• Vadim Sidorovich

Падзеі вакол адзінай ацалеўшай у мінулую вайну хаты ў Валяватцы

Хутар Валяватка знаходзіцца ў цэнтральнай частцы Налібоцкай пушчы каля невялічкай вёсачкі Каменная Слабада, дакладна на адлегласьці каля аднаго кілямэтра на ўсход ад яе. Часам гэты хутар таксама завуць Каменная Слабада, але гістарычна ён мае свой уласны назоў Валяватка. У абодвух гэтых паселішчах, як і ў шмат якіх гэтакіх у Налібоцкай пушчы ўжо няма сталых жыхароў, якія б жылі тамака цягам усяго году. Але гэтак сталася толькі апошнімі дзесяцігодзьдзямі.Хутар Валяватка ў Налібоцкай пушчы вядомы даволі здаўна. Прынамсі як з 1795 году лясы абапал сярэдняга і ніжняга цячэньня Волькі перайшлі ад Радзівілаў у валоданьне да Храптовічаў, то тамака побач з Каменнай Слабадой (паселішчам, што было заснавана значна раней яшчэ Радзівіламі) у хуткім часе ўзьнікае новая гаёўня дзеля пражываньня двух радзін лясных службоўцаў, а менавіта для асочніка (службоўца лавецкай гаспадаркі) і ляснога стража.


Цягам XIX-тага стагодзьдзя ў Валяватцы налічваецца ад 2 да 4 двароў, а ў міжваенны пэрыяд 1920-х й 1930-х гадоў тамака была толькі адна вялікая хата двухбакоўка на дзьве радзіны зноў такі лясных службоўцаў ужо ў леса-лавецкай гаспадарце міжваеннай Польшчы. То была хата з надта старых, але яшчэ моцных бярвеньняў, якая будавалася яшчэ ў Храптовічскія часы як гаёўня. Напрыканцы 1920-х гадоў яе перакладаюць, падкладаючы трывалы фундамэнт з кайзераўскіх блёкаў (што ўзяты з разбураных нямецкіх бункераў) Першай сусьветнай вайны й новыя першыя бярвеньні пры фундамэнце. Пад час карных нямецкіх блякад партызанкі ў Налібоцкай пушчы 1942 і 1943 гадоў Валяватка выпадкова не была спалена й ацалела цягам усёй Другой сусьветнай вайны.


Хата ў Валяватцы канчаткова апусьцела ў 1996 годзе, калі апошнія гаспадары Сабалеўскія выселіліся ў вёску Кляцішчы. Упершыню я ўбачыў яе ў 2001 годзе. Стан хаты быў досыць занядбаны. Дах з спарахнелай гонты паўсюль цёк, вільгаць на падлозе і столі, дзьверы выламаны, шыбы гнілі ад вільгаці й разваліваліся. Але цалкам то яшчэ быў прыдатны для жыцьця вялікі будынак, прыгожы сваімі старасьвецкімі рысамі. Ён шмат чым нагадваў ранейшы шляхецкі фальварак і быў гэтак непадобны на досыць тыпавыя паваенныя невялічкія сялянскія хаты ў навакольлі. Тое самае і ўсяродку: рэшты старой дарагой мэблі з дубу, прыгожая доўгая й павольная лесьвіца са сходкамі з прымена на паддашак. Падлога і столь з шырачэзных тоўстых дошак, адмыслова прыгожыя вялікія печы. На падлозе ўнізе, а таксама на гарышчы было раскідана нямала даваеннага глінянага пабітага й цэлага посуду пераважна Івянецкай ганчарнай мануфактуры: місы, макатра, некалькі глякоў, вялікі слоік, збаны, каганкі-спарышы з адбітай ручкай. Неяк было непаразумела, чаму ўсю гэтую прыгажосьць не ўзялі з сабою Сабалеўскія як выселіліся. Не каштавалі тое. Я цікаўлюся керамікай і аднойчы завітаў на цяперашні Івянецкі ганчарны завод, запытаў, ці ёсьць у іх музэй тутэйшых ганчарных вырабаў, бо ганчарства ў Івянцы даволі старадаўні занятак. Не, не было. Мэнэджэр па продажу патлумачыў: а навошта нам тыя старыя вырабы, мы маем новыя, во паглядзіце. Але на новыя не хацелася і глядзець, вядома чаму.


Таксама ў закінутай хаце ў Валяватцы была вельмі прыгожая агромістая шапа з дубу, што мела бакавыя стойкі ў выглядзе таўсьценных разных пляцёнак. Яна была цяжэзна не пад'ёмная й не пралазіла ў дзьверы. Таму хтось узяў толькі дзьверы й шуфляды ад той шапы, кошт якой відавочна быў большы чымся ўсёй сядзібы. На жаль, то быў канец той адмысловай антыкварнай рэчы. У той хаце шмат займаліся ткацтвам, таму на гарышчы былі кросны і некалькі паламаных пралак-стаячкоў.Пройдзе зусім няшмат часу й з той хаты павыдзіраюць блёкі з фундамэнту, разьбяруць на дошкі падлогу і столь. З-за дзіравай страхі старыя бярвеньні сьцен, стольныя бэлькі й кроквы страхі часткова абваляцца і к 2010 году былая шыкоўная хата ў Валяватцы канчаткова парушыцца. Яе рэшты будуць спалены ў 2014 годзе новым гаспадаром дзялкі.


Валяватка ў 1970-х гадох. Фота з калекцыі Сабслеўскіх.

Як ужо паведамлялася, хата ў Валяватцы перажыла Другую сусьветную вайну. Пад час вайны тамака акрамя некалькіх радзін мелі прытулак савецкія партызаны, часам мейсьціўся штаб тамтэйшага партызанскага атрада. Немцы неаднаразова бамбавалі Валяватку, але бомбы ня трапілі ў хату. Варонкі блізу хаты ад разрыву тых бомбаў відаць і цяперака. Некалькі разоў хата ўзьнімалася гарэць, але была своечасова абтушана. Гарэлыя бярвеньні ззаду хаты былі заўважны нават у 2000-х гадох.


Па вайне ў 1944-1950 гадох у хаце і хлеве ў Валяватцы жыло ад 4 да 9 радзін, існавала невялічкая школка, якая потым з сярэдзіны 1950-х гадоў пераберыцца ў Каменную Слабаду ў новую хату Каваленкаў.



Вучні з настаўніцаў школкі ў Валяватцы, 1952 год. Фота з калекцыі Сабалеўскіх.



Захаваўся цікавы фотаздымак шлюба, што адбыўся ў Валяватцы ў 1960 годзе.



На гэтым фота 1960 году праваруч налева стаяць Ленард Юрэвіч з Яськава, Эдзік Варыга з Козьлікаў, Ян Клачкевіч з Козьлікаў, хтось з Бакштаў і хтось з Мазалеўскіх са Стаськава. Фота з калекцыі Клачкевічаў з Козьлікаў.


З 1960 году ў Валяватцы жылі радзіны Сабалеўскіх, якія ў сярэдзіне 1990-х гадоў перасяліліся ў Кляцішча.



Натальля й Антось Сабалеўскія - адны з апошніх жыхароў Валяваткі. Фота 1986 года з калекцыі Сабалеўскіх.

72 views

© 2018-2019 by Irina Rotenko & Vadim Sidorovich. All photographs appearing in the site are the exclusive property of their owners and may not be copied or used in any way without the authors' permission.