Хутары Вялікага і Малога Печышчаў: мінулае і цяперашні выгляд
- Vadim Sidorovich

- Mar 30, 2025
- 28 min read
Updated: Apr 16
Шырокасяжна і калярытна Налібокская пушча адчынілася для мяне ў самым пачатку 1983 года з ездак менавіта на хутар Вялікае Печышча, дзе я прыпыняўся ў хаце даволі беднай радзіны Ромака Маргуля й Ядзьвігі Далідовіч. Той час я вельмі цікавіўся выдрамі й іншымі напаўводнымі сысунамі, а адтуль было недалёка да рэчкі Волькі. Акрамя выдзёр мяне вельмі вабілі беспасярэдне амаль што нерушныя і таму рамантычныя абшары гэтай малой рэчкі, што цячэ праз лясы і багны.
Пазьней я даведаўся, што Печышча ёсьць даволі старадаўнее паселішча. Напрыканцы XVII-ага або ў самым пачатку XVIII-ага стагодзьдзяў блізу цяперашняга ўрочышча Вялікія Печышча ў мейсцы з найменьнем Ўсьценьск ужо была Радзівілаўская гаёўня, дзе з радзінаю жытлуе асочнік-баброўнік ад Налібоцкага падлавецтва. Паводле реестру Налібоцкага падлавецтва 1708 году тамака мешкае і працуе службовец Ігнась Выжловіч. Той баброўнік сьцярог бабровыя гоны па Вольцы ад вусьця Лубянкі і да вусьця Сівічанкі, а таксама ўсе бабровыя жарэмя па малым левабярэжным прытокам Волькі, то бок акрамя Лубянкі і Сівічанкі яшчэ і Таварышчына ды Альшаніца. Ён жа здабываў патрэбную колькасьць тых баброў па загаду Налібоцкага падлоўчага, а таксама выконваў агульнаасоцніцкія справы. У савецкі час тое мейсца звалі як Абшчажыцьця, бо ў 1970-ыя гады тамака быў барак пражываньня лесагаспадарчых працаўнікоў, якія пераважна займаліся падсочкай навакольных бароў. Дакладнае разьмеркаваньне таго бараку было ўсяго ў двух кілямэтрах ад былога як бы цэнтру Печышчанскіх хутароў.
Загадам Нясьвіжскага лоўчага 1704 году на тых памежных землях будуюцца гаёўні для стражніка-аб'ездчыка і бортніка. Тады тое мейсца звалася як Паленае Печышча. Паводле реестру Налібоцкага падлавецтва 1708 году ў Паленым Печышчы ўжо жытлуе стражнік Гінтаф Чапроўскі ды бортнік Ян Сядлевіч. Гаёўня для Чапроўскага была збудавана пры спалучэньні рачулак Сівічанкі й Альшаніцы з далёкасяжнай багеннай галявіннай акурат недзе тамака, дзе была сядзіба Ромака Маргуля й Ядзьвігі Далідовіч у позьнесавецкі час. Тамака гэтыя рачулкі, якія пачынаюцца на значнай аддаленасьці, падыходзяць блізенька на адлегласьць усяго каля трыццаці мэтраў, гэтак што полыя воды ў іх агульныя. Потым яны зноўку разыходзяцца й ужо ўцякаюць ў Вольку на адлегласьці ў некалькі кілямэтраў. Тое мейсца спалучэньня Альшаніцы і Сівічанкі можна ўмоўна лічыць асяродкам былых хутароў Вялікага Печышча. Бортніцкая лесьнічоўка для Сядлевіча была заснавана ў кілямэтрах дзьвух паўночнее пры падобнай выцягнутай багеннай галявіне, па якой струменіла ручаіна Таварышчына. Не падлягае сумлеву, што тое мейсца было пазьнейшым Малым Печышчам.
Вядомы шырокасяжны пажар 1773 годзе, які выпаліў арандатарскі засьценак шляхціча Міколы Крывавокі і ўсе гаёўні ўжо менавіта ў Вялікім і Малым Печышчы. Але пасьля Напаліёнаўскай ваеннай выправы ў 1820-ых гадох Печышчы заселены людзьмі. Тамака існуе каля дзесяці хутароў дробных землеўласьнікаў і некалькі сядзіб палясоўшчыкаў. Тыя хутарскія гаспадаркі на былых Радзівілаўскіх землях зьявіліся наступным чынам. Апошні ліцьвінскі ардынат з Нясьвіжу Дамінік Радзівіл падтрымліваў са сваім войскам Напаліёна, ваяваўшы супраць расейскага цара Аляксандра I.

З гэтай нагоды пасьля паразы Напаліёна ў Расеі расейскі цар сэквэстраваў маёнткі Нясьвіжскіх Радзівілаў. Частка тых зямель раздавалася ва ўзнагароду вайсковым дзеячам вайны з Напаліёнаўскім войскам, а тыя імкнуліся атрымаць грошы, спрадаўшы гэтыя аддаленыя землі. Людзі, якія пакупілі тыя зямельныя надзелы на пушчанскіх абшарах, засноўвалі тамака выключна жывёлагадоўчыя гаспадаркі. Займацца расьлінаводствам на тых пясчаных або тарфяных глебах было не зыскоўна. Сярод прозьвішчаў Печышчанскіх пасяленцаў XIX-ага стагодзьдзя сустракаюцца Чапроўскія, Далідовічы, Валовічы, Казерскія, Дудары, Ліпніцкія, Краўцевічы, Буржынскія, Юрэвічы ды Гарбацэвічы. Перад Першай сусьветнай вайной у Вялікім і Малым Печышчах налічваецца аж сямнаццаць хутароў. Толькі шэсьць зь іх разьмяркоўвалася ў Малым Печышчы, дзе ў асноўным жытлавалі Далідовічы і Чапроўскія. Пасьля той вайны напачатку 1930-ых гадоў у Печышчах налічваецца дванаццаць двароў. Пераважна тое былі радзіны з прозьвішчамі Далідовічы ды Чапроўскія, а таксама Буржынскія ды Ліпніцкія. З далёкага мінулага Вялікіх і Малых Печышчаў больш мне нічога невядома.
Радзіны Валовічаў (зьлева) і Краўцевічаў (праваруч) з Печышчаў, канец 1890-ых гадоў. Фота з калекцыі Крысьціны Буржынскай.
Зьлева дзяўчаты каля гаспадарскага двара Яўстафія і Караліны Чапроўскіх у Вялікім Печышчы, другая справа Маруся - іхняя дачка і будучая жонка Баляслава Далідовіча, канец 1920-ых гадоў. Справа нядаўна пабраўшаяся пара з Вялікіх Печышчаў, верагодна Лука і Фэліцыя Буржынскія з Вялікіх Печышчаў, сярэдзіна 1930-ых гадоў. Фотаздымкі з калекцыі Крысьціны Буржынскай.
У 1960-ыя гады Печышчы былі поўныя людзей у тым ліку моладзі. Тамака нават чынілі маладзёвыя гулянкі, на якія прыходзілі ня толькі Печынскія, а і з Кляцішча, Козьлікаў, Пелюжыны ды Вуглоў.
Цяперака Печышчы дазваньня апусьцелыя. Цягам апошніх месяцаў я з сынамі Баляславам і Вінцесем ладзілі шэраг вандровак як у Вялікія, гэтак і Малыя Печышчы. Фотаздымкі з тых ездак туды глядзіце ніжэй.
На маё пытаньне, як яны пазнаёміліся, Ядзьвіга распавяла, што тое здарылася, калі яна і маці сенавалі ў даліне Волькі. Побач сенавалі Маргулі з Каменя, сярод якіх быў і Ромак. Завіхаючыся з сенам, перагаворваліся, быццам бы падабаліся адзін аднаму. Паліў дождж, схаваліся ў бліжэйшую капу сена. Занадта доўга грэліся ў той капе сена. З таго й атрымалася першае іхняе дзіця. К восені пабраліся шлюбам у Каменьскім касьцёле. Я нават ня ведаю, ці быў зарэгістраваны іхні шлюб у савецкіх установах, ці не. Адылі да 1982 году Ядзьвіга нарадзіла ўжо чацьвёра дзяцей. Трое зь іх былі ладненькія дзеткі. Адзін памёр два гады да таго ад нейкай хваробы. І надалей у іхняй радзіне было аж сямёра дзяцей, то бок іхні шлюб быў вартым. Напэўна паміж імі было сапраўднае каханьне, хоць і зьявілася яно гэтак зьнянацку. Першых пяцёра дзяцей Ядзьвіга сама нараджала ў сваёй маленькай хаце з вельмі прымітыўнымі санітарнымі ўмовамі. Ніхто пры тых родах не памёр. Ядзьвіга амаль што ўсё рабіла сама. Мне даводзілася прысутнічаць пад час адных яе родаў і штось дапамагаць. Дзівосным чынам склалася гэтак, што мой тагачасны сябра Сяргей дапамагаў Ядзьвізе ў папярэдніх родах. Ён распавядаў пра яе трываласьць да болю і жаноцкую спраўнасьць. Я мог бы засьведчыць тое самае.
