Яшчэ ў 1990-ых гадох у багенным і ўвогуле шмат абводненай частцы Налібоцкай пушчы пры сутоках Нёмна і Заходняй Бярэзіны, або як тутай па-простаму кажуць Бярозай, існавала невялічкая вёсачка Камароўскія. У Камароўскіх было ўсяго ў восем хат. Пяць зь іх былі разьмеркаваны больш менш побач, а астатнія тры як хутары крыху наводдаль.
У мае студэнцкія гады першай паловы 1980-ых мне падабалася, і было зручна прыпыняцца ў гэтай вёсачцы пад час маіх налібоцка-пушчанскіх вандровак. Я прыяжджаў аўтобусам у Любчу, пераплаўляўся паўз Нёман на Любчанскім пароме, праходзіў некалькі кілямэтраў, і тады звычайна ўжо пачынала вечарэць, і вось вёсачка Камароўскія акурат ляжала на маім шляху. Тамака жытлавалі пераважна спагадлівыя радзіны, якія лёгка пускалі студэнта на начлег прынамсі ў пуню на сена або ў гумно на салому.
Непадалёку ад Камароўскіх была другая вёсачка Асовыя, і я тады меркаваў, што ў гэтых мясьцінах напэўна бывае шмат заедзі, бо поўна камароў, восаў і ўсяго іншага, што заедае летнім часам. Апынулася, што хаця і заедзі пад Камароўскімі было даволі і нават балей чымся даволі, але тую вёсачку называлі па прозьвішчу заснавальніка і пераважнага радзіннага кляну Камароўскія.
На польскай мапе 1920-ых гадоў на мейсцы ўжо паваенных Камароўскіх відаць чатыры хутарскія двары, якія мянуюцца як Асова роўна як усе астатнія хутары вакол тамтэйшай багны паміж сутокамі Нёмна і Бярозы. Самы паўднёвы хутар, які ня меў пры сабе значных гаспадарскіх забудоў належыў шаўцу Арсенію Сьвёкла й ягонай жонцы краўчыхі Марусе Сьвёкла. Зразумела, што яны спрабавалі зарабіць сабе на жыцьцё сваім рамяством. Крыху далей у паўночна-заходнем накірунку разьмяркоўвалася асноўная ў тым мейсцы хутарская гаспода, якая належыла спадару Міхасю Камароўскаму з жонкай Васай. Акрамя трох малых сыноў Васіля, Валодзі й Алеся (Аляксандра) зь імі мешкаў састарэлы бацька Канстанцін. Камароўскія ўтрымлівалі шмат мыкаў, мелі сыраварню і з таго жылі параўнальна заможна. На той жа польскай мапе іхні двор налічваў аж шэсьць значных забудоў. Далей былі яшчэ два менш развойныя хутарскія двары, якія належылі радзінам Бедункевічаў і Смолак. Гэтакім чынам гаспода Камароўскіх была найбуйнейшай і гаспадарскі дамінавала ў гэтым людзкім паселішчы. Таму ня гледзячы на тое, што ў польскай гміне ў Любчы тое паселішча адносілася да засьценка Асовыя, тутэйшыя людзі ў штодзённым жыцьці яго менавалі ня інакш як Камароўскія.
З прыходам савецкай улады ў верасьні 1939 году ў Камароўскіх здаецца ніхто не пацярпеў нейкім значным чынам. У гады нямецкай акупацыі з ліпеня 1941 года па канец лета 1944 года ў Камароўскіх не было масавых забойстваў яе жыхароў немцамі, як тое здаралася ў іншых кутках Налібоцкай пушчы, напрыклад, у цэнтральнай яе часьці, калі нямецкімі фашыстамі было зьнішчана бальшыня людзей у Навусьці, Паўдарожжа, Яськава, Козьліках, Стаськава і Новым Двары. Адылі, амаль што ўсе забудовы ў Камароўскіх былі спалены нямецкімі карнікамі ўжо на пачатку верасьня 1942 году. Найбольш заможны і гаспадарлівы жыхар Камароўскіх Міхась Камароўскі неяк упрасіў тых выканаўчых карнікаў, каб пакінулі хоць адну гаспадарчую забудову а менавіта ягонае гумно. Потым у тым ацалелым гумне юціліся аж семнаццаць камароўцаў. Той жа Міхась яшчэ ўвосень 1941 года на прыбярэзінскай дарозе, што ішла з Любчы, перастрэў двух маленькіх габрэйскіх хлопчыкаў, якія малілі аб паратунку. Міхась Камароўскі прыняў іх ды, рызыкуючы сваім жыцьцём і жыцьцём сваіх крэўных, хаваў іх праз усю вайну ў замаскаваным скляпеньні ў Камароўскіх. Хлопчыкі выжылі і па вайне нейкім чынам апынуліся недзе на захадзе Эўропы. Пасталеўшы і займеўшы собкія радзіны, тыя ранейшыя хлопчыкі а тады ўжо дзядзькі са сваімі дзецьмі й унукамі яны прыехалі да Любчы шукаць свайго збаўцу, які ўжо на той час даўно памёр. Адылі яны знайшлі самі Камароўскія і Міхасёвых дзяцей.
