top of page
Writer's pictureVadim Sidorovich

Чаго мяне гэтак цягне ў Броднае?

Updated: Mar 3


Лясная акраіна Броднага.

У паўднёвай частцы Налібоцкай пушчы ёсьць хутар Броднае, які чымся магнэтуе мяне. Апошнія гадоў двадцаць я вітаю туды, хоць тое ня блізкі сьвет ад нашага пушчанскага жытла ў Навус\ці. Безумоўна перш за ўсё я там, каб пабываць у старасьвецкай трохсотгадовай дуброве, што побач з Бродным у бок Валасеньскай галявіны. Той клімаксны шырокалісты лес бадай што ўжо апошні гэтакі ў Налібоцкай пушчы, і ён значна цікавіць мяне як біёляга з гледзішча заалягічных, батанічных і экалягічных пытаньняў. Я ўжо даведаўся пра шмат цікавостак таго спрадвечнага лесу, а яшчэ колькі напэўна даведаюся, калі яго ня высекуць ў хуткім часе. Усё можа быць у цяперашнем сьвеце. Апошнім часам асабліва ў сьцюдзёны сэзон у Налібоцкай пушчы ў працоўныя дні я звычайна чую бензапілы з усіх чатырох бакоў. Адчуваньне такое, што Налібоцкую пушчу возьмуць ды высякуць.



У старасьвецкай дуброве каля Броднага, якой у сярэднем каля 300 гадоў (то бок сярэдні век найбольшых дрэў, што складаюць дрэвастан). Але тамака ёсьць і старэйшыя дрэвы.


У старасьвецкай дуброве каля Броднага.


Што тычыцца спрадвечнага лісьцястага лесу ў ваколіцах Броднага, то тамака старасьвецкія дубы высякалі не толькі на вываз або на сплаў кудысьці. У Бродным недзе з сярэдзіны XIX-тага стагодзьдзя выраблялі мэблю на невялікай мэблявай працоўні, якая звалася шафарня або шкафлерная. Шафы або шапы або шкафы былі асноўным ў вытворчасьці той працоўні, якая вырабляла мэблю для навакольнага попыту. Працавала шафарня да 1939 году. Яна разьмяркоўвалася адразу за Валасеньскім каналам на правым ягоным баку. Тое мейсца й зараз завуць Шафарня або Шкафлерная.

Мэбля з шафарні ў Бродным вырабу пачатку 1930-х гадоў.



У Бродным шмат воднай прасторы і гэта надта прываблівае. Ёсьць, куды пакласьці вока на водную прастору й ёсьць, што ўбачыць тамака. Гэта і затопленая ўвесну даліна Нёмну, што зусім блізка да Броднага, гэта і старая Краманічная канава, што пабудаваная за польскім часам, гэта і больш новая звычайна надта водная Валасеньская канава савецкага асушэньня з бабровінамі на ёй, а таксама водная Шубіна-Нёманьская канава паблізу Броднага.


Веснавая палавень у даліне Нёмну блізу Броднага.


Валасеньская канава і бабровае жэрэмя ў самім Бродным на гэтай канаве.


Шубіна-Нёманская канава непадалёк ад Броднага.


Але вернемся да самаго Броднага, і яшчэ чаму мне мроіцца аб тых мясьцінах і я еду і іду туды? Як я ўжо паведзіў, што тамака мая дасьледчая дуброва. Акрамя таго, ёй трыста гадоў, і яна сьведка далёкай мінуўшчыны, якая мне надта цікава, і ў гэтым таксама ёсьць мая еднасьць з той старасьвецкай дубровай. Але адчуваю, што магнэтуе ў Броднае ня толькі яна й прыгаданае хараство і прыроднае багацьце воднай прасторы.


