top of page
  • Writer's pictureVadim Sidorovich

Храптовіцкая жалезная гута ў Вішнева

Updated: Mar 29, 2023

Сааўтар Баляслаў Сідаровіч


На поўначы Налібоцкай пушчы ў мястэчку Вішнева ў 1773 годзе на грошы магната Іоахіма Храптовіча было распачата будаўніцтва вялікай жалезнай гуты, якая інтэнсіўна працавала з 1780 году. Наколькі можна ўявіць цяперака па рэштам забудоў ды друкаваным сведчаньням, гэта мэталюргічны завод быў нават большы чым Налібоцкі. Але ён усё ж не так шчыльна быў улучаны з Налібоцкай пушчай, як то Налібоцкі мэталюргічны завод у Рудні Налібоцкай і Кляцішчах. Адылі, балотная руда й дравесны вугаль здабываліся па ўсёй паўночнай частцы Налібоцкай пушчы, што дае падставы ягонай лучнасьці з гэтым тэрэнам. На жалезнай гуце Храптовічаў у Вішнева былі спачатку доменныя печы, а потым і шэраг пулдінгавых печаў. Увогульле тутай упершыню на Беларусі збудавалі доменную печ. Апроч таго, была вялікая кузьня дзеля мэталічных вырабаў, плюшчыльная машына й кавадлы, якія прыводзіліся ў рух праз механічныя перадачы ад варатнога кола, што круцілася цёкам вады рэчкі Альшанкі. Штотыднёва на жалезнай гуце Храптовічаў выраблялася каля 600 пудоў жалеза. Гута стаяла пры рацэ Альшанцы непадалёк ад скрыжаваньня асноўных Вішнеўскіх дарог. Гутныя будынкі з колатых валунных камянёў з большага захаваліся. Рака была перакрыта дамай. Адпаведны падпор вады й яе плынь праз мураваную пратоку рухала варатное кола. Балотная руда здабывалася ў далінах рэк Гальшанкі, Бярэзіны, ды малых рэчак Клімок і Гасток, а таксама па багенных дзялянках ва ўрочышчах Вялікі Гаст і Барценіха. Дравесны вугаль дзеля выплаву жалеза нарыхтоўваўся паўсюль у навакольных лясох, але пераважна ў заходнем і паўднёва-заходнем накірунку. На гэтай гуце працавала прыблізна ад 150 да 200 чалавек. У гэтым ліку былі не толькі працаўнікі, якія забясьпечвалі выплаў жалеза, жалезныя вырабы й іхні збыт, але й здабычу балотнай руды й часам дравеснага вугалю. Жалезная гута ў Вішнева інтэнсіўна працавала цягам 1780-1870 гадоў, але й пасьля яе спыненьня нейкія працы з жалезам (выплаў у невялікіх памерах дзеля лякальных патрэбаў, кавальскія працы й г.д.) вяліся яшчэ дзесяцігодзьдзямі аж да Першай сусьветнай вайны. Цікава зацеміць, што на гэтай мэталюргічнай гуце магнатаў Храптовічаў ў мястэчку Вішнева некаторы час рабілася зброя для вызвольнага паўстаньня Тадэвуша Касьцюшка 1794 году.


Будынкі Храптовіцкай жалезнай гуты ў Вішнева, якія цяперака прытарнавана дзеля сховішча збожжа тамтэйшым калгасам.

Будынкі Храптовіцкай жалезнай гуты ў Вішнева, якія цяперака прытарнавана дзеля сховішча збожжа тамтэйшым калгасам.



Балотная руда (зьлева), кавалак выплаўленага жалеза (па цэнтру) і цындра, што ёсьць шлакі жалезагутнай вытворчасьці (справа).


Здабыча дравеснага вугалю ў мулёрах. Зьлева яшчэ незасыпаная складніца дрэўны, справа мулёр засыпаны зямлёй і падрыхтаваны да падпалу. Малюнкі Валянціны Цехановіч.

122 views0 comments
bottom of page