top of page
Writer's pictureVadim Sidorovich

Якія драпежныя птушкі жывуць у Налібоцкай пушчы

Updated: Jan 15, 2023

Гэты пост пра тое, якія драпежныя птушкі (дзённыя драпежнікі й совы) былі зарэгістраваныя ў Налібоцкай пушчы стала ў цёплы сэзон (верагодна на гнездаваньні), або толькі часова на пралёце ўвосень ці ўвесну, або часова на зімоўцы. Дамо сьпіс гатункаў драпежных птушак з лацінскім назовам гатунку і з нейкімі сціслымі каментарамі наконт іхняга пражываньня ў Налібоцкай пушчы. Таксама калі ёсьць дадзеныя па шчыльнасьці папуляцыі й асаблівасьцям іхняга прасторава-біятапічнага разьмеркаваньня, то дамо й гэта. У 2004-2012 гадох па магчымасьці рабіліся падлікі таго або іншага гатунку, або групы гатункаў драпежных птушак адпаведнымі мэтадамі. Больш падрабязна аб шмат якіх гатунках драпежных птушак у Налібоцкай пушчы можна даведацца з кнігі аб гэтым тэрэне й ягоных жыхарах (Sidorovich, 2016), якая ёсьць у Інтэрнэце.


Пачнем аповяд аб гатункавай разнастайнасьці драпежных птушак у Налібоцкай пушчы з соў пераважна ад большых к меншым гатункам.


Пугач Bubo bubo: у Налібоцкай пушчы пугач ёсьць параўнальна рэдкі гатунак соў; стала гняздуецца, лічэбнасьць і прасторавае разьмеркаваньне вагаецца ў асноўным у залежнасьці ад наяўнасьці карчоўніка (вадзянога пацука), які ёсьць вырашальны гатунак ахвяр пры зімоўцы і ў пэрыяд гнездаваньня; асноўныя ўрочышчы пражываньня ёсьць Сьмейнае, Буды, Валасень, Шубін, Ліповіца, Крывуха, Кухня, Юніца, Каралёва і Дразды; сярэдняя шчыльнасьць папуляцыі каля аднаго асобніка на 100 квадратных кілямэтраў, што ёсьць каля 9 парак на размнажэньні на ўсю пушчу.

Белая сава Nyctea scandiaca: даволі рэдка рэгіструецца толькі ўзімку напрыканцы 1980-х і ў 1990-х гадох, пераважна пад канец зімы (4 з 5 вядомых назіраньняў). Усе вядомыя назіраньні белай савы былі на раскошных асушаных галявінах былых багнаў ва ўрочышчах Шубін, Буды, Гала Балота-Краснае ды Валасень.

Барадатая кугакаўка Strix nebulosa: у Налібоцкай пушчы барадатая кугакаўка ёсьць не асоба рэдкі гатунак соў; у 2000-х гадох адна парка на размнажэньні рэгіструецца на 30-40 квадратных кілямэтраў, то бок сярэдняя веснавая шчыльнасьць папуляцыі складае недзе 5-6 асобін на 100 квадратных кілямэтраў; лічэбнасьць барадатай кугакаўкі вагаецца паміж гадамі, і апошнім часам падаецца, што іх большае; барадатыя кугакаўкі прэферуюць мейсцы, дзе спалучаюцца багенныя чорнаалешнікі, астраўныя ельнікі й падбагененыя травяныя галявіны.

Даўгахвостая кугакаўка Strix uralensis: гэта параўнальна рэдкі гатунак соў; але стала гняздуецца, сярэдняя шчыльнасьць папуляцыі каля аднаго асобніка на 100 квадратных кілямэтраў; у розныя гады у пэрыяд гнездаваньня даўгахвостая кугакаўка была зарэгістравана ва ўрочышчах Валяватка, Ялоўка, Таварышчына, Клім, Юніца, Лысая Гара, Ямна ды Зарудны Бор.

Шэрая кугакаўка Strix aluca: шырока распаўсюджаны гатунак соў, у 2000-х гадох сярэдняя веснавая шчыльнасьць папуляцыі складае каля 74 асобіны на 100 квадратных кілямэтраў; апошнія 2-4 гады лічэбнасьць шэрай кугакаўкі відавочна паменшыла (недзе ўдвая і нават балей).

Балотная сава Asio flammeus: параўнальна рэдкі гатунак соў на гняздаваньні й на зімоўцы; засяляе галявіны на мейсцы асушаных багнаў з закінутымі торфараспрацоўкамі і лугамі; улетку рэгулярна назіраецца на закінутых торфараспрацоўках ва ўрочышчах Гала Балота ды Сьвяты Калодзеж.

