У гэтым краязнаўчым блозе аб Налібоцкай пушчы я хацеў бы штось паведзіць аб Першай сусьветнай вайне на яе тэрэне, дзе расейска-нямецкі фронт стаяў два з паловай гады. У той час дзясяткі тысяч жаўнераў з абодвух бакоў значна зьмянілі ляндшафт Налібоцкай пушчы, высякая лес і будуя зямлянкі ды франтавыя ўмацаваньні. Гэтыя жаўнеры рымсьцілі ў цяжкіх умовах акопна-зямляначнага жыцьця.Часам зь імі здараліся гостра-сюжэтныя гісторыі, якія цікава бы паведзіць. Я дазнаўся пра шэраг гэтакіх, і таму вырашыў падаць шэсьць зь іх як асобныя бложныя пасты.
Дадзенае апавяданьне, як і ўсе наступныя на гэту тэму не зьяўляецца напоўніцу дакумэнтальным. Яно ёсьць мастацкая рэканструкцыя падзей на дакумэнтальнай аснове з імкненьнем максымальнага праўдападабенства, але ў нейкіх частках можа ўтрымліваць выдуманыя імёны і мастацкую выдумку другасных падзей, калі бракавала сапраўднай інфармацыі.
Неяк ужо па восені 1984 году я сплаўляўся на сваім невялічкім гумовым чоўне па рэчцы Волма ад Івенцу да Іслачы, а потым па Іслачы да Руму. Першую ноч начаваў па старымі ялінамі пры вогнішчы блізу хутара Трокі, на якім ледзь не ўсю ноч басавіта брахалі сабакі, а з ранку навыперадкі кукарэкалі пеўнікі ды гагаталі гусі. Пад раніцу я крыху зьмёрз у маім летнім спальніку і вырашыў, што перад тым як садзіцца ў човен прайсьціся берагам Валмянскай даліны. Неўзабаве я перастрэў нейкага яшчэ досыць жвавага дзеда, які заклапочана завіхаўся каля невялікага самагоннага заводзіка і не адразу заўважыў мяне. Я прыпыніў хаду. Дзед урэшце заўважыў мяне. Першыя хвіліны ён быў крыху разгублены, але неўзабаве прыязна ўсьміхнуўся і сказаў, што толькі зьбіраўся ісьці да бабы ў хату пакаштаваць гарэлку, што за ноч нажэніў. Але вось зьявіўся нават лепшы хаўрусьнік дзеля гэтай справы, бо сколькі тая баба выпье, і ці закаштуе яна тое. Я адказаў, што не зарана лі піць гарэлку. У адказ пачуў, што галоўнае, каб ня позна, і што акурат раніцою гарэлка найсмачнейшая.
Мы выпілі, заелі печанай у вуглях бульбаю з смачнай япруцкай грудзінкай, у якой была мясная проразь у палец таўшчынёю. Дзед быў на імя Рыгор. Аб нечым паразмаўлялі. Цікава, што дзед Рыгор піў гарэлку памалу. Я пажартаваў, што той п'е сівуху як каньяк. Дзед Рыгор у адказ пасьмяяўся, сказаўшы, што яна нават лепш за каньяк. У той момант рысы зухаватага маладзёна праступілі ў твары ўжо далёка немаладога мужыка. Я крыху распавёў аб сабе і аб тым, што моцна зацікаўлены ў Налібоцкую пушчу з багатай прыродай і гісторыяй. Дзед Рыгор зацеміў, што цікавых гісторый тутай насамрэч хапае. Толькі ў гэтым стагодзьдзі Налібоцкую пушчы жахліва трушчылі дзьве вайны, ламаючы людзкія лёсы і вынішчаючы хутары і вёскі. Людзі не паддаваліся ды сапрабавалі неяк выправіць скалечаную жыцьцёвую плынь, але не ўсё было пад сілу нават мацнейшым. Вось, напрыклад, гісторыя маіх дзеда Ціта і дзядзькі Сальвэся Буржынскіх адсюль з Трокаў. Мы яшчэ раз налілі сабе гарэлкі, і дзед Рыгор пачаў распавядаць мне наступнае.
