top of page
  • Writer's pictureVadim Sidorovich

Наша вёсачка Навусць у асяродку Налібоцкай пушчы

Updated: Dec 5, 2023

Сааўтар Ратэнка І.І.


Мы кажам наша вёсачка Навусць, бо ўжо даўно бавім тут шмат жыццёвага часу, а цягам апошніх двух гадоў стала мешкаем у гэтым прывабным куточку Налібоцкай пушчы, поўным прыроднага хараства і самотнага адчування маленькай вёсачкі. Мы маем у Навусці хату й аграэкасядзібу, якая досыць задачна працуе з аматарамі прыроды і вясковага жыцьця. У сьцюдзёны сэзон мы ў Навусьці адны, сваёй радзінаю, у якой зараз трое дзяцей, а часам і з бацькамі, якія бываюць наездамі. Наш сынок Вінцэська вучыцца ў школе ў Бакштах і кожны школьны дзень возіцца ледзь не за 30 кілямэтраў у Бакштанскую школу. Пятнадцаць кілямэтраў давозім мы па жвіроўках, што ўшчэнт разьбіты лясгаснай тэхнікай і другія пятнаццаць кілямэтраў па Гарадзенскай трасе вязе школьны падвазны аўтобус з абаяльным і папярэдлівым кіроўцам Росьцікам. У Вінцэськавым першым клясе ў Бакштах толькі шэсьць вучняў, другога кляса няма, хатняя атмасфэра, настаўніца як другая матка для вучняў, гучыць ва ўсю беларуская мова, і кожны з кожным вітаецца. Але вернемся назад да ўлюблёнай Навусьці ў пушчанскім асяродку абапал невялікай, але маляўнічай рэчкі Волька.


Рэчка Волька ў веснавую палавень каля Навусьці.
Невялічкае азярцо Вока і хваёвы бор каля Навусьці. Фота Сяргея Плыткевіча.

Па пушчанскіх мерках Навусьць ёсьць даволі старое людзкое паселішча. Першапачаткова недзе ў першай палове XVII стагодзьдзя на тым мейсцы па праваму берагу Волькі ўзьнікла гаёўня Навусьць, дзе мешкаў асочнік-баброўнік, што на цяперашняй мове будзе егер, які спэцыялізаваўся на ахове і адлове баброў у валоданьнях магната Радзівіла ад ягонага Налібоцкага падлавецтва. У гэты час Налібоцкае падлавецтва кагадзе пашырылася новымі пушчанскімі землямі, што былі набыты Радзівіламі ў міжрэччы Ізьледзі і Волькі. З поўначы валоданьні Радзівілаў абмяжоўваліся сярэднім і ніжнім цячэньнем Сівічанкі, потым мяжа цягнулася па правабярэжжу Волькі, ахопліваючы адзін кілямэтар правабярэжжа (улучна мейсца Навусьці) аж да Каменнай Слабады і крыху нават ніжэй па цячэньню Волькі. Што тычыцца Каменнай Слабады, то гэтае, першапачаткова Радзівілаўскае паселішча як раз было ўтворана ў тыя часы высяленцамі з Каменя як румнае мейсца дзеля сплаву каштоўнага лесу, што на той час быў у даліне Волькі. Таму тое, суседзкае з Навусьцю, паселішча атрымала гэтакі назоў як Каменная Слабада.

Найменьне Навусьць азначала паселішча на вусьце, гэта значыць сутоках дзьвух рэчак. У выпадку Навусьці, то былі зьліяньні Волькі і Пружэніцы, якія на той час і аж да асушэньня ў савецкі час былі малыя рэчкі аднолькавай воднасьці. Цяперака воды Пружэніцы ўцякаюць у Вольку аж чатырма канавамі, але самі сутокі былой Пружэніцы з Волькай дагэтуль добра заўважны за крайняй хатай уверх па цячэньню Волькі. Што тычыцца рэчкі Волькі, то часам даводзіцца чуць Воўка, быццам ад слова воўк. То няправільна, бо на ўсіх старых мапах і ў вымаўленьні старажылаў у 1980-х гадох было Волька. Гэты тапонім як Волька, або Вулька надта вядомы на Беларусі і паходзіць ён ад слоўца воля, то бок заглыбленага ў нетры вольнага пасяленьня ад магнацкага ўціску.


Няшмат пазьней напрыканцы XVII стагодзьдзя, ці то ўжо напачатку XVIII стагодзьдзя пры гаёўні Навусьць быў паселены яшчэ адзін Радзівілаўскі службовец з абавязкамі лесьніка, які ажыцьцяўляў лясную ахову й нейкія лесагаспадарчыя працы ў бліжэйшых, дасягальных у межах дзённага пераходу, лясох. У тыя часы, верагодна, Навусьць была мейсцам часовага адпачынку Радзівілаўскіх стральцоў, якія зьяўляліся асноўнымі стражамі ягонай пушчанскай маёмасьці й шырока вандравалі па пушчы. Мяркуецца, што Навусьць візытавалася Радзівілаўскімі стральцамі даволі часта, бо то была памежная зона Радзівілаўскіх валоданьняў у тагачаснай Налібоцкай пушчы. Адпаведна маглі быць патаемныя рабункі леса і звера паўночнымі суседзямі.


Напачатку XVIII стагодзьдзя ў Навусьці зьявілася кузьня з дымаркай дзеля выплаву жалеза з балотнай руды. Мейсца славілася задачным паляваньнем на бурага мядзьведзя. У кузьні рабіліся рацішча, паляўнічыя дзіды і больш дробныя суліцы дзеля паляваньня на мядзьведзяў і зуброў, а таксама конская збруя.


Недзе ў першай палове XVIII стагодзьдзя Радзівілы спрадалі пушчанскія землі, што былі паўночнее рэчкі Ізьледзі, магнацкаму роду Завішаў, потым яны былі безпасярэдне ў дзяржаўных валоданьнях Княства Літоўскага, а з 1787 года перайшлі ў валоданьні магнацкага рода Храптовічаў.


Напрыканцы XVIII стагодзьдзя Навусьць пераўтвараецца ў засьценак з сядзібай небагатага шляхціча-арандатара, з дварамі некалькіх падначаленых радзін, тамсама існавалі ўсё тыя ж лавецкія й лесагаспадарчыя гаёўні. Пасьля ліхалецьцяў вайны з Расеяй і захопу Вялікага княства Літоўскага, двух паўстаньняў супраць расейскага панаваньня Навусьць паменшыла, й у 1861 годзе яна - ў расейскай дзяржаўнай уласнасьці, мае толькі два двары і сем чалавек насельніцтва. У 1897 тамака было тры двары й 39 жыхароў. У 1921 годзе ў Навусьці было 13 двароў і 92 жыхары; у 1940 годзе – 11 двароў; у 1970 годзе 58 жыхароў; у 1986 годзе – 9 двароў і 25 жыхароў; у 1999 годзе – 4 двары, 8 жыхароў; у 2010 годзе – адзіны сталы жыхар – састарэлая каля 90 гадоў жанчына Ганна Комса, на амаратуры, ды чатыры лецішча, якія больш ці менш часова карыстаюцца прыемнымі людзьмі з Менску. З 2016 года ў Навусьці ўжо прапісана два чалавекі: Ганна Комса й Ірына Ратэнка. Апошняя апякуецца аграэкасядзібаю Навусьць. Увосені 2018 году на 98-м годзе жыцьця Ганна памірае, так што жыхароў у Навусьці зноў паменшыла.


