top of page

Вабныя Асовыя - былая вёсачка і квяцістыя лугі ў навакольлі

  • Writer: Vadim Sidorovich
    Vadim Sidorovich
  • 1 day ago
  • 2 min read

Асовыя ёсьць вабнае ды надта прыцягальнае мейсца на паўднёвым захадзе Налібоцкай пушчы. Яны вабныя сваім ўсясэзонным хараством, але найбольш у чэрвені, калі раскашуюць кветкамі тамтэйшыя лугі. У гэты час на тых лугох заўважна шмат чырвонага то бок чырвоных і ружовых кветак, якія красуюць даволі працяжна аж да ліпня, а некаторыя і цягам ўсяго таго месяца, як раскашуе ліпа, якой дарэчы ў Асобых таксама шмат. Далучыўшыся да тых асоўскіх лугоў поўных чырвоных красак, адчуваеш чаму беларусы завуць гэты квяцісты месяц чэрвеням. То мусіць трансфармаванае чырвань, якой поўняцца ў гэты час беларускія лугі.



Асабліва прыкметны на тых лугох, нават унікальны для Беларусі зарасьнікі ірыса блакітнага або сыбірскага. Таксама тыя лугі поўняцца травою зуброўкай, духмяны водар якой стаіць тамака ўвесь цёплы сэзон.


Нядаўна ў асобным пасьце я распавядаў аб палавенных вымоінах ва ўрочышчы Асавыя. Адылі тутай не магу яшчэ раз не згадаць аб вымоіннай вытоке з асоўскай багны. Тая выбітная вымоіна да чатырох мэтраў глыбінёй ды поўная рыбы (ліноў, карасёў, уюноў і шчупакоў) добра захавалася і атачае мейсца былой вёсачкі Асовыя з поўначы. Фатаздымкі яе ў два супрацьлеглыя бакі пададзены ніжэй.



З гісторыі самой вёсачкі я амаль што анічога ня ведаю. Дагэтуль на лясной лонцы Асовых захаваліся рэшты двух былых невялічкіх хат. У меньшай зь іх у 1980-ыя гады жытлавала ўжо сталая прыязная кабета, якая дасканала ведала зёлкі ды як імі лекаваць, а таксама яна рабіла духмяныя зборы дзеля гатаваньня адмыслова водарных гарбат. Цікава, што яна дасканала ведала беларускія назовы тых зёлак. Пазьней, калі я праштудыяваў назоўна-батанічную працу вядомай Зоські Верас «Беларуска-польска-расейска-лацінскі батанічны слоўнік» 1924 году выданьня з 302 раслінамі, якія мелі 424 беларускія назвы, то апынулася што тая асоўская траўніца найменавала ўсё адпаведна.




Трапілася мне шэраг фатаздымкаў жанок, якія мешкалі ў Асовых у міжваенны час 1920-ых і 1930-ых гадоў. Імя адной зь іх я ведаю. Тую жанчыну, якая ў хустцы звалі Тацьцянай Смолка. З ёю нейкі час жытлаваў у грамадзкім шлюбе Юльян Бацян з Каменя, які ў 1930-ых гадох хаваўся тамака ад перасьледу польскіх уладаў.



 
 
 

Comments


© 2018-2026 by Irina Rotenko & Vadim Sidorovich.

All photographs appearing in the site are the exclusive property of their owners and may not be copied or used in any way without the authors' permission.

Усе фотаздымкі на сайце — уласнасць іх аўтараў і не могуць выкарыстоўвацца без іх дазволу.

bottom of page