• Vadim Sidorovich

Налібоцкая пушча як частка майго жыцьця

Updated: Nov 14, 2019


Я, Вадзім Сідаровіч, нешта занатоўваю на дарозе з Яцкава ў бок гасьцінца Івянец-Бакшта, Налібоцкая пушча, 1983.

Адзін з пастоў гэтага блогу аб Налібоцкай пушчы гэтаксама як і падзел ўводзінаў адпаведнай кнігі аб гэтым тэрэне ёсьць нябезцікаўная для асноўнага аўтара гісторыя собкай лучнасьці з Налібоцкаю пушчай. Яна відавочна дапаможа чытачу ўявіць сабе з чаго ён атрымаўся гэты собкі дасьледчы, кніжны й інтэрнэтны праекты аб Налібоцкай пушчы. Гэта значыць, што я хацеў бы паведаміць чытачу крыху аб тым, як то разгортваліся аўтарскія жыцьцёвыя падзеі, што лучылі яго з Налібоцкаю пушчай, а таксама распавесьці аб тым, што ў гэтым дачыненьні інсьпіравала асноўнага аўтара, каб дайсьці на гэтым шляху да завяршэньня й друку гэтакай шматпрацнай і выдаткоўнай кнігі. Можа на думку кагосьці з чытачоў наяўнасьць гэтакага бадай што аўтабіяграфічнага падзелу ў гэтых кнізе і блозе аб Налібоцкай пушчы ёсьць нясьціпла й непатрэбна. Загадзя выбачайце, бо я лічу, што гэта можа быць цікава чытачу. Мне бы, каб я быў не аўтарам а проста чытачом, гэтакі аповед пра шчыльную повязь аўтара з інфармацыйнай і ідэйна-эмацыянальнай накіраванасьцю кнігі і блога было б цікава.

Той, хто дачуйся, што я шмат і ўпарта працую на кнігай пра Налібоцкую пушчу, неаднаразова пытаў мяне, а ці я не родам з тых мейсцаў. Не, я не адтуль, я не там нарадзіўся й не там узгадоўваўся. Усё гэта было ў Менску, ці пад Менскам у вёсцы Гарадзішча, што ў накірунку на ўсход. Але, калі да мяне зрэдку прыходзяць думкі пра атаясамленьне сябе з нейкай малой радзімай, якая горне да сябе і да якой прагне ўся твая істота, то прыгадваюцца не толькі Гарадзішчанскія ваколіцы, не толькі прадзедава хутарское старасельле Дубове тамака, але й абавязкова прыгадваецца менавіта й Налібоцкая пушча. Напэўна ў гэтым стаўленьні да гэтага любага тэрэну для мяне істотны ня толькі хараство той зямлі, яе прыроднай захаванасьці ад прагнага чалавечага скарыстаньня ўсяго, але гэта й тамтэйшыя людзі і не толькі цяперашнія людзі, а таксама ў важкай меры тыя ранейшыя людзі, наколькі іх можна сабе ўявіць. Вабяць мяне цяжка выразныя, нават няўцямныя асаблівасьці іхняй жыцьцёвай філязофіі ў іхняй значнай еднасьці з натуральнай хадою ўсяго пушчанскага жыцьця яе ўсіх жывых істотаў. Таксама ня менш прыцягваюць тамашняя людзкая страчальнасьць цярпець нягоды ад прыроды: ці то непагадзь, ці то шкоду ад драпежнікаў, ці то што яшчэ, да шмат чаго. Цягне нейкая суладнасьць жыцьця пушчанскіх жыхароў з сэзоннасьцю ў прыродзе, адносны спакой жыцьця, адносная пушчанская вольніца далёкая ад распарадчых цэнтраў і ачольнікаў да й шмат яшчэ чаго. Вабяць тамака мяне дарагія зьнічкі ранейшай сялянскай культуры шмат дзе яшчэ з хрысьціянскай набожнасьцю. Насамрэч засталіся толькі зьнічкі, бо гэтакая ранейшая сялянская культура хуткаплынна зьнікала ў карэнныя, часам гвалтоўныя перабудовы жыцьця савецкіх часоў і зьнікае цяперака ў часы буйнога разьвіцьця тэхнікі, тэхналёгій, ды й масавага перасяленьня ў месцы кшталту Менска. Часам узьнікае крамольнае пытаньне, а ці становіцца чалавек больш шчасны ад усяго гэтага прагрэса, і я ведаю на яго адказ. Я з большага ўпэўнены што цяперашні супербагаты чалавек або важлівы ачольнік ёсьць нашмат менш шчасны ў параўнаньні з простымі людзьмі, што мешкалі ў Налібоцкай пушчы стагодзьдзі таму без аніякіх самаходаў, смартфонаў, кампутараў і нават электрычнасьці. З гэтай нагоды я амаль што не зьдзівіўся, калі аднойчы са сваёй радзінай без якойсьці паняверкі або сумневу перабраўся з досыць утульнага і дарагога мне Гарадзішча пад Менскам на сталае жыцьцё ў Налібоцкую пушчу.


