top of page
  • Writer's pictureVadim Sidorovich

Зграя ваўкоў-людажэраў у міжрэччы Нёмна і Бярозы ды вынішчэнне тых душагубаў напрадвесні 1917 году

У гэтым краязнаўчым блозе аб Налібоцкай пушчы я хацеў бы штось паведзіць аб Першай сусьветнай вайне на яе тэрэне, дзе расейска-нямецкі фронт стаяў два з паловай гады. У той час дзясяткі тысяч жаўнераў з абодвух бакоў значна зьмянілі ляндшафт Налібоцкай пушчы, высякая лес і будуя зямлянкі ды франтавыя ўмацаваньні. Гэтыя жаўнеры рымсьцілі ў цяжкіх умовах акопна-зямляначнага жыцьця.Часам зь імі здараліся гостра-сюжэтныя гісторыі, якія цікава бы паведзіць. Я дазнаўся пра шэраг гэтакіх, і таму вырашыў падаць шэсьць зь іх як асобныя бложныя пасты.

Дадзенае апавяданьне ёсьць шостае і апошняе. Яно як і ўсе іншыя на гэту тэму не зьяўляецца напоўніцу дакумэнтальным. Яно ёсьць мастацкая рэканструкцыя падзей на дакумэнтальнай аснове з імкненьнем максымальнага праўдападабенства, але ў нейкіх частках можа ўтрымліваць выдуманыя імёны і мастацкую выдумку другасных падзей, калі бракавала сапраўднай інфармацыі. 


На пачатку лістападу 1916 году ротмістар Ягор Маўчанаў, вярнуўшыся з месячнага адпачынку пасьля лекаваньня ад раненьня, за квартай гарэлкі размаўляў з іншымі афіцэрамі, седзячы за сталом у вялікай сялянскай хаце Макара Жураўля ў вёсцы Бор, што мейсьцілася пры даліне Нёмна ў Налібоцкай пушчы. Ён распавядаў навіны, аб якіх даведаўся ў шпіталі ў Маскве а потым на кароткім адпачынку ў Цьвяры, дзе жытлуе ягоная радзіна. Між іншым Іван распавёў, што ў папулярнай Італьянскай газэце было напісана аб нападах ваўкоў на нямецкіх вайскоўцах пад Аўгустовым у 1914 годзе. Быццам бы вялікая зграя галодных ваўкоў высунулася на поле бойкі адразу па спыненьню агню, і яны ня елі мертвякоў, а прэфэравалі дабіваць яшчэ жывых параненых ды есьці іх. Афіцэры пасьмяяліся над гэтай байкай, сказаўшы, што якую брахню толькі не напішуць, каб прывабіць купляць тую газэту. У тым ліку не даваў веры наконт гэтакіх нападаў ваўкоў на жаўнераў ужо добра падпіты падпаручнік Аляксандар Горскі. Менавіта ён асабліва квяліў з той Ягоравай навіны. Адзін толькі Смаленскі ўраджэнец штабс-капітан Валянцін Каштальян спрабаваў прыводзіць нейкія аргумэнты супраць агульных меркаваньняў і выказваўся за мажлівую праўдзівасьць тых нападаў ваўкоў на параненых нямецкіх жаўнераў пад Аўгустовым.