Адылі Ромак меў значную хібу, як мужык і бацька ў шматдзетнай радзіне. Час ад часу бадай што некалькі разоў на год і ўсё ў сьцюдзёны сэзон Ромак зьнікаў са двара ў Вялікім Печышчы. Гэтакая ягоная адсутнасьць пры радзіне магла доўжыцца да месяца. Па ягоных словах, ён выпраўляўся на заробкі па навакольных вёсках. Каму са старых людзей ён нібыта калоў дровы і складаў іх пад стрэхамі, другому чысьціў сьнег на панадворку. Сапраўды, ён прыносіў да хаты нейкія грошы пасьля кожнай гэтакай выпраўкі, але тое былі параўнальна невялікія грошы. Цягам Ромакавай адсутнасьці ў Вялікім Печышчы Ядзьвіга павінна была даглядаць за трыма або чатырма дзецьмі, штось гатаваць ім паесьці, тапіць печ, праць вопратку, карміць каня, карову і аднаго ці двух япрукоў і з дзясятак курэй.

Аднаго такога разу хмурым надвячоркам у лютым 1984 году я прыйшоў да іх у Вялікае Печышча. Менавіта гэтым часам Ядзьвіга з чатырма дзецьмі галадавалі, бо Ромак сышоў, і яго не было ўжо тры тыдні. Карова той час ня даілася, адзінага невялікага япрука яны забілі ды зьелі яшчэ да Калядаў, а таксама Ядзьвіга забіла некалькі наяўных курэй, каб хоць штосьці зьесьці. К таму часу адзіныя суседзі зьехалі жытлаваць кудысь у нейкую навакольную вёску, і дапамагчы Ядзьвізе зусім не было каму. На момант майго зьяўленьня ў іхняй хаце заставалася крыху сушаных дзікіх ігруш, з якіх Ядзьвіга варыла кампот, і больш не было анічога. Мой прыход для іх быў як збавеньне ад мажлівай галоднай сьмерці кагось з дзяцей. Я аддаў свае харчы, і неўзабаве пайшоў праз цемрач па пушчанскай коннавознай дарозе ў бліжэйшую вёску Вуглы, якая была на адлегласьці сямі кілямэтраў ад Вялікага Печышча. Трэба было здабыць больш ежы для Ядзьвігі й ейных дзяцей, а таксама для сябе самога, бо я меўся пажыць у іхняй хаце з тыдзень. У Вуглах жытлавала мая добрая знаёмая, спагадлівая жанчына, цётка Рэня. Рэніна радзіна была надта працавітай і жыла ў добрым дастатку. Прынамсі ежы ў іх заўжды было дзівосна шмат. Рэня з вялікім спачуваньнем паставілася да майго аповеда аб крытычнай сытуацыі ў Вялікім Печышчы. Недзе ўжо апасьля апоўначы я ішоў па той жа коннавознай дарозе назад з двума заплечнікамі поўнымі ежы. Адзін заплечнік быў як звычайна ззаду, а другі быў прымацаваны сьпераду мяне. Задні заплечнік быў набіты салам, а таксама ў ім было на два разы зварыць бульбы і крыху морквы з буракамі. Пярэдні заплечнік быў паўнюткі хлеба і макаронаў. Вядома, Ядзьвіга была надта ўдзячна мне і цётцы Рэні, і не раз прыгадвала, што мы іх уратавалі. Цікава, што Ромак прыйшоў у Вялікае Печышча праз некалькі дзён. Ядзьвіга толькі сказала яму, што, маўляў, мы ледзь не памерлі ад голаду пакуль ты недзе бадзяўся. На гэта ён адказаў, што ён не бадзяўся, а зарабіў чатырнаццаць рублёў, а тое сто буханак хлебу. Ядзьвіга сказала, што тое япручынага хлебу сто буханак, а людзкага меней. Вось і ўсё. Удакладню, што ў савецкі час у правінцыі было два асноўных гатункі хлеба па чатырнаццаць і па шаснаццаць капеек. Тым больш танным хлебам сяляне часта кармілі япрукоў, і таму клікалі яго япручым.


Хата ў Вялікім Печышчы, 1984 і 1986 гады; мыш на стале ўгэтай хаце.
Але жылі Ядзьвіга і Ромак з дзецьмі не з Роміных гэтакіх заробкаў, а з продажы свойскай гарэлкі. Канешне, вырошчваньне бульбы, агарод, дойная карова, некалькі япрукоў на мяса і сала, а таксама куры давалі значную частку ежы, але патрэбны былі і нейкія грошы, каб купіць штось іншае. Таму недзе ў адным кілямэтры ад іхняй хаты імі быў абсталяваны параўнальна невялікі самагонны заводзік, які ня быў неяк схаваны і размяркоўваўся на ўскрайку невялічкай лонкі каля даліны рэчкі Альшаніца. Вялікае Печышча было моцна заглыблена ў пушчу, і Ядзьвіга з Ромакам не палохаліся мажлівага перасьледу з боку ўладаў. Памятую, што на тым невялічкім самагонным заводзіку амаль што няспынна ішла праца. Ядзьвіга з Ромакам жэнілі толькі чыстую гарэлку з жытняй мукі ў 40-60% алькаголю. Яны працавалі тамака мінімальна раз на тыдзень, але нейкая праца на тым заводзіку імі выконвалася ледзь не штодня. Тая гарэлка пераважна прадавалася лесьнікам з Івянецкага ды Каменьскага лясьніцтваў. Хтось з гэтых лясных службоўцаў ледзь не штодня вітаў Вялікае Печышча, каб набыць гарэлкі дзеля абедняй або вечаровай выпіўкі.

На вялікі жаль увосень 1985 году Ромак зь Ядзьвігаю былі вымушаны пераехаць у дадзеную ім хату ў бліжэйшай вёсцы Вуглы, а потым у Сівіцу, бо трэба было вучыць дзяцей. У Вялікіх Печышчах старэйшая дачка ўжо як тры гады ўсё яшчэ не хадзіла ў школу. Пасьля таго як Ромак і Ядзьвіга з дзецьмі пакінулі Вялікае Печышча, з дазволу гаспадароў я самастойна, ці з сябрам Сяргеем, або з кімсьці іншым віталі да той іхняй цяперака самотнай хаты. Здаралася, я адзін быў тамака па тыдню і балей. То былі помныя часы нялёгкай самоты й адначасова пары хуткай самастойнай вучобы экалёгіі дзікіх зьвяроў і птушак, а таксама набыцьця каштоўнага досьведу жыцьця сярод дзікага тэрэну. Так цягнулася да вясны 1992 году, калі пад час палу сухой травы тамтэйшыя пастухі з Вуглянскай быдлячай фэрмы неспадзявана спалілі пабудовы Ромака й Ядзьвігі. Разам з гэтым, расчуліўшыся, я закінуў вітаць у Вялікае Печышча. Нейкі час яшчэ заяжджаў да іх у Сівіцу. Ядзьвіга заўчасна памерла ў няпоўныя пяцьдзясят гадоў. Ромак перажыў яе на некалькі гадоў і сканаў яшчэ да ягоных шасьцідзесяці гадоў.
Аднаго разу пад час вечаровых пасядзелак Ядзьвіга распавяла мне вельмі цікавую але драматычна-трагічную гісторыю жыцьця ейнага бацькі й ягоных бацькоў. Гучала тое прыблізна наступным чынам.