Наша жытло ў Навусьці, 2018
Наша сядзіба ў Навусьці ў хуткім часе, як мы яе купілі й пачысьцілі, 2004 год.

Мы зьяўляемся ўраджэнцамі Менску, таму чытачу цікава было б даведацца, як нас собіла трапіць на жыцьцё ў гэтакую аддаленую пушчанскую Навусьць. Гэта доўгая, складаная й асобная гісторыя, але тутай распавяду пра мой першы візыт у гэтую аддаленую вёсачку, тады яшчэ ў сапраўдных нетрах Налібоцкай пушчы. У Навусьць я, Вадзім Сідаровіч, трапіў упершыню яшчэ як быў студэнтам Менскага ўнівэрсытэту ў красавіку 1984 году пад час майго воднага сплаву на гумовым чоўне па рэчках Сівічанцы, Вольцы й Бярэзіне.


Вадзім Сідаровіч на тым гумовым чоўне на Вольцы ў жніўні 1984 годзе непадалёк Навусьці.

То быў першы гэтакі сплаў па той улюбёнай рэчцы Вольцы. Тады я адну з ночаў бавіў непадалёк ад Навусьці пры даліне Вольцы сярод астанцавай курціны шэрагу вялізных старасьвецкіх дубоў. Яны й зараз, цудам ацалелыя, стаяць тамака ў сваім зьдзіўленьні, што ацалелі, калі вакол усё іхняе сучаснае было сьсечана. Адплыўшы ўніз па Вольцы прыблізна з адзін кілямэтар, я трапіў на затуманеную галявіну, дзе праваруч на галявіне разьмяркоўвалася некалькі сялянскіх сядзіб. То была яшчэ палавень, і дзядзька ў чаўне проста побач з хатай ставіў сетку на залітым поплаве, каб улавіць крыху рыбы. Пазьней я даведаўся, што гэта быў Уладзімер Комса, былы партызан, які шмат пацярпеў за былую вайну. Я павітаўся, запытаў аб мажлівасьці ўладкаваць свой човен пры ягонай хаце ў самой вады. Дазвол атрымаў, выйшаў на бераг і абышоў вёсачку.


Прастуючы да выхаду з вёсачкі ў лес, мне добра запомнілася апошняя хата на водшыбе, што стаяла самотна, як хутар. То была сядзіба Яўгена й Ромы Шыбутаў. Мне памроілася, што вось бы гэтакую сядзібу калісь набыць у собкасьць як тэрэновую базу дзеля заалягічных дасьледаваньняў і асалоды аддаленага пушчанскага жыцьця, пазбаўленага шматлікіх заганаў цывілізацыі. Крыху памарыўшы й паглядзеўшы на сядзібу зводдаль, як тамака на падворку завіхалася з быдлам ужо немаладая гаспадыня, я крочыў далей у лес па адзінай на той час паўночнай дарозе ў бок Бакштаў праз Юраўск.


Недзе праз тры кілямэтры дарогі я пачуў ня надта далёка стрэл, потым другі. Пайшоўшы на стрэл, я ўбачыў немаладога, выснажанага працай, але досыць спрытнага мужыка векам за 50 гадоў. Ён кагадзе ўпаляваў другога глушца й быў, відавочна, незадаволены выпадковай сустрэчай з незнаёмцам, бо глядзеў на мяне з паняверкай і нейкім прыхаваным абурэньнем. Усё было паразумела, бо забіваць глушцоў асабліва на токах было пад забаронай. Але ён, адчуўшы, што маладзён, які неспадзеўкі гэтак раптоўна зьявіўся, усё-такі не ўяўляе нейкай пагрозы для яго, на гэтым супакоіўся. Мы крыху пагутарылі аб глушцох ды выдрах на мейсцы сустрэчы. Ён дарэчы зацеміў, што ня толькі ён, але яшчэ ягоны бацька штовесну нямала харчаваў радзіну глушцовым мясам і, дзякуй Богу, менш іх ніяк не становіцца. Потым ён, адчуўшы большы давер і нейкую зацікаўленасьць, запрасіў мяне да сваёй хаты. То быў Яўген Шыбут – гаспадар як раз той сядзібы, дзе некалькі гадзін таму на падворку завіхалася тая гаспадыня. Яўген пажыцьцёва працаваў лесьніком.


Нягледзечы на раньні час, мы выпілі па пару келішыкаў іхняй хатняй самагонкі, а таксама я быў пачаставаны глушцовым мясам з печы. Яно тамака ўжондзілася да чырвані ў япруцкім тлушчы й было доўгапомна смачным. Палову аднаго з забітых глушцоў я атрымаў з сабою ў вандроўку, потым падпёк на вуглях і еў недасмажанае, амаль што сырое ўсяродку. Таксама было смачна, але ўсё ж гэтае падпечанае на вуглях мяса было не такое смачнае, як тая страва з Шыбутавай печы. Гэтак з таго часу я стаў больш менш бываць у Шыбутавай хаце, ня часта але. Шыбуты мяне заўжды гасьцінна прымалі, добра частавалі, чуў тамака апошнія пушчанскія навіны, чаго яшчэ балей. Усё гэта мне было да спадобы, да й я прыйшоўся гаспадарам свойскім і прыемным. З Менску я прывозіў Бальзам Беларускі, гаспадары надта любілі піць гэты даволі смачны напой, былі ўдзячны. Я ж, не шкадуючы галавы, частаваўся гаспадарскай самагонкай з дубовай бочачкі, як добрае віскі – поўнае водару, смаку й колеру. Ня тое што куплёная водка, якую ніколі ня піў, бо аніякага смаку.


Рамуальда Шыбут на сваім падворку ў Навусьці перад спродажам сядзібы ў 2002 годзе.


Рома й Яўген Шыбуты, іхні сын Анатоль каля хаты ў Навусьці ў 1969 годзе; навусьцянскія хлапчукі ў 1971 годзе; Яўген Шыбут адпачывае на падворку ў 1982 годзе. З калекцыі Анатоля Шыбута.


Калі Яўген памёр ад цукровага дыябету ў 2001 годзе, і Рома не змагла рымсьціць узімку адна сярод Навусьцянскай глушы, то тая іхняя сядзіба была з лёгкасьцю мне спрададзеная. Сама яна перабралася да старэйшага сына Толіка ў мястэчка Валожын, які тамака меў кватэру ў савецкім пяціпавярховіку. Гэтак я набыў сядзібу, аб якой гэтак нерэчаісна марыў напачатку. Па словах Ромы, на мае грошы, што былі атрыманы ад мяне за сядзібу, былі куплены дарагія модныя зімовыя боты абедзьвюм яе ўнучкам, ды яшчэ атрымаўся дадатак на харчаваньне радзіны цягам паловы году. Вось і ўвесь жыцьцёвы набытак, хаця за хату я заплаціў не шкадуючы грошаў па самым высокім коштам на той час, ды ў асобна купляў цікавую мне іхнюю хатнюю мэблю, дровы й тое-сёе іншае з рэчаў сялянскага побыту, як тое жорны ды прасьніца.


