top of page
Writer's pictureVadim Sidorovich

Якім раней была раскошная багна Паўднёвае Ўюнішча

Updated: Jan 15, 2023

Да 1960-х гадоў тэрэн Налібоцкай пушчы быў ня проста агромісты лясны масіў, а ўяўляў сабою складаную леса-багенную мазаіку, дзе ў сярэднім каля 19% плошчы займалі багны. Гэтыя багны ў асноўным паасушвалі цягам 1960-х, 1970-х і 1980-х гадоў. Да асушэння некаторыя з іх займалі досыць вялікі абшар, але большасьць багнаў была параўнальна малой плошчы. Малых багнаў было мноства, заўважна вялікіх багнаў было ўсяго некалькі, я тое Паўночнае і Паўднёвае Ўюнішча, Хмелішча ды Валасень. Пераважна багны былі галявінныя, то бок амаль што бяз дрэў. Толькі лапікамі ўсяродку і пасамі па некаторых краёх на іх расьлі забагененныя чорнаалешнікі. Большасьць багнаў былі нізінныя, кшталту бангеннага травастану.


У гэтакія багны ўразаліся сухадольныя паўвыспы. Таксама ўсяродку багенных галявін было немала сухадольных выспаў, на якіх існавалі пракавечныя дрэвастаны. Сярод паўвыспаў найбольшыя зь іх былі ва ўрочышчах Шубінскі Бор-Красная Горка-Свістунова Града з паўночнага ўсходу, а таксама Доўгі Бор пры Казяльцы на паўднёвым захадзе багны. Што тычыцца выспаў сярод Паўднёвага Ўюнішча, то найбольшыя зь іх  былі астраўныя сухадолы

(1-2 квадратовых кілямэтраў) ва ўрочышчы Баркі, Ліповіца, а калі лічыць, што Валасеньская галявіна ўваходзіць у Паўднёвае Ўюнішча, то й сухадольнае ўрочышча Вотчын. Таксама існавалі дзьве значныя групы малых выспаў ва ўрочышчах Высокая Града і Курганы.


Найвялікшай багнай Налібоцкай пушчы было Паўднёвае Ўюнішча, якое разьляглося паміж сутокамі Бярэзіны і Нёмна. Даўжыня гэтай багны сягае амаль што ад вёскі Кляцішча й да ваколіц мястэчка Любча на Нёмне. Яна складае каля 19 км пры шырыні ад 2 км (ва ўрочышчах Кола, Карыцішча, Крывуха) да 14 км пад над Нёмнам калі далучаць агулам Валасеньскую багенную галявіну. Плошча ўсяго балотнага комплексу Паўднёвага Ўюнішча складала каля 160 квадратовых кілямэтраў.


Больш паловы гэтай багны былі пакрыты забагененнымі, або стала залітымі вадой травастанамі. Таксама звычайнымі былі шматкі чорнаалешнікаў й верхавой багны парослай прыгнечанымі малымі хвойкамі.


Багна Паўднёвае Ўюнішча ўтварылася ў выніку эўтрафікацыі (назапашваньня арганічных рэчаў) і затарфоўваньня агромістага возера, што існавала ў пасьляледавіковы час паміж шырэйшымі чымся цяперака патокамі Нёмна і Бярэзіны.


Пасьля асушэньня для тэрыторыі былой багны Паўднёвага Ўюнішча карыстаюць шмат розных найменьняў (Гала Балота, Вялікае Гало, Малое Гало, Краснае, Крывуха, Кухня, Юніца, Карыцішча, Шубін, Ўюнішча, Сымонава і Казялец). Гэтыя назовы, якія раней актавалі для абазначэньня асобных урочышчаў Паўднёвага Ўюнішча. І ў гэтым ёсьць свая лёгіка, бо цяперака пасьля асушэньня гэтае багна не адчуваецца як адзіны балотны комплекс. Адылі, раней яшчэ нават у  міжваенны час назоў Паўднёвае Ўюнішча, або проста Ўюнішча быў даволі звычайным. Таксама гэты назоў падаецца на мапах. Вось, напрыклад, на расейскай мапе 1816 года відаць што тэрэн у сутоках Бярэзіны і Нёмна зазначаны як Болото Вьюнище, то бок багна Ўюнішча па беларуску.



