Сучасная Паташня, што пры рацэ Бярэзіна амаль у асяродку Налібоцкай пушчы, складаецца з чатырох невялічкіх частак, якія пераважна называюць як Паташня-Выспа, Конікі, Паташня-Прыгожыя і Паташня-Кільчэўскія. Асноўная і найбольш старая, яшчэ сярэднявечная ёсьць Паташня-Выспа. Яна мейсьціцца як бы на выспе (востраве), бо з усходняга боку цячэ й загінаецца лукою Бярэзіна, з супрацьлеглага заходняга боку Панскае абалоннае азяро, што спалучаецца з Бярэзінаю. З адзінага паўночнага боку ў Паташню-Выспу можна заехаць на аўтамабілі або на конным возе, але толькі калі суха па невялічкай дарожцы, што прастуе ад Бакштаў-Агароднікаў уздоўж Бярэзіны па ейнай абалоні на поўдзень у Паташню-Выспу. Але ў разводзьдзе, або іншую слату тое сапраўдны востраў.
Від на Бярэзіну з гэлікоптэру ва ўрочышчы Дразды недалёка ад Паташні на поўдзень, 2012 год. Фота Сяргея Плыткевіча.
Від на Бярэзіну з гэлікоптэру ва ўрочышчы Чорнае недалёка ад Паташні на поўдзень, 2012 год. Фота зьлева і цэнтральнае Сяргея Плыткевіча. На правым фота рака Бярэзіна ў Драздах у 1983 годзе.
Сама Бярэзіна, а асабліва Чорная абалоннае азяро, што пачынаецца амаль што ў самой Паташні (Паташні-Кільчэўскія), прыдае значнасьці і хараства Паташынскаму навакольлю.
Таму рыбная лоўля тутай ёсьць як адвечны, гэтак і важлівы сучасны занятак тутэйшых і прыезжых людзей.
Зьлева тамтэйшы жыхар Валер Прыгожы і ягоны сын Васіль са злоўленымі вусачамі ў Паташні на Панскім азяры. Фота з калекцыі Валера Прыгожага недзе сярэдзіны 1990-х гадоў.
На фота зправа лоўля сеткаю ў Паташні на Панскім азяры. Фота з калекцыі Валера Прыгожага недзе пачатка 1970-х гадоў.
Рыбны клусаўнік з асьцямі здабывае шчупакоў, што нерастуюць. Малюнак Аляусандра Міцяніна.
Для пушчанскіх жыхароў было агульна вядома, што абалонь Бярэзіны ад Ягадзені да Паташні годнае мейсца, дзе людзі шмат клусавалі шчупакоў на нерасьце. Неаднаразова гэтакіх клусаўнікоў тамака лавіла прыродаахоўная інсьпекцыя, але гэты недазволены ганебны промысел рыбы ўсяроўна тамака часам адбываецца.
Стары човен на беразе Бярэзіны ў Паташні-Выспе, 2007 год.
Гэтакія даўбенкі тутай спрадвеку выраблялі з таўстых стаўпуроў старых асін. Слугавалі яны дзесяцігодзьдзямі. Зразумела, што жыць у Паташні без гэтакай даўбёнкі было проста немагчыма, бо часта паўсюль вада. Кожная радзіна мела па дзьве, а то і тры асінавыя даўбёнкі. Гэта толькі потым, напрыканцы 1970-х паташанцы абзавяліся іншымі плоскадоннымі чаўнамі ды яшчэ з рухавіком, але хтось мае даўбенкі да гэтае пары. Асабліва патрэбны былі чаўны тым радзінам у Паташні, што шмат жылі з рыбнай лоўлі, і гэтакіх была не адна радзіна.
Іван з Конікаў на амарэтуры зноў вярнуўся на жыцьцё ў бацькоўскую хату ў Конікі, часта ловіць рыбу на Чорным азяры, 2019 год.
Мейсцазнаходжаньня Паташні яшчэ адметна тым, што тамака Бярэзіна прымае воды малых рэчак Волькі ды Ізьлядзі, што цякуць зь нетраў Налібоцкай пушчы. Гэтыя малыя рэчкі перш за ўсё зьліваюцца самі, а потым уцякаюць у Бярэзіну. Недалёка ад сутокаў праходзіць жвіроўка з мастом праз Вольку-Ізьлядзь. Гэтая дарога вядзе ад Заберазі-Ягадзеня да Паташні-Кільчэўскія (направа) і ўздоўж Бярэзіны на поўдзень (налева) аж да Любчы.
