top of page
  • Writer's pictureVadim Sidorovich

Рэчка Вуса й яе каналізаванае нізоўе (Шубіна-Нёманскі і Жоўта-Нёманскі каналы)

Updated: Jan 15, 2023

Пачну гэта пост таксама, як і папярэднія аб Ізледзі й Вольцы. То бок, што аматары прыроды Налібоцкай пушчы, рачнога сплаву й рыбнай лоўлі ў гэтым лясным тэрэне значна больш ведаюць ягоныя буйнейшыя рэкі Бярэзіну ды Іслач, а таксама Нёман, што аблямоўвае Налібоцкую пушчу з поўдня й паўднёвага ўсходу. Значна менш вядомы рэчкі Вуса, Волька ды Ізьледзь. Таму тры суседнія пасты нашага блогу аб Налібоцкай пушчы будуць адрасаваны менавіта гэтым меншым і не настолькі вядомым рэчкам. Цяперака будзе распавядацца аб Вусе а таксама яе каналізаваным нізоўе, а менавіта аб Шубіна-Нёманскім і Жоўта-Нёманскім каналах.


Вуса ў сярэднем цячэньні ў Налібоцкай пушчы (ад хутара Вуса да Рудні Налібоцкай) ўлетку.



Вуса зімою ў адлігу каля хутара Вуса ў Налібоцкай пушчы.


Вуса пачынаецца ў леса-аграрным навакольлі па-за межамі сучаснай Налібоцкай пушчы з цэнтральна-заходняга боку. Свой доўгі шлях каля 72 кілямэтраў ад вытокаў непадалёк вёскі Літва й да вёскі Кляцішча ў цэнтры Налібоцкай пушчы яна цячэ паўз хваёвыя бары па пясчаных выдзьмах. Вада Вусы напоўніцу празрыста й чысьцютка. Рэчышча значна меандруе, і таму яно ўдвая а то й больш даўжэйшае за працягласьць рачной даліны да Кляцішчаў (каля 40 км). Даліна Вусы параўнальна вузкая й выслана пяскамі. Каля Кляцішча ваду Вусы забіраюць два буйных канала, якія завуцца Шубіна-Нёманскі (бо цячэ да Нёмна праз урочышча Шубін) і Жоўта-Нёманскі (таксама цячэ да Нёмна і на пачатку па даліне былой рэчкі Жоўтая). Гэтыя каналы былі прарыты ўручную (рыдлёўкамі і вазкамі) у сярэдзіне XIX-тага стагодзьдзя дзеля патрэб жалезнагутнай вытворчасьці ў Рудні Налібоцкай і Кляцішчах. Даўжыня Жоўта-Нёманскага каналу складае каля 23 кілямэтраў, Шубіна-Нёманскага каналу – 17 кілямэтраў. Вуса мае даволі шмат натуральных прытокаў, то бок малых рэчак меншых амаль што як ручаі, або большых працягласьцю да 15-30 кілямэтраў. Першапачаткова да ўтварэньня Шубіна-Нёманскага й Жоўта-Нёманскага каналаў асноўныя зь іх былі Шура, Замянка, Рэчыца, Фэрбіна, Паўднёвая Каменка, Лебяжода, Краманіца і Быстрая.


Што тычыцца найменьня Вуса, то паводле тапанімістаў яна блізкая да Вуша і азначае са стараславянскага левы прыток, калі рухацца ад вусьця ўверх па цячэньню. Да рэчы кажучы ў назове рэчкі Быстрая (да адрыцьця Нёманскіх каналаў быў значны прыток Вусы), што цякла па багеннай роўнядзі досыць павольна, ёсьць нейкая блытаніна напэўна тых, хто рабіў колішнія мапы. Быстрая то ёсьць не ліцьвінска-беларускае слова і адпаведна дакладна не тутэйшы тапонім. Раней у Радзівілаўскіх лесагаспадарчых і лавецкіх дакумэнтах яна прыгадвалася як Вуса, тады як цяперашняя цяперашняя рэчка Вуса была Вушою (прыгадваецца як Вуша). Нездарма на поўнач за цяперашняю Вусаю напроці Кляцішчаў ёсьць вялікае ўрочышча Завушня, то бок мясьціны за Вушаю. Усё гэта добра ўкладаецца ў значэньне левага прытоку, калі рухацца ад вусця (бо гідраграфічна будзе ўсё наадварот). Ранейшая Вуса (ток бок пазьнейшая Быстрая) ёсьць гэтакім чынам левы прыток ранейшай Вушы (цяперака Вуса). У сваю чаргу ранейшая Вуша (цяперака Вуса) ёсьць левы прыток Нёмну, калі зноў-такі рухацца з нізоўяў у вярхоўя (як рухаліся даўнейшыя людзі пры перасяленьні).