Вушастая сава Asio otus: лічэбнасьць вушастай савы шматкроць вагаецца год ад году і ў 2000-х гадох у сярэднім шчыльнасьць папуляцыі вушастай савы ўвесну прыблізна ацэненівалась каля 9 асобнікаў на 100 квадратных кілямэтраў; пераважна засяляе галявіны на мейсцы асушаных багнаў з закінутымі торфараспрацоўкамі, лугамі, а таксама мноствам асушальных каналаў; апошнія 3-5 гадоў распаўсюд і лічэбнасьць вушастай савы ў Налібоцкай пушчы відавочна паменшылі.



Сава-бярозаўка Surnia ulula: амаль штозіму назіраецца, але спарадычна, адзінкава сярод ляснога масіву.

Сіпель Athene noctua: параўнальна рэдкі гатунак соў; стала гняздуецца, жыве ў вёсках і іхніх ваколіцах; сярод пушчы стала рэгіструецца ў Боры, Кляцішчах, Бакштах, Заберазі, Ягадзені й Агародніках.

Касматаногі сыч Aegolius fureneus: даволі звычайны гатунак соў, якія жывуць у лясных біятопах, пераважна іглічных; у 2000-х гадох сярэдняя веснавая шчыльнасьць папуляцыі складала каля 21 асобіны на 100 квадратных кілямэтраў.

Вераб'іны сычык Glaucidium passerinum: даволі звычайны гатунак соў, якія жывуць у лясных біятопах, пераважна іглічных; у 2000-х гадох сярэдняя веснавая шчыльнасьць папуляцыі складала каля 33 асобіны на 100 квадратных кілямэтраў, але апошнія 4-6 гадоў вераб'іны сычык відавочна зьяўляецца самым лічэбным гатункам соў і напэўна ягоная шчыльнасьць папуляцыі прынамсі ўдвая большая чымся ў 2000-х гадох.


Цяперака аб дзённых драпежных птушках зноў такі пачнем з найвялікшых гатункаў.

Маркут Aquila chrysaetus: у цёплы сэзон маркут ёсьць даволі рэдкі гатунак у Налібоцкай пушчы; магчыма не кожны год, але маркут рэгулярна гняздуецца тутай прынамсі адна пара недзе ва ўрочышчах Рабачова або Галайбова Града; пры гэтым у асноўным тыя маркуты палююць ва ўрочышчах Казялец, Гала Балота й Краснае; можа бывае і другая парка маркутаў недзе пад Будамі й Баркамі, бо тамака ў траўні бачылі дарослую асобіну, што несла лісіня, а таксама неаднаразова бачылі маладых маркутаў напрыканцы лета й увосень; у сьцюдзёны сэзон лічэбнасьць маркута ў Налібоцкай пушчы заўважна большая, напрыклад, на загінуйшым лосе можа харчавацца да трох маркутаў.

Белік Haliaetus albicilla: у цёплы сэзон белік ёсьць параўнальна рэдкі гатунак у Налібоцкай пушчы; гняздуецца прынамсі у чатырох мейсцах (паміж урочышчамі Купалішча і Масты, ва ўрочышчвх Галянёва, Бярэзьнік і Няровы); пры падліках дзённых драпежных птушках у траўні-чэрвені 2012 году шчыльнасьць папуляцыі беліка была ацэнена як 0.3 асобнікі на 100 квадратных кілямэтраў, што азначае мажлівую лічэбнасьць беліка ў Налібоцкай пушчы й ейных ваколіцах аж да 8 парак; узімку беліка балей, напрыклад зімою 2013 году ў Налібоцкай пушчы налічвалась аж 19 белікаў, а на аднаго памерлага лася зьляталася да сямі асобнікаў (тры дарослых і чатыры маладых).



Арляцы малы і вялікі, а таксама іхнія гібрыды Aquila pomarina, Aquila clanga: жывуць у Налібоцкай пушчы толькі ў цёплы сэзон з канца красавіка па верасень-кайстрычнік; штогод гняздуюцца абодва гатункі арляцоў, нярэдка ўтвараючы гібрыдныя пары; сярод дарослых арляцов больш за 90% вызначаюцца як малыя; пры падліках дзённых драпежных птушках у траўні-чэрвені 2012 году шчыльнасьць папуляцыі арляцоў была ацэнена як 3-5 парак на 100 квадратных кілямэтраў.

Гадаеж Circaetus gallicus: жывуць у Налібоцкай пушчы толькі ў цёплы сэзон з канца красавіка па верасень; штогод гняздуюцца; у Налібоцкай пушчы гэта нярэдкі гатунак драпежных птушак і пры летніх вандроўках па гэтаму тэрэну гадаежа можна бачыць штодня пры цеплым недаждлівым надвор'і, пры падліках дзённых драпежных птушках у траўні-чэрвені 2012 году шчыльнасьць папуляцыі гадаежа была ацэнена як 1.6 асобнікаў на 100 квадратных кілямэтраў.