Вадзім Сідаровіч прыблізна ў час вандровак з бацкам на Кромань у Налібоцкую пушчу.

Маё першае, яшчэ дзіцячае знаёмства з Налібоцкай пушчай адбылося ў жніўні 1969 году ва ўзросьце сямі гадоў. Мой бацька Яўген Сідаровіч разам з мужыком ягонай пляменьніцы Аляксандарам Грэсям ехалі на маленькім самаходзе Запарожац на рыбалку-адпачынак на возера Кромань, што знаходзілася ў пушчанскай глушы. Бацька ўзяў мяне ў тую трохтыднёвую ездку з сабою. Аляксандар Грэсь меў на хутары Кромань знаёмца Язэпа Грыгарцэвіча, які тамака жыў й працаваў лясьніком. Мы мелі папярэдні дазвол гаспадара стаць з намётам і самаходам на ягоным хутарскім падворку, мець ад яго човен й сякую-такую харчовую падтрымку з сялянскай гаспадаркі Грыгарцэвічаў. Ехалі мы з Менска на мястэчка Івянец, потым на вёску Налібокі, ад якой павярнулі ў сталы лес па старасьвецкаму гасьцінцу з Налібокаў на Кромань. Далей па таму гасьцінцу можна было накіроўвацца на вёскі Панямонь і Шчорсы, а то і ў бок урочышч Будаў й Сьмейна. Гасьцінец гэты, які быў раней дзе адбрукаваны, а дзе быў ладнай грэбляй, раздаўбала дазваньня цяжкая лесагаспадарчая тэхніка ў пасьляваенны час. Асабліва вялікія й брудныя калюгі недзе ва ўрочышчы Цякучае ўжо пад Кроманьню было цяжка пераадолець.


Мой бацька Яўген Сідоровіч з намётам на Кромані, Налібоцкая пушча, 1969.
















Возера Кромань.

Бераг возера Кромань.

Таму Аляксандар паведаміў загадзя, што пры праездзе праз найбольшыя калюгі відавочна захрасьнем і мусім доўга чакаць нейкай падмогі. Хутчэй за ўсё гэта чакаць пакуль не пад’едзе нехта іншы яшчэ з любога боку, каб разам ледзь не перанесьці ўсе самаходы пад’езжых праз тыя брудныя калюгі. Можа чакаць трэба будзе суткі або нават балей, так што тамака можна й заначаваць у намёце. Гэтак і здарылася, бо тамака мы й захрасьлі. Па дарозе ад Налібок мяне надта ўразілі велічэзныя яліны, якіх цяперака тамака дакладна няма, бо іх пасьсякалі, а мо ў маленстве яны падаваліся большымі. На зьдзіўленьне чакаць давялося нядоўга. Нехта пад’ехаў аж на дзьвюх лесагаспадарчых самаходах і скопам больш за дзесяць мужыкоў наш Запарожац быў амаль што перанесены праз тыя доўгія і брудныя калюгі цягам ня менш гадзіны. Дзеля гэтага ўжываліся два доўгія й моцныя падклады з яловых стаўпуроў дыяметрам 10-15 сантымэтраў, якія Аляксандар з бацькам падрыхтавалі загадзя. Гэтак мы дабраліся да возера Кромань да той Грыгарцэвічавай сядзібы.





Радзіна Грыгарцэвічаў за пераборкай накапанай бульбы на іхнім хутары Ўстрынь-Баркі ля Кромані, Налібоцкая пушча, 1960. Зьлева направа малы сын Юзік, бацька Язэп, жончына маці Алена й жонка Ганна. Фота са збораў Язэпа Грыгарцэвіча.

Ганна Грыгарцэвіч з прыручаным партусам у сваёй хаце на хутары Устрынь-Баркі ля Кромані, 1969. Фота са збораў Язэпа Грыгарцэвіча.

Мяне шмат чаго ўразіла тамака й нават пакінула глыбокі сьлед надоўга, можа й на ўсё жыцьцё. Перш за ўсё, гэта ўжо не раз узгаданая хутарская й сярод-пушчанская вольніца, чаго ніяк не адчувалася ў Менску й пад Менскам тамака, дзе я гадаваўся. Па-другое, зусім іншая, прыгожая мова – амаль што чыстая беларуская мова, якая гэтак суладна й са смакам вымаўлялася Грыгарцэвічамі, што хацелася казаць менавіта на гэтай мове. Я, як сынок пераважна рускамоўных бацькоў, к таму часу ўжо ўсё ж такі нямала чуў беларускіх слоў ад сваёй бабулі Вольгі Віктаровіч. Адылі мова Грыгарцэвічаў была значна прыгажэйшай, бо ў ёй амаль што не было намяшана рускамоўных слоў і вымаўленьня, што відавочна робіць гаворку нязграбнай й несуладнай, ды пазбаўляе яе моўнага хараства. Трэцяе, тамака шмат чаго было цікава й адмыслова. Грыгарцэвічы ўтрымлівалі малое рысяня й я з ім гуляў. То было вельмі помна.


