top of page

Вандроўка да хутароў Будзішча і Шчучы Бор

Writer: Vadim SidorovichVadim Sidorovich

Updated: Jan 13, 2023

Сааўтары: Вінцэсь Сідаровіч і Баляслаў Сідаровіч


Чарговы раз разглядаючы мапы Налібоцкай пушчы, мая ўвага засяродзілася на яе паўночным захадзе, а дакладней на хутарах Будзішча і Шчучы Бор. Раней я ўжо шмат разоў бываў тамака ў ваколіцах гэтых хутароў, але на саміх хутарох бываў толькі хутка і праездам. У мяне быў вольны час, і я з сынамі Вінцэсем і Болесем вырашылі ажыцьцявіць вандроўку ў тую аддаленую ад нас частку Налібоцкай пушчы і завітаць у тыя паглыбленыя ў лес хутары. Было цікава, ці засталіся тамака тамтэйшыя карэнныя людзі, або хутарамі авалодалі ўжо новыя гаспадары з месцаў, і яны фактычна ўжо карыстаюцца імі толькі як лецішча.


Да таго ж мне была крыху вядома даўняя гісторыя паселішчаў Будзішча і Шчучы Бор як буды ў сутоках рэчак Бярэзіны і Чарніцы ад лавецкай і лясной гаспадаркі магнатаў Храптовічаў з Вішнева. Буда як леса-гаспадарскае прадпрыемства (выпал попелу і дравеснага вуглю, копка балотнай жалезнай руды, здабыча дзёгцю і скіпідару, конная трылёўка лесу да рума на Бярэзіне, вязаньне плытоў і лесасплаў і іншае), а таксама як тамтэйшы лавецкі асяродак актавалі ў Будзішчах не пазьней як з пачатку XVIII-тага стагодзьдзя. Адсюль і назоў Будзішча ад слова буда. Што тычыцца найменьня паселішча Шчучы Бор, то бор вядома ёсьць значны хваёвы лес, а шчучы азначае папракаемы або кляты ад слова ўшчуваць.


Прыехаўшы ў той вандроўцы ў Будзішча, спачатку ўбачылі тры сядзібы, якія ўяўлялі сабой добра дагледжаныя і крыху падноўленыя сялянскія забудовы. Агародаў пры іх не было. Было відавочна, што тыя тры двары візытуюцца новымі гаспадарамі час ад часу дзеля адпачынку. Моцна ўразіў апошні закінуты двор з раскошным садам, вялікай хатай на два жытлы і агромістым гумном з вялізнай але закінутай буслянкай.

Апошні двор у Будзішчах, які нас уразіў сваёй самабытнасьцю.


Адылі, на тым закінутым двары было адчуваньне, што тамака цепліцца нейкае кволае жыцьцё. Мы падышлі да бліжэйшага ганку і пачулі за дзьвярыма гукі ці тое ад радыё, або ад тэлевізара. Пагрукалі ў тыя дзьверы. Відавочна састарэлая гаспадыня адказала за дзьвярыма, запытаўшыся хто мы такія. Я адказаў, што мы прыехалі паглядзець на пушчу і хутары. Яна сказала, што слаба бачыць, цяжка рухаецца, усяго незнаёмага палохаецца і адчыняць ня будзе. Акрамя таго яна сказала, што яе завуць Маруся Шчарбацэвіч. І яшчэ Маруся сказала, што тутай раней усе былі Шчарбацэвічы, жылі чатыры браты па чатырох дварох, а цяперака яна адна і вельмі самотная. Больш нічога і пайшла да тэлевізара.


Ліда Міхалевіч з Шчучага Бору.

Потым мы завіталі на хутары Шчучы Бор, што  складаўся з раскіданых па лесе васьмі хат. У дзьвух зь іх жытлавалі ўжо не маладыя людзі. Адна з іх ветлівая і спагадлівая Ліда Міхалевіч распавяла нам, што ў міжваенны час у Будзішчах жылі чатыры браты Шчарбацэвічы: Мікола, Пятрук, Лявон і Панас. Іхнія двары цалкам утваралі засьценак, то бок кожны зь іх меў асобны двор і надзел на куплёнай зямлі. Былі тыя браты і іхнія радзіны добрага дастатку. Браты працавалі на трылёўцы і сплаве лесу, мелі шмат быдла, а яшчэ былі заўзятымі паляўнічымі, а таксама лавілі шмат рыбы і рачных ракаў крыгамі. Тая Маруся была жонкай аднага з сыноў Міколы Шчарбацэвіча. Яго, як і бацьку, клікалі Мікола.


Пра сябе і Шчучы Бор Ліда са скрухою распавяла, што жыве адна. Яе мужык памёр і ўжо даўно, дзеці разьехаліся, але хоць раз на два тыдня хтось і прыяжджае. Рэгулярна ходзіць аўтакрама, пэнсію да хата прывозіць паштарка, і слава Богу. Яшчэ яна сказала, што ў Шчучым Бары ёсьць яшчэ адна хата стала жылая, дзе мешкаюць два пажылых чалавека, але там мужык часта выпівае. Але нічога, усё ж якія-та суседзі, усё ж не адна. Працую з агародам, а з жывёльнай гаспадаркі застаўся толькі вось гэты каток, але гадоў дзесяць таму было аж тры мыкі, і здавалі шмат малака ў Даўнараўскі калгас, тым і зараблялі. Таксама Ліда зацеміла, што ў Шчучым Бары раней былі ўсе Міхалевічы як і яна. Нас уразілі разваліны хутара перад ейнай хатай са старымі берастамі. Я запытаў, чый ён быў. Ліда адказала, што тамака жытлавала другая Ліда Міхалевіч з мужыком Іванам, але састарэлі і паўміралі.


Разваліны хутара Міхалевічаў у Шчучым Бары.


Цалкам гэтая вандроўка нас вельмі ўразіла, цяжка сфармуляваць чым, адылі нейкіх думак, пацуцьцяў і ўражаньняў пакінула цэлы ворах.


 
 
 

Comments


Join our mailing list

© 2018-2023 by Irina Rotenko & Vadim Sidorovich. All photographs appearing in the site are the exclusive property of their owners and may not be copied or used in any way without the authors' permission.

bottom of page