У Налібоцкай пушчы ў згуртаваньні хутароў Вялікага Печышча ў 1930-ыя гады жытлавала маладая радзіна Далідовічаў Баляслава і Марусі. Баляслаў нарадзіўся і вырас непадалёку на хутары Візнога, што мейсьціўся на шляху да Паўдарожжа. Ягоныя маці Багуслава і бацька Амброжы займаліся жывёлагадоўляй. Акрамя таго Амброжы працаваў лясным стражам у Івянецкай частцы пушчанскіх абшараў. З гэтага ён меў параўнальна добры заробак, а таксама іншыя пэўныя зыскі. Таму Багуслава й Амброжы мелі дастатковы дабрабыт у хаце і маглі забясьпечыць больш-менш годную адукацыю дзецям. Акрамя Баляслава ў Багуславы і Амброжыя Далідовічаў былі яшчэ два сыны Стась і Яўхім, а таксама дачка Анэля. Баляслаў і Яўхім былі надта падобнымі блізьнюкамі. Жонка Баляслава Маруся паходзіла з радавога кляну Чапроўскіх. У Вялікім і Малым Печышчах мешкалі шэраг заможных радзін Чапроўскіх. Бацькі Марусі мелі таксама годны дастатак. Менавіта яны купілі кавалак зямлі і дапамаглі збудаваць ладную хату для Марусі і Баляслава праз год пасьля іхнага шлюбу. Цягам некалькіх гадоў адзін за адным у маладой радзіне Далідовічаў нарадзіліся два сыны Войцік і Валер. Было відавочна, што Маруся і Баляслаў жылі ў згодзе і каханьні.
Таму Марусіным выбарам яе бацькі былі цалкам задаволены. Баляслаў меў спагадлівы, але пры гэтым па-мужыцку цьвёрды характар. Ён быў чалавекам спраўна гаспадарскім, што абяцала дабрабыт у радзіне. Баляслаў скончыў Віленскую гімназію і быў параўнальна добра адукаваны. Ён спрабаваў пісаць апавяданьні і вершы, якія дасылаў у беларускую газэту «Наша Ніва» зь Вільні. Пакуль што для пачатку Баляслаў друкаваў напісаныя рэчы пад рознымі псэўданімамі, але хацеў пачынаць выходзіць у друк і пад сваім імя. Абодвум бацькам падабалася гэта творчая здольнасьць Баляслава, якая не надта перашкаджала ягонай гаспадарскай дзейнасьці. Адно, што занепакойвала бацькоў у дачыненьні Баляслава, была яго схільнасьць да беларускага сацыяльна-палітычнага жыцьця і з гэтай нагоды жаданьне хоць раз на два месяцы зьезьдзіць у Вільню. Пасьля разгрому польскімі ўладамі партыі «Беларуская Грамада» у 1927 годзе, нават хоць нейкі прабеларускі грамадзкі рух у даваеннай Польшчы станавіўся вельмі небясьпечным. Да таго ж кожная з гэтакіх ездак у Вільню адбірала ад жыцьця радзіны і гаспадаркі пэўныя грошы. Таму к канцу 1920-ых гадоў Баляслававы ездкі ў Вільню скончыліся, і ён напоўніцу ўрупіўся ў сваю хутарскую гаспадарку ды захапіўся паляваньнем.
Але не ўсё было спрыяльна і ціхамірна і ў Налібоцкай пушчы. Сытуацыя, якая тады складалася тамака і цалкам у польскай краіне не спрыяла беларускім радзінам, якія прытрымліваліся беларускасьці. Сярод лясных службоўцаў польскія ўлады ўсё больш мянялі беларусаў на палякаў. Адначасова пушчанскія паселішча ўсё больш напаўняліся адстаўнымі польскімі вайскоўцамі, якіх называлі асаднікамі. Таксама засяленцамі-асаднікамі ўтвараліся новыя паселішча, якія называлі асада. Асаднікам даваліся лепшыя землі з казённага фонду. Акрамя таго польскія ўлады перакройвалі сенажаці на карысьць асаднікаў і новых лясных службоўцаў польскай ідэнтычнасьці. Асабліва балючым захадам быў перадзел сенажацей, бо на бедных пушчанскіх глебах менавіта гадаваньне мыкаў і коней давала асноўны прыбытак кожнай пушчанскай радзіне.
Асаднікі і лясныя службоўцы ў даваеннай Польшчы былі ўзброены, і гэту зброю яны маглі карыстаць у даволі шырокім шэрагу выпадкаў. Пры гэтым самаабарона з выкарыстаньнем агнястрэльнай зброі тлумачылася ня досыць дакладна і заўжды была на карысьць гэтага ўзброенага боку польскай ідэнтычнасьці. Гэта таксама давала ім пэўную вагу ў спрэчных пытаньнях з пушчанскімі беларусамі. Я пішу «польскай ідэнтычнасьці», таму што ў даваеннай Польшчы палякамі лічылі ня толькі сталых жыхароў Польшчы каталіцкага веравызнаньня, якія размаўлялі на польскай мове, але і былых беларусаў-каталікоў, якія пераходзілі на польскую мову і пільнаваліся польскай культурнай традыцыі. Гэтакія культурныя пярэваратні ад беларусаў віталіся акупацыйнымі польскімі ўладамі, і яны надзяляліся амаль што тымі жа прывілеямі, што і спадчынныя палякі. То бок усіх гэтых людзей як спадчынных палякаў, гэтак і беларускіх пярэваратняў да польскасьці, я менаваў як людзей польскай ідэнтыфікацыі.
Ды вось у тых грымотных падзеях наступу палякаў на правы і маёмасьць беларусаў у Налібоцкай пушчы, шмат якія пушчанскія беларусы пацярпелі і нямала. Гэтак раптоўна ў 1936 годзе пазбавіўся пасады бацька Баляслава – беларус Амброжы Далідовіч. Таксама ў яго была забраны амаль што дзьве траціны сенажацей, што рэзала пад корань ягоную гаспадарку з гадаваньнем быдла. Фармальнай падставай для таго, каб забраць у Амброжы большую частку сенажацей было тое, што будучы лясным службоўцам і купляючы сенажаці, Амброжы плаціў за іх па ільготнаму кошту для лясных службоўцаў. Цяперака, як ён быў выпхнуты з пасады, адпаведныя ўлады палічылі, што тыя выплаты досыць толькі для траціны тых ягоных сенажацей. Гэта ўсё шмат каго абурыла ў ваколіцах, а асабліва сыноў, якія не выглядалі бяскрыўднымі. Улучна з гэтым у Печышчанскіх ваколіцах насьпяваў беларуска-польскі канфлікт.
Амаль штодня вяліся бясконцыя маркотныя размовы паміж хатнімі на кожным хутары Вялікага і Малога Печышчаў. Прыкрая трывога пасялілася ў тых беларускіх сядзібах. Браты Далідовічы Баляслаў, Яўхім і Стась ледзь не штовечар зьбіраліся то ў хаце Баляслава і Марусі, а то ў бацькоўскай хаце, каб пасаймаваць наконт наступу новых польскіх уладаў на маёмасьць і правы хутарцоў беларускай ідэнтычнасьці. Навіны былі кепскія, адна гаршы другой. Перайманьні ад усяго гэтага і штодзённых думак ды меркаваньняў на гэты конт паступова ўзмацняліся. Мужыкі будавалі пляны супраціву, а іхныя жанкі хваляваліся за лёсы сваіх радзін. Браты Далідовічы набылі рэвальвэры, ды зацяліся ў непрыманьні гэтакіх несправядлівых зьменаў, чакаючы, як тое будзе далей.
Недзе праз паўгода падобнае пераразьмеркаваньне сенажацей было назначана ў Вялікім Печышчы. Сярод печышчанскіх беларусаў, якіх была большасьць, адчуваўся гнеўны пратэст проці гэтакіх захадаў польскіх уладаў. Але гэты пратэст ім прыходзілася трымаць пры сябе, бо польскія ўлады маглі жорстка пакараць нават тых, хто проста выказаў незадаволенасьць. І вось неяк травеньскім ранкам у Вялікае Печышча прыехалі два каморнікі й узброены паліцыянт. Згодна нейкім сваім дакумэнтам і намерам яны пачалі перамерваць і гвалтоўна пераразьмяркоўваць сенажаці на поплаве ў далінах рэчак Сівічанкі й Альшаніцы, якія ў Вялікім Печышчы амаль што спалучаюцца. Вынікам крыўды і злобы з аднаго боку і гвалтоўных дзеяў з другога боку была бойка з ужыткам агнястрэльнай зброі. Былі забіты адзін каморнік, паліцыянт і печышчанскі жыхар Васіль Чапроўскі, які быў стрыечным братам Марусі. Менавіта Васіль выбухнуў гневам на несправядлівы перадзел сенажацей, наскочыўшы на каморніка з дрынам. За гэта ён атрымаў кулю ад паліцыянта. Вокаімгненна паліцыянт і адзін з каморнікаў, які гэтаксама быў відавочна ўзброены, былі забіты братамі Баляславам і Яўхімам Далідовіч. Цалкам тое здарылася невыпадкова, бо браты Далідовічы былі падрыхтаваны да гэтакай разьвязкі падзей і мелі пры сабе рэвальвэры.