Той прыгаданы непраезжы кавалак дарогі ад Налібакаў да Кромані ва ўрочышчы Цякучае, дзе тады захраслі з Запарожцам.

На падворку быў самагонны заводзік у асобнай невялічкай пабудове. Я малым падлеткам бачыў, як тамака жэнілі самагонку, і мне тое запомнілася, бо ўсё поўнілася нейкім дагэтуль нязнанымі адмысловасьцю й калярытам. Там жа на падворку наўпрост у вялікім аж літраў на трыццаць чыгунным кагане штодня варылі рачных ракаў, якіх лавілі крыгай (то ёсьць адмысловая сетка, расьцягнутая па драўняным апірышчам, што падобна на перавёрнутую літару ш) побач на возеры Кромань. Я ў гэтым ня раз удзельнічаў. Потым употай выпускаў шмат рачных ракаў на волю – у возера, або проста ў траву на падворку, каб уратаваць іх ад загубу ў кагану з кіпнем. Мы ўсе разам, а часам толькі я сам насам яшчэ малы падлетак, самастойна пераплаўляўся на чоўне на другі бераг возера, дзе выцякала рэчка Краманіца. Тамака пры рэштках падмурку яшчэ даваеннага польскага шлюзу добра лавілася рыба, пераважна акуні. Я памятую, што закідваеш вудачку ў пратоку, паплавок праплывае ад аднаго да трох мэтраў й звычайна тоне, то тады цягнеш чарговага акуня. Дзьве, або тры гадзіны й маем вядро гэтакіх акунёў. Акрамя таго часам лавіліся плоці ды яльцы. Надта запомніўся зухаваты, добра складзены й прыгожы сын Грыгарцэвічаў, якога звалі Юзік, як і ягонага бацьку (Язэп, Юзік, Юзаф). Яму зайздросьцілася й хацелася быць гэтакім жа, калі падрасту. На вялікі жаль, што калі я сустрэў Юзіка цяперака праз шмат гадоў, ён ёсьць ужо не такі прыгожы ды й мова ягоная цяперака шмат мяшае беларускіх і рускамоўных слоў, а так, як падаецца, ён усё той жа зух. Пабыўшы на Кромані з бацькам штось два тыдні, я паехаў назад крыху раней з нейкімі турыстамі, бо як малы яшчэ падлетак засумаваў па маці Рыце. Адылі, прыехаўшы дадому, моцна хацелася назад на Кромань, але як.


Язэп (Юзік) Грыгарцэвіч на Кромані непадалёку ад свайго хутара Ўстрынь-Баркі, 1991. Фота са збораў Язэпа Грыгарцэвіча.




Сяргей Салук на Воўчым Балоце ў Налібоцкай пушчы пад Мірам, 1980.

Далейшая Налібоцкая пушча распачалася для мяне праз досыць працяглы час, калі мне было ўжо аж васемнаццаць гадоў вясною 1980 году. Я ўжо быў студэнтам Менскага універсітэту. Я й мой сябра Сяргей Салук па выходным дням сталі езьдзіць на прыроду пад мястэчка Мір у вёску Пясочнае да бацькоў універсітэцкага аднагрупніка Пятра Капуры. Тамака зусім побач пачыналася Налібоцкая пушча, дакладнее, ейны паўднёва-усходні рог, што часам завуць Мірскай пушчай. Зноў-такі акрамя прыцягальных й экалягічна ёмістых мясьцін абапал Воўчага балота, рэчкі Міранкі (тады яшчэ з неспраставаным рэчышчам), даліны Нёмну пад вёскай Беражна ды ваколіц хутароў Лужа надта мне запомнілася й сакавітая беларуская мова радзіны Капураў, мова іхніх суседзяў, а таксама развойная жывёлагадоўчая гаспадарка на Капуравым падворку. Нас там вельмі добра частавалі смачнай сялянскай ежай, хочацца верыць, што проста ад спагадлівай душы й, можа верагодна, яшчэ й ад таго, што дзьве дачкі былі, як кажуць, на выдане.

