• Vadim Sidorovich

Новая рэчаіснасьць у Налібоцкай пушчы ў сувязі з прыгнечыннасцю дрэў і паўсюднымі высечкамі

Updated: Oct 4, 2019


Сааўтар Ірына Ратэнка


За Налібоцкую пушчу ізноў моцна ўзяліся лесарубы, як у былыя лесавысечныя часы 1950-х, 1960-х і 1970-х гадоў, калі гэты гаротны раскошны лес з багатай расьліннасьцю і жывёльным сьветам, з славутай гісторыяй і важкай сучаснай прыродаахоўнай вартасьцю няшчадна высякаўся аж чатырма леспрамгасамі, а таксамі шэрагам лясьніцтваў. Цяперака высечкі паўсюдна і ўсесэзонна, у Налібоцкім заказьніку і па-за ім, малыя й агромістыя. Хуткасьць зь якой яны робяцца ўражвае нават вока, якое досыць наглядзелася на гэтакі гвалт над прыродай. Разьбіваюцца дарогі, якія ўсё менш і менш рапаруюцца лясгасамі.


Няма сумлеву, ёсьць праблемы з адміраньнем дрэў, яны відавочны, хто скажа што іх няма. Нямала хвоі памірае ад корніку, што верагодна ўлучана са сьпякотнымі і сухімі летамі ў сувязі з пацяпленьнем клімату. Сьпякотным летам шмат дзе таксама высыхае й елка. Бярозы ўсё больш і больш прыгнечваюцца амялою. Яшчэ дзесяцігодзьдзе таму амялы было няшмат у Налібоцкай пушчы, а цяперака яна паўсюдна на бярозах у вялікай лічэбнасьці і пашыраецца штогод. Ясень, а мейсцамі нешматлікі вяз татальна вымірае ад каранёвых грыбкоў.


Так, нейкія лесавысечныя захады, каб прадухіліць распаўсюд напасьці на дрэвастан Налібоцкай пушчы, неабходны. Але гледзячы на тое, што робіцца насамрэч, то тое можна ахарактарызаваць не як барацьба за захаваньне Налібоцкай пушчы ад пошасьці, а як татальную высечку найбольш каштоўных дрэвастанаў, перш за ўсё, сьпелых і прысьпяваючых бароў.








Узяліся высекаць і дубы, нягледзечы на тое, што ад былой дубовай раскошы ў Налібоцкай пушчы засталіся невялічкія дуброўныя астанцы, ды й дзе недзе трапляецца вялікі дуб сярод лясоў іншых тыпаў. Пераважна сякуць шыкоўныя дубы ў лясох, што зазначаны таксатарамі як асіньнікі і іншыя лісьцястыя лясы. Мала дзе іх пакідаюць на высечках.


Вялікую экалягічную шкоду нясуць прачысткі завалежаных абалонных лясоў у даліне Бярэзіны, пад час якой часам высекаюцца і жывыя высачэзныя дубы і ліпы, маўляў, у іх нешта пашкоджана, як тое верхавіна. А тое што з гэтым яны маглі бы жыць яшчэ сто гадоў нікога з лесарубаў і іхніх ачольнікаў не хвалюе.



Лясныя дарогі ў Налібоцкай пушчы паступова разьбіваюцца цяжкой лесагаспадарчай тэхнікай, і гэтая дарога, па якой раней людзі ездзілі па грыбы й ягады, ёсьць добры прыклад цяперашняга паляпшэньня лясных дарог харвэстэрамі.

Часам у Налібоцкай пушчы шмат дрэўны чамусьці пакідаецца на высечках парахнець, але адпаведны лес мог бы быць жывым. То ёсьць дзікунская безгаспадарлівасьць і няма клопату аб захаваньні лесу.

Відавочна, што калі ня будуць прыняты адпаведныя захады, Налібоцкая пушча, як цэласны, экалягічна багаты лясны масіў будзе амаль што зьнішчана цягам наступнага дзесяцігодзьдзя. Акрамя неабгрунтаванага гвалтоўнага лесасечнага наступу на Налібоцкую пушчу, адчувальна, што ў лясной гаспадаркі няма адпаведнай канцэпцыі захаваньня гэтых каштоўных лясоў ва ўмовах узгаданай пошасьці на дрэвы, перш за ўсё на хвою, ясень, а таксама елку і бярозы. Добрай альтэрнатывай магло бы быць захаваньне ўсіх дубоў і цалкам аднаўленьне дуброў, але ці будуць чакаць лесарубы, пакуль яны доўга будуць расьці. Журботна й немарасна ад уяўленьня жалюгоднай прышласьці гэтага дзяржаўназначнага й пажыцьцёва дарагога нам лесу.

© 2018-2019 by Irina Rotenko & Vadim Sidorovich. All photographs appearing in the site are the exclusive property of their owners and may not be copied or used in any way without the authors' permission.