Зразумела, што пасьля гэтага збройнага канфлікту з праўладным бокам, які выліўся ў тры ахвяры, браты Далідовічы павінны былі ўцякаць са сваіх двароў і шукаць паратунку, хаваючыся недзе ў пушчы. Пазьней праз некалькі гадоў, калі Польшчы самой прыйшлося шукаць паратунку на беларускай зямлі й увогуле, а Баляслаў з Яўхімам выйшлі з пушчы і вярнуліся да сваіх хат, браты распавядалі, што ўжо тады яны былі цалкам сасьпеўшы да збройнага пратэсту супраць шалёнага націску палякаў. Яны паміж сабою і з братам Стасям тое абмяркоўвалі не раз асабліва пасьля таго гвалту над бацькам Амброжы. Напярэдадні ў пачатку красавіка браты Далідовічы збудавалі зямлянку з бярвенчатымі сьценамі і стольлю ў нетравым мейсцы на сухадольнай высьпе недзе паўднёваму ўсходу раскошнай багны Паўночнае Ўюнішча ўжо недалёка ад ніжняга цячэньня рэчкі Жаўцянка. Тую зямлянку добра замаскавалі пад лясную высьцілку, ды прынесьлі туды асноўнае неабходнае як то паляўнічую стрэльбу з набоямі, капканы для адлова баброў на ежу, торбу бульбы і торбу жыта, соль, сякеры, рыдлёўку, пілу, газьнічку, запас газы і запалак, коўдру, нейкую зімовую вопратку й абутак, патэльню ды некалькі каганкоў. Браты Далідовічы цьвёрда ведалі, што збройнага канфлікту ім не мінуць, і вырашылі быць да таго падрыхтаванымі. Хадзілі чуткі пра хуткае вызваленьне заходняй Беларусі ад палякаў савецкімі войскамі, і гэта наддавала Далідовічам рашучасьці й аптымізму наконт іхняй прышласьці.
Адразу пасьля таго збройнага канфлікту на печышчанскім лузе Яўхім з Баляславам не марудзілі. Яны зьбегалі да сваіх хат, узялі тое дадатковае неабходнае, што маглі ўнесьці ды накіраваліся да свайго пакрыёмага табарышча. Яшчэ двое маладых печышчанцаў пайшлі зь імі, бо ім не выпадала заставацца. Верагодна іх не абыходзіў магчымы перасьлед польскіх уладаў, за актыўны ўдзел у супрацьстаяньні з каморнікамі і паліцыянтам. Адзін з каморнікаў пасьпеў уцячы, і ён пэўне ж данёс паліцыі і ўладам, як усё тое было, і хто тады тамака прысутнічаў. Што тычыцца Стася, то ён ужо другі тыдзень адсутнічаў па бацькавых справах у Валожыне, жытлаваўшы тамака ў цёткі. Ён быў недатычны да той бойкі, і яму засьцерагацца асоба не было чаго.
Гэтак распачалася першая двухгадовая пушчанская адседка Баляслава Далідовіча і ягоных паплечнікаў. Я ня ведаю дакладна чым то былі напоўнены гэтыя два гады іхняга жыцьця ў пушчанскіх зашывенях. Вядома, іх шукала польская паліцыя і лясная стража, але безвынікова. Яны мелі тры табарышчы ў розных нетравых урочышчах Налібоцкай пушчы гэтакіх як паўднёва-усходні бок багны Паўночнае Ўюнішча пры ўрочышчы Доўгі Бор, а таксама ва ўрочышчах Кухня ды Курганы, што вакол агромістай багны Паўднёвае Ўюнішча. У Доўгім Бару каля рачулкі Жаўцянка асобна ад таго паўночнага табарышча сябры мелі земляную лазьню. То была зямлянка з невялічкай цаглянай печчу для падагрэву вялікага кагана вады і каменьня. Баляслаў з сябрамі здабывалі ежу паляваньнем, а таксама неяк набывалі тое-сёе ў знаёмых надзейных пушчанцаў, якія ім сымпатызавалі. Ва ўмоўленым жарале аднаго з тоўстых дубоў недалёка ад Вялікага Печышча сваякі пакідалі грошы і чагось пільна патрэбнае яшчэ. Баляслаў і ягоная невялічкая каманда больш нікога не забівала, але яны зьнішчалі агнём усе магчымыя стажкі сена на забраных ад пушчанскіх беларусаў сенажацях. Таксама трэба зацеміць, што пасьля збройнай бойкі за сенажаці ў Вялікім Печышчы, захады польскіх уладаў па пераразьмеркаваньню пушчанскіх сенажацей на карысьць палякаў амаль што скончыліся. Час ад часу, пільна захоўваючыся, Баляслаў і іншыя хадзілі да сваіх сямейнікаў. Заўжды тое было небясьпечна, але ўся роўна хадзілі, сустракаючыся недзе ў ваколіцах сядзіб. Польскай паліцыі тое цяжка было адсачыць, бо Вялікае Печышча ёсьць заглыбленае ў пушчу хутарское паселішча. Адзіная дарога, па якой туды маглі трапіць паліцыянты праходзіла паўз шэраг хутароў, а паўсюль былі пільныя вочы руплівых хутарцоў, якія спачувалі паўстаўшым печышчанцам. Верхам на кані праз лес яны маглі абагнаць фурманку паліцыянтаў і папярэдзіць суседзяў. Звычайна гэтак і рабілася. Але ўся роўна, нягледзячы на ўсе гэтыя магчымасьці, самотнае жыцьцё ў пушчы, далёка ад любых сямейнікаў, зруйнаваныя жыцьцёвыя пляны ды нявызначанасьць далейшага лёсу ня раз прыводзілі Баляслава і ягоных паплечнікаў у вялікае засмучэньне. Нейкая штодзённая немарась, крыўда і трывога ад наваліўшайся жыцьцёвай несправядлівасьці ды немагчымасьці наладзіць жыцьцё ранейшым чынам турбавалі, а часам нават і шматавалі нэрвы гэтых людзей у іхным пакрыёмым існаваньні сярод пушчанскіх нетраў.
І вось верасень 1939 году, і ў Налібоцкай пушчы, яе ваколіцах і далей ужо больш няма Польшчы, а ўсталявана новая беларуска-савецкая ўлада. Баляслаў Далідовіч і іншыя тыя ўцекачы вярнуліся да сваіх хат з пушчы. Новыя ўлады на іх баку і напачатку спрыяюць гэтым абаронцам беларускіх правоў пры польскай уладзе. Баляслаў мае нечым больш за год адносна спакойнага мірнага жыцьця ў сваёй хаце і са сваёй радзінай. Але паступова насоўваецца новая пагроза. Тутэйшыя савецкія ўлады сталі выклікаць Баляслава на размовы ў Івянец і Валожын наконт яго дзейнасьці і бытнасьці ў пушчы цягам тых двух гадоў пушчанскай адседкі, задаючы пытаньні аб схронах зброі, паплечніках, збройных сутычках і гэтак далей. Баляслаў зразумеў, што над ім навісла пагроза арышту і адседкі ў савецкім астрозе, бо напэўна гэтакія спраўныя незалежнікі здольныя да супраціву, акурат гэтакія як ён, савецкай уладай успрымаюцца варожа. Гэта было нечакана, бо беларуска-савецкая ўлада ўспрымалася Баляславам як свая, ад чаго нічога кепскага не чакаеш. Усё гэта падавалася нешчасьлівым зьбегам абставін ды злым лёсам. Гэтак або інакш, але трэба было ратавацца. Сыгналем для ўцёкаў быў арышт аднаго з былых паплечнікаў па адседцы ў пушчы. Назаўтра прыйшлі і за Баляславам, але ён, узяўшы неабходнае, ужо быў у пушчанскіх нетрах.
