• Vadim Sidorovich

Хто забівае ваўчанят у Налібоцкай пушчы?

Updated: Apr 30, 2019


Сааўтар: Ірына Ратэнка


Раней у 1990-я і 2000-я гады тэрэн Налібоцкай пушчы заўжды быў моцным рэпрадуктыўным цэнтрам у адпаведнай папуляцыі ваўка. Цяперака ўсё зьмянілася, і, ня гледзячы на значныя высілкі пушчанскіх ваўкоў, каб размнажацца, кожны год да зімы дажываюць адзінкі ваўчанят. У лічбах гэта ніяк ня больш за чвэрць ад нараджоных ваўчанят, а пераважна гэта іх дзель значна меншая. Напрыклад, у сэзон размнажэньня 2018 года да студзеня 2019 года ў Налібоцкай пушчы дажыла толькі адно ваўчаня. У сэзон размнажэньня 2017 году дзель ваўчанят у воўчай лякальнай папуляцыі ў Налібоцкай пушчы на пачатак зімы была толькі 4%, тады як у 2008-2012 гадох яна складала ад 26 да 44%. Зацемім, што максымальная дзель ваўчанят на пачатак зімы ў 2010-х гадох у Налібоцкай пушчы склала толькі 18%.


Што ж гэтакае здарылася, што ваўчаняты ў Налібоцкай пушчы не выжываюць і хто іх забівае? На гэтыя пытаньні мы здольны досыць дакладна адказаць, бо маем досыць адпаведных дадзеных. Але дагэтуль ёсьць некаторая дыялектыка ў нашых высновах на тое, што больш і што менш уплывае на выжываньне ваўчанят у Налібоцкай пушчы, што можна прасачыць па нашых публікацыях адносна гэтага пытаньня.

Малыя ваўчаняты на логвішчы ў траўні.



Ваўчаняты ў сярэдзіне ліпня і напачатку кайстрычніка.



Адным з найбольш істотных чыньнікаў сьмяротнасьці ваўчанят у Налібоцкай пушчы зьўляецца агрэсія дзікіх капытных: зуброў, ласёй, высакародных аленяў і дзікоў. У нашай логавашукальнай практыцы й гэтакай яшчэ трох іншых спрактыкаваных логавашукальнікаў тры разы было знойдзена, што дзікі зьядалі малых ваўчанят на логвішчах. Аднаго разу мы знайшлі двух ваўчанят, забітых капытамі казулямі. Тры разы было зарэгістравана, што ласі тапталі ваўчанят на логвішчы, але немагчыма паведзіць, колькі іх было затоптана да сьмерці, бо бацькоўскія ваўкі падбіраюць і носяць нават памерлых шчанюкоў. Двойчы мы рэгістравалі, што тое самае рабілі й высакародныя алені. Але найбольш небясьпечныя для логвішчаў ваўкоў і нават падросшых ваўчанят зьяўляюцца зубры. Счуўшы ваўчанят, зубры звар’яцела топчуць іх і тое мейсца, дзе сьмярдзіць ваўчанятамі. Увогуле пры цяперашняй навале дзікіх капытных у Налібоцкай пушчы (па нашых дадзеных то 15-20 і балей асобнікаў на адзін квадратовы кілямэтр за выняткам казуль) захаваньне шчанюкоў бацькоўскімі ваўкамі становіцца вельмі праблематычным.

Зубры, ласі й высакародныя алені топчуць ваўчанят, дзікі іх зьядаюць.


Бык высакароднага аленя каля норнага логвішча ваўкоў.



Другі чыньнік сьмяротнасьці ваўчанят у Налібоцкай пушчы то ёсьць забойства іх рысямі як яшчэ на логвішчы гэтак і падрослых. Падрослыя ваўчаняты асабліва часта забіваюцца рысямі ў жніўні й верасьні, калі ваўчаняты шмат шворацца самастойна. Рысі, асабліва дарослыя самцы схільны спэцыяльна вышукваць ваўчанят, каб забіць іх. У Налібоцкай пушчы прынамсі 6 воўчых кодлаў узростам да двух месяцаў і 8 ваўчанят векам 2-11 месяца былі вызначаны, што былі забіты рысямі. Цяперака, калі ў Налібоцкай пушчы шчыльнасьць папуляцыі рыся складае 4-6 асобнікаў на 100 квадратовых кілямэтраў, зноў такі выжываньне ваўчанят становіцца ўсё больш і больш малаверагодным.


Дарослы самец рыся забіў ваўчанят у норным логвішчы ваўкоў. То было 11 траўня, калі неспадзявана выпаў сьнег.

Воўча матка зьбегла ад логвішча ў нары, калі побач зьявіўся дарослы самец рыся. Ваўчаняты былі забіты гэтым рысем.


Забітыя рысем падрослыя ваўчаняты.



Патэнцыйна малыя ваўчаняты могуць быць забітыя барсукамі, лісамі, янотападобнымі сабакамі, маркутамі і белікамі. Але толькі аднаго разу быў зарэгістраваны напад на воўчае логвішча лісам.


Напады на воўчае логвішча мядзьведзяў - тое яшчэ зусім невядомае пытаньне. Але мядзьведзяў у Налібоцкай пушчы няшмат, то й агрэсія зь іх боку на ваўчанят пакуль што малаверагодная.


Мядзьведзь толькі пацікавіўся норным логвішчам ваўкоў.


Памерлае ваўчанё, што, верагодна, было затаптана ў логвішчы маткаю.


Калі кодла атрымалася занадта вялікае (9-12 ваўчанят), то бацькоўскія ваўкі пры перасоўваньні кодла ў іншае логвішча схільны кідаць аднаго або некалькі шчанюкоў паміраць. Гэтак мы 5 разоў знаходзілі кінутымі па аднаму ваўчаню, і двойчы па два ваўчаня.


Яшчэ адзін магчымы чыньнік сьмяротнасьці шчанюкоў, то хваробы, якія перадаюць ім кляшчукі. Што да кляшчукоў, то іх шмат на ваўчанятах, але ці паміраюць ваўчаняты ад якіхсьці гэтакіх хвароб кшталту піраплазмозу, то амаль што невядома. Патэнцыйна, то можа адбывацца і нярэдка.


Што тычыцца забойства ваўчанят у Налібоцкай пушчы спэцыяльнымі логававшукальнікамі, то тое на наш погляд адбываецца, але нячаста. Гэта, відавочна, меньш уплывовы чыньнік, чым забойства ваўчанят дзікімі капытнымі і рысем.



264 views2 comments

© 2018-2019 by Irina Rotenko & Vadim Sidorovich. All photographs appearing in the site are the exclusive property of their owners and may not be copied or used in any way without the authors' permission.