Валянцін даводзіў, што во ў гэтай Налібоцкай пушчы ўсіх дзікіх жывёл, якімі маглі бы карміцца ваўкі, ужо даўно перабілі вайскоўцы і тутэйшыя жыхары. Засталіся толькі нешматлікія зайцы і крыху баброў, можа дзе-нідзе лось. Ваўкоў ніхто не перасьледуе, іх разьвялося шмат. Таму адно, што яны могуць есьці ёсьць чалавечыя трупы. Насамрэч, тутай во ў гэтай пушчы пры фронце і каля Нёмну і каля Бярозы шмат разоў ужо находзілі паедзеных ваўкамі нябожчыкаў, якія валяліся непахаванымі, а таксама з раскапаных магілаў. Валянцін таксама спрабаваў даводзіць, што калі ніхто ваўкоў не забівае, то яны губляюць звыклы сполах перад людзьмі і могуць напасьці на жывога чалавека нават узброенага. Далей Валянцін казаў, што й тутай бадай што ў нас на гэтым фронце ёсьць ужо нейкія гэтакія праявы. Во некалькі тыдняў таму пад Паташняў пры Бярозе-рацэ нехта загрыз вартавога пры мосьце над Волькаю. Вартавы заснуў, схаваўшыся пад мастом у дождж, стрэльбу паклаў недзе не зусім побач. Гэтак і загрызьлі яго за шыю сьпяшчага. Разьбіраліся, як тое магло здарыцца. Мяркуюць, што нападнікамі былі бадзячыя сабакі а не ваўкі, бо, маўляў, ваўкі палохаюцца людзей. Тое ж самае казалі і пра таго нашага раненага пад Шчорсамі ўвосень мінулага года, якога ўдзень пад варожым агнём забраць не змаглі, а калі да яго падпаўзьлі ўначы, то ён ужо быў мёртвы і паедзены. Перад гэтым надвячоркам чулі жахлівыя ягоныя крыкі, як быццам жывога рэзалі на кавалкі. Падсумоўваючы, Валянцін казаў, што хто яго дакладна ведае, можа цяперака без перасьледу ваўкі ўжо не гэтакія палахлівыя, і гэтыя два выпадкі ёсьць напады ваўкоў-людажэраў. Ніхто з іншых афіцэраў, што вялі ўжо нецьвярозую бяседу за тым сталом Валянціна не падтрымаў.

А далей, як назнарок, здарылася жахлівае і непрадбачанае. Недзе праз месяц ужо на зьмярканьні як раз той самы падпаручнік Аляксандар Горскі вёў двух жаўнераў у разьмеркаваньне роты з каравулу. Ішлі не сьпяшаючыся, размаўлялі даволі гучна. Было яшчэ ня цёмна. Усе траіх былі бяззбройны, бо свае стрэльбы захоўваліся ў роце фактычна каля іх ложкаў. У каравуле каравульныя атрымлівалі іншую зброю ад ачольніка каравулу. Ісьці ў каравул без зброі было парушэньнем усталяваных правіл, але жаўнеры не хацелі пакідаць сваю адладжаную ды вывераную зброю на іншых вайскоўцаў, да якіх ня мелі даверу. Таму негалосная практыка была ісьці ў каравул бяз зброі. Малодшыя чыны афіцэраў, каб ня гнявіць сваіх жаўнераў не працівіліся тым быццам бы дробным парушэньням.

На ўскрайку леса каля вёскі Бор Аляксандр прыпыніўся па малой патрэбе, а жаўнеры высунуліся крыху наперад сажняў на дзесяць. Нечакана на тых двух жаўнераў напала не менш сямі ваўкоў. Аляксандр адразу сьцяміў, што ваўкі моцныя, спрактыкаваныя забойцы, і жаўнерам не адбіцца ад іх. Таму ён у ахоплены моцным сполахам швыдка залез на бліжэйшую елку. На ягоных вачах тыя жаўнеры ў жахлівых крыках загінулі цягам менш за дзесяць хвілін. Адзін зь іх яшчэ падаваў рысы жыцьця, але яго ўжо елі тыя ваўкі. Ваўкоў было дванаццаць. Спатоліўшы голад, ваўкі пачалі разрываць целы тых жаўнераў і штось адцягваць у лес і напэўна хаваць. Увесь гэты час Аляксандр гучна крычаў, зваў на дапамогу. Але ніхто яго ня чуў, а ваўкі быццам бы не зьвярталі на яго ўвагі. Урэшце яны сышлі, але Аляксандр не наважваўся злазіць з той елкі. Ногі і рукі ягоныя здранцьвелі, і здавалася яго цела дубянее ад сьцюдзёнасьці.