Рому я шчыра запрашаў ужо да сябе ў Навусьць на пабыўку любой працягласьці, й яна насамрэч аднаго разу прыехала. Але хутка Рома расчулілася па страчанай роднай хаце. Яна сказала, што ўсё тутай ужо ня ейнае й зьнікла. Больш я яе не бачыў, і праз два гады яна адарваная ад роднага мейсца памерла ў сынавай хаце ў Валожыне. Да гэтае пары маем зьдзіўленьне, як гэта так узяць ды спрадаць радавое мейсца, спадчыну. Але разам з тым я вельмі ўдзячны ёй за гэта й заўсёдную дабразычлівасьць і гасьціннасьць.


Хацелася бы апісаць саму Навусьць, але якую? Цяперашнюю ў некалькі двароў, пераважна лецішчаў менчукоў? То не цікава. Сярэдневечную? То малавядома. Лепш за ўсё апісаць пасьляваенную Навусьць недзе ў 1960-я гадох, калі гэта вёсачка яшчэ поўнілася драматычным і цяжкапрацным сялянскім жыцьцём, адноўленым ад ваенных разбурэньняў і забойстваў.


Інфармацыю аб Навусьцянскім жыцьці цягам вайны і паваенным жыцьці навусьцянцаў мы сабралі з аповедаў Яўгена і Рамуальды Шыбут, Тацьцяны Мазалеўскай (Касьпяровіч), Баляслава Садоўскага, Марыі і Богдана Касьпяровічаў, Ганны Комса (Шыбут) ды Ганнінай дачкі Ліды. Усе яны стала, пажыцьцёва, або досыць працягла былі жыхарамі Навусьці й пэўне ж ведалі ўсе асноўныя падзеі.


Пад час карнай выправы ў Навусьць напрыканцы лета 1942 году амаль што ўсе хаты і гумны былі спаленыя. Ацалеў двор Лойкаў, што хаваўся на невялічкай плыткай выспе на ўскрайку багеннай даліны Волькі. Таксама ацалела маленькая хатка Матроны Шыбут, што досыць незаўважна разьмяркоўвалася на першым грудку ў зарэчынскай Валяватцы. З гаспадарчых забудоў на той час Матрона мела толькі невялічкі хлеў з курамі і дрывотню, якія яшчэ больш хаваліся ў зарастніку на рагу таго грудку. Штось з гаспадарчых забудоў усё ж ацалела: мураваныя піўніцы-варыўні, некаторыя хлявы (Комсаў, Лойкаў, Віршычаў), лазьня Ксавэры Шыбута, дрывотня і лазьня Рыбіцкіх і штось яшчэ. Таксама па даліне Волькі захавалася восем пунь, або як іх яшчэ клікалі сяньніц. Тыя пуні былі невялічкіх памерах у 10-15 квадратовых мэтраў, але ўсё ж такі маглі даць нейкі прытулак пагарэльцам. Але тое, што ацалела, або абтушылі ці адбудавалі па адыходу нямецкіх карнікаў, было панішчана ў другую блякаду партызанаў немцамі ў жніўні-верасьні 1943 году. Тады ж у другую блякаду улетку 1943 году дадаткова было забіта немцамі й шэраг навусьцянскіх жыхароў, што ацалелі пасьля першай блякады ў ліпні-верасьні 1942 году. Гэта радзіна Лойкаў і Матрона Шыбут.


Але, нягледзячы на тыя нямецкія карныя блякады, хтосьці з навусьцянцаў усё ж такі ацалеў. Хтосьці хаваўся ў зямлянках ды буданах у лесе (як шэраг Шыбутаў), або быў у партызанах і не забілі ў баёх (яе Уладзімер Комса, Пятро, Маруся, Феадосія і Алесь Шыбут). Частка гэтых навусьцянцаў выжыла і пасьля вайны перш за ўсё яны засялялі тое спаленае навусьцянскае мейсца. Хаты сталі адбудоўвацца ўжо ў 1944 годзе, як савецкія войскі пагналі немцаў назад з беларускіх земляў і вайна адышла на захад ад Налібоцкай пушчы. Напрыклад, ужо ўлетку 1944 году была адбудавана невялічкая хата Ўладзімірам Шыбутам на папялішчы даваеннай хаты. Гэта хата ня мела падлогі і была з дранкавай страхой, але нейкую печ нават з комінам зрабілі.


З жыцьця Навусьці пад час той вайны акрамя яе зьнішчэньня 6 верасьня 1942 году стала вядома некалькі чымся значных гісторый. Першы зь іх, то як дзьве дачкі (Ніна і Геня) партызана Ўладзімера Комсы хаваліся з бабуляй Ганнай (даваенная жонка Ўладзіміра памерла перад вайной) у зямлянцы на грудах-выспах пры багеннай даліне Волькі, а Ўладзімер патаемна наведваў і прыхарчоўваў іх. Інакш напэўна б яны не выжылі, бо есьці ў бабулі анізваньня не было чаго. Толькі тое, што неяк садзілі па маленькіх схаваных гародах, а таксама тое, што можна было знайсьці ў лесе. Улетку гэта былі разнастайныя ягады і грыбы, страўныя часткі аеру, заячча капуста, карані пухоўкі ды чартапалоху. Таксама спрабавалі лавіць рыбу ў воднай расьліннасьці пры беразе Волькі. Узімку таксама капалі карані тых жа пухоўкі ды чартапалоху, елі алешнікавую парахню з перамёрзлай калінаю. Штось перападала ад некаторых ацалелых аднавяскоўцаў, якія як і яны хаваліся па лесе вакол былой Навусьці.



Гэтыя старыя ліпы, што непадалёк былога вышэйшага мосту на Вольцы, ёсьць нямыя сьведкі ўсіх тых драматычных і трагічных здарэньняў у Навусьці ў двадцатым стагодзьдзі, 2019 год.
Гэтыя старыя ліпы, што непадалёк былога вышэйшага мосту на Вольцы, ёсьць нямыя сьведкі ўсіх тых драматычных і трагічных здарэньняў у Навусьці ў двадцатым стагодзьдзі, 2019 год.

