top of page
  • Writer's pictureVadim Sidorovich

Рэчка Волька

Updated: Mar 29, 2023

Сааўтары: Вінцэсь і Баляслаў Сідаровіч


Пачну гэта пост таксама, як і папярэдні аб Ізледзі. То бок, што аматары прыроды Налібоцкай пушчы, рачнога сплаву й рыбнай лоўлі ў гэтым лясным тэрэне значна больш ведаюць ягоныя буйнейшыя рэкі Бярэзіну ды Іслач, а таксама Нёман, што аблямоўвае Налібоцкую пушчу з поўдня й паўднёвага ўсходу. Значна менш вядомы рэчкі Вуса, Волька ды Ізьледзь. Таму тры суседнія пасты нашага блогу аб Налібоцкай пушчы будуць адрасаваны менавіта гэтым меншым і не настолькі вядомым рэчкам. Цяперака будзе распавядацца аб Вольцы.


Адразу паўсьпіраемся за праўдзівы назоў гэтай рэчкі. Як бачна са старой Расейскай мапы 1816 года, гэта рэчка завецца як Волька то бок са зьмякчэньнем. Гэтакіх тапонімаў як тое Волька або Вулька (польскае вымаўленьне Волька) у Беларусі шмат і асабліва ў яе паўднёва-заходняй палове. Яно азначае новае людзкое пасяленьне, на новых землях, часта ў леса-багеннай глухамані. Тамака і кошт зямлі быў меншы, і падаткі меншыя, да і цалкам дзяржаўны і магнацкі ўціск быў меншым, словам, воля. Адсюль і назоў Волька. Што тычыцца рэчкі Волька, то яна значны час была памежнай паміж Радзівілаўскімі і Храптовічскімі валоданьнямі ў Налібоцкай пушчы. Пры гэтай памежнай рэчцы й адны й другія магнаты дбалі каб мець памежныя гаёўні, што ёсьць хутарскія паселішча лясных службоўцаў. Напэўна тамака было жыцьцё з большай воляю існаваньня, бо гэтакія гаёўні мейсьціліся досыць далёка ад усялякіх ачольнікаў ад тых магнатаў. Тутай цікава заўважыць, што каля Каменнай Слабады быў хутар Валяватка й выспа пры разгалінаваньні рачной даліны таксама з найменьнем Валяватка (можа ад воля ваша).



Водазбор Волькі ў Налібоцкай пушчы на старой Расейскай мапе, што была надрукавана ў 1816 годзе. Заўважце, што найменьне гэтай ракі абазначана са зьмягчэньнем пасьля літары "л" нават па-руску.


Найменьне Волька для гэтай рэчкі шматразова сустракаецца ў Радзівілаўскіх лавецкіх і лесагаспадарскіх дакумэнтах у дачыненьні Налібоцка-пушчанскіх валоданьнях з XVII-тага і XVIII-тага стагодзьдзяў. Да таго ж старыя тутэйшыя людзі, якіх я шмат сустракаў пры Вольцы на хутарох (Шыбуты, Садоўскія, Гарадовічы, Шакалі) і на сенакосе ў 1980-х гадох, пераважна казалі на рэчку Волька. Цяперака, калі каля Волькі карэнных жыхароў амаль што няма, на рэчку кажуць Воўка па-беларуску, або Волка расейскамоўныя наведвальнікі або пушчанскія службоўцы. У размовах я нікога ніколі не папраўляю, маўляў, правільна казаць Волька. Прыгожа гучыць і Воўка, бо неяк тое атаесамляецца з ваўкамі, якія дагэтуль шчыльна жывуць каля гэтай рэчкі.


У Вікіпедыі аб Вольцы напісана няшмат. Даўжыня ракі 36 км. Плошча вадазбору 391 км². Пачынаецца яна на паўночным усходзе Налібоцкай пушчы каля хутара Рудня, дакладней некалькі кілямэтраў к захаду ад Рудні. Асноўнымі прытокамі зьяўляюцца каналізаваныя малыя рэчкі Лубянка, Жаўцянка (або Жаўнянка), Таварышчына, Альшаніца, Сівічанка, ды Пружэніца. Перад уцяканьнем Волькі ў Бярэзіну ў Вольку ўцякае Ізьледзь.