Наступны мой крок у Налібоцкую пушчу, дакладнее ўжо ў яе паўночна-усходнюю частку адбыўся зімою 1982-1983 года. Мой узгаданы вышэй сябра Сяргей Салук і я трапілі на хутар Вялікае Печышча да хаты даволі беднай радзіны Ромака Маргуля й Ядзьвігі (таксама хтосьці зваў яе Ірынай) Далідовіч. Мы цікавіліся выдрамі й іншымі напаўводнымі сысунамі, а адтуль было недалёка да ракі Волькі. Нерушныя абшары гэтай малой рэчкі, што цячэ праз лясы і багны, гэтак вельмі хвалявалі нас, як мы разглядалі тыя мяйсціны на старой савецкай мапе 1920-х гадоў, якую яшчэ называлі кілямэтроўкай часоў Грамадзянскай вайны. Гэтыя мапы па просьбе Сяргея дастаў ягоны бацька Ўладзімір Салук, што меў доступ да гэтакіх мап пры працы ў Цэнтральным камітэце камуністычнай партыі Беларусі. Ён і сам надта любіў зьездзіць на рыбалку кудысь у ніжняе цячэньне Волькі й увогульле тыя мясьціны яго нямала вабілі. З гэтай нагоды Сяргеяў бацька ўсяк патураў і нават пасабляў яму а заадно і мне ў нашым захапленьні выдрамі, Волькай і Налібоцкай пушчай цалкам. Гэтыя мапы захаваліся ў мяне да сёньня й я часам дагэтуль разглядаю іх, але пераважна не дзеля тапаграфічнай інфармацыі, а як нейкую собкую рэліквію.



На досьвітку блізу хаты ў Вялікім Печышчы, 1982.

Сядзіба Ромака й Ядзьвігі ў Вялікім Печышчы ў Налібоцкай пушчы, 1983.


Хата ў Вялікім Печышчы, 1984 і 1986 гады; мыш на стале ўгэтай хаце.


Самагонный заводзік Ромака й Ядзьвігі пры рэчцы Сівічанцы, Налібоцкая пушча, 1985.


Ромак Маргуль і Ядзьвіга Далідовіч, хутар Вялікае Печышча, 1983.

З тае пары, як трапілі мы на хутар Вялікае Печышча, то сталі ледзь не ягонымі заўсёднікамі. Асабліва доўгімі зімовымі вечарамі, без электрычнага сьвятла шмат сядзелі мы ў іхняй малой дамоўцы. Шмат размаўлялі таксама па-беларуску. Праз хуткі час мы ўжо ведалі бадай што ўсё жыцьцё гэтых гаспадароў, якое было не надта багатае на падзеі. Але ўсё роўна размаўляць было цікава, бо Ядзьвіга з Ромакам распавядалі адны й тыя ж жыцьцёвыя гісторыі па-рознаму, кожны новы раз са значнымі дадаткамі, што можа насамрэч было, а можа не. Але тое было неважліва для нас, бо ўсё тамака захапляла. Захапляла іхняе стаічнае жыцьцё амаль што абезнічога, з трыма малымі дзецьмі, а потым ужо з чатырма. Захапляла іхняя рызыкоўная праца самагоншчыкаў, што цяжка было асудзіць, бо іншага выйсьця, каб зарабіць хоць нейкія грошы на аддаленае пушчанскае жыцьцё з дзецьмі, у іх відавочна не было.

Ядзьвіга была надта цікавай суразмоўцам і апавядальнікам. Яна шмат пра што апавядала незвычайнае: і як ласіцы заплятаюць косы ў грыве іхняга каня, і як на Печышчанскае галявіне ходзіць нейкае сівое зданьнё, ды пра запечніка, зашапніка, паддашніка ды іншых фасмагарычных хатніх істот. Але было й надта сур’ёзнае. Са слоў нябожчыцы маткі распавядала яна пра свайго сваяка Баляслава (напэўна таксама Далідовіча), які быў пасьцівым, харобрым і параўнальна адукаваным чалавекам у тамтэйшым людзкім асяродзьдзі на абшарах паўночнае часткі Налібацкае пушчы. Ён быў нязгодны з польскім гвалтам супроць беларускай сьвядомасьці й памалу ладзіў партызанку яшчэ 1930-е гады проці польскага ўціску на беларуска-нацыянальныя праявы. З прыходам у заходнюю частку Беларусі савецкіх войскаў і адміністрацыі Баляслаў Далідовіч застаўся супроць, бо ўжо добра ведаў аб жорсткіх массавых забойствах сьвядомых беларусаў ва ўсходняй Беларусі, дзе панавалі камуністы. Пад час Другой сусьветнай вайны ён з невялічкім аддзелам партызаніў недзе ў Налібацкае пушчы асобна ад партызанкі, якой кіравалі савецкія ўлады. Па яе словах ён варожа ставіўся й да рэштаў Польскай арміі краёвай, якія мейсьціліся ў пушчы й абапал. Забіваў і нямецкіх акупантаў. Па словах Ядзьвігі ён не даваў веры й габрэйскай партызанкі на Налібоцкай пушчы. Ён лічыў, што габрэі партызаняць, каб выжыць, тады як ён прагнуў вольнасьці, росквіту й беларускага самавызначэньня свайго ўлюблёнага краю. У ім жыла ідэя беларускай тутэйшасьці пушчанскага краю й прагнае жаданьне бачыць яго без уціску роднае беларускае мовы, культуры й гаспадарства. Змагаўся за гэта й ведаў, што загіне, бо моц зусім няроўная. Так ён па словах Ядзьвігі рымсьціў у Налібоцкай пушчы недзе да канца 1940-х, напрыканцы адзін, усімі пакінуты. Зь яе слоў ён быў забіты сакрэтам савецкіх міліцыянтаў недзе недалёка ад Каменя пры спробе ўцякаць. Як я ўжо паведзіў, што Ядзьвіга, надзеленая рамантызмам, у самотным пушчанскім жыцьці, была схільна да фантазый, таму я не даю веры напоўніцу ейным аповядам. Цяперака неяк удакладніць гэта немагчыма, бо Ядзьвіга памерла, а ніякіх іншых сьведак я не знайшоў. Можа іх няма, як няма аніякай даведкі аб тысячах падобных на яго й падобна загінуўшых у тыя вынішчальныя часы. Але гэта ня ёсьць самае галоўнае. Быў ён, ці ня быў гэтакі Баляслаў Далідовіч, але ў гэтым вобліку такога адданага сваёй роднай зямлі чалавека, тутэйшага па дзеях і меркаваньнях ёсьць крыніца натхненьня адраджаць сваю Бацькаўшчыну, крок за крокам, нават па невялічкіх кавалачках, як тая Налібоцкая пушча.