Вядома, як ратаваўся Караль Шыбут, што пасьвіў быдла пад час знішчэньня Навусьці нямецкімі карнікамі. Ён як пачуў гвалт у Навусьці, то адразу пабег да сваёй хаты. З мяжы леса ўбачыў, што іхняя хата гарыць. Бачыў шмат немцаў, бачыў, што гараць абедзьве Юшкевічавы хаты. Адразу жа пачуў справа стрэл, убачыў, як заваліўся хтось з вясковых мужыкоў, верагодна, Хведар Юшкевіч. Стаў ратавацца ўцёкамі па трысьнягам ў даліне Волькі. Некалькі гадзін праляжаў у заломах трысьнёгу. Потым дабраўся да выспаў на правам баку даліны Волькі. Яны былі парослыя густым лесам з вялікімі елкамі. Вылез на найбольшую з выспай. Сціхыўся. Караля калаціла ад спазнанай жудасьці, хваляваньня за лёс маці, брата і дзьвух сясцёр. Пазьней ён з жахам даведаецца, што менавіта ў гэтыя гадзіны ягоная радзіна гарэла жыўцом у стадоле ў Паўдарожжы. Раптам Караля скаланула думка, а што калі немцы пачнуць прачосваць гэтыя скрытныя мейсцы. Здагадацца было лёгка, бо не ў барох жа будуць хавацца зьбеглыя навусьцянцы, а менавіта ў нетрах даліны Волькі й абапал. Караль выбраў высокую елку з густой кронай, угледзеў мейсца на той елцы, дзе яго ня будзе відаць зьнізу. Залез туды і зрабіў штосьці кшталту сядзёлка з сухіх яловых галін і лапак. Сеў і прыслухаўся, а неўзабаве пад ім прайшлі немцы, што насамрэч прачосвалі навакольле Навусьці. Гэтак ён хаваўся на той выспе некалькі содняў. Уначы спаў пад вываратом вялікай елкі са стараны камля, дзе была суха і досыць утульна. Адылі ўначы ўсё-роўна мёрз. Удзень то шукаў пад'есці нейкіх чарніц або брусніц, то сядзеў на той елцы. Перасьцярога была не залішняй, бо немцы праходзілі яшчэ раз. Вырашыў пайсьці далей, уніз па цячэньню Волькі ў бок вялікай выспы (каля аднаго квадратовага кілямэтра), пашукаць згубленае быдла й абсталявацца больш пасобным сховішчам. На рагу Валяваткі нечакана сустрэў Уладзіміра Шыбута. Той завёў да сваіх, што хаваліся ў зямлянцы, замаскаванай зьверху імхом. Яго накармілі печанай бульбай. Даведаўся, што мыку і цялушку тыя сваяцкія Шыбуты знайшлі. Ужо Шыбутам была вядома трагедыя ў Пулдарожжы. Аб тым ім паведзіў Норберт Юрэвіч з Яськава, якога Ўладзімір таксама выпадкова перастрэў у лесе, як хадзіў на нейкую выведку сытуацыі. Караль даведаўся, што ягоныя родныя пакутліва загінулі. У хлапечай істэрыцы папракнуў Уладзіміра і Ксавэры Шыбутаў, што тыя самі ўратаваліся, а ягоных крэўных не павзвалі з сабою, не ўратавалі. Уладзімір абурыўся, а Ксавэры даводзіў, што ягоная маці Фрэдэрыка і слухаць не хацела, што б уцякаць, бо цябе не было на панадворку. Яна меркавала, што яе з дзецьмі не зацэпяць, што лепш дачакацца Караля. Адылі нейкая сварка ўсё-роўна адбылася і Караль сышоў. Праз некалькі дзён ён апынуўся ў Кляцішчы, якое немцы ў 1942 годзе не знішчалі. У некага жыў, потым пасьля таго, як немцы спалілі Кляцішча летам 1943 году, хаваўся у лесе з габрэйскай групай Зорына, гэтак і перажыў вайну.


Наступная значная вядомая гісторыя, як усё тая жа радзіна Ўладзіміра Шыбута з каровай і цялушкай перажывалі вайну на грудзе-выспе Валяватка, што ў багеннай даліне Волькі на адлегласьці да двух кілямэтраў ад Навусьці, і тамака напрадзім'і 1942 году іх неаднаразова атакавалі ваўкі зграяй каля дзесяці асобнікаў. Абараніцца былі толькі сахор ды дзьве сякеры, якіх ваўкі не надта палохаліся. Вынікам шматлікіх супрацьстаяньняў цялушку ўберагчы не змаглі. Ваўкі яе забілі й зьелі. Мыка ацалела. Стары бацька Ўладзіміра Ксавэры Шыбут быў моцна пакусаны ваўкамі за нагу, а два ваўкі былі напэўна смяротна паранены сахорам. Адзін зь іх так і зьбег з сахорам у сьпіне. Тая Шыбутава нага кепска зажывала й лекавалася ледзь ня ўсю рэшту вайны. Мяркуецца гэтак, што Ксавэры ўрэшце памёр, бо на выспе Валяватка непадалёк ад рэштаў тых зямлянак відаць чыясьці магіла.


На капцы Матроны Шыбут пад час беларуска-польскай акцыі аднаўленьня магіл ахвяр нямецкага фашызму пад час Другой сусьветнай вайны ў Налібоцкай пушчы, лістапад 2018 года.

Яшчэ адна трагічная гісторыя - гэта як позьняй восеньню 1942 году да састарэлай Матроны Шыбут прыблудзіліся два габрэйскіх хлопчыкі, якія прасілі прытулку і паратунку. Матрона жытлавала на бліжэйшым да Навусьці-вёскі зарэчным груду, дакладнее ў зарослым дрэвамі рагу гэтага грудку. Гэтакім чыгам яе маленькая хатка стаяла на вотшыбе таго груду і была незаўважнай. Мужык Матроны Ануфрый памёр яшчэ да вайны у 1933 годзе. Матрона прытуліла тых хлопчыкаў, а потым давялося даглядаць яшчэ двух іншых хлопчыкаў, бацька якіх быў у партызанах. Нехта данёс немцам. У жніўні 1943 года Матрону з двума хлопчыкамі немцы забілі на зарэчных Навусьцянскіх грудах, дзе па загаду немцаў састарэлая Матрона сама капала сабе магільную яму. Матрону застрэлілі, а дзяцей нямецкія карнікі забілі насьмерць дрынамі. Двое другіх хлопчаў (невядома якіх) неяк уцяклі , і лёс іх невядомы.


Матрона Шыбут была вельмі цікавай асобай і тутай хацелася паведзіць штось вядомае пра яе даваеннае жыцьцё. Тая Матрона з Навусьці паходзіла з дробна-шляхецкага роду з-пад Вільні і стала Шыбут па шлюбу. Недзе ў пачатку 1880-ых гадоў яна вывучылася на фельдшара ў Віленскай медычнай вучэльні. Матрона пачала працаваць у Віленскім навакольлі як асыстэнт лекара-інфэкцыяніста. Праз некалькі гадоў яна была паслана ў Ашмянскі ўезд, мястэчка Бакшты, што ў Налібоцкай пушчы. Яе накіравалі ў дапамогу тамтэйшым лекарам, якія з цяжкасьцю давалі рады заразным хваробам, што надта распаўсюдзіліся. Па дадзеным тагачаснай статыстыкі толькі ў 1886 годзе ў Ашмянскім павеце воспай і тыфам хварэла больш тысячы чалавек на кожную зь іх, шкарлятыну і крывавы дрыстун – крыху менш за тысячу чалавек на кожную, дыфцярык, халера, адзёр і сыбірская язва – таксама пад тысячу чалавек у сукупнасьці. Сьмяротнасьць ад захворваньня складала да 40%, і гэта толькі тое, што трапіла ў статыстыку. Часам цягам некалькіх гадоў людзі паміралі цэлымі радзінамі і ледзь ня вёскамі.

