top of page
  • Writer's pictureVadim Sidorovich

Гаротны скон фальварка Юніца

Updated: Jan 13

У пачатку 2000-х гадоў травенскім надвячоркам пошук воўчых логавішчаў у Налібоцкай пушчы  занёс мяне на хутар Барсуча да знаёмца Казіміра Рыгорцавіча. Я застаўся там на начлег. Вядома была вечаровая бяседа за чаркай барвовай і ўсялякія размовы. Мне ўсё цікава было размаўляць пра ранейшае, або як Казімір казаў пра старынкі. Памятую ён распавядаў пра тое, як радзіна ягоных бацькоў да і ён сам падлеткам рымсьцілі ў час мінулай вайны. Тое я ўжо чуў ня першы раз, але ўсё роўна мне было цікава, бо даведваўся пра новыя падрабязнасьці таго жыцьця. Нечакана Казік павёў размову пра трагічны лёс радзіны бацькавага стрыечніка Тадэвуша ў суседнім  фальварку Юніца.


Адчуваю, што трэба паведзіць аб гэтым у памяць тых людзей і таго мейсца, дзе зараз няма амаль што ані знаку, але ў свой час тамака кіпела жыцьцё і тамака гэта жыцьцё чакала пакутная згуба. Дазнаўся я няшмат, тое і паведамлю. Трэба зацеміць, што акрамя Казіміра Рыгорцэвіча яшчэ адной крыніцай інфармацыі быў Ленард Юрэвіч, які распавёў мне тое-сёе аб Дамініке Гурвічы.


Той фальварак Юніца быў адбудаваны заможным шляхціцам Дамінікам Гурвічам. Ён быў братам таксама заможнага шляхціца Яцэка Гурвіча, які ў 1920-х і 1930-х гадох валодаў млынам-тартаком ля ставу на рэчцы Вуса ў Рудні Налібоцкай. Таксама Яцэк быў уладальнікам ткацкай працоўні ў Рудні Налібоцкай, дзе выраблялі беларускую нацыянальную вопратку і яшчэ шэраг ткацкіх рэчаў на спродаж.


У маёмасьці Дамініка Гурвіча была збанкруціўшаяся жалезная гута ў Кляцішчах, што на той час у асноўным вырабляла нешта для тутэйшых патрэб: жалезныя надмагільныя помнікі ды сялянскія і лесагаспадарчыя прылады. Таксама ён адбудаваў невялічкую гуту-кузьню ў Карыцішчы пры рачульцы Ліпніца (блізу гаёўні Кола) дзеля вырабу конскай збруі, колаў, палозьзяў для саней і іншага гэтакага. Цалкам у Дамініка працавала да дваццаці чалавек. Жонку Дамініка клікалі Крысьціна. Яна была з роду Юрэвічаў з Яськава. У Крысьціны і Дамініка было некалькі дзяцей. Дамінік быў апантаны паляўнічы і таму забраўся на жыцьцё ў гэтакія нетры. Ён надта ўпадабаў недалёкае багеннае ўрочышча Юніца, таму і назваў гэтак свой фальварак, хаця тэрытарыяльна ён цягацее да Барсуча або Барсукоў.


Але наступае канец 1930-х гадоў. У 1940-м годзе ўжо савецкія ўлады высяляюць Гурвічаў як эксплуататарскую пануючую над тутэйшымі радзіну ў Сыбір. То быў шэраг вядомых высяленьняў з Налібоцкай пушчы пануючай клясы, польскіх лясных службоўцаў і асаднікаў. Далейшы лёс гэтых Гурвічаў невядомы. У фальварак заселяецца бедная шматдзетная радзіна Тадэвуша Рыгорцавіча – стрыечніка бацькі Казіміра Рыгорцавіча. Жонку Тадэвуша звалі Паўлінай.  Радзіна  Тадэвуша і Паўліны мела сямёра дзяцей.


Не пражылі яны тамака і трох гадоў, як іх напаткаў трагічны лёс. Вайна, нямецкая акупацыя, блякады немцамі пушчы з карнымі захадамі. У верасьні 1942 года каля фальварка зьявіліся нямецкія карнікі, загадалі выбірацца за пятнаццаць хвілін, а чацьвёра старэйшых дзяцей былі ў грыбах. Адпаведна Тадэвуш з Паўлінай ня выбраліся ў час. Паўліна пабегла ў лес шукаць тых дзяцей, што адсутнічалі. Падыйшлі немцы, паглядзелі на гадзіннік і растралялі Тадэвуша і трох ягоных дзяцей, а фальварак спалілі. Ці былі кімсьці забітыя пахаваны недзе пры фальварку, ці не – невядома. Адылі аніякай магілы тамака не відаць. Таксама, што сталася з Паўлінай і тымі чатырма дзецьмі – невядома.

Мейсца, дзе стаяў фальварковы будынак. Відаць пячная цагліна.
Разьмяшчэньне фальварка Юніца на польскай мапе 1920-х гадоў.

86 views0 comments
bottom of page