На вялікі жаль увосень 1985 году Ромак зь Ядзьвігаю былі вымушаны пераехаць у калгасную хату ў бліжэйшай вёсцы Вуглы, а потым у Сівіцу, бо трэ было вучыць дзяцей. У Печышчах старэйшая дачка ўсё яшчэ не хадзіла ў школу пры ейных дзевяці гадох.Пасьля таго як Ромак і Ядзьвіга з дзецьмі пакінулі Печышча, з дазволу гаспадароў я самастойна, ці з Сяргеем Салуком, ці то з кім іншым з універсітэцкіх знаёмцаў віталі да той іхняй самотнай хаты ў Вялікім Печышчы. Здаралася, я адзін быў тамака па тыдню й балей. То была помная пара нялёгкай самоты й адначасова пары хуткай самастойнай вучобы экалёгіі дзікіх звяроў і птушак, а таксама набыцьця каштоўнага досьведу жыцьця сярод дзікага тэрэну. Так цягнулася да вясны 1992 году, калі пад час палу сухой травы тамтэйшыя пастухі з Вуглянскай фермы неспадзявана спалілі пабудовы Ромака й Ядзьвігі. Разам з гэтым, расчуліўшыся, я закінуў вітаць у Вялікае Печышча.

Яшчэ недзе з 1984 году ў пэрыяд, калі мною даволі часта карысталася хата ў Вялікім Печышчы, я распачаў далёкія пешыя й чоўнавыя дасьледчыя або проста вандроўныя маршруты па ўсёй пушчы ўлетку й асабліва ўзімку. Пераважна гэтыя тэрэновыя вылазкі рабіліся з мэты вывучэньня экалёгіі выдры. Штозімова цягам пяці гадоў (1985-1990) пешкі абсьледавалася большая частка сеткі вадацёкаў Налібоцкай пушчы. Улетку шмат абсьледаваў рэкі Налібоцкай пушчы на байдарцы, або маленькім гумовым чоўне. Пешкі асабліва часта бываў у басэйне Волькі ў цэнтральнай частцы Налібоцкай пушчы.



Улюблёная малая рэчка Волька са старым чорнаалешнікам у абалоні, Налібоцкая пушча, 1982.

Стажкі сена ў абалоні Волькі, Налібоцкая пушча, 1983.

На рэчцы Волька, Налібокская пушча, 1983.


Я, Вадзім Сідаровіч на дасьледваньнях выдры й норак у вусьцявым кавалку рэчкі Валожынка ў 1985 годзе (зьлева) і на Вольцы ў 1984 годзе (справа).



Сяргей Салук зьбірае апраўкі выдры дзеля іхняга дыетычнага аналізу, рэчка Волька, Налібоцкая пучша, 1982.

Першыя нашы фотаздымкі выдры ў Налібоцкай пушчы, 1983.


Тагачасная рака Бярэзіна (1984 год) і я з дасьледваньнямі выдры на Бярэзіне ў 1987 годзе, Налібоцкая пушча.



Начоўка ў сутоках Нёмна й Бярэзіны, 1987. На фотаздымке дачка Наташа.

Тым часам у другой палове 1980х гадоў я таксама я ўпадабаў паўднёва-усходнюю частку Налібоцкай пушчы, дзе асушальнікамі й торфа-брыкетным заводам распрацоўвалася раскошнае багна ва ўрочышчах Хмелішча,Сьвяты Калодзезь, Дзерамінішча, Вогміны, Пугач, Прудзішча ды іншых, што мейсціцца не надта далёка ад ужо ўзгаданай Кромані. Нягледзячы на ўсё большае разгортваньне прац па асушэньню той багны, тамака засталося шмат даволі дзікіх і экалягічна-ёмістых мейсцаў, якія моцна вабілі мяне. Таксама шмат вітаў я ў амаль што некрануты кавалак пушчы ва ўрочышчах Баркі, Ліповіца й Казлоў Барок. У той час я шмат фільмаваў, як у аспэкце дасьледаваньняў выдры й іншых напаўводных сысуноў, гэтак і ўсё цікавае ў прыродзе. Застаўся шэраг цікавых тагачасных фотаздыкаў некаторых ледзь не первотных куткоў таго ўнікальнага тэрэну.