Зазначаная даўжыня рэчышча Волькі ў 36 кілямэтраў ёсьць значна менш чымся насамрэч. Гэта акурат толькі працягласьць даліны Волькі без уліку таго, што ў межах рачной даліны Волька значна меандруе, што добра відаць на сатэлітных фотаздымках ніжэй. Гэтыя ізлучыны рэчышча Волькі павялічваюць даўжыню рэчкі ледзь не ўдвая (дакладна ў 1.7 разоў) ў параўнаньні з даўжынёю рачной даліны. Акрамя таго два дадатковыя кілямэтры рэчышча дае разгалінаваньне Волькі абапал ужо ўзгаданай выспы Валяватка, што таксама відаць на сатэлітным фотаздымку ніжэй. Гэтакім чынам з улікам выгнутасьці й разгалінаваньняў рэчышча я налічыў працягласьць Волькі ў 53 кілямэтры.

Меандраваньне рэчышча Волькі ў яе сярэднім цячэньні.
Разгалінаваньне рачной даліны і рэчышча Волькі абапал выспы Валяватка.

Прыватна для мяне рэчка Волька ёсьць пажыцьцёва істотная, бо абапал яе прайшло шмат майго жыцьцёвага часу. Упершыню я апынуўся каля Волькі ў 1982 годзе, будучы студэнтам унівэрсітэту, дзе з сябрам Сяргеем Салуком мы захапляліся першымі нашымі крокамі ў дасьледаваньні выдзер і норак.

Аўтар (Вадзім Сідаровіч) на рэчцы Волька дзеля дасьледваньняў выдраў, 1984 год.

Тады шмат у якіх мейсцах даліна Волькі выглядала інакш чымся цяперака. Па першае, у пачатку 1980-х гадоў мейсцамі абапал Волькі яшчэ захаваліся 100-130-гадовыя чорнаалешнікі, якія выглядалі быццам пярвотныя. Шмат дзе край рачной даліны былі пакрыты стогадовымі ельнікамі за таўшчэзнымі ялінамі. Пазьней у 1990-х гадох тыя чорнаалешнікі павысякалі, а далінныя ельнікі на большасьці іх плошчы былі затоплены бабровымі сажалкамі й павысыхалі.

100-гадовы чорнаалешнік абапал Волькі непадалёку ад вусьця Сівічанкі, 1982 год.
Чорнаалешнік у даліне Волькі пад Валяваткай, 1994 год.
Сьпелыя ельнікі шчыльна абступалі нешырокую даліну Волькі ніжэй вусьця Лубянкі, 1983 год.
Пазьней у 1990-х гадох большасьць далінных ельнікаў была затоплена бабрамі і яны павысыхалі. Тутай затоплены ельнік каля вусьця Таварышчына, 1997 год.

Мейсцамі ў верхнім і сярэднім цячэньні далінныя ельнікі пры Вольцы захаваліся дагэтуль.


Раней да пачатку 1990-х гадоў у даліне Волькі ўсе травастаны выкошваліся й было шмат стажкоў сена на адонках. Цяперака сеназагатоўка на Вольцы ўжо досыць далёкае мінулае.

Асоба мне запомнілася загатоўка пад Навусьцю, дзе я шмат бываў з 1984 году. Сенаваньне на Волькаўскім поплаве звычайна адбывалася цягам ледзь ня двух тыдняў. Сенавалі як калгасы, гэтак і асобныя радзіны. Усе нават маленькія галявінкі ў даліне Волькі былі строга разьмеркаваны паміж сеназагатоўшчыкамі. Прыезжыя сеназагатоўшчыкі жылі ў буданах, зробленых з жэрдзяў, крытых сенам. Паліліся вогнішчы, на якіх жанкі гатавалі страву. Побач стаялі конскія вазы, пасьвіліся коні. Сена разьмяркоўвалі ў стажкі пры жэрдках з адонкам. У час сенаваньня на паплаўным лузе ды ў навакольных лясох паўсюль чулася людзкая гамонка. То быў час цяжкай працы, але і чымся сьвяточны час. Вядома вечарамі пілі шмат гарэлкі. Два разы ў 1980-х гадох я пад час маіх пушчанскіх вандровак трапляў на гэтакія начоўкі на сенаваньні пры Вольцы. Засталося значнае адчуваньне калярыту пушчанскага жыцьця аж дагэтуль. Дагэтуль памятую твары тых людзей і іхнюю гамонку.