Шыракапалыя ракі ў Вусе, 1997 год.

Крыху пра жывёльны сьвет Вусы. Цікава гатункавая разнастайнасьць рыбы ў гэтай рэчцы. У Вусе водзіцца жэрах, стронга, галаўль, язь, гарчак, але пераважна сустракаюцца плоць, ялец, пячкур, укляя, шчупак ды акунь. Цалкам маса рыбы складае ад 2 да 6 кіляграмаў на 100 мэтраў рэчышча. Раней да 1980-х гадоў у Вусе было шмат шырокапалага рака, потым іх станавілася ўсё меней і нарэшце гэты рачны рак зьнік. Водзяцца бабры, выдры і амэрыканскія норкі. У цёплы сэзон на Вольцы звычайны качкі-крыжанкі, а таксама сустракаюцца гагалі, чыркі-свістункі, ды крахалі. У сьцюдзёны сэзон у гэтай рачулцы зімуе шмат травяных жабаў.


Перш чым распавесьці аб Вусе ў Налібоцкай пушчы больш падрабязна, я хацеў бы зацеміць, што я мала чаго ведаю аб ёй па-за пушчанскімі межамі. З-за гэтага пакіну верхняе цячэньне Вусы ў пушчанскіх ваколіцах амаль што без увагі. Толькі скажу, што ў Рудні Пільнянскай на Вусе захаваліся прыгожыя мураваныя рэшты былога воднага млына і немалы стаў побач. Забудоўцай і гаспадаром гэтага млына быў Казімер Драчынскі. Гэты млын працаваў да лета 1943 года, калі яго спалілі немцы пад час блякаднай апэрацыі «Герман».

Рэшты воднага млына на Вусе ў Рудні Пільнянскай на ўсходняй мяжы Налібоцкай пушчы.

Распавядаючы аб Вусе ў Налібоцкай пушчы, нельга мінуць жалезна-гутную вытворчасць у Рудні Налібоцкай і Кляцішчах, бо ўсё гэта карэнным чынам зьмяніла Вусу ў ніжнім цячэньні. Ужо ў XVII стагодзьдзі на тэрэне Налібоцкай пушчы каля ракі Вуса навакольныя людзі здабывалі балотную жалезную руду й на маленькіх домнападобных печах выплаўлялі з яе жалеза ў досыць значных аб’ёмах. Гэтак тамака ўзьнікла людзкое паселішча, якое звалася Рудня або Рудніца. Дык вось у Рудні, дзе ўжо быў немалы досьвед здабычы жалеза з балотнай руды, а таксама ўсё патрэбнае было недалёка Радзівілы недзе ў сярэдзіне XVIII-тага стагодзьдзя ўтвараюць мануфактуру дзеля больш спраўнай здабычы жалеза палепшанай якасьці. Гэтую мануфактуру сталі клікаць жалезная гута, ці адлеўня па найменьню Марыя Вады (або Марыя Водна), а мейсца Рудняй Налібоцкай.


Сувязь з вадою ў найменьні жалезнай гуты невыпадкова, бо жалезна-гутная тэхналёгія тых часоў патрабавала шмат вады. Гэта і патрэба шмат вады ў тэхналёгіі выплаву жалеза належнай якасьці, ды й здабытак мэханічнага руху ад цякучай вады, ды й нямала іншага, напрыклад, забесьпячэньне транспартыроўкі руды і выплаваў. Мэханічны рух перш за ўсё быў патрэбен дзеля няспыннай падачы паветра ў плавільныя печы. Патрэбны мэханічны рух забясьпечваўся адмысловым варатным колам 3-4 мэтры дыямэтрам. Гэта кола па пэрымэтры мела лопасьці, у якія яго штурхала цякучая вада. Каб паток быў больш моцны, на рацэ рабілі даму, а ў ёй мураваную пратоку. Таму наяўнасьць пры жалезнай гуце нейкага става было неабходным. Стаў у Рудні Налібоцкай на Вусе быў параўнальна вялікім – недзе 20-30 гектараў.