Вось само найменьне Ўюнішча відавочна паходзіць ад назовы гатунку рыбы ўюн, які вадзіўся на той багне ў вялікай колькасьці й адпаведна здабываўся тамтэйшымі людзьмі немала й усесэзонна. Асабліва істотным гэты харчовы рэсурс быў у позьнезімовую бяскорміцу. Якраз тады ў другую палову зімы ровень утрыманьня кіслароду ў багеннай вадзе быў замалы і тады адбываўся замор рыбы, або тхло, як тое называлі гэту зьяву пушчанцы. Лоўля ўюноў пад час тхла была даволі здабычлівай і нескладанай. Прасякалі ў лёдзе невялічкую прадушыну. Паверх яе ўсталёўвалі нешта кшталту лазовага кошыка з выплеценай паднятай адтулінай па цэнтру. З бакоў той адмысловы кошык, што называлі ўюноўкай, аблямоўвалі сухой травою і сьнегам, каб запыніць выйсьце ўюнам па пэрымэтру ўюноўкі. Тое вы бачыце на малюнку леваруч (аўтар малюнку Ганна Сідаровіч). Уюны, ратуючыся ад замору вылазяць скрозь адтуліну ў цэнтры ўюноўкі й ня могуць трапіць назад да вады. Гэтакая зімовая лоўля ўюноў на той багне была звычайнай стагодзьдзямі, таму натуральна, што тую багну сталі называць Ўюнішчам. Ну а дадатак паўднёвая ўзьнік таму, што ў Налібоцкай пушчы ёсьць гэтакае ж Уюнішча з поўначы. Дарэчы кажучы, адна з рачулак, якая выцякае з Паўднёвага Ўюнішча звалася Юніца, што не іначай як ёсьць трансфармаванае Ўюніца (яна гэтак і прыгадваецца ў Радзівілаўскіх леса-гаспадарчых і лавецкіх дакумэнтах). Зноў такі маем справу з прыгадваньнем ўюноў і іх істотнасьці для пушчанцаў.


Ніжэй на двух аркушах вы бачыце багна Паўднёвае Ўюнішча на польскай мапе паўднёвага захаду Налібоцкай пушчы і яе ваколіц ад 1924 году. На гэтай мапе зазначыны толькі найменьні вялікіх багнавых урочышч: Гала Балота, Казялец, Краснае.


Ніжэй на двух аркушах вы бачыце маю тапаграфічную рэканструкцыю багна Паўднёвае Ўюнішча й навакольля на канец XVIII-тага й пачатак XIX-тага стагодзьдзяў. Там відаць гідраграфія Паўднёвага Ўюнішча. Багённая лагчына Паўднёвага Ўюнішча як бы аблямована й абмежавана чатырма рэчкамі: большымі Нёмнам ды Бярэзінай, а таксама меншымі Вусаю ды Ізьледзю. Багна Паўднёвага Ўюнішча пераважна выдаткавала ваду праз малыя рэчкі Саха, Усредніца, Банакава, Дубок-Быстрая, Юніца, Ліпніца і Жоўтая. Усе яны зараз не існуюць, бо разбураны пры асушэньні, а патэнцыйна іхняя вада сьцякае ў Бярэзіну ды Нёмна па шматлікіх асушальных канавах.


Тыя шматлікія асушальныя канавы замест прыгаданых рэчак вы можаце бачыць ніжэй на двух мапных аркушах, на якіх пададзена маю тапаграфічная рэканструкцыя былой тэрыторыі багна Паўднёвае Ўюнішча й навакольля на цяперашні час. Асноўнымі з каналаў зьяўляецца Жоўта-Нёманскі, каналізаваныя Дубок-Быстрая, Саха, Юніца і Банакава.



Далей вы ўбачыце паваенныя фота багна Паўднёвае Ўюнішча да асушэньня, якое распачалося ў сярэдзіне 1960-х гадоў.