Толькі назаўтра раніцай аб тых жаўнерах і падпаручніку спахапіліся і магчыма толькі таму, што сялянка з Бора знайшла на дарозе, што накіроўвалася ў Бор з Любчы, адарваную руку з рэштамі жаўнерскай кашулі. Зь елкі Аляксандр убачыў некалькі ўзброеных вайскоўцаў, якім ён ледзь дакрычаўся сваім асіплым ад крыкаў голасам. Калі Аляксандр неяк зьлез з той елкі, ён быў на мяжы вар’яцтва. Ледзь прытомнага Аляксандра прывялі ў штаб батальёна, дзе ён шчыра, з не пакідаючым яго жахам паведзіў усё, як тое было, камандаваньню батальёна. Сярод прысутных былі і ротмістр Ягор Маўчанаў і штабс-капітан Валянцін Каштальян. Ня гледзячы на жалюгодны выгляд падпаручніка Аляксандра Горскага, камандзір батальёна вынес суровы вырак - разжалаваць Аляксандра ў шарагоўцы за палахлівасьць і невыкананьне правіл нашэньня зброі. Яго не аддалі пад палявы вайсковы суд толькі таму, што хадзіць у каравул і назад у роту без сваёй зброі было ўсеагульным, і ўсе афіцэры пра тое парушэньне ведалі.

Гэтакія агрэсіўныя паводзіны ваўкоў мелі працяг. Цягам сьнежня былі забіты ваўкамі тры жыхары бліжэйшых паселішчаў: пажылая кабета з вёсачкі Камароўскія, ды два падлеткі - адзін з хутара Баркі і другі з хутара Шубін. Да таго ж былі разрытыя ваўкамі ледзь не ўсе нядаўнія пахаваньні забітых або памерлых ад хвароб вайскоўцаў. Падобныя зьвесткі паступалі ад вайсковых аддзелаў, што стаялі вакол хутароў Паташні пры рацэ Бярозе. Камандаваньне зьбянтэжана шукала выйсьце з гэтай незвычайнай пагрозьлівай сытуацыі. Шэраг захадаў перасьледу той воўчай зграі, ня гледзячы на вялікія высілкі, не даў патрэбных вынікаў. Адзін воўк быў забіты і яшчэ адзін быў паранены ды ўцёк. Але не было ўпэўненасьці, ці тыя людажэрныя то былі ваўкі. Патрэбен быў адмыслоўца-ваўчатнік і лепей не адзін, каб дасьледаваць звычкі і хаду той людажэрнай ваўчынай зграі, а потым падрыхтаваць плённы спосаб, як іх зьнішчыць. Цяжка было шукаць гэтакіх ваўчатнікаў, бо кожны хацей адлыніць ад франтавой небясьпекі і нуднага жыцьця.

Адылі неяк гэтакі ваўчатнік быў знойдзены. Ён быў беларус на імя Сьцяпан Чорнаяр і паходзіў з-пад Рудабелкі. Сьцяпан казаў, што справа вынішчэньня тых ваўкоў-людажэраў ёсьць нялёгкая, што яна возьме час і што яму патрэбны шэраг дапаможцаў, якіх ён прэфэраваў бы выбраць сам. Пяцёра дапаможцаў у хуткім часе былі знойдзены. Адзін з атабраных дапаможцаў быў аднавясковец Сьцяпана на імя Тодар Пярэсмыч, які служыў зь ім у адной роце, бо разам яны былі мабілізаваны ў расейскае войска. Цікава, што пераведзены ў шарагоўцы Аляксандр Горскі таксама надта прасіўся ў тую воўка-зьнішчальную каманду, і на дзіва Сьцяпан яго ўзяў. Тодар не пагаджаўся, казаўшы, што навошта нам дапаможца, які спалохаўся ваўкоў ды кінуў на зьядзеньне сваіх жаўнераў, сам ратуючыся ўцёкамі на дрэва. Сьцяпан казаў, што з аднаго боку гэта так, а з другога боку можа і я сам бы гэтак уцякаў, каб ведаў, што я адзін бяззбройна аніяк бы тым не дапамог, а толькі ваўкі забілі і зьелі бы яшчэ і мяне. Ды ніхто і ты сам Тодар не ведаем, які быў бы ты ў той сытуацыі. Тодар крыху пакрыўдзіўся і адышоў ад Сьцяпана. Яшчэ тры атабраныя дапаможцы мелі значны досьвед вынішчэньня ваўкоў кожны на сваёй радзіме. Таксама Сьцяпан прасіў камандаваньне мець для яго напагатове ад двух да чатырох кулямётаў і да кожнага кулямёта двух жаўнераў на адзін або два содні, як тое спатрэбіцца.