Неяк Матрона пазнаёмілася з Ануфрыям Шубутам з Навусьці, які лекаваўся ад адной з гэтым хвароб у Бакштоўскім лекарскім бараку. Матрона выхадзіла Ануфрыя, той напоўніцу акрыяў і стаў вітаць да Матроны ў Бакшты. Праз нейкі час Матрона і Ануфрый пабраліся шлюбам. Адразу яны жытлавалі ў Бакштах, бо Матрону не адпускалі з працы ў мэдычным бараку. Але памалу тая хваля эпідэмій сышла, і Матрона вызвалілася з гэтай далёка не самай лёгкай і не самай бясьпечнай працы. Ануфрый і Матрона перабралася на жыцьцё ў Навусьць, дзе дажывалі свой век бацькі Ануфрыя. Ануфрый займаўся жывёлагадоўляй і бортніцтвам, Матрона працягнула лекаваць людзей але ўжо саматужна. Таксама Матрона аказвала і нейкія вэтэрынарныя паслугі. Сьцісла кажучы – дзьверы іхняй хаты не зачыняліся. Акрамя звыклай дапамогі людзям з заразнымі хваробамі кшталту халеры, воспы або тыфу Матрона пачала прымаць роды, упраўляць вывіхі, зьнімаць сполах, дапамагаць людзям з хваробамі страўніка і вантробаў, лекаваць рожу і іншыя скураныя хваробы. Матрона шмат карысталася лекавымі травамі, якія добра ведала яшчэ ад бацькі, які слыў траўнікам. Акрамя таго недзе раз на месяц Ануфрый езьдзіў коннай фурманкай па лекі і патрэбныя прылады да аптэкі ў Наваградак або Валожын. Матрона была вельмі уважлівая, рахманая і спагадлівая жанчына. Людзі нават цягнуліся да яе за цёплым словам асабліва калі напаткалі злыбяду. Таму можна сказаць, што Матрона аказвала і псыхалягічную дапамогу. Словам, Матрона была Навусьцянскай і навакольнай амбуляторыяй у тыя даволі хваравітыя часы.

Сядзіба Матроны і Ануфрыя разьмяркоўвалася на выспавым груду плошчай каля чатырох гектараў, які быў з усіх бакоў аточаны травянымі багнамі. З поўдня ад гасьцінца Івянец-Бакшты да іхняга груда вяла конаездная дарога, якая прахадзіла паўз першую Валяватку (адзін з хутароў Навусцянскага Зарэчча) а потым па трохсотмэтровай грэблі. З паўночнага боку ад іхняй сядзібы была багенная даліна рэчкі Волька а за ёю Навусьць-вёска (асноўная частка Навусьці). Ведаючы заразнасьць хвароб да і з патрэбы нейкіх умоў, перш за ўсё з патрэбы асобнага значнага пакоя для лекаваньня Ануфрый зладзіў асобны будынак для лекарскай працы Матроны. Паступова асноўным даходам радзіны Ануфрыя і Матроны стала Матроніна саматужна лекарская дзейнасьць. Ануфрый значна паменшыў жывёльную гаспадарку і ў асноўным працаваў па ўсялякай дапамозе Матроне. Дзяцей у іх неяк не было.

Надышоў час Першай сусьветнай вайны. Ануфрыя мабілізуюць у расейскае войска. У 1916 годзе ён вяртаецца з вайны калекам без адной нагі. Жывёльнай гаспадаркі яны амаль што ўжо не трымаюць, можа толькі курэй ды гусей. Матрона працягвае лекаваць. З таго і жывуць. Недзе напрыканцы 1930-ых гадоў яшчэ бацькоўская вялікая хата ды ўсе гаспадарчыя забудовы згараюць нейкім чынам. Ужо састарэлыя Ануфрый і Матрона перабіраюцца жытлаваць у іхнюю амбулаторыю. У 1933 годзе на 81-ым годзе жыцьця Ануфрый памірае. Матрона застаецца адна, жытлуе ў той маленькай лекарскай хаце і па-ранейшаму на колькі ёсьць у яе моц неяк лекарскі дапамагае людзям. З гэтага жыве, а таксама трымае даволі шмат гусей, якія гадуюцца на траве ды ўсяго таго, што знойдуць на недалёкай рэчцы Волька. Таксама трымае курэй. Родны малодшы брат Ануфрыя Аляксей, які жыве на суседнім большым груду, шмат дапамагае Матроне.


Па Другой сусьветнай вайне ацалелыя навусьцянцы аднаўлялі хаты і панадворкі. У 1960-х гадох Навусьць традыцыйна складалася з вёскі і зарэчных хутароў, або проста Зарэчча. Зарэчча ў сваю чаргу складалася з Козе Пенна, Зарэчных грудавых выспаў (Гарадовічскіх грудоў) і Жданкоў. Апошнія два да вайны найменавалі як Валяватка. Гэтак жа яны зазначаны на польскай мапе 1920-х гадоў. Зарэчныя выспы былі зусім побач да Навусьці-вёскі, але Жданкі й Козе Пенна былі больш аддаленыя.


У 1960-х гадох у Навусьці-вёсцы было сем двароў. Чатыры сядзібы цягнуліся ўздоўж рэчкі Волька. Па яе цячэньню спачатку была хата Івана Шыбута з жонкай Нінай, пазьней пасьля Нінінай сьмерці, з сужыцельніцай Флёрай. Далей была сядзіба Міхала Шыбута з жонкай Валяй. Ніжэй па цячэньню Волькі быў двор Уладзіміра Комсы з жонкай Ганнай (у дзявоцтве Шыбут, родная сястра ўжо прыгаданага Івана Шыбута). Далей, апошняй уніз па Вольцы была сядзіба другога Міхала Шыбута з жонкай Лідай. Ад рэчкі ў бок лесу былі яшчэ тры сядзібы . Самая крайняя хата пры лесе па дарозе ў Юраўск належыла Яўгену Шыбуту (другому сыну Ўладзіміра Шыбута) з жонкай Рамуальдай, або па-простаму Ромай. Недалёка ад іхняй хаты ў бок Волькі была хата Марылі Шыбут (ейны мужык Яўхім памёр раней), потым хата яе сына зноў-такі Міхала Шыбута з жонкай Зосяй.


У Козе Пенна былі тры двары. Ад Волькі ў лес на ўсход былі сядзібы Жыльневічаў (Віктар з жонкай Юзэфінай або проста Юзэфай, якія мелі некалькі дзяцей), потым Незабудак (Іван з жонкай Кацярынай і з дзецьмі), потым Садоўскіх (Баляслава з жонкай Генуэфай, або проста Геняй, сын Уладзімір і дачка Марыя). Недалёка ад іх на паўднёвы захад жыла радзіна Рыбіцкіх (Іван з жонкай Міхалінай).


Далей пад рэчку Вольку жытлавалі Шчэрбацэвічы (Аляксандр з жонкай Яўгеніяй, якія мелі толькі адну дачку Марыю). Марыя пабралася з Богданам Касьпяровічам, і яны таксама мешкалі тамака аж пакуль ужо нажыўшы трынаццаць дзяцей ня выселіліся ў Яськава-Гвінты.


Марыя Шчэрбацэвіч у 1960-х гадох, яе бацька Александр Шчэрбацэвіч у 1990-х гадох.

Богдан Касьпяровіч і яго жонка Марыя (у дзявоцтве Касьпяровіч) у 2014 годзе каля свайго двара ў Яськава-Гвінты.


На двух Зарэчных выспах, што да вайны клікалі Валяваткай, у асноўным жытлавалі браты Гарадовічы. На бліжэйшым грудзе да Волькі быў двор Лукаша з жонкай Дашай. На далейшым грудзе ад Волькі жыў Якім Гарадовіч з жонкай Веранікай. Абедзе Гарадовічская радзіны мелі дзяцей. Па вайне на тыя груды ўсё часьцей кажуць як Гарадовічскія, а не Валяватка. Далей уніз па цячэньню Волькі ў трэцяй даваеннай Валяватцы па-ранейшаму мешкалі Віршычы (Станіслаў з жонкай Алесяй і дзецьмі). Тое мейсца сталі клікаць як Жданкі, а за найменьням Валяватка застаўся толькі хутар Сабалеўскіх, што недалёка ад Каменнай Слабады.