Забіралі сена пераважна на санях узімку. Адвоз сена са стажкоў кантраляваўся кімсьці з навусьцянцаў па загаду сельсавета. То была сьцьверджаная Бакштанскім сельсаветам або калгасам праца па найму, за якую выплачвалі грошы. Досыць працяглы час на гэтай пасадзе ў Навусьці працавала Рома Шыбут. Апошнія значныя сенаваньні я бачыў каля Навусьці ў 1989 годзе. Потым гэта кудысьці зьнікла, і напрыканцы 1990-х гадоў аніводнага стажка ў абалоні Волькі каля Навусьці не было відаць. Не было і касцоў.

Стажкі сена каля Навусьці ў 1980-тых гадох.


Відавочна, што да асушэньня Налібоцкай пушчы ў 1960-х і да пачатку 1980-х гадоў рэчка Волька была значна больш водная. Перш за ўсё аб гэтым мне сьведчылі многія тутэйшыя людзі. Але ёсьць і іншыя аргумэнты, як напрыклад во гэта фота Яўгена Лазавіка 1956 года. На ім відаць зімовую Вольку недзе 1-2 кілямэтры ніжэй Каменнай Слабады ва ўрочышчы Стаў. Гэта акурат у два разы шырэй чымся мы маем тамака зараз.

Волька ва ўрочышчы Стаў зімою 1956-57 гадоў. Фота Яўгена Лазавіка.

Да таго істотным аргумэнтам зьяўляецца факт існаваньня рума (склада дрэўны на беразе ракі дзеля сплаву) ў Каменнай Слабадзе на Вольцы (яе сярэдняе цячэньне) недзе ў сярэдзіне XVIII-тага стагодзьдзя. Тамака ў навакольлях уздоўж даліны Волкі было шмат дубоў, а крыху да поўдня каштоўныя хваёвыя бары. Каб тое спажыць, у сярэдзіне XVIII-тага стагодзьдзя Радзівілы выселілі больш за трыццаць падначаленых радзін са сваёй вёскі Камень (тое на ўсходнім краі Налібоцкай пушчы) туды ў сярэдняе цячэньне Волкі дзеля працы на руме. Тамака была заснавана слабада, то бок не аграрная вёска працаўнікоў, якая атрымала найменьне Каменнай, бо людзі з Каменя. Гэтыя працаўнікі займаліся коннай тралёўкай лесу да руму, яго першаснай апрацоўкай, увязкай у невялічкія плыты й сплавам да Бярэзіны. Можна ўявіць якая то большая воднасьць Волькі была ў тыя часы. Цяперака аніякім чынам па малаводнай Вольцы не сплавіць ані стаўбур вялікага дубу, ані нават вялікай хвоі. Хіба што штось гэтакае магчыма ў палавень. У тыя часы таксама дзеля сплаву дрэўны з руму ў Каменнай Слабадзе ў асноўным карысталі час веснавой паводкі. Крыху пазьней (недзе ў 1760-я гады) у Каменнай Слабадзе зьявіліся свой гатар і шліфірня на водным руху. Той гатар спэцыялізаваўся на вырабу дубовых бэлек, якія было латвей сплаўляць чымся цэлыя стаўбуры дубоў.


Волька ў Каменнай Слабадзе прыблізна ў тым мейсцы, дзе быў той старажытны рум.

Млын на Вольцы перад Другою сусьветнаю вайною ва ўрочышчы Стаў. Малюнак Ганны Сідаровіч.

