• Vadim Sidorovich

Рэчка Ізьледзь

Updated: Mar 6

Аматары прыроды Налібоцкай пушчы, рачнога сплаву й рыбнай лоўлі ў гэтым лясным тэрэне значна больш ведаюць ягоныя буйнейшыя рэкі Бярэзіну ды Іслач, а таксама Нёман, што аблямоўвае Налібоцкую пушчу з поўдня й паўднёвага ўсходу. Значна менш вядомы рэчкі Вуса, Волька ды Ізьледзь. Таму гэты і наступныя два пасты нашага блогу аб Налібоцкай пушчы будуць адрасаваны менавіта гэтым меншым і не настолькі вядомым рэчкам. Пачну з Ізьледзі.


У Вікіпедыі аб Ізьледзі напісана зусім няшмат, а менавіта наступнае. Даўжыня Ізьледзі 30 кілямэтраў. Плошча вадазбору 134 км². Пачынаецца на паўночным захадзе ад вёскі Забор'е Валожынскага раёна на схілах Мінскага ўзвышша. Асноўны прыток – рака Каменка. Рэчышча большай часткай каналізаванае.


Усё так, акрамя даўжыні рэчкі. Гэтыя 30 км ёсьць толькі даўжыня даліны Ізьледзі. Так у 1960-я гады й пачатак 1970-х гадоў Ізьледзь была спраставана асушальнікамі на бальшай частцы яе працягласьці. Але тамака, дзе Ізьледзь цячэ натуральным рэчышчам, яна значна даўжэй за рачную даліну. Таму вышэй па рэчцы ад першага хутара Козьлікаў (хутар Мазураў) можна прыкладна дадаваць каля трох кілямэтраў працягласьці рэчкі. Акрамя таго ад хутара Гвінты й да хутара Барановічаў пад Паташняй Ізьледзь шмат разгаліноўваецца, што значна дадае кілямэтраў да яе рэчышча. З улікам выгнутасьці й разгалінаваньняў маем яшчэ ня менш за 5 кілямэтраў. То бок працягласьць сучаснага рэчышча Ізьледзі недзе пад 40 кілямэтраў.


Таксама трэба крыху патлумачыць наконт прытока Каменка. То Паўночная Каменка, што пачынаецца пад вёскай Камень. У Налібоцкай пушчы непадалёку працякае яшчэ адна Каменка, то Паўднёвая, што выцякае з-пад вёскі Налібокі каля хутароў Каменка.


Найменьне Ізьледзь верагодна паходзіць ад слова лёд, а дакладней наледзь. На Ізледзі й пасьля асушэньня наледзі, або выцяканьне вады на паверхню лёду і ўтварэньне яшчэ таўсцейшага лёду ў маразы ёсьць звычайная праява. Можа і ня так, але гэтакая мая здагадка наконт назова Ізьледзь.


Як Ізьледзь выглядае Вы забачыце далей, а зараз крыху пра яе біялягічныя асаблівасьці. Нічога незвычайнага на Ізьледзі няма. Па рыбе некалі багатая рэчка цяперака зусім бедная акрамя зусім ніжняга цячэньня. У асноўным водзіцца шчыпоўка, пячкур, ялец і невялічкія шчупакі. Мейсцамі ёсьць уюны, акунь, плоць, карасі й гарчак. Раней да 1980-х гадоў у Ізьледзі было шмат шырокапалага рака, потым іх станавілася ўсё меней і нарэшце гэты рачны рак зьнік. У 2000-х гадох зьявіўся невялічкі інвазійны гатунак ракаў з Паўночнай Амэрыкі Orconectes limosus. На Ізьледзі шмат паселішчаў баброў. Водзяцца выдры і амэрыканскія норкі. У цёплы сэзон на Ізьледзі звычайны качкі-крыжанкі, а таксама сустракаюцца гагалі ды чыркі-свістункі. У сьцюдзёны сэзон у гэтай рачулцы зімуе шмат травяных жабаў. У верхнем цячэньні Ізьледзь пераважна працякае скрозь бары, а далей ад Козьлікаў усё праз багенныя чорнаалешнікі.


У верасьні 2014 года я і мой ангельскі сябра Джон Гріфітс сплаўляліся па Ізьледзі ад хутара Яськава і амаль што да яе сутокаў з Волькаю. Калі ласка, можна паглядзець некатары фотарэпартаж аб тым нялёгкім сплаву.

Ізьледзь каля хутара Гвінты, непадалёк, дзе мы пачалі сплаўляцца. Рэчышча да хутара Барсуча было досыць воднае, але мела некалькі разгалінаваньняў з шматлікімі паваленымі ў ваду дрэвамі. Тады воднасьць рэчкі значна памяншалася і было немала бабровых дам.
Першае разгалінаваньне Ізьледзі на тым кавалку.
Другое разгалінаваньне тамака.
Ізьледзь пад хутарам Барсуча непадалёк ад доўгага разгалінаваньня (ранейшае натуральнае рэчышча і каналізаванае рэчышча), якое аблямоўвае Барсуча.
Каналізаванае рэчышча Ізьледзі ніжэй хутара Барсуча. Па вадацёку шмат паваленых дрэў.
Яшчэ ніжэй па Ізьледзі.
Ізьледзь перад уваходам у раскошны чорнаалешнік ва ўрочышчы Юніца, дзе рэчка расцякаецца на шматлікія малыя разгалінаваньні і гэтакім чынам зьнікае.
300 мэтраў да зьнікненьня рэчкі.
Усё, тутай на былым каналізаваным рэчышчы вады ўжо няма, ёсьць толькі шчыльны травастан у два мэтры вышынёй.

Далей было даволі цяжка цягнуць байдарку праз шчыльныя нетры чорнаалешнікавай багны. Потым неяк праз 2-3 кілямэтры Ізьледзь сабралася, дзякуючы бабровым дамам, і па тым невялічкім бабровым ставам можна было неяк плыць.

Сабраўшая ваду Ізледзь пры ўцяканьні канала Юніца (справа)..
Масток праз Ізьледзь па дарозе да хутара Барановічаў. Гэта пад Паташняй што на Бярэзіне.
Сутокі Ізьледзі (злева) і Волькі ў Паташні з вышыні. Тое ёсьць за 300 мэтраў да ўцяканьня ў Бярэзіну. Фота Сяргея Плыткевіча.

89 views0 comments

© 2018-2021 by Irina Rotenko & Vadim Sidorovich. All photographs appearing in the site are the exclusive property of their owners and may not be copied or used in any way without the authors' permission.