top of page

Ядун у Налібоцкай пушчы

  • Writer: Vadim Sidorovich
    Vadim Sidorovich
  • Aug 27, 2021
  • 2 min read

Updated: Jan 15, 2023

Яшчэ ў мае студэнцкія гады, вандруючы пешкі з заалягічнымі мэтамі па Налібоцкай пушчы, я даволі часта прыпыняўся на начлег у хутарскіх сялян у Навусці, Козліках, Камароўскіх, Козе Пенна, Барсуча і ў іншых хутарох. У тыя ўжо далёкія 1980-я гады амаль што ніколі ніхто не адмаўляў у начлезе гэтакаму кшталту вандроўнікаў. Нават нярэдка запрашалі на вячэру, або сьняданак. Пад час размоў за ежай не аднойчы чуў, што нешта адбывалася ў ядун. Што то за ядун, я не адразу ўцяміў. Паступова я даведаўся, што ядуном пушчанскія сяляне называюць сэзонны час масавага выпладу заедзі, гэтакай як званцоў, машкі й асабліва слепакоў. Тое накладала шмат дадатковых перашкод у сялянскіх справах, перш за ўсё ў доглядзе за быдлам. Напрыклад, у ядун ані мыкі, ані коні не маглі трываць падоўгу на пашы, беглі ў хлявы ў стойла, і прыходзілася ім касіць траву і карміць у хлявох.


Слепакі на партках пад час ядуна ў Налібоцкай пушчы.

Нялатва было рымсціць і самім сяляным як на падворку, але асабліва ў лесе пад час нейкай працы, як тое высечка й уход за лесам, збор ягад або грыбоў, падсочка хвой, сенаваньне і г.д. У сваім заалягічным побыце ў Налібоцкім тэрэне я шмат калі жахліва адчуў, што такое сапраўдны пушчанскі ядун. Менавіта ў Налібоцкай пушчы, дзе досыць вялікая дзель водна-балотных варункаў, заядзі бывае асабліва шмат. Тады я не раз пра сябе меркаваў. Ну так, людзі могуць схавацца ад заядзі па хатах, або як я ў намёце. Быдла можа з большага перажыць ядун па хлявох. Таксама пушчанскія сяляне ўжывалі дзёгаць, або пакупныя ў крамах рэпеленты.


А вось як то быць дзікім капытным жывёлам гэтакім як зубар, або лось? Куды ім схавацца ў гэтакі пакутлівы час? Меў я шмат назіраньняў, што ім пад час ядуна прыходзіцца даволі цяжка і пакутліва. Нават драпежным сысунам, асабліва гэтакім як мядзьведзь, воўк, або рысь ядун дадае шмат цяжкіх турботаў.


Безумоўна сысуны прыстасаваны больш менш пазьбягаць смяротнага ўплыву заядзі. Хто зь іх мае і ў летні час досыць густое валасяное покрыва (напрыклад, зубр, лось або ліс), або таўстую скуру (дзік, зубр). Але гэтакая абарона ёсьць не па ўсім целе, й маюцца надта ўразьлівыя часткі, як тое пыса, саскі, геніталіі, вочы, анальная адтуліна, ногі ў суставах, рогі ў скуры й іншыя. Хтось карыстае норы (барсук, ліс і нават зайцы і лясная куна), або вышыню дрэў (рысь і лясная куна), хтось нацягвае копы расьлінасьці і залазіць пад іх (дзік), або хаваецца ў шчыльных зарасніках (ваўкі, янотападобныя сабакі). Хтось абмазваецца ў гліну, мокрую тарфу, або багенны бруд (зубр, лось, дзік, высакародны алень). Таксама сысуны труцца аб стаўпуры дрэў, карэньні з зямлёй на вываратах дрэў, валяецца у сухім пяску ці тарфе (асабліва зубр, лось, дзік, высакародны алень). Адылі ўсё-роўна ўсім сысунам у ядун цяжка.


Сёлета разам з Ірынай Ратэнка мы зрабілі першы відэа-рэпартаж пра цяжар капытным і іншым сысунам у ядун.




 
 
 

Comments


Join our mailing list

© 2018-2023 by Irina Rotenko & Vadim Sidorovich. All photographs appearing in the site are the exclusive property of their owners and may not be copied or used in any way without the authors' permission.

bottom of page