Па вайне Камароўскія адбудаваліся, і ў 1950-ых і 1960-ых гадох гэта паселішча было параўнальна значным пушчанскім паселішчам на восем двароў. У савецкай сельскай гаспадарцы то была брыгада калгасу ў недалёкім мястэчку Любча. Акрамя будынку брыгады ў Камароўскіх быў кароўнік (да 1965 году) ды ільнасушня. На сенажацях блізу Камароўскіх захоўвалася вялікая колькасьць невялічкіх стажкоў сена на драўняных адонках, якія ўзімку на вялікіх коннавозных санях у асноўным забіралі ў Любчанскія кароўнікі.
У паваенны час калі заходзіць у Камароўскія ад дарогі з боку Асовых або з дарогі, што крочыць з Любчы на Бакшты, то першы двор належыў Васілю Камароўскаму (сыну заснавальніка Міхася) і ягонай жонцы Ўльяне. У другой хаце справа ад вясковай дарогі жытлавала Маруся Сьвёкла (у дзявоцтве Камароўская) з другім мужыком Сяргеем. Зь імі мешкаў Марусін сын Валодзя. Прыгадаем, што першы мужык Марусі Арсеній загінуў на Другой сусьветнай вайне. Далей зьлева ад вясковай дарогі быў двор заснавальніка вёскі Міхася Камароўскага й ягонай жонкі Вассы. Потым тамака мешкалі ягоная дачка Надзя з мужыком Міколам Гірыс. Далей была хата Аляксандры Камароўскай. Яе мужык Ананій загінуў на Другой сусьветнай вайне. З Аляксандрай мешкаў сын Мікола. Наступнай была хата другога Міхасёва сына Аляксандра Камароўскага з жонкай Валяй. У іх былі дачкі Ніна і Тацяна ды сын Міхась. Побач стаяў двор Юзафа Бедункевіча з жонкай Габрыэляй (Габрыняй). Яны мелі сыноў Юзафа ды Эдзіка. Пазьней Эдуард з радзінай застанецца мешкаць у бацькоўскай хаце, а сын Юзаф з жонкай Марусяй адбудуюцца значна далей як хутар. Да паўночнага ўсходу ў лесе разьмяркоўваўся хутар Івана Смолкі з жонкай Серафімай, у якіх было шмат дзяцей.
На фотаздымках з канца 1940-ых гадоў да пачатку 1990-ых гадоў з калекцыі Камароўскіх зьлева направа зьверху ўніз ёсьць: (1) бацька Міхась Камароўскі з сынамі Валодзей і Васілём; (2) Васіль Камароўскі, сын Міхася; (3) заснавальнік Міхась Камароўскі; (4) Алесь або Аляксандр Камароўскі, сын Міхася; (5) Уладзімір або Валодзя Камароўскі, сын Міхася; (6) Валянціна Камароўская з Надзяй Камароўскай; (7) Міхась Камароўскі сын Аляксандра Камароўскага і ўнук Міхася Камароўскага; (8) зьлева ўнізе Надзя Камароўская дачка Васіля Камароўскага; (9) Камароўскія, па цэнтру Міхась Камароўскі сын Аляксандра Камароўскага і ўнук Міхася Камароўскага, зьлева Ўладзімір Смолка, справа Антось Смолка; (10) Іван Смолка з дачкою Ганнай;(11)Іван Смолка; (12) Міхась Камароўскі-сын і Валодзя Смолка на Смолкіным падворку; (13) Міхась Камароўскі-сын.
