top of page
Writer's pictureVadim Sidorovich

Першыя братанні расейскіх і нямецкіх жаўнераў на лініі фронту ва ўрочышчы Дразды, 1917 год

Updated: Apr 22

У гэтым краязнаўчым блозе аб Налібоцкай пушчы я хацеў бы штось паведзіць аб Першай сусьветнай вайне на яе тэрэне, дзе расейска-нямецкі фронт стаяў два з паловай гады. У той час дзясяткі тысяч жаўнераў з абодвух бакоў значна зьмянілі ляндшафт Налібоцкай пушчы, высякая лес і будуя зямлянкі ды франтавыя ўмацаваньні. Гэтыя жаўнеры рымсьцілі ў цяжкіх умовах акопна-зямляначнага жыцьця.Часам зь імі здараліся гостра-сюжэтныя гісторыі, якія цікава бы паведзіць. Я дазнаўся пра шэраг гэтакіх, і таму вырашыў падаць шэсьць зь іх як асобныя бложныя пасты.

Дадзенае пятае апавяданьне, як і ўсе іншыя на гэту тэму не зьяўляецца напоўніцу дакумэнтальным. Яно ёсьць мастацкая рэканструкцыя падзей на дакумэнтальнай аснове з імкненьнем максымальнага праўдападабенства. 


Бываючы ў Налібоцкай пушчы ў навакольлі ракі Бярозе, мне падабалася прыпыніцца, каб пад’есьці не пры рацэ а крыху ўбаку на адной невялічкай лонцы ва ўрочышчы Рабачова. Пры рацэ Бярозе бываюць людзі: рыбакі, байдарачнікі, пешыя турысты, а тамака на той прыгаданай лонцы заўжды нікога і ёсьць адчуваньне пушчанскіх нетраў і прыемнай самоты. Некалі яшчэ ў першай палове 1980-ых гадоў тамака зусім побач ад той лонкі на грудку ў бары быў крыж пасівелы ад часу ды пахіліўшыся ад спарахнеласьці той часткі, што знаходзілася ў зямлі. Ён неяк заваліўся долу, і я паставіў яго, абапёршы аб вялікую хвою. Неяк наступным разам я ўбачыў, што з таго крыжа абвалілася перакладзіна, а слупяная частка крыжа таксама павалілася долу. Мусіць надыйшоў час скананьня таго крыжа. Таму я нічога з тымі крыжовымі рэштамі не рабіў.


Адылі неяк ледзь не праз дваццаць гадоў, дакладна ў 2016 годзе тамака пры самой лонцы зьявіўся новы невялікі драўняны крыж. Яшчэ праз год я сустрэў тамака трох мужыкоў па выгляду зь якогасьці месца, якія мелі пры сабе металашукальніцкія прылады. Яны абедалі. Я ветліва паздароўкаўся і запытаў аб тым , ці ня ведаюць яны, што тое за крыж і чаму ён тут, чыю памяць ён ушаноўвае. Быў адказ, што яны канешне ведаюць, бо яны яго паставілі. Адзін зь іх дадаў, што гэта мейсца, дзе ў Першую сусьветную вайну тутэйшае расейскае камандаваньне зладзіла ганебны расстрэл жаўнераў-братэрцаў, якіх было арыштавана блізу сарака чалавек. Ягоны прадзед з вёскі Вялікая Чапунь, што знаходзіцца на заходнім узмежку Налібоцкай пушчы, быў адзін з тых трох, каму ўдалося ўцячы з-пад таго расстрэлу і далей неяк захавацца жывым. Той праўнук зацеміў, што, адступаючы за Бярозу, расейцы праводзілі пасьпешную мабілізацыю ў вёсках па заходняму берагу Бярозы. Вось і прадзед ягоны трапіў на тую вайну ў недалёкае ад сваёй сядзібы ўрочышча Дразды на супрацьлеглым беразе Бярозы. Я шчыра папрасіў распавесьці мне пра ўсё гэта падрабязьней. Я дастаў да іхняй абедняй ежы бутэльку каньяку, якую я на падобныя выпадкі заўжды меў з сабою ў заплечніку. Той мужык з лёгкасьцю пагадзіўся, але сваё і прадзедава імя ды прозьвішча назваць адмовіўся.


У жніўні 1917 года на расейска-нямецкім фронце ў Налібоцкай пушчы ўтварыліся першыя значныя братаньні некаторых аддзелаў расейскага ды нямецкага войскаў звычайна агулам каля 40-70 жаўнераў кожны гэтакі раз. Расейскія афіцэры, якія адчувалі пацыфісцкі настрой сваіх жаўнераў, не наважваліся на суворыя карныя захады ў адказ ды спрабавалі рабіць выгляд, што ня ведалі і ня чулі пра гэта, звычайна ўнікаючы кудысь, каб ня быць сьведкай гэтакіх братаньняў. Тым ня менш пад уплывам ачамярэласьці гэтай вайны, кепскіх варункаў жаўнерскага жыцьця на фронце, а таксама ўпартай ды добра аргумэнтаванай прапаганды сацыялістаў фронт пачынаў сыпацца і гэтакія братаньні станавіліся звычайнай зьявай. Камандаваньню з абодвух бакоў было невядома, што ў гэтакіх выпадках рабіць. Шмат якім афіцэрам самім абрыдла гэта бессэнсоўная і няўдалая вайна, але яны палохаліся гэтага братаньня, каб не было наказаньня ад вышэйшага камандаваньня. Таксама яны палохаліся, каб штось з жаўнераў ім ня стрэліў у сьпіну дзе-небудзь употай або не забіў адчыненай расправай.