У сярэдзіне XIX-тага стагодзьдзя пры ўладараньні Налібокамі Пятра Вітгенштэйна, жалезная гута ў Рудні Налібоцкай пры Вусе разбудавалася. Акрамя таго была пабудавана яшчэ адна больш тэхналягічная ліцейня ў вёсцы Кляцішча, што напрасткі мейсцілася ў 6 км на паўднёвы захад ад Рудні Налібоцкай, углыб пушчанскага тэрэну. Прадпрыемства ў Рудні Налібоцкай не было здольнае да выпрацоўкі якаснага жалеза, таму адтуль амаль што ўсе выплавы адпраўлялі на больш тэхналягічную гуту ў Кляцішча. Дастаўка выплаваў з Рудні Налібоцкай ў Кляцішча спачатку ажыцьцяўлялася толькі конным цягам на адмысловых вазах па спэцыяльна адбудаванай дарозе даўжынёй каля 7.5 км. У гэтакія вазы запрагалася ад двух да чатырох цяглавых коней. Дзесяцігодзьдзе пазьней быў адбудаваны й водны шлях, які складаўся з рэчышча Вусы на пачатку, а потым праз чатыры кілямэтры ад яе рэчышча праставаў досыць водны канал даўжынёй каля 3 км. Дастаўка выплаваў па каналу ажыцьцяўлялася спэцыяльнымі баркамі.


У 1860-х гадох дзеля палягчэньня здабычы й падвозу балотнай руды з урочышч Шубін і Гала Балота – Краснае, а таксама адвозу жалеза й жалезных вырабаў да Нёмну капаюцца два каналы: Шубіна-Нёманскі й Жоўта-Нёманскі. Яны забралі ваду з Вусы дазваньня й ейнае старарэчча пачынала заўважна цячы толькі пасьля далучэньня паўднёвай Каменкі. Шубіна-Нёманскі канал быў прарыты ў паўднёва-заходнім накірунку да Галяндэрні й Купійска. Ён шмат дзе пралягаў па даліне Вусы праз урочышча Шубін, але ў ніжнім цячэньні мінаў паўднёвую рачную дугу ва ўрочышчах Буды й Сьмейнае й праставаў да Нёмну праз багенныя чорнаалешнікі паміж урочышчамі Ялоўка й Казлоў Барок. Трывалай конаезднай дарогі ўсьцяж гэтага канала на большасьці ягонага цёку не было.


Шубіна-Нёманскі канал ва ўрочышчах Буды, Ліповіца й Галяндэрня ў розныя сэзоны, 2018-2021 гады.


Шубіна-Нёманскі канал і цяперака досыць водны і шырокі й паўз яго няма ані мастоў, ані ляжнёвак, ані шлюзаў цягам недзе 14 кілямэтраў. Дзікія капытныя пераходзяць яго ўброд, тады як астатнія сысуны або не пераходзяць увогульле, або зрэдку плывуць праз яго, але часьцей шукаюць мейсца, дзе праз гэты канал звалілася нейкае дрэва. Таму ў такіх мейсцах у бязлёдны сэзон утвараюцца сапраўдныя пярэсмыкі, дзе пераходзяць канал шмат якія гатункі сысуноў.


Пераход сысуноў па аднаму з дрэў, што павалілася паўз Шубіна-Нёманскі канал ва ўрочышчы Ліповіца, 2020 год.

Сплаў дрэўны па Шубіна-Нёманскаму каналу, 1931 год. Фота Б.Трыпуцька. Фота скапявана з тагачаснага польскага часопіса Echa Lesne, 1931 (4).
Падрыхтаваная да сплаву дрэўна на беразе Шубіна-Нёманскага каналу, 1932 год. Фота Л.Іванова. Фота скапявана з тагачаснага польскага часопіса Echa Lesne, 1933 (2).

Жоўта-Неманскі канал быў пракапаны амаль што ў заходнім накірунку (крыху на поўдзень) да мястэчка Любча, што стаіць на беразе Нёмну. Гэты канал быў пракапаны па даліне рэчкі Жоўтай, якая марудна цякла ў супрацьлеглым накірунку да Вусы па амаль што плоскай лагчыне, што звалася Карыцішчам. Потым Жоўта-Неманскі канал уваходзіў у багенны масіў Гала Балота-Краснае-Казялец, дзе ўжо сьцёк вады быў у патрэбным накірунку. Уздоўж Жоўта-Неманскага каналу была адбудавана трывалая конна-ездная дарога. Акрамя жалезнагутных спраў Шубіна-Нёманскі й Жоўта-Нёманскі каналы слугавалі шляхамі сплаву дрэўны.