Што тады яшчэ? Можа быць гэта багатая сярэдневечная гісторыя таго мейсца. Прынамсі ўжо ў XVI-тым стагодзьдзі тамака быў вядомы брод праз паўнаводную на той час раку Вусу, што цякла з паўночнага ўсходу Налібоцкай пушчы да Нёмна. Толькі праз гэты брод можна было пераехаць конным возам і трапіць з прынёманскага правабярэжнага гасьцінца на той бок Вусы ў раскошны астраўны лес ва ўрочышчах Казлоў Барок, Баркі ды Ліповіца. Той узгаданы старадаўні гасьцінец быў на шляху з Любчы ды Купійску ў Налібокі, і ён праходзіў блізу Броднага й праставаў па грэблі праз Валасеньскую багенную галявіну на Кромань, а адтуль на Радзівілаўскія Налібокі. У тагачаснай лавецка-лясной гаспадарцы магнатаў Радзівілаў, што валодалі большай часткай Налібоцкай пушчы з XVI-тага стагодзьдзя, Броднае было адным з шэрагу важлівых мейсцаў. На той бок Вусы цягнуўся істотны лавецкі водступ з пярвотным шыракалісным лесам, што прыдаваў шмат вабнотаў магнацкаму паляваньню (раней водступам называлі пярвотны лес пад аховай, які прыстасаваны для паляваньня). Таму ва ўрочышчах Казлоў Барок, Баркі ды Ліповіца былі заснаваны шэраг асочніцкіх гаёўняў, а таксама тамака мешкалі лясьнікі ды стральцы, што даглядалі за водступам. Вядома шмат ўжываўся і той брод на Вусе. Адсюль і назва адпаведнага людзкога паселішча Броднае. У Бродным прынамсі з канца XVI-тага стагодзьдзя і па сярэдзіну XVIII-тага стагодзьдзя пражываў падлоўчы ад Налібоцкага лавецтва Радзівілаў. Вядома тамака адбывалася шмат цікавых тагачасных падзей, мейсца поўнілася драматычным жыцьцём. Усё гэта вядома таксама вабіць мяне і прымушае ўяўляць і мроіць на той конт, калі я там бываю і не бываю. Гэта дадае мейсцу вабнотаў, але я не магу сьцвярджаць, што я менавіта толькі за гэтымі адчуваньнямі еду ў Броднае. Мой досыць цвярозы розум ведае, што тое жыцьцё ў Бродным і абапал нясло пушчы паступовае вынішчэньне і ў рэшце рэшт прывяло да таго, што тая прыгаданая спрадвечная дуброва засталася апошняй на адносна невялікай плошчы каля аднаго квадратовага кілямэтра. Штогод у тым водступе на той бок Вусы барбарскі забіваліся дзясяткі зуброў ды мядзьведзяў, высякаліся магутныя дубы, напэўна адбываўся жыцьцёвы зьдзек адных службова вышэйшых людзей над другімі ніжэйшымі службоўцамі й простымі сялянамі. Хто ведае, можа той падлоўчы быў ледзь ня катам для сваіх падначаленых службоўцаў. Безумоўна пэўнага рамантызму наддае праляцейшы час мінулых стагодзьдзяў, але насамрэч рэчаіснасьць у сярэдневеччы пэўне ж была не гэтак рамантычна.


Багата там было і іншай не гэтак далёкай гісторыі. Напрыклад, у гады Першай сусьветнай вайны ў Броднае і Казловым Барку разьмяркоўвалася значнае падразьдзяленьне расейскіх войскаў. Па сухадолу тамака няма аніводнага мейсца без капаніраў – усё перакапана: акопы, сотні бліндажоў, капаніры для гармат, вайсковыя студні і іншае. Гэта і цікава і непрывабна, бо вайна заўжды гора і для ваўскоўцаў, і для тутэйшых.


Расейскі афіцэрскі бліндаж паміж Бродным і Казловым Барком пад час Першай сусьветнай вайны, 1917 год. Фота з Беларускага архіўнага фонду фотадакумэнтаў і кінематаграфіі.

Навабранцы з тутэйшых у расейскую армію (зьлева) і крыты акоп (справа) паміж Бродным і Казловым Барком пад час Першай сусьветнай вайны, 1917 год. Фота з калекцыі Юрыя Цехановіча.



Магіла забітай Аляксандры Козец у Бродным.

