Сааўтар Баляслаў Сідаровіч
У Налібоцкай пушчы цягам апошніх дзесяці гадоў з'явілася хутарская авечкагадоўля. Значным штуршком да гэтага быў распаўсюд захворван'ня япрукоў і адпаведная часовая забарона на сядзібнае ўтрыманне гэтай зыскоўнай свойскай жывёлы. Сапраўды, калі немагчыма вырошчваць на мяса япрукоў, то з чаго тады здабываць гэты асноўны харч селяніну? Вось і павярнулася тамтэйшае яшчэ неяк захаваўшаяся сялянства ў бок авечак. А вось мо авечкі дадуць мяса, ды й будзе што яшчэ спрадаць камусь за грошы? Хтось меркаваў, што нават сякі-такі бізнэс з авечкагадоўлі атрымаецца. Перш за ўсё гэтая думка заманулася хутарцам з Козьлікаў і Стаськава пры раскошнай галявіне на сутоках Паўночнай Каменкі й Ізьледзі, а таксама хутарцам і вяскоўцам пры даліне Нёмну, напрыклад з Панямоні, Бору й Галяндэрні.
Сапраўды, здаецца, што чаму не гадаваць авечак? Столькі травы навокал. Няхай яны ядуць летам траву, зімою сена, ня трэба іх падкормліваць хлебам, іншым зернявым кормам як тое робіцца ў выпадку япрукоў або мыкаў. Зыск ад авечак быццам бы відавочны
Авечкагадоўля ў Козьліках і Стаськава. Зьвярніце ўвагу, што авечкі зусім не астрыжыныя.
Мяркуецца, што ня ўсё лёгка з авечкагадоўляй у Налібоцкай пушчы. Перш за ўсё аб гэтым сьведчыць амаль што адсутнасьць гістарычных згадак аб колішняй авечкагадоўлі ў гэтым працяглым леса-багенным тэрэне. Напрыклад, авечкі амаль што не прыгадваюцца ў разнастайных метрыках магнатаў Радзівілаў XVII і XVIII стагодзьдзяў, што датычны ягамостных падлавецтваў у Налібоцкай пушчы то бок Налібоцкага й Дзялятыцкага. Зусім няшмат гістарычных згадак XVIII-XX стагодзьдзяў аб авечках у сельскагаспадарчых нататках, што датычны пушчанскіх ваколіц за выняткам гарыстага й сухадольнага левабярэжжа Нёмну.
Па-другое, у шматлікіх і досыць развойных сялянскіх гаспадарках Налібоцкай пушчы ў 1980-х і 1990-х гадоў, зь якімі аўтар гэтага посту добра быў знаёмы, авечкі на ўтрыманьні былі даволі рэдкай зьявай. Гадавалі з мэтаю мясавытворчасьці мыкаў і япрукоў.Чаму гэтак? Дык праблемы з гэтым крыху вядомы. Праблемныя чыньнікі з авечкагадоўляй у Налібоцкай пушчы наступныя тры. Першае – гэта тое, што беларусы ня звыклыя есьці авечае мяса й звычайна не купляюць яго. То бок няма збыту авечак сярод беларускай большасьці насельніцтва. Як кажуць тыя, хто займаецца авечкагадоўляй, крыху купляюць авечак прыезджыя й тутэйшыя мусульмане, а таксама цыганы. Ніхто не займаецца зборам авечай воўны, і яе амаль што нідзе не купляюць. З-за гэтага авечкі ўтрымліваюцца сялянамі непадстрыжынымі, ад чаго, як кажуць, іхняе мяса надта сьмярдзючае.