Сьцяпан меўся пачаць з вызначэньня, дзе ёсьць сьлед менавіта той зграі ваўкоў-людажэраў. Першыя два тыдня працы сьведчыла, што ваўкоў было параўнальна шмат. Ад сутокаў Бярозы і Нёмана да возера Кромань на ўсход ды ад Нёмана да вёскі Кляцішча Сьцяпан з дапаможцамі вызначылі наяўнасьць мінімальна трох значных зграй (ватаг), у якія ўваходзілі ня менш васьмі ваўкоў у кожную. Дакладна было сказаць цяжка, бо ў ваўкоў пачынаўся перадшлюбны пэрыяд, калі склад кожнай іхняй ватагі зьмяняўся. Таксама на гэтай тэрыторыі былі як адзіночныя ваўкі гэтак і шэраг невялічкіх іншых ватаг у 2-4 асобнікі. Разьмеркаваньне гэтых зграй падавалася нейкай каламесай, бо яны то зьяўляліся на азначанай тэрыторыі, а то зьнікалі. Было зразумела, што гэтыя ваўкі швэндаюцца значна шырэй. Забіць усіх гэтых ваўкоў нават цягам усёй зімы было відавочна немагчыма. Трэба было шукаць менавіта тых людажэраў і намагацца неяк вынішчаць менавіта іх. Але з чаго пачаць тое пытаньне разблытываць?

Сталі вызначаць, якія ваўкі раскопваюць магілы вайскоўцаў і ядуць трупы. Апынулася, што ўсе тыя тры вялікія зграі ваўкоў датычны да гэтага. Не магло гэтак быць, каб ўсе яны нападалі на жывых людзей. Да і разьмеркаваньне нападаў паказвала на чамусьці толькі на два мейсца. Адно зь іх быў пас ня больш чымся дзьве вярсты шырынёй ад вёсачкі Камароўскія да хутара Шубін, другое было вакол хутароў Паташні , якія мейсьціліся недзе на адлегласьці дзесяці вёрст ад вёскі Бор напрасткі.

Сьцяпану надарылася ідэя, што тое можа быць злачынная дзейнасьць адной і той жа вялікай воўчай ватагі. У гэтым выпадку ў гэтых людажэрных ваўкоў павінен быць пераход ад адной памянутай дзялянкі да другой. Ня гледзячы на мажлівую слушнасьць гэтай гіпотэзы, невядома як яе мажліва было спраўдзіць. Да часу яна гэтак і засталася няспраўджанай. Адылі пасьля няўдалых спроб вызначэньня тых злачынных ваўкоў праз раскопваньне і паяданьне чалавечых трупаў, трэба было зноўку з нечага пачынаць. Неяк нечакана ўзьнікла іншая ідэя беспасярэдняй праверкі людажэрнасьці ваўкоў. Яна складалася з таго, што трапленьнем наяўных зграй па сьнегавому покрыву трэба было знайсьці іх мейсцы днёўкі. Потым у кожным гэтакім выпадку нехта харобры і спрытны павінен быў бы ісьці па воўчаму праходу да тых ваўкоў без бачнай зброі, меўшы пры сабе некалькі пісталетаў і сякеру пад апраткаю. У выпадку, калі ваўкі не ўцякалі, а спрабавалі напасьці, то тое і паказвала на іхнюю людажэрнасьць.

