top of page

Паводкавыя вымоіны ранейшага часу пад Асовымі ў Налібоцкай пушчы

  • Writer: Vadim Sidorovich
    Vadim Sidorovich
  • 13 hours ago
  • 1 min read

У гэтым невялічкім пасьце хацелася бы паведзіць аб вымоінах блізу былой вёсачкі Асовыя на паўднёвым захадзе Налібоцкай пушчы. Яны даволі значныя як па плошчы акваторыі, гэтак і па глыбіні. Акваторыя гэтых вымоін займае ад 0.2 да 2.3 гектара. Іхная глыбіня да  чатырох мэтраў, але пераважна ад 0.5 да 2 мэтраў. Гэтыя вадаёмы насяляе вялікая колькасьць зялёных жабаў. Водзіцца тамака балотная чарапаха. Сярод рыб пераважаюць уюн, карасі, лін і шчупак. Радзей сустракаюцца плоць ды акунь. Цалкам найбольшыя з тых вымоінаў ёсьць даволі рыбныя. Гэтыя вымоіны зьяўляюцца надта істотнымі нерасьцілішчамі амфібій, перш за ўсё травяной, вастрамордай ды зялёных жабаў, шэрых рапух, квакшаў, часночніц ды кумакаў. Жывуць на тых вымоінах шмат вужакаў, ёсьць выдры, амэрыканскія норкі ды бабры.


Вымоіны ўтварыліся ў доўгім больш за кілямэтар озу, то бок водна-ледавіковым адкладаньні крэмназёму, падасланым доннымі глінамі былога агромістага азяра ў сутоках постледавіковага Нёмну і Бярэзіны. З усходу ад таго озу сфармавалася шырокая пратока ранейшых значна большых палавенных водаў да даліны Нёмну, а з заходняга боку была багна або рэштавае азяро з паверхняй мэтра на два ніжэйшай за паверхню пратокі. Відавочна, што цягам выбітна вялікіх паводак агромістыя масы вады з палавенных праток перацякалі ў ніжэйшую лагчыну з захаду, то бок воды цяклі цераз оз з усходу на захад. У той лагчыне з заходняга боку ад озу вада накаплівалася й ужо пад Асовымі яна моцна перацякала ў зваротным накірунку да даліны Нёмна, утварыўшы найбольшую вымоіну. Калі тое адбылася сказаць цяжка, але мяркуецца, што тое ня менш чымся некалькі тысяч гадоў таму.



 
 
 

Comments


© 2018-2026 by Irina Rotenko & Vadim Sidorovich.

All photographs appearing in the site are the exclusive property of their owners and may not be copied or used in any way without the authors' permission.

Усе фотаздымкі на сайце — уласнасць іх аўтараў і не могуць выкарыстоўвацца без іх дазволу.

bottom of page