Сааўтар Ірына Ратэнка
Доўгі час даследчыкі эўраазіяцкай рысі адмаўлялі, што гэты гатунак часта і ўвогулле лазіць досыць высока на дрэвы за выняткам, калі іх туды заганяюць паляўнічыя сабакі, або зграя ваўкоў, што здараецца ня часта. Мы ў сваіх даследаваньнях рыся ў Налібоцкай пушчы ўжо досыць даўно вызначыліся, што гэта далёка ня так. Пераканаліся, што дрэвы для рысяў маюць амаль штодзённае важкае значэньне. Гады тры таму ў нас сфармавалася пэўнае гледзішча на гэты конт, якое грунтоўна падмацоўвалася значным матэрыялам пераважна пераканаўчым, але ўскоснага характару. Тое перш за ўсё былі шматлікія знойдзеныя драпіны ад рысёвых кіпцяў на стаўпурох дрэў на вышыні нашмат большай чымся звычайная кіпцявая знакоўка рыся. Таксама мы ня раз чулі крыкі рыся недзе з вышыні дрэў, й было некалькі беспасярэдніх назіраньняў, як рысі спускаліся долу з вышыні дрэў.
Мы прыйшлі да высноў, што рысі шмат карыстаюць высокія дрэвы дзеля тэрытарыяльных крыкаў, а таксама завабляльных крыкаў пад час юру. Вышыня патрэбна, каб гэтыя крыкі распаўсюджваліся як мага далей. Часьцей за ўсё дарослыя рысі крычаць у лістападзе і пачатку сьнежня, то бок перад зімою, потым перад юрам напрыканцы лютага, потым пад час рысеньня ў траўні й пачатку чэрвеня.
Акрамя таго рысі карыстаюць менш высокія, часам крыху нахіленыя дрэвы дзеля бясьпечнага адпачынку, нават сну, таксама дзеля засады пад час засаднага паляваньня на свае ахвяры (надта часта), а таксама каб пазьбегнуць нападаў надаедлівых званцоў і іншай заедзі. Нярэдка апошнія тры патрэбы рысі сумяшчаюць у межах карыстаньня аднаго і таго жа дрэва. Пры гэтым у кожнага тэрытарыяльнага рыся існуе некалькі і нават шмат гэтакіх дрэў. Летам рысёвыя маткі заносяць або заводзяць нават яшчэ досыць малых рысянят на пахіленыя дрэвы ў сховішчнае мейсца, дзе нахіленае дрэва абапіраецца на іншае дрэва, што можа быць таксама досыць высока. Безумоўна ёсьць свае шматлікія крытэры, якія з дрэў рысі будуць карыстаць і для чаго, але ў межах гэтага паведамленьня мы ня будзьма на тым засяроджвацца. Тое больш менш было намі апісана ў нашай рысёвай кнізе і некалькіх пастах іншага больш навуковага блогу.
Адылі, да гэтае пары нам надта бракавала беспасярэдняй фотадакумэнтацыі на конт ускарасканьня рыся на высокае дрэва, адпачынку на вышыні дрэва і як яны падаюць тэрытарыяльныя ды шлюбныя крыкі адтуль. Пры гэтым іншай датычнай усяго гэтага фотадакумэнтацыі было досыць. Мы ўладкоўвалі шмат фотапастак пры рысёвых дрэвах, але пераважна то было мала вынікова. Асноўныя праблемы гэтакай фотадакумэнтацыі былі ў тым, што рысі перад карасканьнем на дрэва разганяюцца і скокаюць на іх досыць высока, а потым злазячы долу таксама саскокваюць. Гэтакім чынам фотапастка не пасьпявае зафіксаваць тое і вы бачыце на фота толькі сам стаўпур, або саскочыўшую рысь пры пры тым стаўпуры ў лепшым выпадку.
Вышэй на гэтых фота паказваецца на якія дрэвы караскаюцца рысі, што пераважна выступаюць над полагам лесу. Відаць абскрэбы кіпцямі кары на стаўпурох дрэў, на якія ўзлазілі рысі. Таксама даюцца фота рысяў, што кагадзе саскочылі з дрэў.
Дапамог выпадак, які трэба зазначыць пэўне ж ня быў выпадковы, бо калі шматкроць нешта цяжкое спрабуеш зрабіць, то нарэшце тое зьдзяйсьняецца. Гэтак а чацьвёртай гадзіне па палудню 19-тага красавіка гэтага году ў Налібоцкай пушчы блізу Навусьці мы ішлі праз багенны чорнаалешнік, што ў даліне малай рэчкі Волька. Надвор'е было сьцюдзёнаватае, з ветрыкам, але часам вызірала з-за хмар досыць цёплае ўжо сонейка. Адным мейсцам мы пачалі чуць, што недзе, хутчэй за ўсё з вышыні крычыць рысь. Цалкам было каля 40 гэтакіх рысёвых крыкаў з інтэрвалам ад некалькіх сэкундаў і да чатырох хвілін. Вецер дзьмуў ад рыся ў наш бок, і гэта неяк дазволіла нам наблізіцца да дрэва, дзе быў той рысь, на адлегласьць усяго 100-130 мэтраў. Мы бачылі рыся, што дагэтуль падаваў тэрытарыяльныя крыкі з вышыні прыблізна ў 16 мэтраў.
Потым той рысь, памарудзячы гэтак 15-20 хвілінаў, уладкаваўся на галінах на апошнім сонейцы й відавочна заснуў. Пад час таго засонку мы падкраліся бліжэй і ўжо былі на адлегласьці ўсяго 15-20 мэтраў ад рысёвага дрэва. Рысь спаў з поўгадзіны на галінах адразу ў адной нябачанай раней позе, потым у другой позе - больш звыклай для катоў з лапамі, што пакладзены пад галаву.
Цягам паўгадзіны, напэўна нарэшче вызначыўшы нас, рысь абудзіўся. Паглядзей на нас без асобага сполаху і зьдзіўленьня.
Потым ён крыху ўстрывожыўся.
Мы швыдка пакінулі тое рысёвае мейсца, каб балей не турбаваць рыся, але хуценька ўладкавалі тамака дзьве фотапасткі: адну паклалі на дол пад дрэвам, а другую замацавалі дзягаю на суседнім дрэве. Потым вызначылася, што той рысь зьлез з дрэва праз 50 хвілін. Было відаць, што тое самец сярэдніх памераў.
Істотна зацеміць, што той рысь апынуўся на тэрыторыі другога дарослага самца рыся, якога мы клікалі Базыль. Той Базыль зьнік недзе па мінулай восені, верагодна памёр ад хваробнай пошасьці, што насунулася на рысяў прынамсі ў Налібоцкай пушчы ў цёплы сэзон 2019 году. Самец рыся, што нам уда назіраць у той задачны дзень 19-тага красавіка, верагодна паступова перазаймае былую тэрыторыю Базыля і дзеля гэтага ў тым ліку падаваў тэрытарыяльныя крыкі, то бок знакаваў гэтакім чынам сваю новую ўласнасьць. Дарэчы істотна зацеміць, што напярэдадні ўвечары з 9 да 11 гадзін мы таксама чулі рысёвыя крыкі недзе каля аднаго кілямэтра ўбок ад таго мейсца.
Comments