Яшчэ пасьля першага допыту Баляслаў тэрмінова зрабіў запас прылад, вопраткі, абутку й ежы недалёка ад сваёй сядзібы, але ў надзейным недатыкальным мейсцы. Была сярэдзіна красавіка 1941 года. Як жыць у пушчы Баляслаў ужо добра ведаў, толькі цяперака ён быў адзін. Тыя тры зямлянкі-схованкі, што яны адбудавалі пад час першай пушчанскай адседкі за палякамі, нельга было карыстаць надалей, бо аднаго зь ягонай каманды арыштавалі, і ён пад катаваньнямі мог згадзіцца іх паказаць. Таму тэрмінова трэба было перанесьці істотныя рэчы, патрэбныя для выжываньня кудысь у іншае новае табарышча. Пасьля сыходу, працуючы над гэтым рэшту дня і наступны дзень, Баляслаў перастрэў двух іншых ранейшых паплечнікаў, якія як і ён зьбеглі ад магчымага перасьледу і шукалі яго на былых табарышчах. Іх стала трое, і тое было ўжо латвей, каб выжыць. Маглі падыйсьці яшчэ адзін або два чалавекі, калі іх не пасьпелі арыштаваць. Што тычыцца Балеслава брата-блізьнюка Яўхіма, то ён пасьля выхаду з пушчы ўвосені 1939 году кудысь зьнік, і толькі аднаго разу заявіўся ў бацькоў. На ўсялякі выпадак перад уцёкамі Баляслаў папярэдзіў бацькоў наконт Яўхіма, каб ён таксама ўцякаў да іх у пушчу, або надзейна зхаваўся дзесь далёка.
Утрох сябры абсталявалі новае табарышча ва ўрочышчы Запрудзьдзе ў надзейным непраходна багенным куту на невялічкай але высокай сухадольнай высьпе пры рэчцы Пружэніца паміж вёсачкамі Навусьцю і Сябрынь. Другое запасное табарышча ўладкавалі на адлегласьці каля сямі кілямэтраў у паўднёва-заходнім накірунку каля ручаіны, што цякла ў Юніцу ў багеннай зашывені ўрочышча Кухня. За нейкі месяц у абодвух мейсцах зрабілі добра замаскаваныя землянкі і схроны для рэчаў. Выпадкова сустрэлі яшчэ аднаго былога паплечніка, які шукаў іх ужо больш за тыдзень. Ён паведзіў, што яшчэ аднаго зь іх арыштавалі. Гэтакім чынам іх стала ўчатырох. Усё неяк уладковалася, іх было ўжо чатыры, і можна неяк рымсьціць у пушчы, каб перачакаць ліхі час. Адылі цяперака ў параўнаньні з першай пушчанскай адседкай не было таго ранейшага аптымізму і прададчуваньня, што гэтыя іхні ўцёкі часовыя і не надоўга. Цяперака панаваў пэсымістычны погляд на іхні лёс і падавалася, што вось пажывуць яны вольна нейкі час у пушчы, а там так або гэтак будзе сьмяротны канец іхняга жыцьця. Безумоўна як і раней усе яны прагнулі вярнуцца да сваіх хат к сямейнікам ды займацца звыклымі справамі сялянскага жыцьця. Але як тое зрабіць, бо не дадуць, скруцяць ды кінуць нізавошта ў астрог. Ва ўсіх жыла моцная крыўда. Ратавалі іх шчыра сяброўскія стасункі, а таксама безьліч спраў штодня, каб забясьпечыць выжываньне ў пушчы. Асноўнай ежай стала мяса. Баброў лавілі капканамі, або як іх называлі залёзкамі. Зайцоў і казуль лавілі нашыйнымі зашмаргамі, рыбу – крыгаю. Яшчэ з першай пушчанскай адседкі сябры мелі шэраг крыг пры кожным рыбным мейсцы. Солі мелі досыць. Мелі нейкі запас бульбы. Бракавала хлеба і гарэлкі, якой часам надта хацелася. Але і гэта яны нярэдка набывалі праз правераных часам сяброў у Паташні й Юраўску.
Неспадзявана ў краіне грымнула вайна, распачатая Нямеччынай. Даведаліся аб наступе нямецкіх войскаў амаль што адразу. Апошні тыдзень чэрвеня сябры былі на Кухнянскім табарышчы і чулі, як моцна немцы бамбавалі Наваградак, а таксама бамбавалі штось бліжэй але нядоўга. Ніхто не радаваўся гэтаму. Было прададчуваньне яшчэ большай бяды, а таксама значных зьменаў іхняга існаваньня ў Налібоцкай пушчы. Яшчэ балей пачалі хвалявацца за лёс сваіх крэўных.
Неўзабаве сустрэлі ў пушчы трое ўцекачоў з Купійску, якія былі з адной радзіны й уцякалі ад перасьледу нямецкіх захопнікаў. Тыя распавялі, што ў іхні двор у Купійску ўварваліся два немцы, забілі япрука і курэй, а потым сталі жорстка абыходзіцца з нявесткай і яе дзецьмі. Тых немцаў уцекачы забілі сахорам і сякерамі. Уцякалі ўсёй вялікай радзінаю да вёскі Чарэшля, дзе жыве шмат сваякоў. Кабеты з дзецьмі засталіся па сваяцкіх сядзібах, а яны ўцяклі ў пушчу. Тыя трое ўцекацоў былі добра ўзброены савецкай ды нямецкай агнястрэльнай зброяй. На трох яны мелі аж сем руль. Купійцы распавялі навіны аб тым, што немцы хутка наступаюць на ўсход у бок Масквы, а савецкае войска з цяжкімі баямі адыходзіць. Шмат савецкіх жаўнераў трапляе ў атачэньне ды здаецца ў палон. Адыходячым савецкім войскам кідаецца шмат зброі і тэхнікі. Немцы пакуль не пасьпяваюць усё сабраць і навесьці свой парадак. Гэтыя купійцы папрасіліся далучыцца. Баляслаў пагадзіўся. Увечары ўсе разам саймавалі наконт таго, што рабіць далей. Хацелася вярнуцца хутчэй па сваіх сядзібах і праведаць радзіны, пакуль немцы не прабраліся ўглыб Налібоцкай пушчы. Баляслаў не пярэчыў, але сказаў, што сам ён спачатку пойдзе зьбіраць шмат зброі, бо, відаць, наперадзе доўгая партызанка. Цяперака зброю можна сабраць параўнальна проста і больш бясьпечна, а потым тое будзе значна цяжэй і з баямі. Двое сяброў усё ж такі пайшлі па сваіх сядзібах, і на гэта ў іх былі свае пільныя нагоды. Баляслаў з пяцьцю застаўшыміся людзьмі рынуўся зьбіраць зброю па навакольлі Налібоцкай пушчы, ды хаваць яе ў пушчанскіх схронах. Цягам амаль што месяца пад Валожынам, уздоўж гасьцінца па-за Нёмнам і асабліва вакол Івенцу былі знойдзены ледзь не дзьве сотні руляў агнястрэльнай зброі, тры кулямёты ды шмат набояў і гранат. Зрабілі чатыры схроны зброі. Скончыўшы гэтую пільную працу, Баляслаў з сябрам пасунуліся да Вялікага Печышча на хатнюю пабыўку. Тыя уцекачы з Купійску засталіся пры Кухнянскім табарышчы, бо ім вяртацца не было куды. Баляслаў з сябрам меркавалі сядзець па сваім дварох пакуль будзе можна, але хоць раз на тыдзень наведвацца да Кухнянскага табарышча.
Гэтак Баляслаў і ягоныя паплечнікі па пушчанскай адседцы кожны па сваіх хатах прабылі да сярэдзіны вясны 1942 году. За гэты час на Кухнянскім табарышчы сабралася ледзь не дваццаць чалавек. То былі ўцекачы з Любчы, Дзялятыч і Мільвы, а таксама чатыры савецкіх вайскоўца, якія адсталі ад адыходзячых вайсковых частак, або зьбеглі з палону. Табарышчанцам моцна бракавала ежы. Цалкам у Налібоцкай пушчы ўжо зьявілася шмат савецкіх жаўнераў, якія хаваліся ад нямецкіх карнікаў. Яны аб’ядноўваліся ў немалыя партызанскія атрады і далучалі да сябе шмат каго з пушчанцаў і жыхароў з паселішчаў у навакольлях Налібоцкай пушчы. Пад Івенцам і каля Лугамовічаў дзейнічалі таксама немалыя партызанскія атрады палякаў гэтак званай Арміі Краёвай. У Налібоцкай пушчы станавілася цесна для вольнага самастойнага існаваньня. К канцу красавіка 1942 году ў Вялікае Печышча сталі часта наведвацца немцы, якія нахабна і нават жорстка сябе паводзілі. Асаблівы прыгнёт ажыцьцяўляўся ў дачыненьні мужыкоў сярэдняга і маладога веку. За недавольства наконт рабаваньня харчоў некалькі мужыкоў было моцна зьбіта немцамі. Таксама ў Вялікае і Малое Печышча часта наведваліся як савецкія партызаны, гэтак і польскія партызаны з Арміі Краёвай. Яны распытвалі пра сытуацыю ды бралі харчы.