Від на гэтае мейсца з гэлікоптэру паміж Конікамі і Паташня-Кільчэўскія, 2012 год. Фота Сяргея Плыткевіча.
Пераезд на той дарозе каля Паташні-Кільчэўскія, які не заўжды пераедзеш, бо плыне павадкавая вада з Волькі-Ізьлядзі наўрост у Бярэзіну па старарэччу паўз дарогу.
Ва ўсіх гэтых чатырох малых паселішчах Паташні (Паташня-Выспа, Конікі, Паташня-Прыгожыя і Паташня-Кільчэўскія) людзкое жыцьцё ледзь цяпліцца і цалкам стала ўзімку жывуць 6-10 чалавек. У цёплы сэзон з наездамі месцічаў у свае тамашнія лецішча людзей у Паташні прыбывае і цалкам можа быць да трыдцаці. Але галоўныя, чымсьці найбольш істотныя людзі Паташні гэта несумнёўна Валер Прыгожы і Фрыдрых Кільчэўскі. Падаецца менавіта вакол іх у Паташні трымаецца апошняе сталае жыцьцё, асабліва ўзімку.
Сябры Валер Прыгожы (праваруч) і Фрыдрых Кільчэўскі (леваруч) у Паташні ў 1950-х гадох. Фота з калекцыі Фрыдрыха Кільчэўскага.
Паташня, асабліва Паташня-Выспа зьяўляецца даволі старым сярэдневечным паселішчам. З пачатку ХVІІ-тага стагодзьдзя тамака дзейнічала Радзівілаўская буда з румам. Першапачаткова ў той будзе-руме прымалі ад сялян-трылёўшчыкаў і падрыхтоўвалі да сплаву лес дзеля дастаўкі бярвеньняў да Нёмну. Тамака мешкалі асочнікі, бортнікі і лясьнікі, прыпыняліся на адпачынак стральцы з Дзялятыцкага падлавецтва Радзівілаўскай лавецкай і лясной гаспадаркі. У першай палове ХVІІI-тага стагодзьдзя тамака на паўвыспе пры правым беразе Бярэзіны проці сутокаў яе з Волькаю-Ізьлядзьдзю адбудоўваецца попельная буда, спэцыялізаванія на вытворчасьць поташу. Адсюль і назва паселішча як Паташня. Апроч поташу на ей выраблялі смалу, дзёгаць і звычайны попел. Сплаў гэтых лесахімічных вырабаў з Паташні звычайна ажыцьцяўляўся на вялікіх лодках, што называліся віціны грузапад’ёмнасьцю ў ад некалькіх тон.
На тэрыторыі Паташанскай буды знаходзіўся склад, дзе захоўваліся рэчывы будавай вытворчасьці. Поташ, як найбольш каштоўнае рэчыва, захоўваўся ў скураных торбах або ў бочках. Поташ быў дарагі і працаёмісты пры вырабу. Таму на паташным складзе былі досыць дакладныя даволі вялікія шалі з рознымі вагамі, а таксама розныя меры аб’ёму як то адмысловыя цэбры й бочкі. На Паташанскай будзе былі будынкі для пражываньня кіраўніцтва і шараговых наймітаў, што далучаліся да працы на будзе на досыць працяглы час. Існавалі карчма, лядоўня (адмысловы заглыблены ў зямлю будынак, дзе назапашаны ўзімку лёд асьцюдзяняў гэты склад), кузьня й заўжды вялікая стайня для коней ды валоў. Дзейнасьць буды вымагала шмат коннай і валовай цягі. Што тычыцца людзкой сілы, то на будзе прыблізна працавала ад 10 да 30 шараговых працаўнікоў.
Вялізны драўняны будынак, дзе ажыцьцяўлялася паленьне дрэва на паташ быў прыблізна 100 м у даўжыню й 10 м у шырыню. Усяродку стаялі вялікія цагляныя печы даўжынёй каля 20 м. Кожная з гэтакіх печаў мела некалькі топак і па адной або двум ёмістасьцям дзеля перапальваньня дрэўны на патрэбныя рэчывы. У гэтых печах ажыцьцяўляўся працэс паленьня дрэва на попел і паташ. Дадаткова дзеля нарыхтоўкі дрэўны наймалі сялян з бліжэйшых вёсак. Коннай або валовай цягай цяжкія торбы або бочкі з паташам або іншымі рэчывамі падвозілі да ракі, па якой ажыцьцяўляўся сплаў прадукцыі віцінамі. Стырнаваньне віціны пераважна ажыцьцяўлялася й шляхам кілявога стырна й чатырма грэбнікамі з адмысловымі вёсламі.
