• Vadim Sidorovich

Спрэс выселіўшыеся хутары ў сутоках Волькі й Ізьлядзі. Што за радзіны тамака жылі?

Updated: Dec 24, 2019

Аднойчы летнім ранкам 1983 году я, вандруючы па Налібоцкай пушчы, праходзіў ад Каменнай Слабады ў бок Кляцішча. Меркавалася прайсьці паўз Вайнілаўшчыну. Ішоў па тагачаснай лясной грунтоўцы, што была моцна разьбіта лесагаспадарчай тэхнікай. Тады яшчэ не была адбудавана цяперашняя жвіроўка ў тым накірунку да Кляцішчаў. Неўзабаве, мінуўшы Каменную Слабаду, я прыпыніўся крыху адпачыць ля раздарожжа пад вострым кутом, мяркуючы куды то ісьці на Кляцішца, правее або лявее, бо абедзьве дарогі пры тым раздарожжы здаецца накіроўваліся недзе ў той бок. Мінула недзе дзесяць або пятнаццаць хвілін, і да раздарожжа пад'ехала аж тры конных воза. Усе вазы шпарка павярнулі направа. Было няёмка штось запытваць у тых падарожных. Я вырашыў, што раз вазы павярнулі праваруч, то тамака й Кляцішчы, якія былі найбуйнейшым людзкім паселішчам як падавалася ў тым накірунку. Прайшоўшы кілямэтры чатыры а можа й пяць, мінуўшы адзін хутар праваруч, я дайшоў да другога больш развойнага хутара, куды прыехалі тыя вазы і дзе здаецца было не менш як дваццаць чалавек. Гаспадарскія сабакі аббрахалі мяне, і я збочыў з дарогі проста ў лес, нічога не тлумачачы тым людзям, што крыху прыпынілі свае размовы і з панадворку небезцікаўна пазіралі ў мой бок.

У той дзень у Кляцішчы я так і ня трапіў, бо тая дарога ўсё больш накіроўвалася на захад, а Кляцішчы былі на поўдзень. Тыя мясьціны мне спадабаліся сваёй багатай прыродай у сутоках малых рэчак Волькі й Ізьлядзі, а што тычыцца хутароў, то з часам у тым міжрэччы ў ваколіцах тых сутокаў я наблукаў на восем розных хутароў. Кожны з тых хутароў быў досыць поўны мешканцаў.


Беспасярэдне самі сутокі Волькі й Ізьлядзі пад Конікамі й Паташняй. Фота Сяргея Плыткевіча.

Як відаць з мапы 1924 году, што даецца ніжэй, у даваенны час за польскай уладай людзкіх двароў у сутоках Волькі й Ізьлядзі было нават значна балей. Акрамя трох двароў у Жабрачысе, двух двароў у Сухім Барку, двара ў Барсуча, дзьвух двароў у Брусава і фальварку Стаў (на мапе ён няправільна даецца як Слабада) была ў цэнтры той мясцовасьці маленькая вёсачка на пяць двароў, што звалася Барсукі. Дарэчы кажучы Шакаліхі і двара, дзе па вайне была хата Івана Машуты, тады не было. Па аповядам старых тамтэйшых людзей да сярэдзіны 1930-х гадоў колькасьць хутароў у сутоках Волькі й Ізьлядзі ледзь не падвоілася, то бок тамака было не менш дваццаці сядзіб.



Мясьціны ў сутоках Волькі й Ізьлядзі з польскай мапы 1924 году (Warsaw, 1924).

Гулянка ў Барсуках, 1934 год. Сярод прысутных пераважаюць людзі з радзіннага кляну Шакалёў. Фота з калекцыі Каваленкаў з Каменнай Слабады.


Прыблізна гэтак выглядаюць мейсцы былых даваенных сядзіб у Барсуках ў сапраўдны час.


Нягледзячы на тое, што яшчэ ў 1980-х і 1990-х міжрэчча Волькі й Ізьлядзі поўнілася тамтэйшымі людзьмі, цяперака на тых хутарох у сутоках Волькі й Ізьлядзі амаль што нікога няма. Усе павысяляліся. Страцілі заробак на мейсцы ў пушчы, або састарэлі й паўміралі, а дзеці пацягнуліся за лягчэйшым жыцьцём і набыткамі цывілізацыі ў вялікія вёскі, мястэчкі й месцы. Адпаведна мэтаю гэтага паста ёсьць захаваць успамін аб тых радзінах, што тамака жылі й пакінуць пачуцьцё таго нялёгкага й сваеасаблівага часу іхняга жыцьця.