З палякамі Баляслаў зусім не хацеў мець спраў, бо памятаваў іхні прыгнёт да беларусаў у даваенны час. У тым прыгнёце ён бачыў адмыслова накіраваны нацыянальны ўціск, каб абабраць ды апалячыць беларускіх пушчанцаў. Што тычыцца беларуска-савецкіх улад Баляслаў захоўваў пэўныя пазытыўныя меркаваньні. Ён па-ранейшаму лічыў, што ягоны перасьлед з боку савецкай улады быў нешчасьлівым зьбегам абставін. Напэўна нехта з умысьля давёў уладам, што гэтакі дзеяч з партызанскім досьведам, што ён магчыма ладна ўзброены, і ў гэтым ёсьць лякальная небясьпека для савецкай улады. Тое, відаць, і спрацавала. А магло скласьціся для яго ўсё іначай і даволі добрым чынам. Тое рулетка жыцьця. Гэтакую ілюзію песьціў Баляслаў, бо яна давала яму надзею на мірную прышласьць на гэтай улюблёнай зямлі.
Пасьля апошняга гвалту немцаў, калі двое печышчанцаў былі імі моцна зьбіты, Баляслаў зразумеў, што яму заставацца ў Вялікам Печышчы азначае пагібель ня сёньня дык заўтра. Трэба зноў уцякаць у пушчанскія нетры, неяк далучацца да савецкіх партызанаў ды пачынаць сваё змаганьне цяперака ўжо з нямецкімі захопнікамі. Напярэдадні свайго адыходу прыблізна на адлегласьці аднаго кілямэтру ад свайго двара на грудку каля рэчкі Альшаніца ён збудаваў зямлянку-схованку для жонкі Марысі і двух сваіх сыноў Войціка і Валера. Занёс туды самае неабходнае і паказаў тое Марусе. Цяжка было зноў разлучацца з радзінаю, але што можна было зрабіць, каб застацца ў сваёй хаце. Анічога. Забраць сямейнікаў з сабою ён дакладна ня мог, бо тое яму падавалася яшчэ больш няпэўным і небясьпечным. Каб яшчэ ісьці ў партызаны з адною Марусяй, то тое магло бы быць, але ў іх двое хлопчыкаў-падлеткаў. Гэта акалічнасьць схіліла Баляслава пакінуць сямейнікаў у Печышчы. Тутай і свой двор, а ў навакольлі шмат сваякоў, ды і ягоная маці з бацькам жытлуюць недалёка.
Гэтакім чынам Баляслаў урэшце сышоў з Вялікага Печышча і прыйшоў разам са сваім сябрам на Кухнянскае табарышча. Ён паразмаўляў з усімі, сказаўшы, што трэба далучацца да савецкіх партызанаў. Тых савецкіх жаўнераў тамака ўжо не было. Яны сышлі да савецкіх партызан. Адзін з табарышчынцаў ведаў, дзе знаходзіцца той партызанскі лягер, але сказаў, што савецкія партызаны прымаюць да сябе толькі досыць узброеных людзей. Трэба мець як агнястрэльную зброю, гэтак і досыць набояў да яе. Але большасьць наяўнай на табарышчы зброі забралі тыя чатыры жаўнера, якія пайшлі да савецкіх партызан. Баляслаў даведаўся чаго бракуе ягоным людзям. Са сваім печышчанскім сябрам Баляслаў узяў усё патрэбнае з бліжэйшага збройнага схрону, і раніцай у кожнага ўсё было. Людзі нямала таму зьдзівіліся і шчыра дзякавалі за зброю ды магчымасьць далучыцца да савецкіх партызанаў. Тое падавалася пэўным паратункам, больш бясьпечным і менш галодным існаваньнем. Апоўдні дайшлі да лягера савецкіх партызан. Гэта быў партызанскі аддзел, які меў каля семідзесяці ваяроў. Баляслава і ягоных людзей прынялі без засьцярогі, бо ў гэтым аддзеле іх ведалі тыя жаўнеры, што нейкі час жытлавалі ў Кухнянскім табарышчы. Пасьля падрабязных размоў камандзір таго аддзелу адзначыў, што ім бракуе ваяра, які бы ведаў усю Налібоцкую пушчу. Баляслаў адказаў, што ён і ягоны сябра тое ведаюць дасканала.
Пасьля ў нямецкую блякаду Налібоцкай пушчы раньняй восеньню 1942 году менавіта Баляславу ўдавалася ўмела захоўваць ад вынішчэньня гэты партызанскі аддзел у пушчанскіх нетрах вакол і сярод вялікай багны Паўночнае Ўюнішча. Не раз Баляслаў выводзіў ваяроў гэтага аддзелу з атачэньня, дзякуючы дакладнаму веданьню пушчанскага тэрэну і дзівоснай чуйцы таго, якія будуць дзеяньня варожага боку. Ягоны аўтарытэт сярод ваяроў быў на роўне камандзірава, але Баляслаў дбаў, каб паводзіць сябе сьціпла ды аніяк не закрануць гонар камандзіра. І таму камандзіру Баляслаў надта падабаўся.
У тую раньневосеньскую блякаду партызанаў 1942 году Баляслава спасьцігла вялікае гора. Нямецкія карнікі забілі ягонага бацьку Амброжы і двух сыноў-падлеткаў Войціка ды Валера. Немцы выпадкова натыкнуліся на зямлянку, дзе тыя хаваліся, і кінулі туды гранату. Жонка Маруся і маці Багуслава ўратаваліся, бо яны на той час адсутнічалі на табарышчы, бо выбіралі гародніну на спаленым бацькоўскім хутары Візнога. Гэта сьмерць сыноў моцна ўзрушыла Баляслава, і ён прагнуў крывавай кары нямецкім захопнікам. Прага нейкай помсты апанавала ім. Той восеньню Баляслаў няў удзел у некалькіх выправах па зьнішчэньню нямецкіх аддзелаў у Налібоцкай пушчы. Пад час гэтых баёў Баляслаў праявіў ваеннае майстэрства і зацятую бязьлітаснасьць да ворага. На адной з выпраў частка немцаў хацела здацца ў палон, але Баляслаў пастраляў іх у чэрава ды не дабіваў, каб тыя пакутвалі даўжэй. Адылі гэтакая помста ворагу напэўна мала чым дапамагала ў гаеньні ягонай душэўнай раны. Недзе ўжо поздняй восеньню Баляслаў адшукаў сгаладаўшыхся жонку Марусю і маці Багуславу, якія разам з пяцьцю іншымі ацалелымі печышчанцамі юціліся ў невялічкіх зямлянках каля вусьця Альшаніцы ў Вольцы. Ён, рызыкуючы сваім і іхнім жыцьцём, дапамог ім перабрацца ў Івянец да сваякоў, дзе яны і перажылі тую вайну.
Восеньню і зімою 1942-1943 гадоў савецкае партызанскае камандаваньне значна перашыхтоўвала партызанскія аддзелы ў Налібоцкай пушчы. Баляслаў з нагоды ягоных ведаў тэрэну трапіў партызанскую групу, што рабіла вылазкі ў вёскі па збору ежы ад сялян. Пабыўшы ў некалькіх з гэтакіх рэйдах, Баляслаў адмовіўся надалей у іх удзельнічаць. За тое непадпарадкаваньне загаду яму пагражалі нават расстрэлам. Але Баляслаў зацяты ў сваё гора і цалкам напакутваўшыся за апошнія гады сустрэў тыя пагрозы з зацятай абыякавасьцю. Урэшце не расстралялі, нават пагадзіліся, сказаўшы, што ён дурань, маўляў, хочаш загінуць і не хочаш быць пры ежы, то дамо табе галодную і рызыкоўную, але надта адказную працу.
Гэтак Баляслаў быў прызначаны ўсталёўваць савецка-партызанскі аэрадром у ягоным родным Вялікім Печышчы. Ён мог выбраць групу да дзесяці надзейных ваяроў, і яшчэ яму была нададзена група габрэйскіх партызанаў з лягеру габрэйскіх уцекачоў пад камандаваньнем братоў Бельскіх. У Вялікім Печышчы быў досыць шырокі роўны і амаль што голы пляц прыдатны для пасадкі й узьлёту малога грузавога вайсковага летака. Трэба было больш расчысьціць той пляц ад адзіночных дрэў, хмызоў, а таксама рэштаў кашары, якая тамака была да вайны. Таксама трэба было побач збудаваць добра замаскаваную зямлянку з патайным выхадам убок праз досыць доўгі лёх, які б меў выхад на паверхню ў нейкім шчыльным зарасьніку на выпадак уцёкаў. Трэба было на нейкай тоўстай высокай елцы са шчыльнай кронай збудаваць будан на двух чалавек з радыястанцыяй, то бок радыста і ягонага дапаможцы-вартаўніка. За гадзіну да прылёту летака неабходна было распальваць шмат вогнішчаў, якія бы аблямоўвалі межы прыдатнай пасадачна- узлётнай галявіны. Для гэтага пры кожным вогнішчы павінен быць запас дроў і сухі падпал. Гэтак усё і зрабілі за якісьці месяц яшчэ да выпадзеньня сьнегу. Лягер гэтага аэрадромнага аддзелу пабудавалі ў багенным урочышчы Ялоўка на пясчаным бугру непадалёк ад рэчкі Волька. Тамака і цяперака відаць шэраг вялікіх ям, дзе былі тыя зямлянкі.
