• Vadim Sidorovich

Хутар Барсуча ў Налібоцкай пушчы, дзе пакоіцца ціша

Updated: Jun 8, 2019

Сааўтар Ірына Ратэнка


У Налібоцкай пушчы ёсьць такі хутар Барсуча, і калі бываеш тамака, то так і хочацца сказаць, што тут пакоіцца ціша і спакой. Аніякіх табе гукаў, што ўлучаны з дзейнасьцю чалавека і ўвогульле ціха. Заўжды адчуваньне трывалага спакою, ціхамірнасьці й адлучаннасьці ад астатняга сьвету. Насамрэч, вельмі прыемнае адчуваньне ў наш час напружнага і сканцэнтраванага людзкога жыцьця, а таксама ўсё цяжэйшай навалы чалавека на прыроду.



Барсуча, шырэйшая галявіна з сядзібай адзіных пасьляваенных жыхароў радзіннага кляну Грыгарцэвічаў.


Ужо нежылая Грыгарцэвічава хата ў Барсуча.

Гэтак, цяперака ў Барсуча бязьлюдная ціха і пануюць толькі прыродныя гукі гэтакія як пошум ветру, шолах лістоты, меладычныя сьпевы шматлікіх птушак, постукі дзяўбачоў, поклічы соў, вой ваўкоў ды роў аленяў. Людзкое жыцьцё тутай у мінулым, і прырода неадступна насоўваецца, каб паглынуць Барсуча ў свае нетры. Ня ведаем як тое каму, адылі нам пасуюць і вельмі спадабаюцца гэтакія адваротныя зьмены ў бок вяртаньня прыроды.


Але гэтак у Барсуча было не заўжды. Хаця пасьля Другой сусьветнай вайны штодзённа гучнага людзкога жыцьця ў Барсуча ніколі не было, бо пераважна тамака мешкала толькі адна радзіна Грыгарцэвічаў. Адылі й у гэтай радзіне былі дні немалой навалы сваякоў і сяброў з адпаведнай святочнай застольнай бяседай і гучнай людзкой мітуснёй, як, напрыклад, вясельле Грыгарцэвічавай дачкі Ганны ў 1987 годзе, што пададзена на фота ўнізе.


Шлюб дачкі Ганны ў Барсуча ў 1987 годзе. Фота з калекцыі радзіны Грыгарцэвічаў.

Жанкі з навакольных хутароў на шлюбе Ганны Грыгарцэвіч ў Барсуча ў 1987 годзе. Фота з калекцыі радзіны Грыгарцэвічаў.

Радзіна Грыгарцэвічаў у Барсуча ў 1990 годзе. Справа налева дачка Ганна, бацька Казімір, маці Рома з унукам Сяргеям і Ганнін мужык Юры. Фота з калекцыі радзіны Грыгарцэвічаў.

Дачка Ганна Грыгарцэвіч пад час навучаньня ў Бакштанскай школе-інтэрнаце. Фота з калекцыі радзіны Грыгарцэвічаў.

Дзеці Ромы і Казіміра Грыгарцэвічаў навучаліся досыць далёка ад сядзібы ў школе ў Кляцішчах (да 9 клясу), а потым напрыканцы ў Бакштах. Таму яны пераважна жылі ў школьным інтэрнаце і прывозіліся бацькамі назад у Барсуча кожныя выходныя. Везьлі дзяцей на конным возе. Як сумна зацеміла Ганна, што гэтакі інтэрнат быў таксама другой і нялёгкай школай жыцьця для інтэрнацкіх дзяцей з пушчанскіх хутароў. Таму кожныя наступныя выходныя інтэрнацкія дзеці пачыналі прагна чакаць з ранку ў панядзелак ужо па дарозе ў школу.








Пасьля выходных вязуць дзяцей конным возам з Барсуча каго да бацькой, а каго на пяць дзён у школьны интэрнат. Дарослыя Казімір, Рома і Ганна Грыгарцэвічы, Барсуча, 1997 год. Фота з калекцыі радзіны Грыгарцэвічаў.