Хутар Віршычаў у Жданках, пачатак 1980-х гадоў. Стась Віршыч на сваім панадворку, 1960-я гады.


На фота Баляслаў Садоўскі з Козе Пенна ў 1970-я гады; Баляслаў Садоўскі з бацькам Іванам каля бацькоўскай хаты ў Зьвярынцы ў 1940-м годзе пасьля паляваньня на глушцоў і цецярукоў; Баляслаў Садоўскі з Ленардам Юрэвічам і Алёндзікам Мазалеўскім на сваім падворку пасьля задачнага паляваньня на ваўкоў у 1971 годзе; і зноў Баляслаў Садоўскі з Ленардам Юрэвічам са шкурамі рысяў, што былі імі напаляваны за зіму 1964-1965 гадоў . Фота з калекцыі Марыі Садоўскай.


То нежылая хата Садоўскіх у Козе Пенна ў 2013 годзе. Цікава, што да 2010-х гадоў у Навусьці (улучна Козе Пенна) засталося толькі сем хат. Амаль што ўсе яны шмат зьменены падбудоўкамі й перафарбоўкамі новых гаспадароў, і толькі хата Садоўскіх засталася ў тым нязьменным выглядзе, як яна была з канца 1950-х гадоў.



На гасьцінцы Івянец-Бакшты непадалёк Навусьці ў 1960-я гады. Фота з калекцыі Сабалеўскіх.
На гасьцінцы Івянец-Бакшты непадалёк Навусьці ў 1960-я гады. Фота з калекцыі Сабалеўскіх.
То стан ранейшай дарогі ад Навусьці на Юраўск у 2000-гады.

Паміж Навусьцю-вёскай і Зарэччам былі два драўняныя масты: вышэйшы і ніжэйшы па цячэньню Волькі. Вышэйшы мост накіроўваў коннаездную дарогу ў бок Козе Пенна й да гасьцінцу Бакшты-Івянец і дарогі ў бок Дарагуні і Рума. Гэты мост перажыў вайну і парушыўся напрыканцы 1970-х гадоў. Ніжэйшы мост таксама існаваў па вайне і парушыўся напачатку 1970-х гадоў. Палі абодвух мастоў да гэтай пары відаць на Вольцы. У супрацьлеглы паўночны бок ад Навусьці-вёскі вяла толькі адна дарога на Юраўск у бок Іслачы. Дарога з боку Дарагуні была пабудавана пазьней напачатку 1980-х гадоў. Менавіта гэта жвіроўка і стала асноўнай дарогай пазьней і да гэтага часу.


Дагэтуль відаць палі вышэйшага мосту, 2019 год.
Асноўная дарога ў Навусьць з боку Дарагуні ў 2013-2015 гадох.
Кавалак той вузкакалейнай чыгункі на дзялянцы ад Новага Двору да Козе Пенна прыблізна ў 1933-35 гадох у закінутым стане. Фота з калекцыі Садоўскіх.

Цікава, што да вёскі Навусьць, дакладнее да бліжэйшага да Навусьці-вёскі канца Козе Пенна даходзіла вузкакалейка зь Івянца, якая існавала з 1922 году па 1935 год. Апошнія шэсьць гадоў кавалак гэтай вузкакалейкі ад Поўдарожжа да Козе Пенна не ўжавыўся, калі прыблізна і зроблена было гэта фота. У 1935 годзе яна была разабрана польскімі уладамі і тутэйшымі сялянамі. Нават цяперака ў яе навакольлі на кожным сялянскім падворку ў тым ліку і ў Навусьці можна знайсьці рэйкі ад той чыгункі. У 1920-х гадох перасоўваньне па вузкакалейнай чыгунцы ад Івянца да Козе Пенна адбывалася цягніком зрэдку. У асноўным вагоны (2-5) цягнулі конна па 4-6 моцных коней. Фактычна, то была першая вузкакалейная чыгунка ў тэрэне Налібоцкай пушчы. Яна была пабудавана ў 1907 годзе з вёскі Вайгняты да вёскі Букатава, якая потым у 1922 годзе была значна падоўжана й перасекшы раку Бярэзіну паміж вёскамі Навасёлкі й Барценіха й была пракладзена пушчай да мястэчка Валожын, потым на мястэчкі Першай, ды Івянец і далей да хутара Козе Пенна. Узгодна з тагачаснай польскай мапай (А33 В33 Iwieniec) гэта вузкакалейка была пракладзена ад Івянцу на вёску Серкулі, потым на вёскі Дайнаву, Паўдарожжа, Новы Двор і потым на Козе Пенна. Агульная яе даўжыня была 94 км.


Гэта мейсца на пясчанай выдзьме паміж Козе Пенна і Навусьцю-вёскай, дзе быў тупік той вузкакалейнай чыгункі з Івянца, дакладнее разварот той чыгункі ў супрацьлеглы бок па колу вакол выдзьмы. Цяперака гэта маляўнічае мейсца аблюбавана ваўкамі.


Жыцьцё ў пасьляваеннай Навусьці напрыканцы 1940-х гадоў і аж да пачатку 1970-х гадоў было цяжкім, складаным, драматычным і нават гаротным. Вельмі цяжка працавалі, каб выжыць. Шмат у чым карміў лес і рэчка, але патрэбен быў хлеб і бульба, мяса, тлушчы й малако. Таму калі канчалася цяжкая праца на савецкую, пераважна лясную гаспадарку, то пачыналася не менш цяжкая праца на падворку і на скупых Навусьцянскіх нівах. Што тычыцца савецкай гаспадаркі, то навусьцянцы працавалі на лесапавале, коннай трылёўцы леса да Волькі, сплаву дрэўны да Бярэзіны і далей да Нёмну. У Навусьці блізу хаты Міхала Шыбута была адбудавана стадола (канчаткова парушана ў 2010 годзе), дзе разьмяркоўваліся коні-цяжкавозы, што працавалі на тралёўцы лесу з людзьмі-наймітамі ад Бакштанскага леспрамгасу. Шмат працавалі на падсочцы бароў, загатоўцы і перавозу сена.


Навусьцянцы пад час коннай трылёўкі лесу недзе недалёка ад Волькі, 1950-я гады. З калекцыі Марыі Садоўскай.


Навусьцянская конная стадола, закінутая і напаўразваленая ў сярэдзіне 2000-х гадоў.


Асобна трэба паведзіць пра загатоўку ў Навусьці сена. Сенаваньне на Волькаўскім поплаве звычайна адбывалася цягам ледзь ня двух тыдняў. Сенавалі як калгасы, гэтак і асобныя радзіны. Усе нават маленькія галявінкі ў даліне Волькі былі строга разьмеркаваны паміж сеназагатоўшчыкамі. Прыезжыя сеназагатоўшчыкі жылі ў буданах, зробленых з жэрдзяў, крытых сенам. Паліліся вогнішчы, на якіх жанкі гатавалі страву. Побач стаялі конскія вазы, пасьвіліся коні. Сена разьмяркоўвалі ў стажкі пры жэрдках з адонкам. У час сенаваньня на поплаўным лузе ды ў навакольных лясох паўсюль чулася людзкая гамонка. То быў час цяжкай працы, але і чымся святочны час. Вядома вечарамі пілі шмат гарэлкі. Два разы ў 1980-х гадох я пад час маіх пушчанскіх вандровак трапляў на гэтакія начоўкі на сенаваньні пры Вольцы. Засталося значнае адчуваньне калярыту пушчанскага жыцьця аж дагэтуль. Дагэтуль памятую твары тых людзей і іхнюю гамонку.