Да лета 1943 года той печышчанскі аэрадром прыняў больш чымся дзесяць летакоў з грузамі для партызанаў. То была вялікая падтрымка партызанам са зброяй, набоямі, мэдыкамэнтамі, сольлю. Таксама тыя летакі кожны раз бралі шэраг цяжка параненых і хворых у шпіталь. К лету 1943 года ў Налібоцкай пушчы і ваколіцах значна актывізаваліся немцы. Яны рыхтавалі новую аблогу пушчанскіх партызан. Яна мела быць яшчэ больш шчыльная і жорсткая чымся гэтакая раньняй восеньню мінулага году. Савецкія партызаны таксама рыхтаваліся да гэтага. Досыць вялікаму партызанскаму атраду, што базаваўся ва ўрочышчах Купалішча і Казінаўка, тэрмінова быў патрэбен нехта, хто дасканала ведае Налібоцкую пушчу, асабліва іхнюю частку. Таму Баляслава Далідовіча адклікаюць з каманды печышчанскага аэрадрому да тых партызан.


Шчыльная блякада і прачэсваньне пушчы нямецкімі захопнікамі пачалося ў ліпені. Казінаўска-купалішчанскія партызаны трапілі ў атачэньне немалога аддзела нямецкіх карнікаў. Кіраўніцтва партызанскага аддзелу вырашыла прарывацца на поўдзень да агромістай багны Паўднёвае Ўюнішча, або паўднёвей Кляцішчаў пад возера Кромань, дзе базаваліся мацнейшыя партызанскія згуртаваньні. Было відавочна, што ўсім разам не прабіцца. Частка партызанаў малымі гуртамі заставалася рымсьціць вакол пакідаемых партызанскіх лягераў як бы паміж немцамі. Астатнія добра ўзброеныя партызаны таксама малымі гуртамі павінны былі выходзіць нетравымі праходамі скрозь нямецкае атачэньне, а калі патрапяць на яго, то павінны збройна прабівацца на поўдзень Налібоцкай пушчы. Басляслаў вадзіў два гэтакія партызанскія гурты, і наяўнасьць добрай зброі была вырашальнай. Адзін з тых двух гуртоў натыкнуўся на атачэньне, і толькі частка ваяроў змагла прарвацца на поўдзень. Астатнія загінулі. Але каб яны былі ўзброены недастаткова, то загінулі бы ўсе. Рэшта партызанаў з таго аддзелу была недастаткова ўзброена, а немцы ўсё сьціскалі атачэньне. Тады Баляслаў павёў тых партызан да асноўнага схрону зброі каля Паўночнага Ўюнішча, і той зброі акурат хапіла на ўсіх, каб кожнаму быць добра ўзброеным. І гэтакім чынам тыя партызаны, вядомыя Баляславам, сталі прарывацца ў бок Паўднёвага Ўюнішча. І прарваліся з мінімальнымі стратамі. За ўсю гэту слаўную дзейнасьць камандзір таго Казінаўска-купалішчанскага аддзелу абяцаў падаць вышэйшаму камандаваньню рапарт на прысваеньне Баляславу Далідовічу баявога ордэну. Але нешта так і ня склалася, і аніякага ордэну ён так і не атрымаў.
Мінуў яшчэ год вайны. Савецкае войска пагнала нямецкіх захопнікаў далей на захад за межы Налібоцкай пушчы, а неўзабаве і за межы Беларусі. Напісаўшы партызанскую справаздачу да савецкіх улад і заверыўшы яе подпісам камандзіраў, Баляслаў атрымаў дазвол вярнуцца ў Вялікае Печышча. У Івенцы ён знайшоў маці Багуславу і жонку Марусю. Цягам нейкага месяца ў Вялікім Печышчы Баляслаў склаў невялічкую, але досыць утульную хатку з бярвеньняў той аэрадромнай зямлянкі. Потым адбудаваў значна большую забудову, што была хлевам-пуняю, каб завесьці свойскіх жывёл і харчавацца зь яе неяк. Пры гэтым, памятаючы свае ўцёкі ў пушчу і той набыты досьвед пушчанскай адседкі, Баляслаў пакінуў пусты прамежак шырынёй крыху большы за мэтар паміж сьценкамі пуні і хлява. Звонку гэтага было не відаць, а ўсяродку падавалася, што тое адзіная сьценка разьдзяляе пуню і хлеў. Ад паміжсьценнага сховішча Баляслаў пракапаў лёх з умацаванымі сьценкамі да зарасьніку бэзу. Уваход у лёх быў з дзьверцай і добра замаскаваны ў асяродку бэзавых хмызоў. Адтуль да лесу было дваццаць мэтраў. Гэтыя дваццаць мэтраў Баляслаў засадзіў парэчкавымі ды бэзавымі хмызамі.
Маці Багуслава хацела вярнуцца на сваю зямлю на хутар Візнога, і праз год Баляслаў разам з братам Стасем склалі тамака для маці невялічкую, але ўтульную хаціну. Яшчэ праз год Марыся нарадзіла дачку, якую назвалі Ядвіськай. Мірнае жыцьцё Баляслава памалу пасоўвалася наперад. Брат Стась адпартызаній пад Церабейным, таксама ў ваеннай калатэчы ён страціў каханую жонку і двух з чатырох ягоных дзяцей. Адылі Стась паступова ачомаўся ад гора. Ён не застаўся ў Церабейным, дзе ўсё прыгадвала аб ягоным горы, а перабраўся жытлаваць у Панямонь. Было відаць, што паступова ягонае жыцьцё наладжваецца таксама.
Балючым пытаньнем быў лёс брата-блізьнюка Яўхіма. Яўхіму ўдалося схавацца ад савецкага перасьледу напярэдадні вайны ў Хатаве, дзе ён асеў у прымаках у хаце аўдавелай кабеты. За тыя палову года, што заставалася да пачатку вайны, савецкая служба бясьпекі яго не знайшла, а можа і не шукала. Вайна засьпела Яўхіма ў Хатаве, і яму было непаразумела, як і куды адтуль было выбірацца. Пад новай нямецкай адміністрацыяй Яўхім быў неяк прызначаны солтанам. На гэтай невялічкай пасадзе Яўхім нічога надта кепскага не рабіў. Перадаваў да вяскоўцаў загады нямецкай адміністрацыі, сачыў за іх выкананьнем. Адылі на гэтакай пасадзе Яўхім шмат з кім з тамтэйшых сялян перасварыўся, бо ў перадаваемых нямецкіх загадах заўжды гучаў прымус да выкананьня чагось, што трэба было ад сялян акупантам. Але Яўхім нікога не забіваў і нікога не катаваў, нікога не падставіў на сьмерць, хаця безумоўна факт прыслужніцтва немцам быў асуджальным асабліва на тле таго, што большасьць тутэйшых мужыкоў пралівалі кроў, каб выгнаць немцаў з беларускай зямлі. Цяперака па вайне Яўхім з некалькімі гэтакімі калябарантамі як ён хаваліся ў пушчанскіх нетрах ня гэтак далёка ад Вялікага Печышча. Вядома, брат Баляслаў як мог дапамагаў рымсьціць брату-блізьнюку Яўхіму.