Урочышча Сымонава, трыснягова-асаковае нізіннае балота. Фота Хведара Луганоўскага, 1970 год.


Паўночна-заходні бераг ва ўрочышчы Гала Балота. Асаковае нізіннае балота. Фота Яўгена Лазавіка, 1956 год.


Верхавое балота ва ўрочышчы Гало Балота. Фота з калекцыі радзіны Сабалеўскіх, 1970-й год.


Багенная ператока з Гала Балота ў Казялец. Фота 1985 году.


Жоўта-Нёманскі канал ва ўрочышчы Гала Балота. Фота Анатоля Фамянкова, 1967 год.


Жоўта-Нёманскі канал ва ўрочышчы Гала Балота. Фота Анатоля Фамянкова, 1967 год.


Багенная даліна Дубок-Быстрая пасьля сенакосу. Фота Івана Данілюка 1949 году са збораў Міколы Черкаса.


Здаўна пушчанцы й навакольна-пушчанскія людзі мелі шмат розных патрэбаў, што прыводзілі іх да багны Паўднёвае Ўюнішча. Перш за ўсё тое было нарыхтоўка сена. Пад час магнацкага валоданьня пушчанскімі нетрамі сялянам, што жылі ў Налібоцкай пушчы й абапал яе, каб пракарміцца, трэба было трымаць досыць быдла, бо ворнай зямлі было ня досыць. З другога боку, надта бракавала сенажацяў, і сяляне прабіраліся ў пушчанскія травяныя балоты й паплаўныя лугі, каб употай здабыць сена. У гэтым дачыненьні пераважна травяная багна Паўднёвае Ўюнішча была асабліва прывабнай. Узяць далёкія багенныя сенакосы ў арэнду ў сялян бракавала грошаў. Налібоцкім лавецтвам прадаваліся спэцыяльныя квіты на ўкос сена ў пушчы ў пэўным мейсцы, у тым ліку і на багне Паўднёвае Ўюнішча. Але на Паўдневым Уюнішчы не кожны год у пэўным багенным мейсцы можна было ўкасіць сена і перанесьці яго на драўняныя адонкі. Гэта залежала ад роўню вады на багне. Так што, заплаціўшы арэнду, або купіўшы квіт за якую-небудзь сенажатную дзялку можна было застацца і бяз грошаў, і бяз сена. З гэтай нагоды навакольныя сяляне пераважна навыперадкі шукалі, дзе то ўрваць сена на зіму. З боку лавецкай адміністрацыі жорстка забараніць і караць за самаўкос было цяжка і небясьпечна. Напрыклад, азлобленыя ад гаспадарскай нявыкруткі сяляне й дробная шляхта маглі пачаць падпальваць бары з найбольш таварным лесам. З другога боку, Радзівілы і лавецкая адміністрацыя з шэрагу нагодаў не давалі на тое дазволу. Паступова вышыхтавалася кампраміснае вырашэньне гэтага пытаньня – хай сяляне нарыхтоўваюць сена нелегальна, а адміністрацыя лавецтва будзе канфіскоўваць частку сена, або спаганяць грашовыя штрафы. Хто з Раздзівілаўскіх падданых наважваўся і без дазволу нарыхтоўваў у пушчы сена з таго зьбіраўся пэўны штраф ад кожнага возу сена, тады як ад іншых адбіралі кожны трэці воз сена. Гэтак цягнулася доўга з большай або меншай замацоўкай дзялак, са славесным напаўдазволам і сялянскай самадастаўкаю штрафнога сена. Нейкія найлепшыя сенажаці Паўднёвага Ўюнішча паступова апынуліся пад арандатарамі.


Ніжэй на малюнку Аляксандра Міцяніна паказваецца сцэна з вывазам сена з багеннага ўрочышча немаладым селянінам, якога атачылі ваўкі. Значны час сялянам не дазвалялася мець зброю, і яны ў гэтакага кшталту здарэньнях былі амаль што безабаронны перад нападам ваўкоў на коней.

