• Vadim Sidorovich

Вадзяныя млыны ў Налібоцкай пушчы і навакольлі

Updated: Apr 11, 2019

Шэраг чыньнікаў паўплываў на тое, што тэрэн Налібоцкай пушчы, асабліва ягоныя ўскрайкі з аграрным навакольлем былі сапраўднай зямлёй млыноў і вось чаму. Рэльеф Налібоцкага тэрэну спрошчана ўяўляе сабою раскошную лагчынную плашчыню, да якой з поўначы, усходу й поўдню пераважна падступаюць узвышшы. Толькі з захаду на пушчанскія абшары падступала роўнядзь. Што тычыцца гэтых узвышшаў, то больш менш сучасныя межы пушчы сягаюць толькі на самы злом рэльефу ад узвышша й да лагчыны, а далей ад лагчыны прасьціраецца ўсё больш аграрныя землі. Як вядома рэчкі бягуць хутчэй з узвышша ў лагчыну й тамака акурат самае мейсца ставіць водныя млыны, каб толькі было збожжа, якое трэба малоць. Збожжа было досыць на памол, бо Налібоцкую пушчу, якая вялікая яна б ні была, аблямоўваў аграрны або леса-аграрны ляндшафт.

Асабліва спрыяльныя варункі для будаўніцтва водных млыноў былі на рэчках Вуса, Сула, Іслач і Волма, а таксама іхніх малых прытоках. Водныя млыны зьявіліся на гэтай зямлі яшчэ напачатку гаспадарыньня Радзівілаў напрыканцы XVI стагодзьдзя. У другой палове XVIII стагодзьдзя ў межах Радзівілаўскіх зямель у Налібоцкай пушчы было вядома прынамсі дзесяць водных млыноў, у прыватнасьці на рэчцы Лебяжодзе ў Налібоках, на рэчцы Шура ў Прудах і Янкавічах, на рэчцы Вуса ў Лубені, Рудні Каменьскай (пазьнее вядомая як Рудня Пільнянская) і Галяндэрні, на рэчцы Сула ў Літве, Найдёнавічах і Тулёнцы, а таксама на рэчцы Міранцы й на рэчцы Вуша пад Ярэмічамі. Найбольшы млыновы развой на тэрэне Налібоцкай пушчы й на яе аграрных межах адбываўся ў другой палове XIX стагодзьдзя й першай палове XX стагодзьдзя. На рэчцы Вуса ў 1920-х і 1930-х гадох было аж восем водных млыноў: у Валцах, Пагоне, Мешычах, Новапольлі, Рудні Пільнянскай, Вазанах, Сутоках і Рудні Налібоцкай. Былі водныя млыны й на прытоках Вусы, напрыклад, на рэчцы Замянцы было чатыры водных млыны. На рэчцы Волма было аж пяць водных млыноў у Волме, Міхалеўшчыне, Дудках, Замасцянах і Івянцы. На рацэ Іслач ад Белакорца й уверх да Баравікоўшчыны было два водных млыны: каля Баравікоўшчыны й Яцкава Млыновыя. На рэчцы Гальшанцы каля Вішнева было аж два водных млыны ды й адзін водны млын быў пад Лінкамі. Быў водны млын на рэчцы Чапунка пад Ляжневічамі й Круплямі, а таксама быў водны млын на рэчцы Волька ва ўрочышчы Стаў пад Каменнай Слабадой. Цягам таго часу ўзгаданыя млыны існавалі стала, ці знікалі, асабліва пад час Першай сусьветнай вайны, потым аднаўляліся, ці не. З гэтай нагоды (часовага існаваньня) можа ўзгаданы не ўсе водныя млыны.


Водныя млыны былі збудаваны як з дрэўны або былі мураваны з каменьняў ды цэглы,ці толькі з цэглы. Бадай што ўсе водныя млыны мелі падмурак з вялікіх камянёў. Камяні ў мур адмыслова раскалываліся, каб мець адзін плоскі бок. Мур умацоўвался вапнай. Водны млын ставіўся на даме рознай даўжыні й вышыні каля двух мэтраў. Пры гэтым утвараўся стаў плошчай ад некалькіх гэктараў і да десяткаў гэктараў. Праз шлюз у даме вада моцным напорам рухала на варатное кола, якое давала адпаведны рух усім механізмам млына. Водныя млыны былі адносна малыя й разлічаныя толькі на памол збожжа. Другія адносна большыя млыны былі разлічаны ня толькі на памол збожжа, але й на некаторую вытворчасьць, дзеля якой быў патрэбны механічны рух, які даваў цёк вады праз варатное кола млыну. Цікава на большых водных млынох былі ўсталяваны тагачасныя генератары электрычнасьці, што прывадзіліся ў рух цёкам вады праз варатное кола. Асабліва вялікі млын быў у Новапольлі на Суле, што нагадвае не водны млын, а сапраўдную мануфактуру.