Жоўта-Нёманскі канал ва ўрочышчы Карыцішча, 2018-2020 гады.

Жоўта-Нёманскі канал ва ўрочышчы Гала Балота, 1967 год. Фота Анатоля Фамянкова.


Будаўніцтва й функцыяваньне жалезных гут у Рудні Налібоцкай і Кляцішчы, Шубіна-Нёманскага й Жоўта-Нёманскага каналаў ажыцьцяўляліся за кошт уладальнікаў: сьпярша Пятра Вітгенштэйна, а потым ягонай дачкі Марыі Гонгелоэ. Абодва каналы шмат дапрацоўвалі ў 1930-тыя гады за кошт польскіх лесагаспадарчых кампаній, якія карысталі іх дзеля сплаву дрэўны да Нёмна. У савецкі час напрыканцы 1970-тых і пачатку 1980-тых гадоў Шубіна-Нёманскі канал адбудоўвалі занава. У верхняй частцы ва ўрочышчы Кляцішча і Шубін гэты канал рыўся на мейсцы былога, а далей ва ўрочышчы Буды і Ліповіца канал цягнулі побач. Таму старое русла Шубіна-Нёманскага канала тамака добра відаць побач і цяперака. Новы канал ледзь не на два мэтра ніжэй за ранейшы.


Але ў 1890-х гадох пачаўся эканамічны заняпад гэтай гутнай справы з-за цяжкай канкурэнцыі з больш таннай прадукцыяй мэталюргічных заводаў Данбаса, Урала і іншых прамысловых рэгіёнаў тагачаснай Расеі. Каналы ў занядбаным стане былі прададзены некаму Жыгмунту Ваяводскаму, які наладзіў інтэнсіўны сплаў дрэўны да Нёмну й далей у краіны заходняй Эўропы. Дзеля гэтай мэты ім і ягонай гаспадарчай суполкай таксама было куплена шмат лясоў на прыканальных навакольлях. Пад гэты час было зьнішчана нямала пярвотных пушчанскіх лясоў. Цалкам сплаў дрэўны па Шубіна-Нёманскаму й Жоўта-Нёманскаму каналам адбываецца аж да Другой сусьветнай вайны.


Па зьнікненьню жалезнай гуты, ці Марыі Воднай у Рудні Налібоцкай яе асноўны будынак разам з гутным ставам быў куплены некім Яцэкам Гурвічам. Новы гаспадар перабудаваў гутны будынак у вялікі млын. Увесну 1931 года палавень значна парушыла даму й вялікі стаў зьнік назаўсёды. Аднаўленьне дамы напоўніцу было непамернай дарагоўляй. Таму дама была адноўлена часткова, каб утварыць падпор вады, які быў бы до дзеля функцыянаваньня млыну. У 1933 годзе будынак млыну пагарэў, але Гурвічу ўда хутка аднавіць яго. Пры гэтым у дадатак была ўсталявана мэханічная піла – цыркулярка, якая як й млыновыя жорны таксама прыводзілася ў рух цёкам вады праз варатное кола з лопасьцямі ды й розныя перадачы руху. Гэтакім чына на Вусе ў Рудні Налібоцкай зьявіўся яшчэ й гатар.


Водны млын Яцэка Гурвіча ў Рудні Налібоцкай на Вусе. На ганку і побач стаяць завозьнікі. Гэты млын быў абсталяваны ў галоўным будынку жалезнай гуты, што была пабудавана яшчэ Радзівіламі ў сярэдзіне XVIII-тага стагодзьдзя, а потым падбудавана на грошы Пятра Вітгенштейна ў сярэдзіне XIX-тага стагодзьдзя. Фота з калекцыі Рамуальды Шыбут.

На Вусе доўгі час быў яшчэ адзін млын у Галяндэрні ўсяго некалькі кілямэтраў да вусьця Вусы ў Нёмане. Першапачаткова гэты млын быў пабудаваны напрыканцы XVIII-тага стагодзьдзя і выглядаў ён прыблізна так як на малюнку Ганны Сідаровіч зьлева. У пачатку XIX-тага стагодзьдзя гэты млын быў дабудаваны. Было пастаўлена другое варатное кола дзеля гатара, які быў абсталяваны ў прыбудове. У гэтакім стане млын у Галяндэрні працаваў да Першай сусьветнай вайны, калі ён быў ушчэнт разьбіты нямецкай артылерыяй.


