top of page

Пушчанскія знічкі кошта вялікай перамогі

  • Writer: Vadim Sidorovich
    Vadim Sidorovich
  • 2 days ago
  • 2 min read

З сярэдзіны красавіка і да ўчарашняга дня я штодзень бываў у Налібоцкай пушчы, дасьледваючы размнажэньне ваўкоў ды іхнія логвішчныя паводзіны. Блукаючы па пушчанскіх абшарах, літаральна штодня я бачыў помнікі на магілах, за якімі хаваюцца людзкія трагедыі часу Другой сусьветнай вайны. Гэта Паўдарожжа, Яськава-Гвінты, Яськава-Дубіцкія, Козе Пенна, Гарадовічскія груды або Першая Валяватка, Новы Двор, Рудня Налібоцкая, Баркі, Пятрусь-Гара ды й шмат якія іншыя мейсцы, дзе відаць адно толькі контуры нейкіх магіл, але помнікаў на іх няма ды невядома, хто тамака пахаваны, як тое ў Галянёва. Усё гэта дае важкі напамін аб тым, якім дарагім коштам далася нашаму народу перамога над нямецка-фашытоўскімі захопнікамі ў той вайне. Праходзячы паўз тыя магілы людзкога гора штораз разчульваешся ды мяркуеш, каб, крый Божа, гэтакія жахі больш не паўтарыліся. У час, калі ў Беларусі, людзі сьвяткавалі васьмідзясятыя ўгодкі той вялікай перамогі гэты напамін аб ахвярах Другой сусьветнай вайны быў асабліва значным.



Алесь Шэцаў, 1940 год.
Алесь Шэцаў, 1940 год.

Таксама гэтымі днямі я шматкроць прыгадваў сваіх двух дзядоў па кудзелі Алеся Шэцава і па мячы Рыгора Сідаровіча, якіх я ніколі ня бачыў, бо абодва яны заўчасна загінулі ў той вайне.


Алесь Шэцаў загінуў у перышыя дні вайны. Ён быў ротным камандзірам у памежным аддзеле пры Гародні. Алесь ня меў ілюзый наконт сваёй блізкай загібелі і з пачаткам вайны разьвітаўся з маёй бабуляй, а тады маладой жанчынай навекі. Яму было ўсяго сорак гадоў. Мая бабуля Вольга пражыла зь ім толькі сем гадоў. Другога шлюба ў яе не было. Яна адна расьціла дачку Рыту - маю маці.







Рыгор Сідаровіч, 1913 год.
Рыгор Сідаровіч, 1913 год.

Другі дзед Рыгор Сідаровіч ваяваў на кані з шабляй у казацкім аддзеле яшчэ ў Першую сусьветную вайну. Нягледзячы на жорсткая баі, ён выжыў, хаця і быў цяжка паранены на самым яе прыканцы. Потым Другая сусьветная вайна, у якой ён прайшоў артылерыстам ад Беларусі і да нямецкага Берліна. Адтуль напрыканцы красавіка 1944 года ён пісаў жонцы Тацяне, што кулі яго ня беруць, што вось ужо хутка нашы войскі возьмуць Берлін і ён жывы вернецца да сваёй радзіны з пяцьцю дзецьмі ў родныя Зямцы што пад Воршай. Але лёс ня быў да ўсіх іх літасьцевы. Літаральна напярэдадні той вялікай перамогі нямецкі снарад трапіў у аўтамабіль, на якім Рыгор ды іншыя ваўскоўцы перасоўваліся. Усе й у тым ліку Рыгор Сідаровіч загінулі. Яму ішоў толькі 52 год.

 
 
 

Comentarios


Join our mailing list

© 2018-2023 by Irina Rotenko & Vadim Sidorovich. All photographs appearing in the site are the exclusive property of their owners and may not be copied or used in any way without the authors' permission.

bottom of page