Край азярка Бяздоннае й гала на Хмелішчанскім багно, Налібоцкая пушча, 1966. Фота са збораў Хведара Луганоўскага.




Баляслаў Садоўскі, 1970. Фота са збораў Марыі Садоўскай.

Пад час гэтакіх вандровак па Налібоцкай пушчы я часта начаваў па пушчанскіх хутарох і вёсачках. Здаецца перабыў ледзь не паўсюль. Асабліва часта вітаў у вёсачку Навусьць да Ромы й Яўгена Шыбутаў і на хутар Козе Пенна да Баляслава й Гені Садоўскіх. Гэтыя хутары былі пры рацэ Вольцы ў цэнтральным асяродку Налібоцкай пушчы й не так далёка недзе 14-18 кілямэтраў пешкі ад урочышча Вялікага Печышча, куды таксама ўвесь час цягнула. У Ромы з Яўгенам было цікава паслухаць пра навакольнае людзкое жыцьцё - сваеасаблівыя пушчанскія навіны, тады як Баляслаў падрабязна ведаў саму пушчы й яе жывёльны сьвет, мог цікава й захапляльна распавесьці пра ўсё гэта, а таксама пра ягоныя пушчанскія прыгоды. Да яго часта вітаў ягоны сябра і паплечнік Ленард Юрэвіч, які мешкаў непадалёку на хутары Яськава. Гэтага знаўцу тутэйшай прыроды й людзей я добра зпазнаў пазьней. І ў Садоўскіх, і ў Шыбутаў лёгка й смачна пілася чарка пушчанскай гарэлкі, якая поўнілася адмысловым водарам і смакам, і тое было надта прыемна й трывала застолося ў памяці.





Баляслаў Садоўскі, Ленард Юрэвіч і Алёндзік Мазалеўскі на хутары Козе Пенна пасьля задачнага паляваньня на ваўкоў. Налібоцкая пушча, 1971. Баляслаў Садоўскі, 1970. Фота са збораў Марыі Садоўскай.


Дарэчы кажучы ў вёсачку Навусьць і ў Шыбутаву сядзібу тамака, якія ў далейшым дзеля пушчанскага мяне адгуляюць пэўную важлівую ролю, я трапіў упершыню ў красавіку 1984 году пад час майго воднага сплаву на ўжо ўзгаданым гумовым чоўне па рэчкам Сівічанцы, Вольцы й Бярэзіне. То быў першы гэтакі сплаў па той улюблёнай рэчцы Волька. Тады я аднаго разу начаваў непадалёк ад Навусьці пры даліне Вольцы сярод астанцавай курціне шэрагу вялізных старасьвецкіх дубоў. Яны й зараз цудам ацалелыя стаяць у сваім зьдзіўленьні тамака, што ацалелі, калі вакол усё іхняе сучаснае было сьсечана. Адплыўшы ўніз па Вольцы з кілямэтр, я трапіў на затуманеную галявіну, дзе праваруч на галявіне разьмяркоўвалася некалькі сядзіб. То была яшчэ палавень, і дзядзька ў чаўне ставіў сетку, каб улавіць рыбы. Пазьней я даведаўся, што гэта быў Уладзімір Комса, былы партызан, які шмат пацярпеў за былую вайну. Я павітаўся, запытаў аб мажлівасьці ўладкаваць свой човен пры ягонай хаце ў самой вады. Дазвол атрымаў, выйшаў на бераг і абышоў вёсачку. Прастуючы да выхаду з вёсачкі ў лес, мне добра запомнілася апошняя хата на водшыбе, што стаяла самотна як хутар. То была сядзіба Яўгена й Ромы Шыбутаў. Мне памроілася, што вось бы гэтакую сядзібу набыць у собкасьць як тэрэновую базу дзеля заалягічных дасьледаваньняў і асалоды аддаленага пушчанскага жыцьця, пазбаўленага шматлікіх заганаў цывілізацыі. Крыху памарыўшы й паглядзеўшы на сядзібу зводдаль, як тамака на падворку завіхалася з быдлам ужо немаладая гаспадыня, я крочыў далей у лес па адзінай на той час паўночнай дарозе ў бок Бакштаў праз Юраўск. Недзе праз тры кілямэтры дарогі я пачуў не надта далёка стрэл, потым другі. Пайшоўшы на стрэл, я ўбачыў выснажанага працай, але досыць спрытнага мужыка векам пад 60 гадоў. Ён кагадзе ўпаляваў другога глушча й быў відавочна незадаволены выпадковай сустрэчай з незнаёмцам, бо глядзеў на мяне з паняверкай і нейкім прыхаваным абурэньнем. Усё было паразумела, бо забіваць глушцоў асабліва на токах было пад забаронай. Але ён адчуўшы, што маладзён, які неспадзеўкі гэтак раптоўна зьявіўся, усёж-такі не ўяўляе нейкай пагрозы для яго й на гэтым супакоіўся. Мы крыху пагутарылі аб глушцох ды выдрах на мейсцы сустрэчы. Ён дарэчы зацеміў, што не толькі ён але й яшчэ ягоны бацька штовесну нямала харчавалі радзіну глушцовым мясам і, дзякуй Богу, менш іх ніяк не становіцца. Потым ён, адчуўшы большы давер і нейкую зацікаўленасьць, запрасіў мяне да сваёй хаты. То быў Яўген Шыбут – гаспадар той сядзібы, дзе некалькі гадзін таму на падворку завіхалася тая гаспадыня. Яўген пажыцьцёва працаваў лясьніком. Нягледзечы на ранні час мы выпілі па пару келішыкаў іхняй хатняй самагонкі, а таксама я быў пачаставаны глушцовым мясам з печы. Яно тамака ўжондзілася да чырвані ў япруцкім тлушчы й было доўгапомна смачным. Палову аднаго з забітых глушцоў я атрымаў з сабою ў вандроўку, потым падпёк на вуглях і еў амаль што сырое. Таксама было смачна, але ўсё ж гэтае падпечанае мяса было не такое смачнае як тая страва з печы. Гэтак з таго часу я стаў больш менш бываць у Шыбутавай хаце. Мяне заўжды гасьцінна прымалі, добра частавалі, чуў тамака апошнія пушчанскія навіны, чаго яшчэ балей. Усё гэта мне было да спадобы, да й я прыйшоўся гаспадарам свойскім і прыемным. З Менску я прывозіў Бальзам Беларускі, гаспадары надта любілі піць гэты даволі смачны напой, былі ўдзячны. Я ж, не шкадуючы галавы, частаваўся гаспадарскай самагонкай з дубоваў бочачкі, як добрае віскі – поўнае водару, смаку й колеру. Ня тое што куплёная водка, якую ніколі ня піў, бо аніякага смаку.