Барсуча разьмеркавана пры рэчцы Ізьледзі, што цячэ ў Волькі й потым зь ёю ў Бярэзіну. Раней да савецкай асушальнай меліарацыі рэчка Ізьледзь цякла пры хатах з поўдня, але пасьля савецкага асушэньня ў 1960-1980-х гадоў каляхатняе рэчышча Ізьледзі перасохла, а каналізаваная Ізьледзь пралягла мэтраў за трыста з поўначы. Трэба зацеміць, што й да гэтага асушэньня тамака была нейкая канава лякальнага падсушэньня абалоні Ізьлядзі намаганьнямі тутэйшых жыхароў.




Рэштавае рэчышча Ізьледзі ў Барсуча каля хаты Грыгарцэвічаў. То сучасны стан на 2019 год. У тым рэчышчы даволі шмат вады, бо бабры задамавалі Ізьлецкую канаву і пусьцілі частку вады па ранейшаму рэчышчу. Тое прыемна бачыць.



Адлегласьць ад больш менш езжай жвіроўкі да Барсуча будзе ў бок каля двух кілямэтраў дарогі, па якой можа хоць неяк нялатва праехаць аўтамабіль ды й то ня кожны. Потым будзе два кілямэтры коннаезднай дарогі, але яна зарасла, мейсцамі забагенілася і цяперака па ей толькі пешкі. На тым шляху да Барсуча будзе лядашчая ляжнёўка праз каналізаваную рэчку Ізьледзь, што мы наладзілі гады тры таму. Калісьці на тым мейсцы пераезду-пераходу праз каналізаваную Ізьледзь быў сякі-такі масток, што збудаваны Казімірам Грыгарцэвічам.



Казіміраў коннаездны масток праз каналізаваную Ізьледзь у Барсуча ў 2000-х гадох.

Гады тры таму, каб прабрацца ў Барсуча праз Ізьледзь, мы сяк-так аднавілі ляжнёўку.



Казімір Грыгарцэвіч у 1960-я гады, які можна сказаць быў асноўным пасяленцам Барсуча ў пасьляваенны час. Фота з калекцыі радзіны Грыгарцэвічаў.

Ўжо гадоў сем у Барсуча ніхто не жыве з той пары як памёр ягоны апошні жыхар Казімір Грыгарцэвіч у лістападзе 2010 году. Цяперака ў Барсуча на адной галявіне плошчай каля трох гектараў стаіць закінутая хата Казіміра Грыгарцэвіча, што была пабудавана ў пачатку 1950-х гадоў. Непадалёку два хлева: адзін дзе апошнім часам жыў конь, а другі большы хлеў, дзе жылі мыкі ды япрукі з курамі. Напрыканцы жыцьця ў Барсуча састарэлы Казімір трымаў толькі каня, як сродак транспарту, каб ездзіць у прадуктовую краму ў Бакшты або Кляцішча. І тое, і другое было ня блізкім сьветам. Курэй і япрукоў не надта лёгка было ўтрымліваць. Па-першае, не было чым карміць, а па-другое, курэй выядалі лісы, а япрукоў забівалі і сьцягвалі ваўкі. Навакольле было надта воўчым, і яны віталі на хутар даволі стала і ў дзень, і ў начы. Казімір садзіў бульбу да скону, але цяперака былая бульбуная дзялка густа зарасла бярэзьнікам і ажынамі. Здаецца то было нядаўна, як я некалі ў траўні начаваў у Грыгарцэвічаў і адзін з тых дзён дапамагаў ім садзіць бульбу. Але як прыгадаеш, то тое было ўжо ледзь ня трыдцаць гадоў таму.



Парослая бярэзьнікам, былая бульбяная дзялка Грыгарцэвічаў у Барсуча, 2019 год.

То ўнізе на фота стайня ў Барсуча, дзе жыў Казіміраў конь апошнія гады. Зьвярніце ўвагу, што фундамент той стайні як і іншых забудоў у Барсуча, а бадай што ледзь не ва ўсёй Налібоцкай пушчы зроблены з кайзераўскіх блёкаў часоў Першай сусьветнай вайны. Гэтыя блёкі сяляне цягалі на конскіх вазах з-за Бярэзіны, дзе разбуралі нямецкія бункеры, бо іншага матэрыялу дзеля пабудовы фундаментаў у Налібоцкай пушчы не было. Пясок або тарфа і нідзе няма каменьняў.