Напачатку гэтага стагодзьдзя перад Мікалаеўскай вайною (то бок Першай сусьветнай вайною) у Троках было шмат хутароў, а не пяць як цяперака. У адным зь іх мешкаў палясоўшчык ужо немалады Ціт Буржынскі на сваёй зямлі ад бацькоў. Было ў Ціта і ягонай жонкі Глашы аж сямёра дзяцей: два старэйшых сына Сальвэсь і Апанас, чатыры сярэдніх дачкі і малодшанькі сынок. З Цітам і Глашай мешкала ейная маці Марфа. Ціт быў яшчэ ў моцы і служыў палясоўшчыкам графу Бенэдыкту Яну Тышкевічу ў суседнім Вяла. Неяк адбылася перашыхтоўка лавецкіх службоўцаў. З новым падлоўчым Пятром Самойлавым Ціт не знайшоў, як кажуць, агульнай мовы. Не прайшло і года, як Ціта выперлі са службы за пустую прыдуманую правіну.
Ціт сенаваў на травяных багнах у Тышкевічскім урочышчы Цыганы. З таго Ціт павінен быў аддаць кожную трэцюю капу ў гасподскую стайню, а насамрэч быццам бы аддаў толькі пятую капу, а то і менш. Самойлаў сьведчыў, што палясоўшчыкі ўсё падлічылі, маўляў, гэтак і ёсьць. Яшчэ падлоўчы Самойлаў сьцвярджаў, што Ціт пакрыёма клусуе аленяў у скарбавых лясох, але аніяк ня мог тое давесьці. У Вяла адбылася лавецкая сэсія, ніхто з палясоўшчыкаў гэта на той ганебнай сэсіі не пацьцвердзіў Цітавых правінаў, але ўсё роўна Ціта выперлі са службы. Потым, як разыходзіліся, некаторыя з палясоўшчыкаў сказалі Ціту, што тое толькі злая брахня Самойлава, але ён у даверы ў графа і нічога ня зробіш супроць.
Адылі, той Самойлаў паплаціўся за гэта зло. Ён жытлаваў з радзінаю на ўскрайку Першаёў у новай сядзібе, меў жывёлагадоўчую гаспадарку, на якой працавала некалькі парабкаў. Дабудаваўшыся, ён адразу застрахаваў немалыя гаспадарчыя забудовы на вялікую суму грошаў у Валожыне. Праз тыдзень пасьля страхоўкі тыя гаспадарчыя забудовы пайшлі дымам, і страхаўшчыкі ўбачылі ў гэтым махлярства. Яны падалі ў суд, маўляў, сам гаспадар спаліў, каб атрымаць тыя вялікія грошы, якія хапіла бы пабудаваць новыя мураваныя гаспадарчыя будынкі. Самойлаў адмаўляў абвінавачваньні ды сьцвярджаў, што іх спаліў Ціт Буржынскі з Трокаў, каб яго падставіць пад суд. Напэўна тое гэтак і здарылася. Насамрэч менавіта Ціт гэтак спрытна адпомсьціў падлоўчаму Самойлаву. Але тыя ўплывовыя страхоўшчыкі і слухаць не хацелі аб тым, бо ў гэтым выпадку ім трэба было б выплачваць тыя вялікія грошы. Суд стаў рухацца не на карысьць падлоўчага Самойлава. Урэшце ўтруціўся ў гэтую справу і сам граф Бенэдыкт Ян Тышкевіч. Ён адчуў нешта нячыстае ва ўсёй гэтай справе й умяшаўся ў тыя судовыя разборкі ўсім сваім уплывам. Па суду страхоўшчыкі анічога не пацярпелі. Падлоўчы Самойлаў быў звольнены. Ён спрадаў рэшту фальварка і зьехаў. Ціта Буржынскага на лесьніковую службу больш не прынялі, хаця па нейкім часе пасьля суду той прасіўся на тое ў канцылярыі Тышкевічаў.