Другое й аб'ектыўна вельмі істотнае – гэта пашыраныя захворваньні авечак ва ўмовах увільгатнённых, і пагатоў багенных травастанаў. У Налібоцкай пушчы менавіта гэтакія недарэчныя для авечак травастаны й прэвалююць. Пра тое ў сьвеце ёсьць нямала спэцыяльнага друку, і я ня буду распавядаць на гэты конт, што сам добра ня ведаю. Зацемлю толькі, што шмат небясьпечнага для здароўя авечак улучана зь іхнім паяданьнем разам з травою розных малюскаў (смаўжоў ды сьлімакоў) ва ўмовах увільгатнённых, і пагатоў багенных галявін. Хворыя авечкі часта паміраюць, даюць малы прыплод і таксама нясмачнае сьмярдзючае мяса. Дзе травастаны дазваньня сухадольныя, як напрыклад у Гішпаніі або Італіі, то, нягледзячы на іхнюю беднасьць у параўнаньні з пушчанскімі травастанамі, авечкі тамака добра плодзяцца, хутка растуць і іх смачна есьці. Падаецца, што як не асушай увільгатнёныя й багенныя травастаны ў Налібоцкай пушчы, то ўсё роўна яны будуць поўніцца малюскамі. Атрымоўваецца, што тое для гэтага рэгіёну праблема невырашальная.
Трэці неспрыяльны чыньнік авечкагадоўлі ў Налібоцкай пушчы то ёсьць ваўкі зь іхнім часам зацятым забойствам авечак. З гэтым параўнальна латва змагацца й вядома як, але ж дзе ж ваўкам выжываць як не ў пушчах, а ў Налібоцкім заказьніку й пагатоў? З гэтай нагоды той, хто трымае авечак у Налібоцкай пушчы й асабліва ў Налібоцкім заказьніку трэба лагодна ставіцца да гэтакай воўчай рызыкі й максымальна ашчаджаць сваіх авечак ад ваўкоў усімі магчымымі мэтадамі, але без забойства дарослых ваўкоў і ваўчанят. Дарэчы будзе сказаць, што напады ваўкоў на авечак у Налібоцкай пушчы параўнальна ня частыя, бадай што тое адбываецца зрэдку. Гэта не зьдзіўляе, бо ў Налібоцкай пушчы водзіцца даволі шмат дзікіх капытных жывёл ды баброў, якімі ваўкі й харчуюцца. Ваўкі не дурныя й няма чаго ім рызыкаваць з нападам на авечак, бо і ў лесе хапае спажывы. З другога боку ня буду казаць, што ваўкі ў Налібоцкай пушчы зусім не цікавяцца авечкамі. Цікавяцца, але сяляне, што ўтрымліваюць авечак, так сяк гэту пагрозу прадухіляюць. Як тое дзеецца, глядзіце на фота ніжэй.
Каб прадухіліць напады ваўкоў на авечак хутарцы, што займаюцца авечкагадоўляй, вывешваюць чырвоныя сьцягі ўверсе й шмат драбнейшых сьцяжкоў унізе. Гэтакія сьцяжкі, што разьмяркоўваюць унізе, трэба рэгулярна браць у хату, каб яны прасьмярдзеліся чалавечым жытлом.
Таксама на падыходах да сядзіб ставяць пудзілы, якія абавязкова трэба зьмяняць па выгляду, мейсцу разьмеркаваньня, а таксама наддаваць ім нейкай сьмярдзёжы, што ўлучана з дзейнасьцю чалавека. Гэта можа быць аліва ад рухавіка, або чалавечыя апраўкі й мача.
Трымаюць вялікіх сабак, што ахоўваюць авечак на пашы, але тое небясьпечна для іншых людзей у навакольлі, як тое грыбнікоў, ягаднікаў, да і проста прыродных турыстаў, якіх усё балей у Налібоцкай пушчы. Добра, каб авечкі пасьвіліся пад няспынным наглядам гаспадароў, але тое можа быць занадта накладным. Добра, каб авечкі хоць адна з дзесяці былі са званкамі.
Невялічкія групы авечак ашчадна пасьвіць з мыкамі. Мыкі маюць добрую тактыку абароны ад ваўкоў, могуць нават затаптаць якога то ваўка ў травах. Таму пасьвіць авечак разам з мыкамі дае добры вынік.
Ніжэй можна пабачыць, як авечкагадоўля адбываецца ў Гішпаніі (у Раёхе), дзе на сухадольных пашах вялікія атары пастрыжаных авечак выпасаюць людзі з дапамогаю восьлікаў і невялікіх кемлівых сабак. Але там па назіраньням аўтара за апошнія дваццаць гадоў авечкагадоўля надта паменшылася, як падаецца ў дзесяць і балей разоў.
Opmerkingen