Тодар і Сьцяпан дамовіліся тое рабіць па чарзе. У першым вызначаным воўча-ватажным мейсцы днёўкі пайшоў Сьцяпан, але тыя ваўкі ўцяклі. На днёўку другой вытрапленай ватагі на ўскрайку багны Паўднёвае Ўюнішча пад хутарамі Казлоў Барок пайшоў Тодар. Як толькі Тодар выйшаў на край лесу ды ўбачыў насьцярожаных ваўкоў на засьнежанай багеннай галявіне, то адразу тыя ваўкі рушылі галопам на Тодара. Ваўкоў было ня менш дзесяці, і яны насоўваліся гэтак хутка, што Тодар вырашыў хутчэй ратавацца ўцёкамі на дрэва, а адтуль страляць. Ён ледзь пасьпеў выбраць прыдатнае для ўскарасканьня дрэва, дабегчы да яго і залезьці на недасягальную для ваўкоў вышыню. Нязручна ўладкаваўшыя на бліжэйшых трывалых галінах, Тодар пачаў страляць па ваўкох з рэвальвера. Але ягоная неспрактыкаваная страляніна з рэвальвера не дала плёну. Толькі адзін воўк быў паранены недзе ў заднюю нагу. На страляніну падасьпелі Сьцяпан з Аляксандрам. Але ваўкі ўжо ўцяклі. Не было сумлеву, што гэта і былі тыя людажэры. Трэба было ўзяцца іх трапіць, але часу да цемрачы заставалася некалькі гадзін. Паваліў сьнег. Гэта было зручна, бо іхнія тропы паверх воўчых прыкрываў сьнег. У выпадку вызначэньне прыдатнай для засады сьцежкі, гэтае трапленьне той зграі не псула міажлівасьць плённай засады на іх, бо тыя ваўкі не заўважаць, што па іхніх тропах прайшлі людзі.

Перад самым зьмярканьнем гэтакае мейсца, дзе можна было б падпільноўваць тых ваўкоў, быццам бы знайшлі. То быў паўднёвы рог Шубінскай багны пры Шубіна-Нёманскім канале, дзе ваўкі быццам бы шмат разоў пераходзілі адной сьцягою сьперва сажняў трыста па травяной галявіне да сухадольнай выспы са старасьвецкімі дубамі і шэрагам невялічкіх сенакосных сялянскіх пунь, а далей прайшоўшы той выспаю сажняў семдзесят, іхняя сьцяга зноўку выходзіла на багенную травяную галявіну і накіроўвалася ў бок Шубінскага бору. Зноў-такі на тым другім кавалку сьцягі ваўкі праходзілі адкрытым тэрэнам сажняў трыста а мо і чатырыста. Далей ваўчатнікі не пайшлі. Цяперака, знайшоўшы сьцягу ваўкоў-людажэраў, іх чакала шмат іншай пільнай працы. Назаўтра трэба было прывесьці сюды тры пары кулямётчыкаў ды падрыхтаваць іхнія засады. Трэба было зьвязацца з іншымі трыма ваўчатнікамі, што адсочвалі ваўкоў пад Паташняй. Тамака пад Паташняй таксама ўсё было няладна. Ваўкі забілі і зьелі аднаго жаўнера, які ўначы адышоў ад сваёй зямлянкі сажняў трыста, каб аправіцца не ва ўзводнай прыбіральні а ў лесе. Ніхто нават не пачуў ані крыку ані стогну той ахвяры. Таксама было паранена ваўкамі двое пушчанцаў з суседніх хутароў Жабрачыха і Барсукі.

Вырашылі, што Тодар застаецца пры Шубіне кіраваць засадамі, а Сьцяпан і Аляксандр паедуць конна да Паташні адсочваць гэтых ваўкоў і кіраваць іхняй нагонкаю на кулямётчыкаў. Выгнаныя з-пад Паташні тая зграя людажэрных ваўкоў павінна будзе сыходзіць пад Бор па сваёй сьцязе праз Шубінскую багну. Сыгналам пачатку нагонкі будзе тры гарматныя стрэлы запар з боку Паташні, якія павінны быць добра чутны ў Шубіне. Па гэтаму сыгналю кулямётчыкі павінны пакінуць хутар Шубін, дзе яны будуць знаходзіцца на пастоі, і заняць свае пазыцыі, да якіх было з поўвярсты. Адпаведна два гарматныя стрэлы запар, а потым яшчэ адзін з затрымкай будуць азначаць, што кулямётчыкі могуць сыходзіць са сваіх пазыцыяў. Сакрэты кулямётчыкаў разьмеркавалі наступным чынам. Два сакрэты падрыхтавалі на валах Шубіна-Нёманскага каналу, якія адсякалі ваўкам шляхі назад і ўперад па сьцязе, калі ваўкі падыдуць да сухадольнай выспы з дубамі і шэрагам сялянскіх пунь. Ў адной з гэтых пунь, якая была сажняў трыццаць ад воўчай сьцягі быў трэці сакрэт, які павінен пачынаць страляніну па ваўкох на падыходзе да выспы. Потым, як ацалелыя ваўкі пабягуць, хто ўперад, хто ўзад па сьцязе, павінны пачаць страляць па ім два другіх кулямёты.