Яўген і Рома Шыбута на хутары Навусьць у Налібоцкай пушчы (зьлева 1982 год, справа 1969 год). Фота са збораў Анатоля Шыбута.


Рамуальда Шыбут у Навусьці, 2003.

Калі Яўген памёр недзе напачатку 2000-х гадоў, і Рома не змагла рымсьціць адна сярод Навусьцянскай глушы, то тая сядзіба была з лёгкасьцю спрадана мне. Сама яна перабралася да старэйшага сына Толіка ў мястэчка Валожын. Гэтак я набыў сядзібу, аб якой гэтак нярэчаісна марыў напачатку. Па словах Ромы на мае грошы, што былі атрыманы ад мяне за сядзібу, былі куплены зімовыя боты абедзьвум унучкам, ды яшчэ атрымаўся дадатак на харчаваньне радзіны цягам паловы году. Вось і ўвесь жыцьцёвы набытак, хаця за хату я заплаціў не шкадуючы па самым высокім коштам на той час, ды ў асобна купляў яе хатнюю мэблю, дровы й тое-сёе іншае. Рому я шчыра запрашаў да сябе ў Навусьць на пабыўку любой працягласьці, й яна насамрэч аднаго разу прыехала. Але хутка Рома расчулілася па страчанай роднай хаце. Яна сказала, што ўсё тутай ужо ня ейнае й зьнікла. Больш я яе не бачыў, і праз два гады яна адарваная ад роднага мейсца памерла. Да гэтае пары здзіўленьне, як гэта так узяць ды спрадаць радавое мейсца. Але разам з тым я вельмі ўдзячны ёй за гэта й сталую гасьціннасьць.



Сядзіба Шыбутаў у Навусьці, як я яе набыў у 2004 годзе.

Але крыху вернемся да маіх тых вандровак па Налібоцкай пушчы напрыканцы 1980-х гадоў. Яны былі надта пазнавальныя й ня толькі з гледзішча заалягічных дасьледваньняў. У размовах з сялянамі шмат аб чым даведаўся й шмат чаго набачыўся аб іхнім жыцьці сярод пушчанскай глыбі, адноснай вольнасьці й у цяжкай працы развойнай сваёй гаспадаркі. Адно вельмі шкада, што тым часам не меў я гэтакай як зараз зацікаўленасьці фільмаваць сцэны сялянскага жыцьця, перш за ўсё, іхняга гаспадараньня. То бы надта спатрэбілася дзеля кнігі й блогу аб Налібоцкай пушчы, але чамусьці ненафільмаваў. Тым часам я шмат начаваў сярод прыроды ўсясэзонна. Я звыкся з холадам і ўсімі іншымі непасобствамі гэтакіх сьцюдзёных начовак і нават атрымоўваў ад іх немалую асалоду. А галоўнае шмат чаго я бачыў на прыродзе й у гэты час надта павялічваўся мой тэрэновы досьвед, які быў моцна запатрабаваны пазьней.