Апынуўшыся з вялікай радзінай на валоке сваёй зямлі з параўнальна беднай глебай без ранейшага палясоўшчыцкага заробку, Ціт паразумеў, што толькі земляробствам і жывёлагадоўляй на гэтай зямлі ім не пражыць. Ад памерлага бацькі ў Ціта засталася кузьня і сталюга для вырабу колаў для конскіх хурманак. Таму ў дадатак да звычайных сялянскіх прац менавіта гэтым і заняўся Ціт са старэйшымі сынамі. Рапаравалі конскую збрую, падкоўвалі коней, рабілі колы. Памалу асвойвалі выраб бочак. Усё спрадавалі ў Івенцы на кірмашы, або сялянам у навакольных вёсках Пагарэлцы, Адамках, Сівіцы і Вуглах. Але ўся роўна ежы дя гэтакай вялікай радзіны, дзе за сталом дзесяць чалавек, бракавала.
Параіўшыся з сынамі, Ціт вырашыў употай забіваць у пушчы Тышкевічскіх аленяў на ежу для радзіны. Сусед Нічыпар Краўцоў ужо досыць даўно прамышляў гэтак дзікоў і аленяў у нетравых дзялянках ва ўрочышчах Цыганы й Ягадзіна. Нават апошнім часам, вывучыўшы асаблівасьці дзейнасьці ў пушчы Тышкевічскіх палясоўшчыкаў, ён асьмеліўся да таго, што забіў некалькі дзікоў і аленя ў бліжніх урочышчах Балкуны і Сівіца. Нічыпар усё схіляў Ціта згуртавацца ў гэтай паляўнічай справе. Акрамя Цітавых ведаў пушчы Нічыпара ў гэтакай каапэрацыі прываблівала мажлівая дапамога Цітавых сыноў. Учатырох у выпадку сутыкненьня з падобнымі клусаўнікамі з навакольных вёсак можна было даць годны адпор. Падобныя сутычкі ў клусаўніцкай практыцы Нічыпара ўжо здараліся. Да таго ж Нічыпара вабіла згуртавацца з Цітам, бо да Ціта спагадліва ставіліся былыя саслужбоўцы, і ў выпадку непажаданай сустрэчы з імі пушчы, тыя маглі бы лёгка дараваць Ціту ягонае клусаўніцтва і не аб чым не паведзіць падлоўчаму. Амаль што ўсе палясоўшчыкі з Вяла былі неяк удзячны Ціту за тое, што гэтак ці інакш праз яго звольнілі зьедлівага і несправядлівага Пятра Самойлава. Ім было шкада, што Ціт пацярпеў за гэта. Таксама душу палясоўшчыкаў грэў гонар, што Ціт – былы просты палясоўшчык, адзін зь іх, і даў рады адпомсьціць таму непасьціваму падлоўчаму. Усе яны былі ўпэўнены, што менавіта Ціт з сынамі гэтак зручна падпалілі сядзібу былога падлоўчага ў Першаёх.
Урэшце Ціт згадзіўся разам з Нічыпарам супольна ўпотай забіваць аленей у Тышкевічскіх ды іншых пушчанскіх валоданьнях. У нетравам багенным урочышчы Цыганы яны збудавалі замаскаваны склеп дзеля захоўваньня пасоленага мяса. Тамака на невялікай адлегласьці збудавалі вяндлярню, дзе сыны Сальвэсь і Апанас па начох вяндлілі аляніну ды дзічыну. Часам здабычай быў лось. Другі мясны схрон – падобная але меншая зямлянка з бярвенчатымі сьценамі і стольлю, быў збудавалі непадалёку ад Трокаў. На ўсялякі выпадак амаль што ўсё здабытае мяса захоўвалася ў схронах, і таму па хатах і варыўнях, што на сядзібе Буржынскіх, што ў Краўцовых анічога значнага немагчыма было знайсьці. Вонкавым знакам небясьпекі, якую забясьпечвала баба Марфа і жонка Глаша, была ільняная торба, якую вывешвалі на падворку на адной з умоўленых нацягнутых вяровак. Звычайна гэтая вяроўка не карысталася. Пры гэтым калі на той вяроўцы вісела торба, то тое азначала, што нейкая небясьпека ёсьць беспасярэдне ў хаце або зусім побач. То маглі быць прысутныя на падворку або ў хаце службоўцы з Тышкевічскага Вяла, або суседзі, да якіх не было даверу. Гэта сыгналізацыя небясьпекі выручала і ня раз.