Моладзь з Камароўскіх і суседніх хутароў у Камароўскіх, пачатак 1950-ых гадоў.
Камароўцы, пачатак 1950-ых гадоў.
Ля труны заўчасна памерлага Аляксандра Камароўскага стаяць ягоная жонка Валя, дачка Ніна і сын Міхась. Аляксандр служыў лесьніком ў Любчанскім лясьніцтве. Аднойчы ўзімку 1954 года ён пераходзіў па лёдзе Бярэзіны, праваліўся пад лёд, выбраўся неяк на бераг, але пакуль дайшоў да хаты то моцна прастудзіўся, захварэў напэўна на ятрасьць лёгкіх і неўзабаве памёр.
Цікавае пытаньне, дзе маглі працаваць гэтыя людзі з Камароўскіх, каб здабываць сабе рэсурсы для жыцьця. Па-першае, усе з гэтых людзей заложна працавалі на ўласную гаспадарку. Усе радзіны мелі ад адной да трох мыкаў, каня, некалькі япрукоў, курэй, хтось трымаў гусей або індыкоў. Таксама ўсе радзіны садзілі немалыя гароды ды загоны з бульбай, ячменем, аўсом, жытам. У гародах акрамя гуркоў і салатнай зеляніны шмат вырошчвалі гарбузы, моркву ды буракі. Звычайна адна радзіна апрацоўвала ня менш за палову гектара рольнай зямлі. Вядома, што амаль што кожная радзіна жэніла гарэлку з жыта і ячменю для сябе і на спродаж. Камароўцы працавалі ў калгасным кароўніку (Смолкі, Бедункевічы, Надзя Гірыч), а ў сьцюдзёны сэзон кабеты яшчэ мялі ды сушылі лён на калгаснай сушні. Акрамя таго садзілі лес і працавалі на падсочцы хвойных бароў для Любчанскага лясьніцтва. Мікола Гірыч і Маруся Сьвёкла працавалі па дагляду за асушальнымі канавамі пад Асовымі, ва ўрочышчы Казялец, Гала Балота і Краснае. Эдуард Бедункевіч вартаваў сена. Аляксандр Камароўскі быў лесьніком у Любчанскім лясьніцтве. Маруся Сьвёкла па-ранейшаму шыла вопратку па замове. Іван Смолка плёў палукішкі для конных вазоў, а Мікола Гірыз – кашы. Зацятымі паляўнічымі былі Эдуард Бедункевіч, а таксама Пятро і Валодзя Смолкі. Бортнай справай займаліся заснавальнік Камароўскіх Міхась Камароўскі, а таксама сын Аляксандры Камароўскай Мікола. Габрыэля Бедункевіч вырабляла сыры.
Да 1980-ых гадоў Камароўскія ня мелі электрычнасьці. Хаты асьвячаліся газьнічкамі. Некаторыя радзіны мелі генэратары, але сталай электрычнасьці ў іх таксама не было, бо савецкія генэратары часта ламаліся і патрабавалі даволі шмат паліва. Паліва куплялася аж у Навагрудку, да якога было каля пяцідзесяці кілямэтраў дарогі. Пошта да Камароўскіх прыходзіла ў паштовае аддзяленьне ў Любчу. Бліжэйшая крама была таксама ў Любчы або ў Дзялятычах. За поштай і каб купіць нешта ў краме камароўцам трэба было ісьці пешшу або трэсьціся на фурманцы ня менш за шэсьць кілямэтраў разьбітай ва ўхабіны дарогі. За абуткам або вопраткай трэба было выбірацца яшчэ далей, напрыклад, у раённы цэнтар Наваградак. Пад час веснавой палавені камароўцы апыналіся надоўга адрэзанымі ад больш цывілізаванага занёманскага поўдня то бок перш за ўсё ад пошты, бліжэйшых крамы і шпіталя. У гэтакі час яны маглі дабрацца сухадолам да гэтакіх устаноў толькі на поўнач мераючы конным возам па 20-40 складаных кілямэтраў.
