• Vadim Sidorovich

Тарпанопадобны конь то добра, але хвалюе прышласьць ваўка ў гэтай пушчы

Updated: Feb 12

Сааўтар: Ірына Ратэнка



У Налібоцкай пушчы па-за гэтай шыльдай аб забароне ўваходу ва ўрочышча Паўночнае Ўюнішча будуць знаходзіцца 150 тарпанападобных коней, што ўжо часткова былі прывезены з Галяндыі каб тутай аднавіць наяўнасьць падобных на тарпана коней. Згодна са згадкамі аб лясных конях, у тым ліку і ў Радзівілаўскіх лавецка-лесагаспадарчых дакумэнтах, тарпаны верагодна канчаткова зьніклі ў Налібоцкай пушчы недзе ў сярэдзіне, або напрыканцы XVIII-тага стагодзьдзя.


Безумоўна, істотна з пазыцыі аховы й аднаўленьня прыроды гэтага леса-багеннага тэрэну мець у ім штось падобнае на тарпана. Тут няма сумлеву й спрэчкі. Але з той жа пазыцыі аховы прыроды ў Налібоцкай пушчы надта хвалюе й адпаведная прышласьць ваўкоў. Ім шмат пагрозаў у гэтай пушчы. Тое перш за ўсё няспыннае паляваньне на ваўка абапал Налібоцкага заказьніка, да і сам заказьнік час ад часу спрабуе залатвіць дазвол на паляваньне ваўкоў. Размнажэньне ваўкоў у Налібоцкай пушчы амаль што спынілася, бо ваўчаняты на пераважна адчыненых логавішчах без аховы бацькоўскіх ваўкоў, што пацягнуліся дзеля здабычы ежы, затаптываюцца аленямі й зубрамі, якіх паўсюдна навала ў гэтай пушчы.


Адылі, у Інтэрнеце ўсё больш раздаюцца галасы заклапочаных грамадзкіх прыходаахоўнікаў у тым ліку з Галяндыі аб небясьпецы ад пушчанскіх ваўкоў для прывезеных з Галяндыі тарпанападобных коней. Маўляў, трэба неяк паменшыць лічэбнасьць тых ваўкоў. А ў Налібоцкай пушчы і бяз гэтага засталося толькі 14 дарослых ваўкоў на той жа ліпень 2019 году. А яшчэ і тарпаны, якія таксама як і алені з зубрамі праз некалькі гадоў будуць таптаць воўчыя кодлы.


Цалкам мяркуем, што тарпанападобны конь у Налібоцкай пушчы то добра, але надта хвалюе прышласьць ваўка ў гэтай пушчы. Наяўнасьць паўнавартаснай папуляцыі ваўка ў Налібоцкай пушчы бачыцца прыродаахоўча больш каштоўнай чымся каней, якія не так ужо й падобны на тых ранейшых тарпанаў.


Таксама мяркуецца, што мажлівае драпежніцтва ваўка на тарпана будзе істотным чыньнікам іх годнай натуралізацыі і фармаваньня насамрэч здаровай папуляцыі гэтых коней. Таму, наадварот, пільна мець лічэбную папуляцыю ваўка ў Налібоцкай пушчы, а не дзясятак іхніх недабіткаў.





© 2018-2019 by Irina Rotenko & Vadim Sidorovich. All photographs appearing in the site are the exclusive property of their owners and may not be copied or used in any way without the authors' permission.