Крыху далей за большы хлеў знаходзіцца старая Грыгарцэвічава хата, што была пабудавана ў 1944 годзе, як толькі савецкая армія пагнала немцаў. Летам 1942 году ўсе хаты ў Барсуча ўлучна і Грыгарцэвічава былі спалены нямецкімі карнікамі. Дагэтуль пад час вайны радзіна Казіміравых бацькоў з дзецьмі і сваімі бацькамі хаваліся ў зямлянках на выспе ў багенным ўрочышчы Юніца, што кілямэтры два ад Барсуча на поўдзень. Ня ўсе з радзіны перажылі той галодны і сьцюдзёны час. Памятую Казімір казаў, што калі ўзімку зусім не было чаго есьці, то елі ягады каліны з парахнёй чорных алешын і часам выжывалі пераважна на гэтым нават тыднымі.



Выгляд закінутага Барсуча, то шырэйшая галявіна з Грыгарцэвічавай сядзібай, 2018 год. Зьлева на пярэднім пляне старая паваенная хата Грыгарцэвічаў.

Каналізаваная Ізьледзь на шляху ў Барсуча.


У 2000-я гады я (Вадзім Сідаровіч) часта вітаў да Казіміра асабліва пад час пошуку воўчых логавішч у траўні, што рабіў з дасьледчымі мэтамі. Неяк ён паказваў мне тую зямлянку, дзе яны перажывалі вайну. Сьціплыя ягоныя аповеды пра той час уражвалі.


У трайні ў яго заўжды была адна і тая ж праблема – дзе ўзяць новых сабак, бо тыя што былі ўжо цягам зімы былі забіты і паедзены ваўкамі. Не раз прыводзіў яму сабак. Ён быў удзячны, частаваў сваёй выдатнай гарэлкай, якую ён у адрозьненьні ад шмат якіх іншых пушчанцаў захоўваў у дубовай бочцы, каб набывала карычневы колер. То былі сапраўдныя беларускія віскі.


Казімір выжываў тым, што жэніў паціху гарэлку й памалу яе спрадаваў, бо пэнсіі бракавала. Агарод, бульбяная дзялка, куры, некалькі япрукоў, ды пчолкі. Усё гэта таксама немала падтрымоўвала яго. Таксама Казімір быў паляўнічым і паляваў на пушчанскіх капытных жывёл пераважна дзікоў. Тое таксама дапамагала выжыць і бавіць час. Паляваньне яму падабалася.


Раней, калі Казімірава жонка Рома была жыва і працаздольна, сам Казімір быў моцны, а таксама жылі пры іх ужо падрослыя дачкі Ганна і Ала, то хатняя гаспадарка ў Барсуча была развойнай. Трымалі не адну мыку з цялятамі, з дзясятак япрукоў, каня, шмат курэй. Казімір немала займаўся пчоламі, так што радзіна была з мёдам. Пры гэтым асноўным у гэтай гаспадарцы былі мыкі. Грыгарцэвічы пасьвілі іх ня толькі на лугох у самім Барсуча але таксама й у лесе ў багенных урочышчах Галамоўшчына й Юніца. За статкам пераважна хадзілі Казімір і хтось з дачок. Пэўны даход прыносіў самагон, аб чым можна можна меркаваць па памерах рэштаў гарэлачнага заводзіку, што знаходзіўся ў ваколіцах сядзібы й відаць на фота ніжэй.


На суседняй невялікай галявіне ў той час, калі Казімір жыў яшчэ поўнай радзінай (з жонкай і дзецьмі) жыла ў невялічкай хатцы ягоная маці Юлія. Тамака і па сёньня стаяць рэшты іхняй хаты і хлева, сажалка і немалы садок. На падыходзе да Грыгарцэвічавай дзялянкі некалі да 1980-х гадоў была сядзіба іншай радзіны з прозвішчам Лобачы. Тамака і па сёння трымаецца немалая галявіна акурат перад ляжнёўкай праз каналізаваную Ізьледзь.



Рэшты іншай хаты ў Барсуча на меншай галявіне, дзе мешкала Казімірава маці Юлія. Гэта хатка была з зусім маленкай шыбкай і тапілася па-чорнаму пячуркай без коміну.