Адылі пошта і закупы былі менш важлівымі чымся народзіны. Рожаніца без мэдычнай дапамогі магла памерці або неяк страціць немаўля. Таму камароўскія цяжарныя кабеты імкнуліся нараджаць у Любчанскай амбулаторыі або ў Наваградскім шпіталі. Але здаралася, што прыходзілася нараджаць і ў хатніх умовах ды не заўжды тое было задачна, а выпадкова і трагічна. Неяк аднаго разу напрыканцы 1950-ых гадоў у веснавую палавень адна з камароўскіх маладзіц на снасях па першай цяжарнасьці адчула моцныя схопкі ды наказала хатнім тэрмінова везьці яе ў радзільню прынамсі ў Любчанскую амбуляторыю. То акурат быў самы веснавы разліў у даліне Нёмна. Запрэглі каня ў воз ды павезьлі тую цяжарную ў бок Дзялятыч да мосту. Пад’ехалі да Нёманскай даліны, а яна поўная цёмнай вады, поплаўныя дрэвы самотна тырчаць з разьліву, а вецер гоніць да прыдалінных схілаў пенныя хвалі. Відаць, што паўз Дзялятыцкі мост швыдка перакотваецца полая вада, якая імкліва нясе падмытыя дрэвы і хмызы як націны. Няма чаго было і меркаваць, каб сувацца ў гэтакую пагібельную водную стыхію. А цяжарная ўжо ў паўпрытомнасьці моцна крычыць у схопках. Пагналі каня на Любчу па лясной дарозе праз хутар Зялёнае. Тамака пад’езд на Любчу да супрацьлеглага берагу быў бліжэйшым і было некалькі чаўноў большага памеру. Пратрэсьлі гаротную цяжарную яшчэ пяць кілямэтраў па ўхабістай лясной дарозе, перасеклі не адну веснавую пратоку, падмачыўшы яе з усіх бакоў. Па выніках той дарогі рожаніца ўжо ледзь трымалася. Пад’ехалі да патрэбнага чаўна, перагрузілі гаротную цяжарную кабету ў човен, вырашылі рызыкаваць пераплаўляцца на Любчанскі бок Нёмна праз затоплены абалонны лес з вялізнымі дубамі, праз швыдкую плынь і хвалі, мінаючы не адну плывучую дзеравяку і шэраг жахлівых віроў. А тым часам рожаніца крычыць, не спыняючыся, ды ўжо тыя крыкі пачынаюць слабець бо ўжо бракуе моцы. А матка рожаніцы моліцца, каб дачцэ выстарчыла сіл тое ўтрываць і добра нарадзіць. На Любчанскім баку сабраўся люд, які хвалюецца і не разумее, што ў тым чоўне адбываецца і чаму тамака хтось гэтак моцна крычыць. І ўжо ўсякае тыя людзі на беразе перамеркавалі. І ў гэты момант, не даплыўшы да берага, людзі пачулі крыкі навароджанага дзіцяці. То на гэты сьвет зьявіўся новы камаровец. Цікава, дзе ён цяперака, і дзе ягоныя дзеці да ўнукі?
І вось у 1960-ых і 1970-ых гадох была хаця і невялічкая але па дзейнасьці даволі развойная вёсачка Камароўскія. У тыя гады колькасьць тамтэйшых жыхароў няўхільна павялічвалася. Але мінула некалькі дзесяцігодзьдзяў, і Камароўскія сталі занепадаць, а потым зьніклі. Нагоды на тое былі даволі звычайныя: маладых прывабіла і забрала цывілізацыя і зьвязаныя зь ёю лепшыя варункі жыцьця, а камароўцы састарэлі ды паўміралі. Хатнія будынкі распрадалі на знос, а гаспадарскія будынкі памалу парахнеюць ды завальваюцца. Адылі кожны раз праходзячы каля Камароўскіх, я вітаю на той былы пляц зьніклай вёсачкі, дзе мне мроіцца нейкім рамантызмам мінулага, хаця я дакладна ведаю, што тое ранейшае жыцьцё, што адыйшло, было нялёгкім і часта тым людзям было не да рамантызму.
Рэшты гаспадарчых забудоў у Камароўскіх, 2023 год.
Comments