Таксама з канца ХVІІ-тага стагодзьдзя ў Паташні на Бярэзіне быў пабудаваны гатар і шліфірня, дзе ўжывалі самыя разнастайныя ручныя і мэханічныя прылады. Напрыклад, каб расьпілаваць бервяно, піла знаходзілася паміж двума слупкамі й прыводзілася ў дзеяньне мэханічнымі прыстасаваньнямі. Бервяно штурхалася на пілу пэўным мэханізмам, які намагаўся моццу аднаго, або некалькіх мужыкоў. Шліфаваньне адбывалася з дапамогай шліфавальных камянёў, якія пры сваім кручэньні раўнялі паверхню дошкі. Таксама дошкі шмуравалі напоўніцу ўручную з дапамогай жалезных наждакоў.
Адна з сядзіб у Паташня-Прыгожыя, 1960-я гады. Фота з калекцыя Валера Прыгожага.
Жыхары Паташня-Прыгожыя чакаюць човеннага перавозу праз Бярэзіну на левы бок, дзе ёсьць дарога да Заберазі і Бакштаў, 1960-я гады. Фота з калекцыя Валера Прыгожага.
Фота 1970-х, 1980-х і пачатку 1990-х гадоў Валера Прыгожага і чальцоў ягонай радзіны на панадворку ў Паташня-Прыгожыя. Фота з калекцыя Валера Прыгожага.
На верхнім фота зьлева Валер Прыгожы на паляваньні ў 1972 годзе недзе ў ваколіцах Паташні. На трэцім верхнем фота самый правый то бацька Валера Васіль Прыгожы з забітым япруком перад Калядамі ў 1973 годзе.
Сучасныя фота ад Валера Прыгожага.
На верхнім фота зьлева Валер Прыгожы паказвае, дзе ўначы на падворку быў забіты ваўкамі сабака ягонага сына, 2018 год.
На сярэднем фота зьверху то пасьля паляваньня на ваўкоў у ваколіцах Паташні, Валер на тым фота зправа ў сярэднім радку. Фота зроблена Казімерам Садоўскім у 2017 годзе.
Астатнія фота зроблены ў сьнежні 2018 года напанадворку Валера Прыгожага.
Леваруч маладыя кабеты з Паташні і Жабрачыхі (зьлева направа Вікторыя Кільчэўская, Геня Шакаль, Анця Матусевіч і Валя Андрусевіч) ў Паташні-Кільчэўскія напрыканцы 1950-х гадоў.
Праваруч, то ў Паташні-Выспе ў 1960-х гадох.
Фота з калекцыі Фрыдрыха Кільчэўскага.
Хлопцы з Паташні ды Бакштаў-Заберазі купаюцца ў Бярэзіне ў Паташні, 1960-я гады.
Фота з калекцыі Фрыдрыха Кільчэўскага.
Радзіна Кільчэўскіх з Паташні, зьлева направа Фрыдрых, Генуэфа, Лёдзя, Плярыян. Фота канца 1940-х гадоў.
Фрыдрых і Лёня Кільчэўскія малоцюць жыта на яшчэ даваеннай малатарні, 2014 год.
Яшчэ што выбітнае ў Паташні, то зарасьлі мядзьвежай цыбулі ў абалонных шырокалісьцевых лясох пры Бярэзіне.
Паміж Бакштанскімі Агароднікамі й аж да самай Паташні-Выспы непадалёк ад абалоні цягнецца доўгая на кіломэтры нямецкая насып ад Першай сусьветнай вайны. Пратокі ў той насыпі задамавалі бабры розных іхніх радзін. Утварылася доўгае балота-стаў з мноствам бабровых жэрэмяў. То таксама нешта адмысловае пры Паташні.
Тамака ў 1980-я гады і далей аж да пачатку 2000-х гадоў было не адзін самагонны заводзік, так што шпацыр па таму нямецкаму насыпу ад Агароднікаў да Паташні заўжды напаўняўся тамтэйшым сялянскім каларытам. Асабліва цесна разьмяркоўваліся тыя саматужныя дыстылеры паблізу Паташні-Выспы. Цяперака нічога гэтага там нямашака, бо апошняе дзесяцігодзьдзе ўлады моцна прыціснулі тых, хто жэніў гарэлку-самагонку.
Comments