Як Сьцяпан з Аляксандрам прыехалі конна да Паташні, першай справай яны параспытвалі астатніх трох ваўчатнікаў, якія ўжо даўно адсочвалі ваўкоў у ваколіцах гэтых хутароў. Апынулася, што цягам апошняга тыдня тутай зьяўляліся толькі два і чатыры нейкіх ваўкі. Трапіўшы іх, вызначылі, што гэтыя ваўкі заложна раскопвалі магілы вайскоўцаў ды елі адкапаныя трупы. Таксама на тропах тых ваўкоў ва ўрочышчы Кухня быў знойдзены моцна паедзены труп вайскоўца, які ўжо даўно і невядома як тамака апынуўся. Апошнія два содні пад Паташняй зьявілася вялікая ватага ваўкоў больш чымся трынаццаць асобнікаў. Яны падыходзілі да рэшткаў моцна паедзенага невялікага мядзьведзя, якога верагодна яны здабылі з мярла мінулым разам. Імі быў задушаны і зьедзены ліс, які карміўся на гэтай ваўкаедзіне. Не абмінулі яны і раскапаныя магілы вайскоўцаў, якія яны моцна зноў пакапалі ды выцягнулі два новыя трупы, паелі зь іх найбольш страўныя часткі. Далей яны пачалі шмат хадзіць у багенных урочышчах Юніца і Кухня, дзе спрабавалі здабыць ласёў, што яшчэ адзінкава вадзіліся ў гэтых нетравых мясьцінах. Урэшце аднаго немалога лася яны абсадзілі, моцна паранілі і ён яшчэ неяк ратаваўся ад тых ваўкоў уцёкамі, але відавочна было, што ягонае жыцьцё нядоўгае. Тропы таго параненага лася былі спрэс скрываўленыя, а ўся вялікая воўчая зграя сьледавала шчыльна за ім. То было ў багенным, амаль што затопленым чорнаалешніку з поўвярсты на поўдзень ад хутара Жабрачыха. На гэтым ваўчатнікі скончылі трапленьне, вырашыўшы дачакацца Сьцяпана.

Сьцяпан, выслухаўшы гэтых Паташненскіх дапаможцаў, вырашыў заўтра пачаць нагонку ваўкоў ў бок Шубіна на сакрэты кулямётчыкаў. Ён пайшоў у Паташненскую пяхотную роту, потым у Петухоўскую пяхотную роту і дамовіўся на дваццаць жаўнераў дапамогі. Потым папрасіў ротмістра артылерыйскай роты аб трох стрэлах з гарматы запар а восьмай раніцы.

І вось назаўтра гарматныя стрэлы прагучалі, а каманда нагонкі ваўкоў высунулася пад Жабрачыху. Амаль што кожны нагоншчык меў стрэльбу з насунутым на яе штыхом. Хтось меў сякеру ў дадатак да стрэльбы. Некаторыя мелі замест стрэльбы рэвальвэр. Страляць можна было толькі ў самым крайне выпадку, калі напад ваўкоў пагражае жыцьцю кагось з загоншчыкаў. Гэта была строгая дамова асабліва на пачатку загонкі, бо страляніна магла скіраваць ваўкоў не ў Шубін, а кудысь убок.

Тая вялікая воўчая зграя людажэраў знаходзілася непадалёку ад загрызенага і амаль што зьедзенага лася. Ваўкі былі не ўсе разам а паразбрыдаўшыся, што сьведчыла аб іх намеры правесьці тутай яшчэ содзень або два. Але ўся роўна Сьцяпан даў каманду нагонкі паўколным ланцугом на дыстанцыі ня больш за сто сажняў адзін ад другога. Як вызначылася пазьней пры вывучэньні тропаў, адразу ваўкі з больш сабраліся і рушылі ў патрэбны бок на паўднёвы ўсход. Адылі прайшоўшы гэтак ня баляй дзьвюх вёрст яны крутнуліся праваруч, выйшлі на галявіну Гала Балота , а потым накіраваліся пайшлі пад Паташню. Было відавочна, што яны ідуць назад у Жабрачыху.