Каршун чорны Milvus migrans: жывуць у Налібоцкай пушчы толькі ў цёплы сэзон з сярэдзіны красавіка па кайстрычнік; штогод гняздуюцца; таксама параўнальна звычайны ў Налібоцкай пушчы гатунак драпежных птушак, але бачыць яго здараецца не так часта; пры падліках дзённых драпежных птушках у траўні-чэрвені 2012 году шчыльнасьць папуляцыі каршуна чорнага была ацэнена як 1.9 асобнікаў на 100 квадратных кілямэтраў; падаецца, што апошнія 3-5 гадоў лічэбнасьць каршуна чорнага ў Налібоцкай пушчы чамусьці надта паменшылася.

Каршун чырвоны Milvus milvus: вельмі рэдкі гатунак драпежных птушак; у гнездавы сэзон 2010-2012 і ў 2017 гадох рэгулярна назіраўся ў Паташні.

Канюх-мышалоў Buteo buteo: пераважна бываюць у Налібоцкай пушчы ў цёплы сэзон з сярэдзіны сакавіка па кайстрычнік-снежань; частка канюхоў-мышаловаў зімуе; штогод гняздуюцца; самы шматлікі ў Налібоцкай пушчы гатунак драпежных птушак; пры падліках дзённых драпежных птушках у траўні-чэрвені 2012 году шчыльнасьць папуляцыі канюха-мышалова была ацэнена як 57 асобнікаў на 100 квадратных кілямэтраў; узімку рэгіструецца да 12 асобнікаў (звычайна 3-7) на 100 квадратных кілямэтраў.

Звычайны асаед Pernis apivorus: жывуць у Налібоцкай пушчы толькі ў цёплы сэзон з канца красавіка па канец верасьня; штогод гняздуюцца; у Налібоцкай пушчы гэта даволі звычайны гатунак драпежных птушак; пры падліках дзённых драпежных птушках у траўні-чэрвені 2012 году шчыльнасьць папуляцыі звычайнага асаеда была ацэнена як 13 асобнікаў на 100 квадратных кілямэтраў.

Касматаногі канюх Buteo lagopus: жывуць у Налібоцкай пушчы толькі ў сьцюдзёны сэзон пераважна на травяных галявінах асушаных і напаўзакінутых былых багнаў; пачынаюць прылятаць з поўначы ў кайстрычніку а адлятаюць у сакавіку-красавіку; у сьнежні 2011 і 2012 гадоў падлікі касматаногіх канюхоў у Налібоцкай пушчы выявілі ад 16 да 20 асобнікаў на 100 квадратных кілямэтраў.

Цецяроўнік Accipiter gentilis: жывуць у Налібоцкай пушчы стала на працягу году; штогод гняздуюцца; досыць звычайны ў Налібоцкай пушчы гатунак драпежных птушак; пры падліках дзённых драпежных птушках у траўні-чэрвені 2012 году шчыльнасьць папуляцыі цецяроўніка была ацэнена як 8 асобнікаў на 100 квадратных кілямэтраў.





Карагольчык Accipiter nisus: пражываюць у Налібоцкай пушчы стала на працягу году; штогод гняздуюцца; досыць звычайны ў Налібоцкай пушчы гатунак драпежных птушак; пры падліках дзённых драпежных птушках у траўні-чэрвені 2012 году шчыльнасьць папуляцыі карагольчыка была ацэнена як 6 асобнікаў на 100 квадратных кілямэтраў.

Багенны (балотны) лунь або багняк Circus aeruginosus: жывуць у Налібоцкай пушчы толькі ў цёплы сэзон з канца красавіка па сярэдзіну кайстрычніка; штогод гняздуюцца; у Налібоцкай пушчы гэта нярэдкі гатунак драпежных птушак; пры падліках дзённых драпежных птушках у траўні-чэрвені 2012 году шчыльнасьць папуляцыі багняка была ацэнена як 4.9 асобнікаў на 100 квадратных кілямэтраў.

Ніўны (палявы) лунь або ніўняк Circus cyaneus: жывуць у Налібоцкай пушчы толькі ў цёплы сэзон з канца красавіка па канец кайстрычніка; верагодна штогод гняздуюцца; у Налібоцкай пушчы гэта нярэдкі гатунак драпежных птушак; пры падліках дзённых драпежных птушках у траўні-чэрвені 2012 году шчыльнасьць папуляцыі ніўняка была ацэнена як 4.4 асобнікаў на 100 квадратных кілямэтраў.

