• Vadim Sidorovich

Як ваўкі прытарноўваюцца, каб зьберагчы ваўчанят пры паўсюднай прысутнасьці дзікіх капытных і рыся

Updated: Jun 10, 2019

Сааўтар: Ірына Ратэнка


У сваіх пастах (глядзі “Mortality in wolf pups і “Хто забівае ваўчанят у Налібоцкай пушчы?”) і ў кнігах у дачыненьні ваўка і рыся (Sidorovich & Rotenko, 2018; Sidorovich et al., 2018), мы неаднаразова зазначалі, што ў Беларусі цалкам, а ў Налібоцкай пушчы асабліва й у прыватнасьці большасьць народжаных ваўчанят гіне яшчэ да першай зімы. У Налібоцкай пушчы іх выжывальнасьць да зімы ў лічбах гэта ніяк ня больш за чвэрць ад народжаных ваўчанят, а пераважна гэта іх дзель значна меншая. Напрыклад, у сэзон размнажэньня 2018 года да студзеня 2019 года ў Налібоцкай пушчы дажыла толькі адно ваўчаня. У сэзон размнажэньня 2017 году дзель ваўчанят у воўчай лякальнай папуляцыі ў Налібоцкай пушчы на пачатак зімы была толькі 4%, тады як у 2008-2012 гадох яна складала ад 26 да 44%. Зацемім, што максымальная дзель ваўчанят на пачатак зімы ў 2010-х гадох у Налібоцкай пушчы склала толькі 18%.


Таксама неаднаразова паведамлялася, што прынамсі ў Налібоцкай пушчы ў асноўным ваўчаняты забіваюцца дзікімі капытнымі (зубрамі, ласямі, быкамі высакароднага аленя) і дарослымі рысямі (пераважна самцамі). Больш падрабязна аб гэтым глядзі пасты “Mortality in wolf pups і “Хто забівае ваўчанят у Налібоцкай пушчы?”, а таксама кнігі (Sidorovich & Rotenko, 2018; Sidorovich et al., 2018).


Чаму з ваўкамі апынулася гэтак недарэчна? Як тое нам добра ўяўляецца з лавецкіх метрыкаў магнатаў Радзівілаў, у даўнейшай Налібоцкай пушчы й напэўна цалкам у прыродных комплексах на тэрыторыі Беларусі ніколі не было столькі дзікіх капытных жывёл. Высечкі леса з лесааднаўленьнем, зьяўленьне аграрнага тэрэну істотна паспрыялі дзікім капытным жывёлам, і іх стала шматкроць балей. Следам узрасла й шчыльнасьць папуляцыі рысяў, якія шмат кормяцца казулямі ды й алянятамі. У гэтых варунках з паўсюднай наяўнасьцю варожых да ваўка дзікіх капытных жывёл ды рыся воўк са сваім пераважна адчыненым разьмяшчэньнем шчанюкоў апынуўся ў стане немагчымасьці іхняга захаваньня ў пушчанскім асяродзьдзі.

У сваім англамоўным пасьце навуковага блогу “Trends in the denning behaviour of the wolf and lynx in connection with the changes in the vertebrate community in Naliboki Forest (north-western Belarus)” мною даводзіцца, як то ваўкі спрабуюць прытарнавацца да гэтых неспрыяльных новых умоў, каб захаваць народжаных шчанюкоў.





Гэтак бацькоўскія ваўкі выходзяць на нараджэньне й узгадаваньне ваўчанят з раскошных пушчанскіх тэрэнаў у леса-аграрныя ляндшафты. А ў пушчах яны амаль што спыняюцца размнажацца ў звыклых для іх лясных ветравалах і маладаяловых гушчарах, якія цяперака спрэс заняты дзікімі капытнымі таксама пад размнажэньне й іхні грумінг. Размнажэньне ваўкоў у пушчанскіх абшарах перамясьцілася ў амаль што адчыненыя бары і асабліва гэтакія мяшаныя зь елкай, а гэтак жа ў мёртвапакроўныя ельнікі, дзе зрэдку бываюць дзікія капытныя, бо тамака ў гэты сэзон няма чаго есьці. Таксама ваўкі на размнажэньні спрабавалі схавацца ад рыся ў травяных галявінах, але там шмат нараджаюць алянухі, якія топчуць ваўчанят. Ад дзікіх капытных жывёл і рыся, таксама як і ад званцоў, бацькоўскія ваўкі спрабавалі схаваць шчанюкоў у закінутых барсучых або лісавых норах, пры гэтым забіваючы лісаву матку або аднаго якога барсука. Але цяперака ў Налібоцкай пушчы тое ўсё шчыльна занята барсукамі, бо барсук цалкам аднавіў значную лічэбнасьць і распаўсюд, чаму паспрыяў перш за ўсё рысь са сваім вынішчэньнем янотападобных сабак, якія прыгнечвалі папуляцыю барсука (Rotenko & Sidorovich, 2017). Атрымалася, што ўсе барсучыны й нават лісавы норы заняты радзінамі барсукоў, дзе ваўкі ўжо гнездавацца ня могуць, бо як забіць усіх іх дзеля бясьпечнага ўзрошчваньня ваўчанят. З гэтай нагоды і норы сталі амаль што непрыдатныя для гнездаваньня ваўкоў у Налібоцкай пушчы. Да таго ж і самі рысі навучыліся залазіць у норныя логвішчы ваўкоў і забіваць ваўчанят, што мы гэтаксама неаднаразова рэгістравалі (глядзі “Mortality in wolf pups і “Хто забівае ваўчанят у Налібоцкай пушчы?”).