Гэтак мінула амаль што пяць гадоў цяжкага паваеннага, але ўсё ж мірнага жыцьця Баляслава з жонкай Марусяй. І вось аднойчы Баляслава выклікалі ў мясцовую службу бясьпекі на размову, якая прынамсі мела ўсе рысы допыту. Пыталі, што ён ведае аб Яўхіме, але асабліва цікавіліся ягонымі былымі схронамі агнястрэльнай зброі. Дзе ён тое ўзяў, і ці не засталася што там яшчэ. Прыблізна гэтакі быў галоўны пасыл тых допытаў. Відаць, нехта паведзіў у службу бясьпекі аб той зброі, а таксама напэўна той нехта адзначыў магчымую небясьпечнасьць і ненадзейнасьць Баляслава для савецкай улады. Маўляў, вось брат ягоны быў нямецкім калябарантам, і хто яго ведае, што чакаць ад самаго Баляслава з ягоным досьведам партызанкі й уплывовасьці на пушчанцаў. Напэўна прыблізна гэтакі быў данос. Баляслаў падрабязна распавёў, як ён сабраў тую зброю, і як ён ёю ўзброіў частку партызан і па-сутнасьці ўратаваў іх. Следчы глядзеў на яго ўважліва і, як падавалася, з недаверам. Нягледзячы на падрабязныя адказы Баляслава службе бясьпекі, потым было яшчэ некалькі допытаў. Не чакаючы верагоднага арышту, Баляслаў зноў сышоў у пушчу. На гэты раз ён быў упэўнены, што ягоны лёс ужо нядоўгі, і што пры цяперашняй сытуацыі ён у пушчы доўга не пратрымаецца. Баляслаў быў ужо гатовы прыняць сьмерць, не аб чым асоба не шкадуючы. Чагось гэтак кепска і нешчасьліва склалася ў ягоным жыцьці, нягледзячы на тое, што ён заўжды жыў і дзейнічаў сумленна.
Пайшоў на табарышча да Яўхіма. На той час Яўхім жытлаваў тамака на самоце. Пачуваўся ён вельмі кепска. Моцна хварэў на сухоты й ужо харкаў макроту з крываўкай. Цягам некалькіх месяцаў Яўхім памёр. Перад сьмерцю Яўхім прасіў пахаваць яго на былым бабуліным падворку блізу Сівічанкі на шляху з Вялікіх Печышчаў у Пелюжыну і паставіць на ягоны капец дубовы крыж. Тая бабуля была па маці Марусі, у якой двайняткі Яўхім і Баляслаў часта бывалі ў дзяцінстве. Баляслаў гэтак і зрабіў. У 1980-ых гадох я яшчэ бачыў той дубовы крыж на тым мейсцы.
Як Баляслаў сышоў з хаты ў пушчу, ён час ад часу наведваў свой двор, каб забачыць Ядвіську, сустрэцца з жонкай ці добра пад’есьці, а таксама штось узяць з сабою. Кожны той раз, яны карысталі тыя загатоўленыя сутарэньні і схованку паміж сьцен хлява і пуні. Тым часам неяк у Вялікае Печышча прыяжджалі на фурманцы ўзброеныя міліцыянты, відаць што арыштоўваць Баляслава. Як было дамоўлена Маруся сказала, што Баляслаў падаўся некуды на заработкі, але куды яна ня ведае. Марусе было загадана паведзіць у міліцыю, як Баляслаў павернецца з тых заработак. Маруся неўзабаве паведзіла, што Баляслаў вярнуўся цяжка сухотны і за тыдзень памёр. Таксама сказала, што пахаваны ён недалёка і дзе. Была праверка таго з ускрыцьцём капца. Быццам бы было пацьверджана, што ў ім пахаваны Баляслаў Далідовіч. Гэтак мёртвы Яўхім паслужыў свайму блізьнюку Баляславу.
Быццам бы Баляславу стала вальней існаваць паміж пушчай і сваім дваром, ды й ад Марусі служба бясьпекі быццам бы адчапілася. Уначы часам Баляслаў заходзіў у хату, нават бывала і начаваў тамака. Уначы хоць раз у месяц заходзіў да састарэлай маці Багуславы. Яна надта непакоілася за Яўхіма. Яна яго ўжо не бачыла больш чымся год. Раней ён хоць і хаваўся ў пушчы, але ўсё ж такі часам яму ўдавалася неяк заскочыць да маці і нават пераначаваць. А цяперака як быццам зьнік. Яна надта хвалявалася, што яго забілі. Што мог на гэта адказаць Баляслаў. Нічога такога, што б надта абнадзейвала.
Было складаней ісьці на свой двор узімку, бо сьнег здрадліва выдаваў Балеслававы тропы. Адылі адзін сваяк і сусед стала дапамагаў Марысе па гаспадарцы. Гэта ўсе ведалі, і таму на гэтай падставе Баляславу можна было неяк маскаваць свае тропы пад ягоныя. Баляслаў падыходзіў да сьцежкі, якой сусед хадзіў да двара Марусі, і неяк скокаў на яе то з-за адной ялінкі, а то з-за іншай, каб тое не было заўважна. Таксама, каб пабыць у сваёй хаце ўзімку, Баляслаў карыстаў содні, калі заўзята сьнежыла.
У якасьці асноўнага жытла Баляслава ў пушчы была ранейшая зямлянка-лазня пры рэчцы Жаўцянцы пад урочышчам Доўгі Бор, якую ён значна парапараваў і прытарнаваў для побыту. Адтуль было напрасткі кілямэтраў пяць да свайго двара ў Вялікім Печышчы. Таксама каля раскошнай багны Паўночнае Ўюнішча ва ўрочышчы Запрудзьдзе Баляслаў адбудаваў запасное табарышча. У ім была таксама зямлянка з невялічкай цаглянай печкаю. Вольны час Баляслаў шмат займаўся вітлінаю з лазовых прутоў, а таксама з сітніку і чароту. Верны сябра Баляслава з Юраўску забіраў тыя кошыкі, палукішкі, розныя вялікія ёмістасьці для захоўваньня збожжа, бабоў, фасолі і іншага, а таксама ўсялякую іншую вітліну ва ўмоўленым мейсцы. Гэты сябра збываў яе па сялянам, а большасьць атрыманых грошаў аддаваў Баляславу. Баляслаў гэтым як мог дапамагаў Марусе. Таксама Баляслаў лавіў зашмаргамі і залёзкамі зайцоў, казуль і баброў. Гэтым мясам ён харчаваўся сам, ды штось з таго насіў радзіне. Гэтак прайшло ледзь ня тры гады. Занятку не бракавала. На то каб бясьпечна выйсьці з пушчы і жытлаваць з радзінаю ў сваёй хаце, ужо не было аніякай спадзевы. Але і гэтак ужо падавалася не зусім кепска. Усё ж ён жывы ды рэгулярна бачыць жонку і дачку, мае нейкі занятак.
Але хтось данёс у службу бясьпекі, што быццам бы Яўхім ходзіць да маці ў Візногу, а потым ідзе за харчамі да братавай жонкі Марусі. Той паведамляльнік знайшоў сьцягу праз багенную даліну Сівічанкі, якой насамрэч трымаўся Баляслаў, калі ішоў да маці ў Візногу. І вось невядома як доўга чакаўшы ў засадзе, Баляслава перастрэлі на той сьцязе ўзброеныя людзі са службы бясьпекі або міліцыянты. Сказалі, што, маўляў, Яўхім здавайся, ты адгуляў сваё. Засада была зроблена не зусім умела, бо Баляслаў у гэты момант якраз дайшоў да рэчышча Сівічанкі, дзе была бабровіна з невялічкай сажалкай. Баляслаў як стаяў нырнуў у ваду, схаваўшыся недзе за высокімі залітымі вадой карчакамі асокаў. Потым паціху прасоўваўся паміж асаковымі карчакамі то пад вадою, то над вадою. Пагоня вязла ў багавіньні. Прагучалі некалькі стрэлаў. Міма. Баляслаў аддаляўся, але далей гэтак хавацца ў вадзе было немагчыма, бо бабровае падтапленьне скончылася. Баляслаў неяк стаў швыдка адпаўзаць, бегчы, падаць на дол пры стрэлах. Урэшце Баляслава падранілі кудысь у плечы, але яму нейкім намаганьнем волі ўдалося ўцячы. Ён паступова губляў юшку і з’юшыўся да сьмерці недзе ўжо недалёка ад свайго табарышча. Быццам бы памерлага Баляслава знайшоў той сябра з Юраўска. Неўзабаве ён паведзіў Марусе, што Баляслава больш няма. Баляслава пахавалі побач з братам каля дарогі, як ідзеш ад Печышча на Пелюжыну. Гэта мейсца знаходзіцца недзе праз кілямэтар пасьля злучэньня дарог з Малога Печышча і Вялікага Печышча. Праваруч дарогі ў 1980-ых гадох быў відаць дубовы крыж. Тамака і была іхняя магіла. Аўдавелая Маруся з дачкой Ядзьвігай пражыла яшчэ гадоў дваццаць і памерла напрыканцы 1970-ых гадоў.


















































Comments