Сааўтары: Ірына Ратэнка, Баляслаў, Вінцэсь і Міхаліна Сідаровічы
У траўні-чэрвені на сваёй сядзібе ў Навусці мы зладзілі невялічкую, але сапраўдную ферму па гадоўлі гаспадарчых жывёл. Напрыканцы лета мы ўтрымлівалі дзве казы, 47 трусоў, 15 індыкоў, 14 курэй і аднаго пеўня. Акрамя таго, у вуллях вяліся дзесяць пчаліных раёў. Для пачатку фермы мала працы з усім гэтым нам не падалося.
Гэтая жывёлагадоўчая ферма, хоць і невялічкая, але для нашай заалягічна-экатурыстычнай радзіны была радыкальным крокам у іншы бок. Адылі на гэты крок былі свае пэўныя нагоды. Па-першае, было адчувальна, што ў гэты зьменлівы й неспрыяльны час нашай радзіне з чатырма дзецьмі трэба забясьпечыць харчовую бясьпеку. Развойны агарод мы ўжо мелі цягам мінулых трох гадоў. Ну а цяперака, будзе і свойскія малако, яйкі ды мяса. Усё гэта эканоміць нашы грошы, якія нам удалося зарабіць і якіх за апошнія два гады шматкроць паменшыла. Тым часам дзеткі растуць, і ім трэба ўсё больш усяго купляць. То бок, то была другая нагода для фермы, каб сэканоміць заробленыя грошы на куплі меншай колькасьці ежы.
Але ня трэба скідаць з рахункаў і яшчэ некалькі важлівых аспэктаў, якія лучацца з жывёлагадоўчай фермай у нашым выпадку. Сярод іх гэтакая істотная рэч як матывізаваны ўдзел дзетак у жывёлагадоўчай гаспадарцы. Назіраючы іхні ўдзел у доглядзе за нашымі жывёлкамі, аніяк не шкадуеш тых немалых нашых высілкаў, каб усталяваць тую ферму.
З усталяваньнем фермы зьявілася адчуваньне нейкага жыцьцёвага руху наперад, нейкага развою, істотнага ў цяперашні час, а таксама ўсьведамленьне таго, што ты не прыпыніўся ў жыцьцёвым рухе. Асалоду прыносіць і адчуваньне, што на тваім падворку раіцца разнастайнае жывёльнае жыцьцё, а падворак стаў поўны жывёльных гукаў.
Былі й яшчэ матывацыі. Ведаеце, усе гэтыя сялянскія двары кшталту нашага ў Навусьці ня гэтак і даўно былі дазваньня прытарнаваныя да жывёлагадоўлі й расьлінаводзтва. І дзе цяперака ўсё гэта за рэдкім выключэньнем? У апошнія дзесяцігодзьдзі сялянская жывёлагадоўля, як і самі сяляне хуткаплынна зьніклі ў Навусьці. Таксама ў навакольлі рымсьцяць бадаў што адзінкі актыўных сялянскіх двароў. Самі жа былыя сялянскія падворкі з іхнімі рознамэтнымі пабудовамі, дзе ажыцьцяўлялася цяжкая й патрэбная штодзённая праца тутэйшых сялян, дагэтуль гаротна стаяць без аніякай справы. Больш таго, яны пакутліва глядзяць на бесклапотныя адпачынкі гараджан, што іх паскупалі ў застарэлых вяскоўцаў і іхніх дзяцей, якія таксама перабраліся на жыцьцё ў месцы і мястэчкі. Таму моцна інсьпіруе тое, каб вярнуць гэтым сялянскім дварам іх ранейшы лад жыцьця й той ранейшы жывёльны гоман хоць бы ў нашым выпадку.
Акрамя ўсяго гэтага мы самі сабой даўно былі схільны да ўсяго сялянскага й хацелася пажыць хоць частку жыцьцёвага тэрміну менавіта гэтакім ладам. Гэтакім чынам, насамрэч для нашай фермы было даволі шмат матывацый.
Yorumlar