Забіралі сена пераважна на санях узімку. Адвоз сена са стажкоў кантраляваўся кімсьці з навусьцянцаў па загаду сельсавета. То была сьцьверджаная Бакштанскім сельсаветам або калгасам праца па найму, за якую выплочвалі грошы. Досыць працяглы час на гэтай пасадзе ў Навусьці працавала Рома Шыбут. Апошнія значныя сенаваньні мы бачылі каля Навусьці напрыканцы 1980-х гадоў. Потым гэта кудысьці зьнікла, і напрыканцы 1990-х гадоў аніводнага стажка ў абалоні Волькі не было відаць. Не было і касцоў.


Стажкі сена на абалоні Волькі паблізу Навусьці, 1983 год.


Напрыканцы 1940-х, у 1950-я і нават на пачатку 1960-х гадоў шмат хто з навусьцянцаў часам галадаў, што недаядалі то пэўне ж. Жылі ў малых пераважна без падлогі сьцюдзёных хатах, а трысьняговыя і саламяныя стрэхі тых сялібаў цяклі ў залевы. Але грэла свая зямля, свой родны кут, спадчына, свае натоптаныя сьцежкі і знаёмыя з маленства пушчанскія мясьціны. Напрыклад, Уладзімір Комса, як ушанаваны партызан, быў запрошаны на зыскоўную працу ў Бакшты і нават у Іўе. Але ён адмовіўся ад прапанаванай пасады і застаўся адраджаць сваю спадчынную Навусьць.

То адбудаваная Ўладзімірам Комсам хата на беразе Волькі ў 1952 годзе; Ганна Шыбут на працах у Нямеччыне ў 1943 годзе; партызан Уладзімір Комса ў 1944 годзе; іхняя дачка Ліда напрыканцы 1950- гадоў; ды Ўладзімір Комса ў Навусьці ў 1970-х і 1980-х гадох. З калекцыі Ганны Комса (у дзявоцтве Шыбут).


Не ўсё адбывалася мірна і дабром. Шмат было міжусобных сварак і звадаў, сутычак і паведамленьняў куды трэба, каб аслабіць а то і зьнішчыць непрыяцельскі бок адпаведнымі дзеяньнямі савецкай улады. Напрыклад, паводле слоў Ромы Шыбут, яна дачулася, што наважыліся напісаць данос на яе мужыка Яўгена, што, маўляў, ён краў калгаснае сена. Рома пайшла да тых даносчыкаў і прыгразіла, што калі данос адбудзецца, то спаліць іхнюю хату. Спалохаліся, адступіліся, данос ня быў дасланы.


Паводле аповядаў Ганны Комса і Ромы Шыбут, Уладзімір Комса з Яўгенам Шыбутам снеяк у лесе клусавалі лася на ежу, а родны брат Міхал Шыбут данёс аб гэтым куды трэба. Было шмат праблемаў у сувязі з усім гэтым ва ўсіх трох радзінах ледзь не цягам году. Яўген Шыбут паўтара гады адбыў у астрозе. Уладзіміру Комсе пашанцавала балей, і ў астрог ён ня трапіў, бо быў ушанаваны ўзнагародамі партызан.


Паводле слоў Тацяны Мазалеўскай (у дзявоцтве Касьперовіч) і Ліды Комса, нэрвовы Іван Шыбут зьбіваў жонку Ніну. Нінін бацька Уладзімір Комса заступаўся за дачку, але відаць ня досыць. Ўрэшце яе параліхавала й яна адпакутаўшы чатыры гады сканала ў трыццаць гадоў. Трое ейных дзяцей часта галадалі, і каб не клопат некаторых аднавяскоўцаў (перш за ўсё Марыі Касьперовіч і яе дачкі Тацяны, а таксама Ромы Шыбут), то яны напэўна маглі памерці бы з голаду. Па іхніх словах бацька Іван ані ня дбаў аб дзецях. Пасьля сьмерці гаротнай Ніны Іван узяў сужыцельніцу Флёру, лёс якой стаўся яшчэ больш трагічным. У Флёры нараджаецца трое дзяцей ад Івана. Адно немаўля памірае. Нярэдка Іван зьбівае Флёру на вачах у дзяцей, і ўрэшце Флёра жорстка забіваецца Іванам. За зверства Івана Шыбута пасадзяць у астрог пажыцьцёва, але тамака яго забівае дрэва на астрожным лесапавале ў 1988 годзе.


Ніна Комса ў пачатку 1960-х гадоў, яе дачка Ганна напрыканцы 1960-х гадоў, Іван Шыбут у 1970-х гадох.


Безумоўна недзе і неяк і ў Навусьці было жыцьцёвае шчасьце, сяброўскія дачыненьні, свае радасьці, сьвяты й гулянкі. Напрыклад, радзіна Богдана і Марыі Касперовічаў мела аж трынаццаць дзяцей і да апошняга часу Богдан з Марыяй ужо састарэлыя па-сяброўску езьдзілі на конным возе ў Навусьць з іхняй цяперашняй хаты ў Гвінтах. Як Марыя памерла, то сьвечкі на ейным капцы гарэлі больш за год амаль што няспынна, а Богдан быў на магіле ледзь не штодзень першыя месяцы болю. Хіба то не адлюстраваньне людзкой блізкасьці й адданасьці.


Богдан і Марыя Касьпяровічы на конным возе ў Навусьці, 2014.

Але цалкам ваеннае і адразу паваеннае людзкое жыцьцё ў Навусьці нам уяўляецца пеклам у параўнаньні з цяперашнім жыцьцём у Налібоцкай пушчы, ды ў Беларусі ўвогульле, якое на тым гаротным тле бачыцца раем. Таму часам сорамна і няёмка за суайчыньнікаў, якія шмат наракаюць і скардзяцца на невыгоды жыцьця тутай, напрыклад, у параўнаньні з заходнімі эўрапейскімі краінамі. Кажуць, во беларусы занадна талерантныя, занадта спакойныя і памяркоўныя, ім бы толькі б не было вайны. А нам дык з гледзішча тых навусьцянскіх трагедый пад час Другой сусьветнай вайны й адразу апасьля, то насамрэч абы не было вайны.


То ядун у Навусьці.


