дзіця было ад тых жаўнераў-гвалтаўнікоў. Але ў гэтым ён больш дакараў самога сябе а не Клёпу, бо тады ён насамрэч меў усе магчымасьці забраць яе з Валасені да сябе ў Печышча раней, чымся тое здарылася.
Васіль Несцяровіч пабраўся з другой Мультановай дачкою Тарэсяй, але ў іх не атрымалася мець дзяцей. Ужо састарэлы Мультан, Васіль і двое Мультанавых сыноў Гінтаф і Юльян заснавалі ў Бродным шафарню, дзе яны выраблялі шафы, буфэты, услоны, ложкі й іншую простую мэблю для сялянскіх хат. Тая мэбля карысталася попытам, што дазваляла Фарботкам жыць параўнальна заможна. Васіль з Тарэсяй мешкалі пры шафарні, тады як Фарботкі жытлавалі ў Сьмейным, і на працу ў Броднае яны ездзілі штодня на коннай фурманцы тыя два кілямэтры па левабярэжнай дарозе ўздоўж старой даліны рэчкі Вуса. Яшчэ адзін Мультанаў самы малодшы сын Піюс стаў працаваць лясным службоўцам у Сьмейнае ў лясной гаспадарцы пры польскіх уладах.
Але надышоў верасень 1939 году, калі савецкае войска забрала ад Польшчы назад заходне-беларускія землі. Гэтак сталася, што новыя савецкія ўлады не зачапілі нейкім кепскім чынам ані Дубіцкіх, ані Калеяў. Але вось Піюс Фарботка як польскі лясны службовец з жонкай і двума дзецьмі быў выселены савецкімі ўладамі ў Сыбір у 1940 годзе, дзе яны неяк загінулі. Пры арышце порсткі ды ўсхопны Піюс, які кагадзе вярнуўся з паляваньня, аказаў немалы супраціў савецкім міліцыянтам. Таму ў няміласьць да тамтэйшых савецкіх уладаў трапілі ўсе Фарботкі са Сьмейнага й іхні зяць-прымак Васіль Несьцяровіч. Нязгодныя з гвалтам у дачыненьні Піюса астатнія Фарботкі, якія ня былі ўпэўнены ў даўгавечнасьці савецкай улады і мелі зброю, меліся адказаць супрацівам. Сьцяўшыся, яны чакалі іў Сьмейнае і на шафарні ў Броднае са зброяй напагатове. Яны не мелі аніякай ахвоты адпраўляцца за Піюсам у Сыбір. Меркавалася, што лепш загінуць тутаў на сваёй зямлі пры сваіх дварах. Сутычка здарылася каля шафарні ў Бродным. Арыштоўваць астатніх Фарботкаў туды прыехаў на конных фурманках шэраг міліцыянтаў, якія не чакалі значнага супраціву і былі лёгка ўзброены. Як толькі міліцыянты пераехалі Краманіцкую канаву, яны былі сустрэты шквалам кулямётнага агню. Міліцыянты швыдка пакінулі Броднае. Фарботкі падпалілі шафарню і ратаваліся ўцёкамі на загадзя падрыхтаванае табарышча за Баркамі ў багенным урочышчы Краснае.
Пасьля сутычкі ў Бродным савецкія ўлады накіравалі вайсковы аддзел на вынішчэньне Сьмейненскіх Фарботкаў. І вось праз нейкі час, калі тыя забіралі рэшту зброі а можа што яшчэ блізу Сьмейнага і пераходзілі адчыненую даліну Вусы, стары Мультан Фарботка ды ягоныя сыны Гінтаф і Юліян нейкім чынам былі перастрэты ў даліне Вусы пад Будамі сакрэтам савецкіх вайскоўцаў. Сыны былі забіты адразу, а стары але яшчэ моцны Мультан схаваўшыся за таўстую алешыну доўга адбіваўся кулямётным агнём. Як скончыліся боепрыпасы Мультан застрэліўся з трохлінейкі, націснуўшы на курок пальцам нагі. Што тычыцца Васіля Несьцяровіча з жонкаю Тарэсяй, то неяк яны уцяклі ад таго перасьледу. Што зь імі здарылася далей, невядома. Далей неўзабаве была Другая сусьветная вайна з атакай нямецкіх войскаў на Савецкі Саюз.
Comments