Таксама закрайкі травяной багны Паўднёвага Ўюнішча ўжываліся дзеля выпасу быдла. Рабілася тое й без дазволу адпаведнай адміністрацыі, што кіравала карыстаньнем пушчанскіх абшараў. Але нягледзячы на забароны, парушэньні з выпасам быдла былі частымі. Асабліва частым падобным парушэньнем было, калі сяляне аб’ядноўвалі менш штодзённа патрэбнае быдла ў адзін статак (пераважна цялят) і працаю некалькіх пастухоў адганялі яго на выпас у аддаленыя ўрочышчы Паўднёвага Ўюнішча, тамака пасьвілі быдла зь месяц і ўпотай прыганялі назад. Адсачыць то было нялёгка, ды й больш пільных спраў заўжды хапала ў рознага кшталту пушчанскіх ахоўнікаў.


Па верхавікох Паўднёвага Ўюнішча штогод сяляне зьбіралі журавіны, якіх тамака было вялікае мноства. У магнацкія часы на тое патрэбны былі пакупныя квіты, якія сяляне набывалі ў Любчанскім, або Дзялятыцкім падлавецтвах. У каго бракавала грошаў, той мог па дамове з адпаведнымі ляснымі службоўцамі зьбіраць журавіны адпаведна правілу: кош для сябе, а другі кош да магнацкага скарбу. Гэтак пераважна і зьбіраліся тыя журавіны.


На Паўднёвым Уюнішчы ў трысняговых займішчах ва ўрочышчах Краснае, Сымонава і Шубін звычайным была зімовая нарыхтоўка сухога трысьнягу на стрэхі. На тое таксама купляліся даволі дарагія квіты. Пераважна гэтым займалася шляхта, або больш заможныя сяляне.


Багенна-травяныя галявіны Паўднёвага Ўюнішча шмат спрыялі бортніцтву. Па ўскрайках значныя абшар займалі шыракалісьцёвыя лясы, дзе адбывалася раньневеснавое квятненьне, што давало шмат раньняга мёду. Потым у другой палове лета і пачатку восені было шмат меданосаў па багенным травастанам, калі абалонныя лугі ў далінах рэк ужо сканчалі квітнець. Тое таксама немала спрыяла бортніцтву. Вакол Паўднёвага Ўюнішча размяркоўваліся асноўныя Радзівілаўскія пасекі. Так гэтакія пасекі напрыканцы ХVІІІ-тага стагодзьдзя існавалі пры даліне Вусы на ўскрайках Паўднёвага Ўюнішча ў Кляцішчах, Бродным ды Сьмейна, пры Валасеньскай галявіне ў Трасьцяніцы, а таксама пры даліне Ліпніцы ў Карыціцкім бару, ці Карыцішчы. На тых пасеках у асноўным пчаліныя раі ўтрымлівалі ў калодах, што ўмацоўвалі на дрэвах, або ставілі на дол.


Невялічкія прыватныя пасекі разьмяркоўваюцца тамака і цяперака. Ёсьць некалькі гэтакіх ва ўрочышчы Курганы і Краснае. Яны зямецкія і пчолы тамака ўтрымліваюцца ў вульлях пры доле. А вось пчаліных калод на дрэвах тамака ўжо няма. Але напрыканцы 1980-х гадох каля 30 пчаліных калод было яшчэ развешана на вялікіх дубох і хвоях ва ўрочышчах Баркі, Красная Горка, Свістунова Града, Курганы, Сымонава і Крысікаў Груд.

На фота леваруч вы бачыце адну з апошніх калод, што была ўсталявана на вялікім дубе ва ўрочышчы Свістунова Града, дзе яна захоўвалася да 1987 году.

На ніжнем фота невялічкая прыватная пасека ва ўрочышчы Краснае. Яна гэтак паднята, каб уратаваць пчолак ад нападаў мядзьведзя. Можа гэта і дапаможа, але верагодна не.