Поплаўны (лугавы) лунь або лугавік Circus pugargus: жывуць у Налібоцкай пушчы ў асноўным ў цёплы сэзон з канца красавіка па канец кайстрычніка, але часам бываюць і ў сьцюдзёны сэзон; пры падліках дзённых драпежных птушках у траўні-чэрвені 2012 году ніўняк ня быў выяўлены, але ў апошнія гады гэты гатунак дзенных драпежных птушак рэгулярна трапляецца ў гнездавы сэзон, таму няма вялікага сумлеву, што ён гняздуецца ў гэтым тэрэне.

Стэпавы лунь Circus macrourus: апошнія пяць гадоў штогод стэпавыя луні рэгістраваліся ў Налібоцкай пушчы ў цёплы сэзон у тым ліку і ў гнездавы пэрыяд; асноўнымі мейсцамі рэгістрацыі стэпавага луня былі травяныя галявіны ва ўрочышчах Паўднёвае Ўюнішча, Краснае, Дзерамінішча, Шубін ды Белакорац.

Сокал-падарожнік Falco peregrinus: штогод рэгістраваліся ў Налібоцкай пушчы на восеньскім і веснавым пралетах на раскошных травяных галявінах ва ўрочышчах Паўднёвае Ўюнішча, Краснае, Гала Балота, Святы Калодзеж, Дзерамінішча ды Шубін; аднаго разу падарожнік назіраўся ва ўрочышчы Шубін у ліпені.

Сокал-кабец Falco subbuteo: жывуць у Налібоцкай пушчы толькі ў цёплы сэзон з пачатку траўня па канец верасьня; штогод гняздуюцца; у Налібоцкай пушчы гэта нярэдкі гатунак драпежных птушак; пры падліках дзённых драпежных птушках у траўні-чэрвені 2012 году шчыльнасьць папуляцыі кабца была ацэнена як 4.4 асобнікаў на 100 квадратных кілямэтраў.

Сокал-дрымлюк Falco columbarius: жывуць у Налібоцкай пушчы толькі ў цёплы сэзон з пачатку красавіка па сярэдзіну кайстрычніка; верагодна штогод гняздуюцца; у Налібоцкай пушчы быў даволі рэдкі гатунак драпежных птушак; пры падліках дзённых драпежных птушках у траўні-чэрвені 2012 году шчыльнасьць папуляцыі дрымлюка была ацэнена як 1.6 асобнікаў на 100 квадратных кілямэтраў; адылі апошнія 3-5 гадоў лічэбнасьць дрымлюка ў Налібоцкай пушчы заўважна пабольшала напэўна ў 2-3 разы; асабліва шмат дрымлюкоў тамака на восеньскіх пралётах і тады больш за 90% назіраемых сакалоў ёсьць дрымлюкі.

Сокал-шулёнак Falco vespertinus: жывуцьу Налібоцкай пушчы толькі ў цёплы сэзон з канца красавіка па пачатак кайстрычніка; верагодна штогод гняздуюцца; у Налібоцкай пушчы гэта нячасты гатунак драпежных птушак; пры падліках дзённых драпежных птушках у траўні-чэрвені 2012 году шчыльнасьць папуляцыі шулёнка была ацэнена як 2.8 асобнікаў на 100 квадратных кілямэтраў.

Сокал-пустальга Falco tinnunculus: жывуць у Налібоцкай пушчы ў па галявінах толькі ў цёплы сэзон з красавіка па кайстрычнік; верагодна штогод гняздуюцца; у Налібоцкай пушчы гэта нячасты гатунак драпежных птушак; пры падліках дзённых драпежных птушках у траўні-чэрвені 2012 году шчыльнасьць папуляцыі пустальгі была ацэнена як 2.8 асобнікаў на 100 квадратных кілямэтраў.

Рыбалоў або скапа Pandion haliaeetus: зрэдку ў цёплы сэзон назіраюцца ў Налібоцкай пушчы ў асноўным у паўднёвай яе палове ў даліне Нёмна і пры возеры Кромань; верагодна зрэдку гняздуюцца.

Арол-магільнік Aquila heliaca: у Налібоцкай пушчы двойчы ў сьнежні 2018 году і ў ліпені 2019 году назіраўся адзін асобнік ва ўрочышчы Шубін.

Арол-карлік Hieraaetus pennatus: жывуць у Налібоцкай пушчы толькі ў цёплы сэзон; верагодна штогод гняздуецца некалькі парак; у Налібоцкай пушчы гэта нячасты гатунак драпежных птушак; пры падліках дзённых драпежных птушках у траўні-чэрвені 2012 году шчыльнасьць папуляцыі арла-карліка была ацэнена як 1.6 асобнікаў на 100 квадратных кілямэтраў.

300 views1 comment

1 Comment


Vasili Puntus
Vasili Puntus
Nov 10, 2019

Орлан в заповеднике https://youtu.be/qaVdVkHsVb0

Like
bottom of page