Рэшты Грыгарцэвічскага самагоннага заводзіку ў Барсуча, 2019 год.


Менская бяседа ў Грыгарцэвічавай хаце ў Барсуча ў 1950-х гадох. Зьвярніце ўвагу, што за сталом сядзіць чацьвёра мужыкоў, але аднаго зь іх за дымам амаль што не відаць. Казімір напэўна той, што зьлева.



Цяперака калі ў Барсуча людзей няма, то тамака зьвярыны і птушыны куток. Пушча памалу паглынае Барсуча, усё больш дрэў і хмызоў на галявінах, усё больш зьвяроў і птушак абапал тых закінутых забудоў.


У траўні 2019 году ў Барсуча жыве шлюбная пара мядзьведзяў. Вялікі самец знакуе драўняныя электрычныя слупы перад закінутай хатай Грыгарцэвічаў і іншыя абапал. Яму падабаецца водар слупоў, што прасмалены креазотам, і ён трэцца аб іх, каб набыць на поўсьць гэтую сваеасаблівую парфуму пад час шлюбу. Самец грызе слупы, каб зрабіць іх максымальна шурпатымі - тады больш прыемна чухацца аб іх. Таксама ўсёй гэтай дзеяй самец деманструе саміцы моц і кульнасьць, каб яна згадзілася на шлюб. Знакоўка на слупе чым вышэй і чым балей слуп будзе пагрызены сьведчыць іншым самцам мядзьведзя, які тутай непадступны ўладальнік гэтай саміцы.




Мядзьведзь у яблыневым саду ў Барсуча есь яблыкі, ягоная апраўка з рэштамі яблыкаў.




Воўчая радзіна завітала ў Барсуча.


Барсуча ёсьць сталае мейсца юру высокародных аленяў.


Таксама ў Барсуча стала жывуць ліс, казулі, барсукі, парка чорных буслоў і парка жораваў.





З гісторыі Барсуча стала вядома няшмат. З канцу XVII-тага стагодзьдзя тамака ўзьнікла пасяленьне асочніка з Радзівілаўскага лавецтва ў Налібоках. У сярэдзіне XIX-тага стагодзьдзя тамака маецца ад сямі да 15 хат здабытчыкаў дравеснага вугалю дзеля патрэб Кляцішчанска-Руднянскіх жалезных гут.


Пад час Першай сусьветнай вайны праз Барсуча расейскія войскі пракладаюць дарогу ад Кляцішчаў да Бярэзіны. Каля Барсуча та дарога была пераважна грэбляй. Людзі кажуць, што напрыканцы той вайны па гэтой дарозе недзе ад Кляцішчаў або ад канца Карыцецкага Бору была пракладзена вузкакалейка, па якой некалькі вагонаў цягнула шасьцёрка коней-цяжкавозаў. Не ведаю ці то праўда ці не, але нейкія цяжкія жалезныя колы і чыгуначную рэйку мы знайшлі ў лесе за Ізьледзю тамака, дзе тая дарога была. Рух жаўнераў, іхні пастой у хатах прыносіць агаленьне сядзібным гаспадаркам Барсуча, і яно па той вайне значна драбнее.


У міжваенны час за польскай уладай у Барсуча верагодна толькі чатыры сядзібы, а пасьля Другой сусьветнай вайны аднавілася толькі дзьве сядзібы, што належылі Грыгарцэвічам і Лабачам.


Назва Барсуча відавочна паходзіць ад зьвера барсука, бо тэрэновыя варункі ў навакольлі надта пасуюць барсукам. Звычайны яны тамака і дагэтуль. Барсук нават пасяліўся пад фундаментам закінутай хаты Казіміра. Але з гледзішча таго, як часта і якія вялікія мядзьведзі вітаюць цяперака ў Барсуча, то хочацца называюць тое мейсца Мядзьвежжа.


Барсучая нара пад хатай Грыгарцэвічаў у Барсуча і барсук каля той хаты.



© 2018-2019 by Irina Rotenko & Vadim Sidorovich. All photographs appearing in the site are the exclusive property of their owners and may not be copied or used in any way without the authors' permission.