І вось на пачатку верасьня пад Любчай здарылася братаньне значных згуртаваньняў расейскіх і нямецкіх жаўнераў, якое нямецкае вайсковае камандаваньне неяк скарыстала дзеля прарыўнай атакі расейскай абароны. Нічога з гэтага не атрымалася, але тое пачалі карыстаць абодва варожыя бакі дзеля рэпрэсіўных захадаў на братэрцаў, каб неяк спыніць гэту зьяву. Казалі, што камандаваньне абодвух варожых бакоў самі дамовіліся на тую правакацыю. Пасьля той правакацыі пад Любчай камандаваньне стала пагражаць братэрцам расстрэлам. Акрамя таго пад час таго правакацыйнага братэрства з атакай нямецкага боку загінула немала жаўнераў, якія нялі ўдзел у той мірнай акцыі. Гэта таксама адрынула значную частку жаўнераў ад падобных пацыфісцкіх захадаў. Адылі прага міру ды сканчэньня вайны было настолькі моцнае, а жыцьцё ў зямлянках ды акопах поўных гразі, пацукоў, шырокі распаўсюд сьмяротных хвароб і навала вошай былі настолькі нясьцерпныя, што жаўнеры пачыналі памалу бунтаваць, а спробы братаньня жаўнераў варожых бакоў зноўку аднавіліся.


І вось у сярэдзіне верасьня на рацэ Бярозе ва ўрочышчы Дразды неяк здарылася значнае братаньне расейскіх і нямецкіх жаўнераў, у якім нялі ўдзел каля сарака немцаў і блізу шасьцідзесяці расейцаў. Па папярэдняй дамоўленасьці гучнай размовай праз раку бяззбройныя нямецкія жаўнеры пераплылі Бярозу да лініі абароны расейцаў. Расейскае камандаваньне, даведаўшыся аб гэтым, атачыла братэрцаў вялікім казацкім аддзелам і ўзяла ў палон каля сарака жаўнераў-братэрцаў, сярод якіх было палова немцаў. Частка тых нямецкіх братэрцаў пасьпела пераплыць Бярозу і апынуцца на сваім баку. Значная частка расейскіх братэрцаў пасьпела разьбегчыся і схавацца ад казакаў. Арыштаваных сваіх жаўнераў ды палонных немцаў адвялі ва ўрочышча Рабачава. Тамака недалёка ад лініі зямлянак і акопаў трэцяй лініі расейскай абароны сярод бора была лонка з вязьніцкай агарожай, зробленай з калючага дроту. Каля той драцяной загарадзі паставілі чацьвёра вартавых з шэрагаў казакаў.


Чакаць арыштантам і палонным давялося нядоўга. Неўзабаве падышло шэраг афіцэраў і агаласіла вырак ваенна-палявога суда. Той вырак быў да расстрэлу. Жаўнерам у гэта не хацелася верыць, і яны спадзяваліся, што іх во некалькі гадзін тутай пастрашаць, ды потым памілуюць. Яшчэ праз гадзіну яны заўважылі, што на грудок выкацілі кулямёт, і што жаўнеры аб чымся горача сьпіраюцца з афіцэрамі, тады як вартаўнікі адыходзяць у бакі. Усё стала канчаткова зразумела. Гэта было сыгналам да спроб уцячы. Арыштанты і палонныя немцы кінуліся лезьці праз агароджу з калючага дроту, а вартавыя пачалі па ім страляць. З некаторай істотнай для ўцікінераў пярэрвай няўмела застраляў кулямёт, бо страляў афіцэр, тады як жаўнеры-кулямётчыкі наадрэз адмовіліся рабіць тое злачынства.


Вынікам той жорсткай расправы і спантанных уцёкаў былі амаль што ўсе забітыя, але мінімум тром арыштантам удалося ўцячы. Яшчэ да страляніны з кулямёту яны здолелі пераскочыць тую агароджу паўз павіслыя на ёй трупы тых, хто спрабаваў пераадолець яе крыху раней. Выратавальнай таксама была чорнаалешнікавая затопленая багна, якая знаходзілася зусім побач з той вязьніцкай агароджай. Адзін з уцікінераў быў паранены немец, які ўрэшце сьцёк юшкаю і сканаў. Двое другіх зьбеглых былі з расейскага войска. Адзін зь іх быў прадзедам апавядальніка. Яны дайшлі праз лес да прадзедавых сваякоў у вёсцы Церабейнае, што мейсьціцца на ўсходняй мяжы Налібоцкай пушчы. Тамака яны перасядзелі, хаваючыся ад усяго, ледзь ня год. Потым па сканчэньню той вайны прадзед апавядальніка вярнуўся ў сваю Вялікую Чапунь.



71 views0 comments

Comments


bottom of page