Ёсьць яшчэ адно пытаньне, якое карціць распавесьці ў дачыненьні Вусы. Гэта пытаньне аб тым, дзе яна насамрэч цякла ў сваім нізоўі да прарыцьця Нёманскіх каналаў, то бок па якім цяперашнім мясьцінам Вуса працякала. Гэта не так проста даведацца й мала хто тое ведае. Калі пад Кляцішчамі ваду Вусы забралі два Нёманскія каналы, то старое рэчышча й вадаёмы па яму, а то й водная плынь зьніклі не адразу. На поўдзень за Кляцішчамі з левага боку ад Шубіна-Нёманскага каналу нават у 1970-тыя гады яшчэ добра было відаць, дзе цякла Вуса. Па той падбагененай сенакоснай галявіне рэчышча Вусы было поўнае вады й улетку зацягнутае раскай.

Рэштавае рэчышча Вусы 1-2 км ніжэй па рэчке за Кляцішчам яшчэ да ўцяканьня Фэрбіны. Фота Анатоля Фамянкова, 1967 год.

Пасьля уцяканьня ў яго Фэрбіны, а потым Паўднёвай Каменкі Вуса зноў досыць годна пачынала цячы. Таксама веснавыя вялікія воды ў некаторыя гады прамывалі левы бок Шубіна-Нёманскага каналу й Вуса набірала досыць шмат вады, як на фота ніжэй, зробленае ва ўрочышчы Шубіна Анатолем Фамянковым у 1967 годзе.


Рэштавае рэчышча Вусы пасьля ўцяканьня Фэрбіны й адразу пасьля вусьця Паўднёвай Каменкі. Вады ў Вусе даволі шмат, бо той год увесну павадкавыя воды прамылі левы бок Шубіна-Нёманскага канала, што спусьціла частку вады ў ранейшае рэчышча Вусы. Фота Анатоля Фамянкова, 1967 год.

Пасьля ўцяканьня ў Вусу Паўднёвай Каменкі гэта рэчка ўцякала ў Шубіна-Нёманскі канал ізноў і губляла ваду. Потым зноў абязводжанае рэчышча Вусы ўваходзіла ў лес па-за хутарам Шубін і потым трапляла зноў на поплаўныя лугі праз кілямэтр ці меней. Адтуль рэчышча Вусы пралягала скрозь па досыць шырокай (каля 300 мэтраў) травяной галявіне аж да Галяндэрні, дзе ўваходзіла ў чорнаалешнікі, якія аблямоўвалі Вусу ледзь не да вусьця ў Нёмне. Перад хутарамі Броднае й Казлоў Барок даліна Вусы з паўднёвага накірунку павярнала на захад, а потым зноў пасьля Казлова Барка павярнала на поўдзень пад простым кутом.


Польская мапа 1924 году, якая улучае рэштавае рэчышча Вусы й Шубіна-Нёманскі канал ніжэй Кляцішча й да былой гаёўні Сьмейна (на 1 см мапы каля 0.52 км тэрэну)..

Рэштавае рэчышча Вусы пад Будамі. Фота Івана Данілюка 1949 году (з калекцыі

Міколы Чэркаса).


Сатэлітныя фота былой даліне Вусы ва ўрочышчах Буды, Сьмейна й Броднае. На левом фота, які ахоплівае большую прастору, акрамя былой даліны Вусы (зьнізу) відаць Шубіна-Нёманскі канал (зьверху). Адлегласць паміж імі 1-2 км.

Высокі й шчыльны травастан у былой даліне Вусы пад Сьмейна.
Адзін з апошніх стажкоў сена, што я бачыў у былой даліне Вусы ва ўрочышчах Буды, Сьмейна й Броднае, 1996 год.

Рэшты былога рэчышча Вусы ў яе даліне ва ўрочышчах Буды й Сьмейна.


Захаваўшаяся рэшта былога развойнага рэчышча Вусы пад хутарам Галяндэрня.

На гэтых фота, зробленых Анатолем Фамянковым у 1967 годзе, відаць рэчышча, або старарэччы Вусы, што былі ў вусьцевым кавалку гэтай ракі.




242 views1 comment
bottom of page