top of page
Writer's pictureVadim Sidorovich

Хто карыстае воўчыя логавішчныя норы пасля ваўкоў?

Updated: Jan 15, 2023

Сааўтар: Ірына Ратэнка


У логавішчны час бацькоўскія ваўкі нярэдка капаюць, якія норы звычайна да чатырох мэтраў глыбінёй. Але самі ваўчаняты даволі часта размеркаваны не ў тых норах, што адрыты бацькамі, а на больш адчыненых логавішчах недзе непадалёку. Цікава, хто карыстае воўчыя логавішчныя норы пасьля ваўкоў. Перш за ўсё, якія то гатункі сысуноў туды вызытуюць і як іх ужываюць. Вядома, то будуць рыёўкі і дробныя грызуны то бок мышы і палёўкі, і ў тым няма сумлеву. Але якія большыя сысуны могуць карыстаць тыя воўчыя норы? На тое пытаньне больш менш адказвае гэты пост.


Па-першае, то самі жа ваўкі, хаця тое здараецца не гэтак ужо часта. Знайшоўшы 75 воўчых логавішчаў з ваўчанятамі, мы ніколі не знаходзілі двойчы воўчае кодла ў той жа самай нары, або логавішчы іншага кшталту. Адылі, бывае, што ваўчаняты могуць быць разьмеркаваны ў воўчай нары, што была выкапана ваўкамі ў мінулым годзе або нават раней. Другое, барсукі звычайна асвойваюць кінутыя ваўкамі норы. Тое самае можна казаць аб лісах і янотападобных сабаках. Барсукі і лісы звычайна значна паглыбляюць воўчыя норы, прытарноўваючы іх на свой лад і патрэбу. Трэцяе, то рысі, якія зьяўляюцца ледзь не галоўнымі спажыўцамі воўчай норнай дзейнасьці. Усе памянутыя гатункі драпежных сысуноў карыстаюць воўчыя норы дзеля размнажэньня й захоўнага адпачынку. Чацьвертае, лясныя куны і зайцы вызытуюць у воўчыя норы дзеля ахоўнага адпачынку, асабліва калі шмат званцоў, або неспрыяльнае надвор'е, то бок або надта дажджлівае, або сьпякотнае, або марознае.


Далей мы паказваем у фотаздымках, як ужываліся шэсьць воўчых нор пасьля ваўкоў. Гэтакае дакумэнтаваньне фотапасткамі вялося ў калябарацыі з камандай Wild Naliboki (перш за ўсё, Jan Gouwy ды Sanne Van Den Berge), Maximilian Hetzer, Jean Claude Genot ды Annick Schnitzler.




Гэтую логавішчную нару на тры ўваходы выкапалі бацькоўскія ваўкі, дзе яны досыць доўга захоўвалі ваўчанят. Цягам некалькіх наступных гадоў яна стала карысталася або барсукамі, або лісамі дзеля разьмеркаваньня сваіх шчанюкоў, або толькі дзеля ахоўнага адпачынку.




У гэтым выпадку бацькоўскія ваўкі пашырылі лісаву нару й прыблізна на дзень або два разьмеркавалі ў ёй сваіх шчанюкоў. Цягам наступнага году цяжарная рысіха нарадзіла тамака рысянят й была зь імі недзе ад 5 да 10 дзён. Таксама рысі, барсукі, лісы, янотападобныя сабакі й лясныя куны залазілі ў тую нару дзеля ахоўнага адпачынку. Узімку рысёва матка пакідала тамака рысянят на некалькі дзён, а потым забірала. Акрамя таго, рысі часта знакуюць каля той воўчай нары.



Гэта нара была выкапана бацькоўскімі ваўкамі, але яны разьмеркавалі сваіх ваўчанят адчынена ў невялічкай логавішчнай ямцы на адлегласьці 100-300 мэтраў ад яе. Два бурых мядзьведзя (шлюбная парка) знайшлі і вынішчылі тых ваўчанят. Недзе праз тыдзень парка янотападобных сабак заняла тую воўчую нару і цяжарная яноціха нарадзіла ў ёй шчанюкоў. Каля месяца тыя янотападобныя сабакі жылі тамака. Аднаго разу прыйшла пара барсукоў, якія выгналі радзіну янотападобных сабак, забіўшы прынамсі аднаго іхняга шчанюка. Барсукі пасяліліся ў той воўчай нары стала, распачаўшы значнае ейнае павялічэньне.




У гэтым выпадку бацькоўскія ваўкі пашырылі лісаву нару пад сваё логавішча, але ваўчаняты былі разьмеркаваны на адлегласьці 240 мэтраў ад яе ў яловым гушчары. У гэты жа год, а таксама цягам некалькіх наступных гадоў рысі, барсукі, лісы, янотападобныя сабакі й лясныя куны заходзілі ў гэтую нару дзеля ахоўнага адпачынку. Таксама рысі карысталі уваход ў яе як мейсца тэрытарыяльнай знакоўкі.



Гэтая воўчая логавішчная нара ўжывалася барсукамі недзе 5-12 разоў на месяц. Таксама лясныя куны і зайцы залазілі ў яе на ахоўны адпачынак.



У гэтую воўчую логавішчную нару ўжо праз дзён дзесяць, пасьля таго як ваўчаняты былі забіты рысем, віталі й падоўгу знаходзіліся ўсяродку барсукі, радзіна янотападобных сабак і лясная куна.

106 views0 comments

Comments


bottom of page