Ад канца XVI-тага стагодздзя й да Другой сусветнай вайны Красная Горка для тутэйшых у Налібоцкай пушчы была гаёўняй на прыгожай пясчанай гарушцы, што была аблямаванаю старасвецкімі дубамі, а далей былі малапраходныя багны. На ўсход, захад і асабліва на поўдзень прасьціралася раскошнае адчыненае травяное багна Паўднёвае Ўюнішча, па якому працякала марудная рака Быстрая. Розныя часткі той агромістай багны Паўднёвае Ўюнішча мелі свае найменьні: з усходу Шубін, на поўдзень Уюнішча ды Краснае, а на захад Гала Балота. Да рэчы кажучы ў назове рэчкі Быстрая, што цякла па багеннай роўнядзі досыць павольна, ёсьць нейкая блытаніна напэўна тых, хто рабіў колішнія мапы. Быстрая то ёсьць не ліцьвінска-беларускае слова і адпаведна дакладна не тутэйшы тапонім. Раней яна прыгадвалася як Вуса, тады як цяперашняя суседняя рэчка Вуса была Вушою (прыгадваецца як Вуша). Нездарма на поўнач за цяперашняю Вусаю напроці Кляцішчаў ёсьць вялікае ўрочышча Завушня, то бок мясьціны за Вушаю.
Але вернемся да Краснай Горкі. У астатні паўночны бок ад Краснай Горкі таксама пераважна быў багенны тэрэн з большага забагененыя чорнаалешнікі, якія шмат дзе перапыняліся топкімі травянымі галявінамі й цячэньнем усё той жа рэчкі. Але Красная Горка не была чымся надта ізаляваным. Адсюль магчыма было трапіць ледзь не ва ўсё бакі. Прынамсі ў XX-тым і XIX-тым стагодзьдзях ад гэтай гаёўні была пракладзена конна-ездная сухадольная дарога паўз Свістунову Граду да Жоўта-Нёманьскага каналу, дзе быў мост, далей доўгая але трывалая грэбля (каля 4 км) паўз пераважна галявіннае багно Гала Балота. За Гала Балотам тая дарога недзе праз кілямэтар выбівалася на гасьцінец Бакшты-Любча. У бок Кляцішчаў вяла гэтакая ж дарога паўз пераважна сухадольны Шубінскі Бор. Дарога на Кляцішча праходзіла праз тры масты праз Быструю-Вусу, праз старарэчча Вусы-Вушы й праз Шубіна-Нёманьскую канаву. Таксама перад Кляцішчамі была кілямэтровая грэбля праз багенную даліну Вусы-Вушы. Ад Кляцішчаў ішла дарога на Налібокі. Таксама трэба зазначыць, што ў самым пачатку ад Краснай Горкі каля суседняга хутара Шубінскі Бор было паўднёвае адгалінаваньне Кляцішчанскай дарогі на Баркі, Буды й далей на Галяндэрню-Бор-Любчу, або ў другі бок на Налібакі. Але гэта дарожнае адгалінаваньне амаль што адразу трапляла на грэблю праз топкае травяное балота Ўюнішча, і гэта грэбля была малапраезжай хоць там і было з кілямэтар той багны. Толькі сухім летам і зімою па ёй езьдзілі з конным возам, або санямі.
На колькі я ведаю, а таксама як мне тое ўяўляецца па мейсцу на Краснай Горцы мешкала толькі адна або дзьве радзіны лясных службоўцаў (асочнік або леснік) спачатку відавочна ад лавецкай гаспадаркі Радзівілаў (тэрыторыя былога Налібоцкага падлавецтва Радзівілаў), а потым ад адпаведнай гаспадаркі Вітгенштейна, потым гэтакай Фальц-Фейна, потым Польскіх уладаў. Напярэдадні Другой сусьветнай вайны аднымі з апошніх жыхароў гаёўні Красная Горка былі Фарботкі Амэля, Казімір і Маруся. Красна-Горацкая была спалена немцамі летам 1942 году. У паваенны час Фарботкі адбудаваліся недалёка ў Казловым Барку. Што стала з іншымі мяшканцамі Краснай Горкі невядома, але гэта паселішча больш не аднаўлялася. Недалека ад Краснай Горкі ў бок Кляцішчаў у Шубінскім Бары два двары былі адноўлены й праіснавалі да 1980-х гадоў.
Ну вось і ўсё з гісторыі Краснай Горкі, што небагата вядома. Але тое мейсца, дзе ў мінулым доўгі час існавала гаёўня закінутая ў багны, выклікае немалую рамантычную зацікаўленасьць у цікаўнага наведвальніка. Да таго ж Красная Горка з аголенымі пяскамі, з старымі дубамі і ліпамі з адчыненай відальлю дагэтуль выклікае захапленьне сваім хараством, нягледзячы на ўсе яе плюндраваньні цягам апошніх дзесяцігодзьдзяў (кар'ер, разьезды цяжкой лесагаспадарчай тэхнікі, штабэляваньне дроў, выпіл пчол з дубоў і г.д.).
То парослая старымі дубамі Свістунова Града, што пачынаецца ад Краснай Горкі. Фота 2013 года.
Ёсьць некалькі цікавых фота побыту людзей на Краснай Горцы раньняй восеньню 1915 году. Яны зроблены фотааматарам B.Brandt зь ліку нямецкіх афіцэраў, які пазьней у 1918 годзе надрукаваў іх у сваёй кнізе: "Geographischer Bilderatlas des polnisch-weibrussischen Grenzgebietes" (адкуль яны былі ўзяты для гэтага паста). Хтось скажа, што пад час Першай сусьветнай вайны немцаў не было на левым беразе Бярэзіны і што іх наступ спыніўся па правабярэжжу гэтай ракі. Але тое не зусім гэтак. Сапраўды ў 1916-1918 гадох расейска-нямецкі фронт у Налібоцкай пушчы стаяў па Бярэзіне, але не адразу. Спачатку пад восень 1915 году немцы прасунуліся крыху далей па-за Бярэзіну, але потым крыху адступілі за раку, вырашыў добра ўмацавацца на яе правым беразе. Гэтакім чынам для таго немца-фотааматара быў час зрабіць тыя фота на Краснай Горцы.
Захаваліся некалькі фота рэчкі Быстрай-Вусы пад Краснай Горкай да асушэньня 1960-1980-тых гадоў ад Анатоля Фамянкова (первае фота 1967 года) і ад Івана Данілюка (чатыры астатніх фота, з фота-калекцыі Міколы Чэркаса, фота 1949 году).
Comments