З кілямэтар ніжэй па Вольцы ад Каменнай Слабады быў водны млын ва ўрочышчы Стаў, што як бы сам назоў урочышча аб гэтым сьведчыць. Нейкія палі, што тырчаць з вады захаваліся тамака дагэтуль. Той млын быў драўляны й існаваў недзе з 1870-гадоў і да Другой сусьветнай вайны, калі быў спалены немцамі ў летнюю блякаду 1942 году. Па апісаньнях відавочцаў (Ганна Комса, Баляслаў Садоўскі й Эдзік Хмара) ён выглядаў прыкладна так як на малюнку.





Сапраўды цяперака рэчка Волка малаводная перш за ўсё з-за асушэньня багнаў, бо тыя багны (у асноўным Паўночнае Ўюнішча, Купалішча, Масты і Балкуны) харчавалі гэту рэчку вадою. Але беспасярэдне асушэньне параўнальна мала закранула Вольку. У 1970-тыя гады былі каналізаваны вярхоўя Волькі ва ўрочышчах Балкуны, Цыганы, Сівіца й Ягадзіна. У сярэднім цячэньні Волькі пад Навусьцю мейсцамі было паглыблена рэчышча, ад чаго засталіся груды грунту па берагох. У 1970-х гадох былі каналізаваны ўсе малыя прытокі Волькі.



Каналізаваныя вярхоўя Волькі ў Цыганах.

Крыху пра жывёльны сьвет Волькі. Нічога незвычайнага на Вольцы няма. Па рыбе некалі багатая рэчка цяперака даволі бедная акрамя зусім ніжняга цячэньня. У асноўным водзіцца плоць, ялец, пячкур, шчыпоўка і невялічкія шчупакі. Мейсцамі ёсьць акунь, язь, уюн, карасі й гарчак. Раней да 1980-х гадоў у Вольцы было шмат шырокапалага рака, потым іх станавілася ўсё меней і нарэшце гэты рачны рак зьнік. На Вольцы шмат паселішчаў баброў. Водзяцца выдры і амэрыканскія норкі. У цёплы сэзон на Вольцы звычайны качкі-крыжанкі, а таксама сустракаюцца гагалі ды чыркі-свістункі. У сьцюдзёны сэзон у гэтай рачулцы зімуе шмат травяных жабаў.


Калі Вы мяне запытаеце, а які кавалак Волькі прыродна найбольш цікавы, то я, не вагаючыся ні хвіліны, адкажу, што ён ёсьць адразу за Навусьцю ўніз па цячэньню й да выспы Валяватка ўлучна. Тамака й шырокая даліна з багеннымі чорнаалешнікамі, і шматлікімі меншыя або большыя выспы з ельнікамі, і шмат раскошных трысьняговых або асокава-разнатраўных багенных галявін, а таксама тамака мейсьціцца шырокае разгалінаваньне Волькі з утварэньнем выспы Валяватка. Як нідзе тамака шмат бабровых паселішчаў, або жэрэмяў, як іх раней называлі, з хаткамі, дамамі, ставамі й імклівымі ператокамі. Гэта адно з найбагацейшых мейсцаў у Налібоцкай пушчы ў дачыненьні жывёльнага сьвету.


Ніжэй Вы ўбачыце шэраг фота і відэа на водным шляху ад Навусьці й да выспы Валяватка. Перш за ўсё відэарэпартаж аб летнім сплаву на каноэ.



На Вольцы й яе абалоні на шляху да выспы Валяватка ў пачатку ледаставу.


На Вольцы крыху ніжэй Навусьці.

Падбагененая галявіна каля Валяваткі ўзімку й улетку.


У даліне Волькі бывае моцная палавень, калі ёсьць шмат сьнегу зімою й увесну сьнег таіць хутка.


Раньневеснавая паводка на Вольцы пад Навусьцю.
Затоплены павадкавымі водамі абалонны чорнаалешнік са старарэччам Волькі.

Калі высокая вада з-за працяглых дажджоў здараецца ўвосень, то з пачаткам зімы на Вольцы можа быць значная пусталедзіца з ападаньнем глызаў леду.

Раньнезімовая пусталедзіца на Вольцы.

Далей можа будзе цікава паглядзець галерэю іншых відаў на Вольку ў розныя сэзоны й у розных мейсцах, каб больш поўна ўявіць сабе гэту цудоўную рэчку.



227 views0 comments
bottom of page