Распавядаючы пра Навусьць, нельга не прыгадаць аб ядуне й аб адным драматычным здарэньні, што было ўлучана зь ядуном недзе напачатку 1960-х гадоў. Улетку навусьцянцаў моцна прыгнечвала заедзь (званцы, сьляпні, авадні ды машка), асабліва з сярэдзіны траўня і аж па пачатак жніўня. Абазначаючы гэты пэрыяд, ніхто з навусьцянцаў амаль што не ўжываў звыклыя найменьні адпаведных месяцаў, а проста казаў, што тое ды тое было ў ядун, гэтак важка на жыцьцё навусьцянцаў уплывала заедзь. Перш за ўсё пакутвала быдла і патрэбен быў адмысловы догляд за мыкамі й коньмі, і адпаведны распарадак дню сялян. Быдла пераважна пасьвілі ў гадзіны, калі актыўнасьць заедзі была найменшай. Астатні час быдла стаяла ў хлявох. Але як то было ўладкаваць жыцьцё статка, якое хавалі ў лесе без хлявоў, бо паводле слоў Ромы Шыбут у 1950-я і 1960-я гады дазвалялася толькі адна карова і конь на двор. Адылі навусьцянцы трымалі нашмат балей (прыблізна 10-30 галоў дадатковацалкам на вёску).


Дадатковы недазволены статак хавалі разам у лесе і па чарзе пільнавалі і даглядалі. У гэтым заўжды была згода аднавяскоўцаў, і цікава, што ніхто за ўвесь той час не паведзіў аб гэтым усеагульным парушэньні куды трэба. І вось аднойчы недзе ў пачатку 1960-х гадоў, як раз у ядун у Навусьць на коннай брычцы прыехаў кантроль савецкай улады, напэўна хтось з сельсавету з упаўнаважаным прадстаўніком з адміністратыўнага раёну. А недазволены статак дакладна ў гэты час, калі тыя кантралёры былі ў Навусьці, зьбег ад заедзі з адстойнага мейсца і прыбег у вёску. Узьнікла небясьпечная для навусьцянцаў сытуацыя, і як пераказвала Рома Шыбут, было б надта кепска ўсім, але ўратаваў пачастунак з выдатнай самагонкай, на што кантралёры пагадзіліся. Але лішку мыкаў у хуткім часе давялося збыць.


У 1970-я й 1980-я гады жыцьцё навусьцянцаў значна палепшыла. Ужо добра елі, было досыць вопраткі й абутку, былі развойныя собкія гаспадаркі ў тых радзінах, што мелі досыць працоўнай моцы і не пілі зашмат гарэлкі й ня гультайнічалі. Накапліваліся на банкаўскіх кніжках і ў собкіх схованках савецкія грошы. Напрыклад, Рома Шыбут шмат савецкіх грошаў хавала ў панчосе, якую ў сваю чаргу хавала канапе. Навусьцянцы пераважна жылі з гадаваньня мыкаў ды япрукоў, гналі, а па-тутэйшаму жэнілі самагонку на продаж, ня кепска расла бульба на навусьцянскіх пясках, добра ўгноеным мыкавым і конскім гноем.


Тутай трэба зацеміць, што ў Навусьці, якая стаіць на беразе рэчкі Волька, заўжды шмат лавілі рыбу: шчапакоў, плоць, яльцоў, акунёў і язёў. Пераважна для лова рыбы ўжывалі крыгу. Крыга зьяўляецца досыць уловістым прыстасаваньнем на невялічкіх рэчках як Волька, але трэба лезьці па грудзі ў ваду, якая не заўжды цёплая.


Кацярына й Іван Незабудкі ды Баляслаў Садоўскі (жыхары Козе Пенна) ловяць рыбу крыгаю на Вольцы блізу Навусьці, 1960 год. Фота з калекцыі Марыі Садоўскай.

Рыбакі наладжваюць крыгу перад ловам у малай рацэ кшталту Волькі. Малюнак Аляксандра Міцяніна. Справа мужык з крыгаю каля Волькі пад Навусьцю, 1990-я гады.


Хочацца добрым словам памянуць апошнюю карэнную жыхарку Навусьці Ганну Комсу, памерлую ў 2018 годзе. Яна насамрэч мела няпросты нораў і нелагодны характар, але вельмі істотна сказаць аб ёй, што яна ў свае 90 і балей гады яшчэ вельмі цяжка працавала па вырошчваньню бульбы, збору грыбоў і ягад (з дапамогаю дачкі Ліды і зяця Міхала), і яна ня бачыла годнага жыцьця без працы, і гэта ейнае працалюбства і працаздольнасьць падаюцца нам аднымі з найкаштоўнейшых вартасьцяў чалавека.


Ганна Комса ў 2010-я гады за працаю з вырошчваньнем бульбы; іхні бульбяны склеп; ды апошняе фота Ганны за пару месяцаў да яе сьмерці.


Ганна Комса моцнымі гукамі (крычыць, бье ў таз) палохае дзікоў, што разьмяркоўваюцца пры канале ў лесе побач і чакаюць ночы. Зруйнаваная дзікамі Комсава бульба, што была імі пасаджана некалькі дзён таму. Пудзіла на Комсавым гародзе. Навусьць, 2016-2018 гады.


Ганна Комса сушыць на пячным прыпеку баравікі. Дачка Ліда, вельмі спагадлівая і дабрадушная жанчына. Навусьць, 2018 год.


Комсава хата ў Навусьці.

У гады інфляцыі пры згасаньні і развале Савецкага Саюзу, у Налібоцкай пушчы стала цяжэй. Змарнелі грашовыя накапленьні раней заможных сялян, напрыклад, паводле словаў Ромы ў яе і мужыка Яўгена Шыбута – аж 27 тысяч савецкіх рублеў; паводле словаў Ганны ў яе мужыка Ўладзіміра Комсы – 31 тысяча савецкіх рублёў. Таксама спрадаўшы частку быдла, каштоўнасьць грошаў хутка зьнікала. Раней, як сяляне спрадавалі быдла, то за гэтыя грошы доўга жылі й яшчэ частка зыску ішло на грашовыя накапленьні. Цяперака заставаўся прыбытак толькі ад спродажу самагонкі. Таму як напрыканцы 1990-х гадоў нелегальны выраб самагонкі ў Налібоцкай пушчы моцна прыціснулі штрафнымі і іншымі карнымі захадамі, то людзі з пушчы, у тым ліку і з Навусьці сталі высяляцца. Засталіся пераважна тыя, хто быў ужо на амарэтуры й атрымоўваў пэнсію.


Акрамя таго, яшчэ ў спрыяльныя савецкія часы выпіралі дзяцей у лепшае жыцьце ў месцы. Пасылалі дзяцей вучыцца і ўладкоўвалі іх тамака ў месцах назаўжды. І гэтак па сягоньня, як тое дзеецца напрыклад у Бакштах, дзе дзеці ўсіх маіх знаёмцаў атрымалі, або атрымоўваюць гарадскія спэцыяльнасьці і ня мяркуюць вяртацца на жыцьцё ў родныя Бакшты. А мы во прыехалі з двума малымі дзецьмі на сталае жыцьцё ў пушчанскія нетры ў Навусьць. Вядома, хвалюемся, што бліжэйшую цудоўную Бакштанскую школу могуць зачыніць, бо нават у Бакштах і шматлікіх навакольных з Бакштамі вёсках ужо замала дзяцей.


То Вінцэськіна школа ў Бакштах і школьны аўтобус, стырнуемы Росьцікам, едзе забіраць нашага сына ў Бакштанскую школу.


Тутай далей фота з нашага навусьцянскага жыцьця у дадатак: як будаваліся, з большага як выглядае ўсяродку, дзе мешкаем мы і нашы госьці, што прыязджаюць пажыць на вёсцы і паглядзець на навакольную прыроду.













637 views0 comments
bottom of page