Сьцяпан вырашыў скончыць нагонку. Да таго ж двое былі паранены ваўкамі. Здарылася гэта наступным чынам. Як нагоншчыкі падыходзілі да мейсца з забітым ласём пад Жабрачыхай, то на аднаго з жаўнераў зьнянацку напалі два ваўкі. Аднаго ён параніў штыхом у заднюю нагу, а другі воўк наваліўся на таго жаўнера ззаду. На шчасьце таго атакаванага жаўнера ў тыя хвіліны якраз недалёка – сажняў шесцьдзясят, ішоў Аляксандр Горскі, які меў пры сабе рэвальвэр і сякеру. Страляць было немагчыма, каб ня трапіць у жаўнера. Аляксандр швыдка падбег і трапна ўдарыў ваўка сякерай па шыі і галаве. Той абмяк і ўрэшце сканаў. Аляксандр хацеў дабіць сякерай таго параненага ваўка, але той апынуўся больш спрытным, чымся чакалася. Ён такі атрымаў удар сякерай, але няўдалы. Пры гэтым паранены воўк лоўка крутнуўся і моцна ўкусіў Аляксандра. Ня гледзячы на рану Аляксандр працягваў спробы зрабіць больш трапны ўдар сякерай па параненаму ваўку, але той урэшце ўцёк, крывянячы. Жаўнера ўратаваў сялянскі кажух з вялікім каўнярам, які ён пазычыў у селяніна з Петухова. Але балючых пакусах на атакаваным жаўнеры было нямала і той рухаўся даволі цяжка. Аляксандр атрымаў ад параненага ваўка рваную рану на назе, але не глыбокую, якая не надта замінала хадзе, але моцна балела. Пасьля гэтага выпадку, дзе Аляксандр паводзіў сябе досыць харобра, спраўна ды самаахвярна, здаецца, Тодар зьмяніў свае грэблівае стаўленьне да яго. Што тычыцца астатніх жаўнераў, якія ўдзельнічалі ў нагонцы, то яны толькі і размаўлялі аб тым сёньняшнім нападзе ваўкоў ды захапляліся Аляксандрам.

Цягам ледзь не гадзіннага саймаваньня было вырашана паўтарыць нагодку заўтра на сьвітанку дакладна гэтакім жа чынам. Але колькасьць нагонўчыкаў падвоілі, бо было вырашана, што нагоншчыкі пойдуць парамі. У кожнай пары акрамя стрэльб з штыхамі павінна быць сякера. А дзясятай у начы пайшоў сьнег, але ён сыпаў нядоўга. То было на руку ваўчатнікам, бо давала магчымасьць бачыць самыя сьвежыя тропы.

Зноў за паўгадзіны да сьвітанку тры разы запар стрэльнулі з гарматы. Загоншчыкі рушылі пад хутар Жабрачыха і неўзабаве былі ў мейсцы, дзе ляжалі рэшты таго лася, забітага ваўкамі-людажэрамі. Ад лася засталіся толькі шкура і абгладаны шкілет. Паўсюдна было шмат нядаўніх воўчых тропаў. Не дачакаўшыся зьяўленьня загоншчыкаў, ваўкі рушылі ў накірунку Шубіна. Недзе праз вярсту яны пайшлі цягам, торачы насыпаны і надзьмуты сьнег на раней набітай сьцязе. Сьцяпан з Тодарам пайшлі на гэтай сьцязе недзе на адлегласьці вярсты ад цяга ваўкоў. Астатнія, хто не адстаў, расьцягнуліся ланцугом з абодвух бакоў.