Заняпад водна-млыновай справы ў Налібоцкай пушчы й ейных аграрных ваколіцах адбыўся з прыходам савецкай улады ў 1939 годзе пры вяртаньні заходніх беларускіх зямель у склад Беларусі, а потым пры захопе гэтай тэрыторыя нямецкімі акупантамі ў 1941 годзе. Савецкія ўлады лічылі большасць уладальнікаў водных млыноў вясковымі капіталістамі й служкамі зрынутых польскіх улад, і таму шмат хто зь іх былі так ці інакш рэпрэсаваны савецкімі ўладамі. Нямецкімі акупантам у сувязі са зьяўленьнем значнага партызанскага руху зусім не пасавала існаваньне заглыбленых у лес водных млыноў, ці нават гэтакіх на лясных узмежжах. Тамака партызаны маглі мець часовы прытулак, адтуль яны маглі набываць правіянт і карысную інфармацыю. З усяго гэтага лёс млынароў цягам ліхалецьця перад і пад час Другой сусьветнай вайны быў для млынароў асабліва незайздросным.


Дзякуючы інтэрнет-сайта Крэсовага архіву Станіслава Карліка, стала вядома тагачасная трагедыйная гісторыя млынароў братоў Драчынскіх, што мелі водныя млыны на рэчках Вусе й Суле: у Навапольле - Міхала Драчынскага, у Рудні Пільнянскай і Вазанах - Казімера Драчынскага, у Сутоках - Вінцента Драчынскага. Чацьвёрты з братоў Драчынскіх Уладзіслаў не меў свайго млыну й то дапамагаў братам, то працаваў недзе ў Івянцы. Казімер Драчынскі захварэў і без добрай лекарскай дапамогі сканаў. Ягоныя браты Вінцэнт і Ўладзіслаў Драчынскія былі забіты кімсьці з суайчыньнікаў. Міхал Драчынскі, што меў найбольшы водны млын на Суле ў Навапольлі, кінуў усё маёмасьць і хаваўся з радзінай недзе па свякам у Івянцы й іншых людскіх паселішчах. Канчатковы канец існаваньню й мажліваму аднаўленьню дзейнасьці водных млыноў здарыўся пад час нямецкай антыпартызанскай знішчальнай апэрацыі “Герман” летам 1943 году. Тады ўсе наяўныя млыновыя забудовы былі падпалены, а іхнія мешканцы ці працаўнікі былі або выселены, або забіты.


Да цяперашняга часу ў Налібоцкай пушчы й яе леса-аграрных ваколіцах захаваліся толькі каменна-цагляныя рэшты чатырох водных млыноў: у Рудні Пільнянскай на Вусе (засталіся каменна-цагляныя сьцены без даху), у Навапольлі на Суле (засталіся надта вялікія трохпавярховыя цагляныя сьцены без даху), у Любна на Міранцы (засталіся толькі часткова разбураныя каменна-цагляныя сьцены без даху й решта дамы) і ў Жукавым Барку пры рэчцы Ячанка ў яе сутоках з Нёмнах (амаль што цэлы млын з камменна-цаглянымі сьценамі нават з усім млыновым абсталяваньнем усяродку). Водны млын у Жукавым Барку яшчэ працаваў на электрычнасьці прынамсі да 2003 году.



Вадзяны млын у Жукавым Барку пры Нёмне.


Вадзяны млын у Жукавым Барку пры Нёмне.


Нёман у Жукавым Барку каля млына.


Вадзяны млын у Трабах на пачатку XX-тага стагодзьдзя. Узята з кнігі “Geographischer Bilderatlas des polnisch-weibrussischen Grenzgebietes” by B. Brandt (1918).


Будынак млыну-тартаку ў Рудні Налібоцкай, прыблізна сярэдзіна 1930-х гадоў. Фота з калекцыі Шыбутаў.



Вадзяны млын у Навапольлі на Суле.

Вадзяны млын у Навапольлі на Суле.





Вадзяны млын у Рудні Пільнянскай на Вусе.

Вадзяны млын у Рудні Пільнянскай на Вусе.


Вадзяны млын на Міранцы каля Лужаў.



Зьлева рэканструкцыя вадзянога млына, што існаваў у Галяндэрні да Першай сусьветнай вайны. Малюнак Ганны Сідаровіч.

Справа рэканструкцыя вадзянога млына на Вольцы ва ўрочышчы Стаў каля Каменнай Слабады, што існаваў у 1920-я і 1930-я гады. Малюнак Валянціны Цехановіч.

140 views

© 2018-2019 by Irina Rotenko & Vadim Sidorovich. All photographs appearing in the site are the exclusive property of their owners and may not be copied or used in any way without the authors' permission.