Пад час ваенных ліхалецьцях на агромістай багне Паўднёвае Ўюнішча былі заўважны людзі са зброяй. Да канца XVIII-тага стагодзьдзя тое ў асноўным былі бежанцы з навакольных вёсак і невялікія ўзброеныя аддзелы, што хаваліся тамака пад час татарскіх, расейскіх або швэдзкіх навалаў. У XIX-тым стагодзьдзі багна Паўднёвае Ўюнішча неаднаразова карысталася інсургентамі дзеля размяшчэньня абознага лягеру, а таксама каб тэрмінова схавацца ў ягоных маладасягальных нетрах. Дзеля гэтага ў асноўным ужывалі выспы ва ўрочышчах Курганы і Вялікая Града. У 1863 годзе на багеннай галявіне пад Будамі вядома, што адбыўся бой шыхта інсургентаў з расейскімі карнікамі. Пад час Другой сусветнай вайны па астраўных і паўастраўных сухадолах Паўднёвага Ўюнішча шмат дзе размяркоўваліся партызаны (пераважна савецкія, а таксама польскія Арміі Краёвай) і цывільныя бежанцы (беларусы, палякі і часам да некалькіх тысяч габрэяў).


У Фотаархіве Беларусі, што ў Дзяржынску, захаваліся некалькі фотаздымкаў 1970-х гадоў аб тым я праходзілі асушэньне і здабыча торфу ў Паўднёвым Ўюнішчы.


Пасьля асушэньня Паўднёвага Ўюнішча і двух дзесяцігодзьдзяў інтэнсіўнай здабычы торфу ва ўрочышчах Гала Балота і Краснае гаспадарчы ўплыў стаў памалу памяншацца. У асноўным тамака адбывалася толькі машыннае сенакашэньне. Яшчэ мінулі два дзесяцігодзьдзя і экалягічны стан тэрыторыі былога Паўднёвага Ўюнішча значна палепшыўся, у чым немала паспрыялі бабры з іхняй ставаўтваральнай і норнай дзейнасьцю. Апошнім часам напрыканцы 2010-х і пачатку 2020-х гадоў утвораныя калісьці меліярацыйныя карты асушэньня толькі часткова (прыблізна на 20-40% у розныя гады) карысталіся аграрыямі. Пераважна вырошчваліся травы на зімовы корм быдлу. Каля 10% тых асушаных зямель былі ворныя, дзе вырошчываліся зернавыя культуры. Большасьць асушанага абшару зарасла бярэзьнікамі і чорнаалешнікамі, што першапачаткова гэтак і прадугледжвалася дзеля пашырэньня плошчы лясоў. На цяперашнем Паўднёвым Ўюнішчы ёсьць дзьве экалагічна разнастайныя і ёмістыя раскошныя дзялянкі закінутых торфараспрацовак. Іхнія заацэнозы надта багатыя і поўняцца рэдкімі гатункамі. На тэрыторыі былога Паўднёвага Ўюнішча вядзецца інтэнсіўная паляўнічая гаспадарка. У апошнія некалькі гадоў заўважна інтэнсіфікацыя сельскагаспадарчай дзейнасьці з пашырэньнем ворных земляў.


Далей прапануем паглядзець шэраг фотаздымкаў больш менш сучаснага Паўднёвага Ўюнішча.

Адна з асушальных картаў на закінутых торфараспрацоўках ва ўрочышчы Гала Балота.

Зьверху і зьнізу відарысы на закінутыя распрацоўкі ва ўрочышчы Гала Балота. Фота Сяргея Плыткевіча.


Пушыста-бярозавыя лясы на асушаных землях уздоўж Банакавай канавы. Бабровы стаў на канаве.

Бабровае жэрэмя на асушальнай канаве ва ўрочышчы Гала Балота.

Бабры ва ўрочышчы Гала Балота.

Бабровая дама на каналізаванай рэчцы Дубок-Быстрая ва ўрочышчы Крывуха.

Скрыжаваньне канаваў на закінутых торфараспрацоўках ва ўрочышчы Гала Балота.

Відарысы асушаных земляў ва ўрочышчы Крывуха. Асушальныя карты штогод карыстаюцца дзеля сенакашэньня.

Асушальная карта ва ўрочышчы Гала Балота, дзе гадоў пяць не касілі траву.

Бацькоўскія ваўкі з ваўчанятамі часта трымаюцца цяперашняга Паўднёвага Ўюнішча.


132 views0 comments

Comments


bottom of page