Што тычыцца імёнаў людзей, то ў той складаны час уладных і культурных зьменаў розныя катэгорыі людзей (свядома беларускія, або рускамоўна-савецкія, або людзі, што адчувалі пераважную лучнасьць да польскасьці) часам называлі аднаго і таго жа чалавека па рознаму. Таксама адзін і той жа чалавек мог назвацца ў розным людзкім асяродзьдзі па-рознаму. Напрыклад, вось гаспадары першай з пададзеных сядзіб Шакалі. Я ад тамтэйшых людзей чуў іхнія розныя імены. Яе маглі зваць як Геня (больш польскае) або Яўгеня, Яўгенія (больш беларускае і з рускамоўна-савецкага гледзішча). Яго маглі клікаць Вікенцій (рускамоўна-савецкае), Вінцэсь, Вінцук (беларускае), або Вінэк, Вінцэнт (польскае).


Цяперашні выгляд хаты Яўгеніі (Гені) й Вінцэся (Вінэка, Вікенція) Шакалёў у Шакалісе. Хутар Шакалёў у пасьляваенны час быў самым усходнім уздоўж Волькі. Фота 2019 году.


Сажалка каля хаты ў Шакалісе.

Яўгеня Шакаль каля сажалкі ў Шакалісе нежзе сярэдзіна 1960-х гадоў; дзеці Люда (зьлева) і Ларыса (праваруч) у 1967 годзе. Фота з калекцыі Ларысы Шакаль.

Вінцэсь (Вінэк, Вікенцій) Шакаль у 1950-х гадох. Вінцэсь Шакаль (леваруч) і суседзкі хутарэц Антон Годзель (зправа). Фота з калекцыі Ларысы Шакаль.

Кабеты з Паташні й Шакаліхі (зьлева направа Вікторыя Кільчэўская, Геня Шакаль, Анця Матусевіч і Валя Андрусевіч) ў Паташні-Кільчэўскія напрыканцы 1950-х гадоў. Фота з калекцыі Кільчэўскіх з Паташні.
Пахаваньне Міхаліны Шакаль у Шакалісе ў 1966 годзе. Фота з калекцыі Каваленкаў з Каменнай Слабады.

Провады Зьміцера Шакаля (сына Яўгені й Вінцэся) ў войска ў 1982 годзе ў Шакалісе. Сярод прысутных пераважна навакольныя хутарцы. Відаць, што ў 1980-я гады тамака яшчэ было шмат хутарцоў. Фота з калекцыі Ларысы Шакаль.

Зьміцер Шакаль надта любіў бацькоўскую сядзібу, навакольную прыроду, пушчанскі край і напэўна, каб быў жывы, то ніколі яна б не стаяла ў запусьценьні. Але трагічны яго лёс заўчасна пазбавіў яго жыцьця.


Цікава, што цяперака паўз хутар Шакалёў і да супрацьлеглага боку даліны Волькі пралягае звярыны пераход на той бок багеннай рачной даліны, гэтак званыя зьвярыныя пярэсмыкі. Нядзіва, што гэтак, бо тое найвузейшы й амаль што сухадольны пераход праз досыць шырокую багенную, а часам затопленую абалонь Волькі. Менавіта тутай раней быў асноўны коннавозны пераезд з сутокаў Волькі й Ізьлядзі да вялікай вёскі Бакшты, то бок шлях да выгодаў цывілізацыі, а таксама да бліжэйшых ачольнікаў і разпарадчыкаў. На верхнем левым фота відаць стан мастка праз рэчышча Волькі ў 1997 годзе, праваруч разваліны ляжнёўкі праз пратоку побач з Шакаліхаю на шляху да мастка. Ніжэй відаць рэшты таго мосьціку ў 2013 годзе і рысь, што пераходзіць Вольку паўз той масток. Гады чатыры таму ў веснавую палавень таго мастка зусім ня стала, а засталіся тырчэць з вады толькі палі. Каб пераходзіць паўз Вольку, лесьнікі завалілі алешыну. На ніжэйшым фота відаць, як ваўкі пераходзяць Вольку па таму стаўпуру. Таксама тымі пярэсмыкамі карыстаюцца ня толькі рысі, ваўкі й мядзьведзь. Стала ходзяць тамака лясныя куны, лісы, зайцы, вавёркі, янотападобныя сабакі, дзікі, казулі, ласі, высокародныя алені й іншыя зьвяры. Мяркуецца, што амаль што гэтак было тамака й у бытнасьць Шакалёў, але ў іх не было фотапастак, каб тое дазнацца.




Разваліны пабудоў (хата й скотны сарай) на былым падворку Івана Машуты. Яго хутар быў з кілямэтар на захад ад Шакаліхі. Фота 2019 году.

Разам з дваром Дзядулёў двор Машуты стаўся адным з апошніх з былой даваеннай вёсачкі Барсукі, дзе да Другой сусьветнай вайны было 5-9 двароў (у 1924 годзе было 5 двароў).