Праз паўтары гадзіны пасьля гарматных стрэлаў ваўкі ўжо былі ў Шубіне. Кулямётчыкі кагадзе занялі свае сакрэтныя пазыцыі і падрыхтаваліся да сустрэчы ваўкоў. Першымі на галявіну высунуліся пяцёра ваўкоў, а за імі адстаючы сажняў на дваццаць трусіла па сьцязе яшчэ сем ваўкоў. На галявіне вецер дзьмуў у паўднёвым накірунку. Таму ваўкі ня чуялі сакрэт кулямётчыкаў, што быў у засадзе ў невялічкай сялянскай пуне на той дубовай выспе сярод галявіннай Шубінскай багны. Адылі, параўнаўшыся з рогам выспы, першыя два ваўкі, відаць, пачуялі кулямётчыкаў і спалохана адскочылі ды сталі ўцякаць, што было ў іх моцы. Астатнія тры ваўкі рынуліся за імі. Задняя сямёрка ваўкоў рынулася па сьцязе назад. У гэты момант застрачылі два, а праз недзе дзесяць сэкунд ужо тры кулямёты. Не мінула і дзьвюх хвілін як усе быццам бы дванаццаць ваўкоў ляжалі на галявіне забітыя. Выбегшыя з пуні кулямётчыкі з прыкрасьцю заўважылі, што ў недасяжнай далечыні яшчэ два ваўкі ўцякалі праз Шубінскую галявіну ў бок Заруднага Бору пад фальваркам Раўцы. Іх было ўжо аніяк ня зьбіць. Неўзабаве на галявіне зьявіліся загоншчыкі і сталі аглядаць забітых ваўкоў, якіх знайшлі толькі адзінаццаць. Шукалі яшчэ ій яшчэ, і тады з-пад прысыпанай сьнегам асаковай купіны каля заломаў трысьнягу выскачыў воўк, які спраўна ўцякаў да Баркоўскага лесу, скокаючы то праваруч, то леваруч. Усе кулямётчыкі былі ўжо на галявіне пры забітых ваўкох, а з трохлінейкі так ніхто і ня здолеў патрапіць стрэлам у таго ваўка. Агледзеўшы мейсца, дзе выскачыў воўк, высьветлілася, што ён адпаўзаў у бок лесу ў невялічкіх пустэлях паміж асаковымі купінамі і заломамі трысьнягу, здолеўшы аддаліцца недзе каля шасьцідзесяці сажняў. Пэўна каб прыглядзецца, то часам яго можна было бачыць, але ніхто не прыглядваўся, будучы ўпэўненымі, што ўсе ваўкі забітыя. Але ўсё гэта не затміла радасьць перамогі над варожымі ваўкамі. Цалкам зьнішчэньне тых адзінаццаці , а ўчора яшчэ аднаго ваўкоў-людажэраў было вялікім посьпехам.

Па таму пасьпяховаму заканчэньню амаль што вынішчэньня вялікай зграі людажэрных ваўкоў, камандаваньне ўзнагародзіла Сьцяпана месячным адпачынкам да дому. Камандзір батальёна шчыра дзякаваў Сьцяпану перад шыхтом роты, у якой той служыў. Аляксандру Горскаму узнагародай была толькі вусная падзяка камандзіра батальёна і ён вярнуўся ў свой узвод па-ранейшаму шарагоўцам. Чатыром астатнім быў дадзены двухтыднёвы адпачынак. Неўзабаве Сьцяпан напісаў рапарт на імя камандзіра батальёна замяніць месячны адпачынак двухтыднёвым і таксама прасіў перавесьці Аляксандра і Тодара ў ягоны ўзвод. Гэтую просьбу ўважылі, а што тычыцца адпачынка, то было сказана, што тое ёсьць на ягоны вольны выбар.

На заканчэньне гэтай навэлы хацелася бы паведзіць, што па вайне Аляксандр Горскі нейкім чынам апынуўся на сталым жытлаваньні ў недалёкім ад вёскі Бор мястэчку Любча. Адна з ягоных унучак на імя Лёдзя пэўны час жытлавала таксама ў недалёкай прынёманскай вёсцы Панямонь. У Лёдзіным фотаальбоме ляжалі пажаўцелыя аркушы з рукапіснымі ўспамінамі дзеда, што з большага і было асновай для гэтага аповяда.


133 views0 comments
bottom of page