Побач з Бродным знаходзіцца магіла маладой дзяўчыны Аляксандры Козец, што тым часам у 1915 годзе была забіта жаўнерамі быццам бы шпіён. Нават калі і гэтак, то з гледзішча цяперашняга жыцьця гэтакае забойства выглядае брудным злачынствам. Як гэта ўзяць і забіць маладога дзяўчыну васямнаццаці гадоў, наўрацьці добра разабраўшыся ў сытуацыі і хай сабе нават і пад гарачку вайны. Магіла Аляксандры Козец да гэтай пары даглядаецца нейкімі ўжо далёкімі сваякамі, ад якіх я і пачуў тую жахлівую гісторыю. Я зь дзецьмі і жонкай, калі мы нярэдка праходзім тамака, каб абсьледаваць адно з мадэльных барсучых паселішчаў, то заўжды пакладзем на тую магілу Аляксандры Козец яблычка. Наш сынок Вінцэська бяжыць навыперадкі, каб зрабіць тое самаму, і ён заўжды памятуе ейнае імя.




Цалкам узважаючы, то пэўне ня гэтыя гістарычныя зьнічкі Першай сусьветнай вайны прывабліваюць мяне ў Бродным. Хай тутай ніколі не будзе вайны і больш ніколі не будуць акапывацца аніякія жаўнеры. Але разам з тым гэта неяк чагосьці дадае ў кантэкст тамтэйшых падзей, што робіць тое мейсца больш значным. Разам з гэтым нядаўняе імклівыя і драматычныя падзеі і жыцьцё ў Бродным на кантрасьце з цяперашняй цішай ствараюць досыць незвычайныя і прыцягальныя ўяўленьні таго мейсца.


Шмат падзей і гаспадарыньня адбывалася ў Бродным за польскім часам паміж Першай і Другой сусьветнымі войнамі. На той час ракі Вусы ў Бродным ужо не было. Яшчэ ў сярэдзіне XIX-тага стагодзьдзя вада з Вусы пад Кляцішчамі была забрана Жоўта-Нёманскім і Шубіна-Нёманскім канавамі. Заставалася старарэчча Вусы, дзе цякло шматкроць менш вады, што давалі прытокі Паўднёвая Каменка і Лебяжода(Ашмянка). У Бродным праз тую даліну Вусы польская лесагаспадарчая ўстанова "Сьверк" капае Краманіцкую канаву дзеля сплаву каштоўнага шыракаліснага і іглічнага лесу з-пад Кромані, а таксама лесу, што рос абапал Валасеньскай багны і з-пад самаго Броднага. Та лесасплаўная канава праставала ад возера Кромань па даліне Краманіцы, перасякала Валасеньскую багну і далучалася да былой даліны Вусы і яе былога рэчышча з рэштавай вадою. Можна толькі ўяўляць колькі спрадвечнызх дубоў і іншых магутных дрэў былі павысечаны і праплылі паўз Броднае. Напэўна толькі ў сувязі з Другой сусьветнай вайной і адпаведным заняпадам той сплаўнай сістэмы нейкім чынам ацалела тая старасьвецкая дуброва каля Броднага, што я ўзгадаў у самым пачатку. Цяпер гэта частка тутэйшай гісторыі, але цалкам гэтыя міжваенныя леса-зьнішчальныя захады ў Налібоцкай пушчы ад Кромані да Броднага, што былі зьдзейсьнены польскай кампаніяй Сьверк, мяне абураюць.

Краманічная канава ад польскай лесагаспадарчай установы "Сьверк" каля Броднага і румнае мейсца каля яе, пачатак 1930-х гадоў. Фота Л. Іванова з часопіса Echa Leśne, 1931(4).


Тая жа Краманічная канава ў Бродным цяперака.



Штось яшчэ мяне значна прываблівае ў Броднае? Я з маладосьці цураўся людзкога развою, што насоўваецца на прыроду і знішчае яе. Мне заўжды імпанавалі, як кажуць, зашывені, дзе час як быццам спыніўся, і людзі існуюць як бы стагодзьдзе даўней. Гэтакіх зашывеняў засталося не гэтак шмат, людзей тамака мала, бо яны ўсе ў месцах і мястэчках, то бок бліжэй да цывілізацыйных набыткаў. Я ж выбіраў менш людныя куткі, запаволеннасьць жыцьця і шукаў знічкі меньш напружнага ня гэтак даўняя мінулага ў наяўным усё больш інтэнсіўным сучасным сьвеце, як тое Броднае.