У паваенны час у Барсуках акрамя двара Івана Машуты й двара Дзядулёў існавалі сядзібы Міколы Машуты й Мікішкаў, ад якіх амаль што нічога не засталося.



Рэшты хутара Мікішкаў. Фота 2019 году.



На былым хутарскім пляцу Міколы Машуты. На фота зправа відаць удзервянелыя жорны гэтай радзіны Машутаў. Фота 2019 году.


Разваліны скотных пабудоў на былым падворку Банцарэвічаў. Фота 2016 году. Хутар Банцарэвічаў быў менш за кілямэтар далей на паўднёвы ўсход ад хутара Івана Машуты. Ён называўся Жабрачыхай як і наступны хутар Юшкевічаў.

Фота з хутара Банцарэвічаў у Жабрачысе. Зьверху зьлева баба Паўліна (фота 1967 году) - маці асноўнай доўгачасовай жыхаркі хутара Марыі Банцарэвіч, якую ў сталым веке шмат хто з тутэйшых зваў Маняй Пучкарыхай. Яна на другім фота 1947 году праваруч, а зьлева яе родная сястра Геня. На верхнем фота праваруч мужык Мані Васіль з дачкою Людаю ў 1962 годзе. На ніжнем левым фота Васіль з дачкамі, толькі прывёз іх са школы, !968 год. На ніжнем фота праваруч пахаваньне заўчасна памерлага Васіля ў 1972 годзе, а таксама выгляд сядзібы Банцарэвічаў тым часам.

Фота з калекцыі Банцарэвічаў.


Закінутая Жабрачыха Юшкевічаў ў 2005 годзе. Гэты хутар знаходзіцца яшчэ з поўкілямэтра на захад ад сядзібы Банцарэвічаў на пясчанай выспе сярод багенных чорнаалешнікаў блізу Волькі.


Фота Юшкевічаў у Жабрачысе. На фота зьверху леваруч баба Канстанцыя (асноўная доўгачасовая жыхарка хутара) й яе сын Міхал, 1980-я гады. На правым фота другі сын Канстанцыі Алік Шпак на матацыкле з дзецьмі, 1980-я гады. У другім радку зьлева трэці сын Канстанцыі Яўген каля аўтамабіля ў Шакалісе, 1970-я гады. Праваруч баба Канстанцыя са сваякамі з Латвіі, 1980-я гады. Унізе ўнук Канстанцыі Васіль Юшкевіч з суседняй Забярэзі. Менавіта Васіль быў апошнім уладальнікам Жабрачыхі Юшкевічаў.

Нежылы Дзядулёў хутар у Барсуках. Фота 2019 году. Відаць хундамент з кайзераўскіх блёкаў Першай сусьветнай вайны. На панадворку ёсьць некалькі надта старых ігруш, што здзіўляюць сваімі памерамі.


Да хутароў у сутоках Волькі й Ізьлядзі можна прылічваць Рыгарцэвічаў хутар Барсуча пры Ізьлядзі, аб якім распавядалася асобна, а таксама закінутае Брусава, што на шляху з Вайнілаўшчыны ў Барсуча.


Хутар Рыгарчэвічаў у Барсуча (2019 год) і радзіна Рыгарцэвічаў у Барсуча (1989 год).



Закінутае Брусава. Фота 2019 года.


Самым апошнім, найбольш заходнім хутарам у сутоках Волькі й Ізьлядзі будзе сядзіба Барановічаў, фота якога мы ня маем. Ён завецца Сухі Барок.


Дарэчы кажучы шмат на якіх мапах больш менш уся сухадольная частка сутокаў Волькі й Ізьлядзі завецца Сухі Барок. Ён сапраўды выглядае нейкім сухім, спятрэлым аж да скрыўленнасьці й закручанасьці хваёвых галін і стаўпуроў.




Што тычыцца лякальнай тапанімікі, то зьвяртае ўвагу зварот да барсука у найменьнях. Гэта і былая вёсачка Барсукі й хутар Барсуча. Сапраўды тыя мясьціна спрыяюць сваімі варункамі барсукам. Яны прэферуюць частае спалучэньне сухадолу й багенных лагчын з багатай глебай, што цалкам характэрна да той мясцовасьці. Барсукі тамака ёсьць і нямала. Нездарма, як толькі Рыгарчэвічаў хутар у Барсуча быў закінуты, то адразу пад хундаментам хаты выкапаў сабе нару барсук.



Барсуча нара пад хундаментам Рыгарцэвічавай хаты ў Барсуча, а таксама барсук каля іхняй хаты ў садзе.

138 views

© 2018-2019 by Irina Rotenko & Vadim Sidorovich. All photographs appearing in the site are the exclusive property of their owners and may not be copied or used in any way without the authors' permission.