Яшчэ адно вызначанае намі адметнае прытарнаваньне бацькоўскіх ваўкоў, каб захаваць сваіх шчанюкоў, ёсьць карыстаньне імі нянек, што ўвесь час сочаць за шчанюкамі, ахоўваючы іх. Цікава, што гэтакімі нянькамі могуць быць падпарадкаваныя бацькоўскімі ваўкамі несваяцкія самкі, што ня маюць шчанюкоў. Але нянькамі, напэўна, могуць быць і сваяцкія ваўкі. Што тычыцца, чаго мы пэўна назіралі, то гэта менавіта ролю несваяцкіх няняк ва ўзрошчваньні двух кодлаў у дзесяць ваўчанят якія былі адпаведна ад дзьвюх ваўчых матак (дакладна па-беларуску будзе вайдэр) і аднаго бацькі (інакш басера). Так што тое быў яшчэ й цікавы выпадак падвойнага размнажэньня ў адной і той жа воўчай ватазе.


Ваўчаняты з нянькамі ў грумінгавым мейсцы побач, дзе стала знаходзіліся ваўчаняты цягам не менш як двух месяцаў.

Мы фотадакумэнтавалі шмат чаго з жыцьця гэтай складанай радзіны, што паказваем у гэтым пасьце ніжэй. Цікава, якая то была выжывальнасьць менавіта гэтых ваўчанят з нянькамі. Магла быць рэкордна вялікай, але па віне, як заўжды, чалавека гэтак не атрымалася. Першы раз гэта вялікая воўчая радзіна трапіла ў вока нашай камеры-фотапасткі напрыканцы чэрвеня. Ваўчанят было дзесяць і ўсе дзесяць дажылі амаль што да верасьня. Потым, наколькі мы можам рэканструяваць хаду падзеяў, нейкія паляўнічыя, вызначыўшы гэтую воўчую радзіну, спрабавалі іх забіць. Дарослыя ваўкі былі адагнаныя на нейкі час ад ваўчанят, што сядзелі ў высокіх травах, адкуль іх выгнаць без спэцыяльных сабак было амаль што немагчыма. Паляўнічыя ўжывалі гучны алярм, але былі без сабак. Пасьля турбаваньня паляўнічымі (якое яно было мы напоўніцу ня ведаем) тры дні дарослыя ваўкі амаль што адсутнічалі пры ваўчанятах, але штодня тамака мы рэгістравалі тропы вялікага рыся, што шворыўся вакол гэтай воўчай радзіны ўсё лета. Верагодна, што гэты рысь у гэты час пазабіваў частку тых ваўчанят. Пасьля ўсяго апісанага паляўнічага-рысёвага прэсу на гэтую воўчую радзіну, яна сабралася, але ў ёй было ўжо толькі адна вайдэра, басер, адна нянька і толькі чатыры шчанюкі. У сьнежні гэту радзіну выкрылі паляўнічыя й канчаткова забілі. Нейкім цудам застаўся толькі адзін шчанюк, які відаць харобра пабег пад паляўнічыя флядры. Як выжыў гэты ваўчок, што мы назвалі Сіроткаю, аб гэтым будзе аповяд у наступным пасьце.



Ваўчаняты з нянькамі ў грумінгавым мейсцы побач, дзе стала знаходзіліся ваўчаняты цягам не менш як двух месяцаў.

Дарослы самец рыся цягам лета даволі часта шворыўся вакол мейсцазнаходжаньня ваўчанят. У дадзеным выпадку ён быў за 200 мэтраў, і хутка тамака была зарэгістравана прынамсі адна з нянек.

Прыйшоў да ваўчанят строгі бацька. Матка з насмоктанымі смочкамі ўнізе справа.



Адна з вайдэр (унізе справа) і нянькі нясуць ваўчанятам харчаваньне: матка нясе ў страўніку, а нянькі ў пашчы.

Нянька і трое ваўчанят у кайстрычніку, калі яны ўжо падрасьлі.

69 views0 comments