Таксама як і іншыя падобныя мейсцы Броднае было для мяне ціхамірным сялянскім кутком у пушчанскіх нетрах, дзе на маіх вачох яшчэ з канца 1980-х гадоў само сабой дзеялася традыцыйнае сялянскае жыцьцё са сваім штодзённым жыцьцёвым клопатам з большага замкнёным у свае справы ды далёкім ад якіхсьці ачольнікаў і распарадчыкаў. Любая, нават самая лепшая ўлада заўжды чымся прыгнечвае, вымушае маленькага чалавека падпарадкоўвацца ўладнай воле. І хоць гэта ўладная воля можа базавацца на клопаце аб цалкам усіх людзях у гэтай дзяржаве, усё роўна, шмат хто прагне адносна незалежнай дзейнасьці і незалежнага адчуваньня, наколькі тое магчыма. З таго таму, хто жыў у лясных цішках, заўжды было ў гэтым сэнсе неяк латвей і вальней, і тая безумоўна адносная вольніца нямала прываблівае.



Пчалярства ў Броднае ў 1950-я і 1960-я гады. Справа зямецкая пасека ў 1920-я гады.



Чэрвеньская квецень на лугох пад Бродным ва ўрочышчы Валасень, што выдатна для гадаваньня пчолак.


Напэўна гэтак і мне было прывабна вітаць у закінутае сярод Налібоцкай пушчы Броднае, дзе дыхалася вальней, і дзе мне імпанавала простае і непатрабавальнае жыцьцё радзіны Калеяў. Стары бацька Здзіслаў пажыцьцёва быў лесьніком, шмат працаваў і ў лесе і на сваёй сядзібе. Маці Яніна напэўна была пераважна хатняй гаспадыняй. Мелі яны трох сыноў Адама, Янэка і Стася ды дачку Люсю. Свой кут, свая зямля, трымацца за яго, а ён будзе трымаць цябе – тое ў той радзіне было сьвята. Сын Адам апошнія ледзь ня два дзесяцігодзьдзя мешкаў адзін у бацькоўскай хаце. Ён не ўтрымліваў сколь значнай сядзібнай гаспадаркі. Садзіў бульбу, гуркі, капусту, даглядаў пчолак, утрымліваў кур і сабаку. І хоць Адам  злоўжываў алькаголем, але ўсё роўна ён мне быў нечым надта блізкі. У яго заўжды шчыры, немудрагелісты погляд поўны чалавечай спагады. Відавочна, што для яго закінутае Броднае і навакольле, вольніца ягонай бытнасьці – гэта ягонае ўсё, што яго поўніць. Другімі словамі, патрыятызм, толькі ані ён, ані я гэта пачуцьцё звычайна гэтак не называем. Таму ён там і жытлаваў на самоце і ў беднасьці, задавальняючыся зусім малым спажываньнем, хоць і меў неблагую кватэру ў Наваградку. Ён звычайна любіў казаць, маўляў, што мне з той местачковай кватэры, дзе я як у клетцы, а тутай у Бродным свая зямля, усё мне тутай маё роднае з маленства, тутай жытлавалі мае дзяды і ўсе іхнія сваякі, мне тутай проста хораша. Заўжды хораша тамака было і мне.




Сядзіба Калеяў у Бродным.


Адам, ягоныя бацькі і Калеяў падворак у Бродным у 2000-х гадох.


Адам Калей у Бродным, 2019 год.


Здзіслаў Калей на службе лесьніком у Будаўскім лясьніцтве Стаўпецкага лясгасу, 1950-я і 1960-я гады. Фота з калекцыі Калеяў.


Супрацоўнікі Будаўскага лясьніцтва, 1951 год. У цэнтры лесьнічы Леанід Кароткін, справа у ніжнім радку Язэп Грыгарцэвіч з Устрынь-Баркоў, трэці справа ў ніжнім радку Здзіслаў Калей. Фота з калекцыі Калеяў.


Радзіна Калеяў (Здзіслаў, Яніна, сыны Стась, Адам, Янэк і дачка Люся) у Бродным у 1950-я й пачатку 1960-х гадоў. Фота з калекцыі Калеяў.



Сыны Калеяў у чоўне на Кромані, сярэдзіна 1960-х гадоў. Фота з калекцыі Калеяў.


Суседзі Калеяў радзіна Беняжоў (Генрых і Надзя, зьлева й па цэнтру), справа Мікола Сазонка з Купійску, Броднае, 1978 год. Генрых Беняж у Бродным са сваім транспартам. Фота з калекцыі Беняжоў.


283 views0 comments

Commentaires


bottom of page