Недзе з пачатку 1990-х гадоў Налібоцкая пушча мною ўсё больш паступова закідаецца дзеля Паазерскай пушчы, дзе мяне захапіла навуковая ідэя аналізу супольніцтва хрыбетных драпежнікаў і іхніх ахвяр у варунках адносна натуральнага асяродзьдзя. Налібоцкая пушча ў гэтым дачыненьні не надта пасавала, бо тамака ўжо адбылася татальная асушальная меліарацыя багнаў, а таксама зьніклі шэраг драпежніцкіх гатункаў як то эўрапейская норка і буры мядзьведзь, якія яшчэ жылі ў некаторых частках Паазерскай пушчы. Адылі я ўвесь час песьціў мару вяртаньня ў Налібоцкую пушчу й не проста аматарскі а з заалягічнымі дасьледаваньнямі. У бязлёдны час мне падабалася праплыць па Іслачы, а потым па рацэ Бярэзіне да вусьця, потым падняцца ўверх па Нёмну да вёскі Дзялятычы й адтуль ужо неяк на Менск.

Надта захаплялі сваёй стыхійнай моццу, відовішчнай прыгажосьцю й вечнасьцю сутокі бацькі-Нёмна й Бярэзіны. З тае пары кожны год бываю тамака й хочацца бываць зноў і зноў. Трапляючы з Нёмну ў вёску Дзялятычы, то заўжды было іншае моцнае ўражаньне ад вясковага каларыту асабліва па яе Віленскай вуліцы з брукаванкай, старымі даваеннымі, але прыгожымі хатамі, з мастацкі пабудававнай драўнянай царквыЎзвышэньня Святога Крыжа, а таксама з мноствам буслянак.


Сутокі Нёмна і Бярэзіны.

Нёман пры Налібоцкай пушчыблізу Дзялятыч.

Вёска Дзялятычы на Нёмне, 1986 год.

Мост у Дзялятычах праз Нёман, 2002 год.


З пачатку 2000-х гадоў з большага скончыўшы справы вызуканьня драпежніцва ў супольніцтве хрыбетных жывёл у Паазерскай пушчы, мне заманулася хутчэй пераносіць гэтакія драпежніцкія справы ў Налібоцкую пушчу. Я распачаў гэты рух насустрач Налібоцкай пушчы. Што тычыцца заалягічных дасьледаваньняў у Налібоцкай пушчы, то я распрацоўваў іхнюю пастаноўку ўжо з большым чым раней навукова-ідэйным напаўненьнем, ўзбагачыным набытым раней дасьледчым досьведам. Набыўшы сядзібу ад Шыбутаў у пушчанскім асяродку жыцьцё шмат у чым пацякло зусім іншымі рэчышчамі. Разам з паплечнікамі было дасьледавана шмат цікавых, нават новых пытаньняў драпежніцкага жыцьця, распачаты даўгачасовы маніторынг важлівых гатункаў хрыбетных жывёл. Аб гэтым можна пісаць падрабязна ў асобных вартыкулах гэтага блогу, як і аб даліне Нёмну з паўднёвага краю Налібоцкай пушчы, і аб пушчанскай Бярэзіне, і аб Дзялятычах, і аб шмат чым іншым пушчанскім. Гэты пост блогу я на гэтым сканчаю, але нельга яшчэ не зацеміць, што ў 2000-х гадох маімі асноўнымі улюблёнымі гатункамі заалягічным дасьледаваньняў становіцца воўк ды рысь. У Налібоцкай пушчы з тэрэновай базы ў Навусьці я падрабязна заняўся мала дасьледаванымі пытаньнямі рэпрадуктыўных паводзін і экалёгіі размнажэньня ваўка, а таксама рознымі пытаньнямі па экалёгіі рыся. Але аб гэтым будуць асобныя вартыкулы.


Я, Вадзім Сідаровіч пад час воўчага логавашукальніцтва ў Налібоцкай пушчы, 2015 год.

Усё маё жыцьцё завіравала вакол гэтага. Штотравень я вышукваў воўчыя кодлы, знаходзіў да пяці логавішчаў са шчанюкамі за травень. Ваўчанят я ніколі не забіваў, а адсочваў воўчую радзіну цягам першага году жыцьця шчанюкоў. Таксама ўсё гэта адбывалася не без воўчых і рысёвых паплечнікаў і сяброўства. Мяркуецца гэтак будзе й надалей.

0 views

© 2018-2019 by Irina Rotenko & Vadim Sidorovich. All photographs appearing in the site are the exclusive property of their owners and may not be copied or used in any way without the authors' permission.