Паступова Тышкевічавы лясныя службоўцы даўмеліся, што ў іхніх пушчанскіх абшарах здабывае мяса ладна сфармаваная, лоўкая і дасьведчаная каманда. Паміж сабою Вялаўскія палясоўшчыкі падазравалі Буржынскіх з Краўцовым, але злавіць іх на клусаўніцтве яны не маглі. Таксама бязплённасьць намаганьняў злавіць клусаўнікоў сыходзіла ад нежаданьня шмат каго з лясных службоўцаў перасьледаваць сваіх тутэйшых, сярод якіх потым прыйдзецца жытлаваць. Шмат хто быў павязаны сваяцтвам з Буржынскімі і Краўцовымі. Хто яго ведае, як жыцьцё потым павернецца. Гэтак меркавалася ім, і таму яны вялі той перасьлед паволі і толькі каб адсправаздачыцца перад падлоўчым і графам. Адылі, урэшце небезпадстаўныя падазрэньні падлоўчага палі на Буржынскіх. Падлоўчы з палясоўшчыкамі сталі прыходзіцьда Буржынскіх зьнянацку, раілі самому паказаць варыўню, склеп і іншае. Ціт упэнена без аніякага сполаху паказваў усё, што яны патрабавалі. Было нават некалькі вобшукаў з тутэйшым прыставам. Нічога ўсё гэта Тышкевічскім службоўцам не дало.
Між тым у пушчанскіх ваколіцах Вялае відавочныя адзнакі працы клусаўніцкай суполкі па-ранейшаму заўважаліся ляснымі стражамі. Яны рабілі засады, абшуквалі бліжні пушчанскі тэрэн, але ўсё дарма. Але аднойчы Ціт з Нічыпарам у гэтакім клусаўніцкім паляваньні трапілі ў нявыкрутку, і лясныя стражы Антось Міхалевіч з Марціным Бароўскім насьцігалі гружаных уцекачоў. Раптам старэйшы па службе, але яшчэ малады і поўны жыцьцёвай моцы Антось прыпыніўся і загадаў Марціну, каб той бег наперарэз клусаўнікам і паказаў накірунак куды. Марцін зьдзівіўся, але паслухаўся. Неўзабаве Антось адзін насьпеў старэйшых векам ды гружаных Нічыпара і Ціта. Нічыпар наставіў на Антося зараджаную стрэльбу, тады як Ціт, убачыўшы аднаго Антося, адразу кінуў сваю стрэльбу ўбок і да таго ж адвёў ад Антося стрэльбу Нічыпара. Антось таксама паклаў стрэльбу на дол. Усе яны не адзін год добра ведалі адзін аднаго, а Антось нават пачынаў сваю працу палясоўшчыка пад началам Ціта. Паразмаўлялі, аб нечым дамовіліся, ды крыху пасьмяяліся, што навабранец Марцін бег тым часам у супрацьлеглым накірунку. То быў акт добрай волі паміж сваімі тутэйшымі, а панскае дабро хай хоць зьвядзецца. Гэтак тады меркавалася нават Антосю. Тады Антось яшчэ ня ведаў, што ня пройдзе і дзесяці гадоў і Цітаў сын Сальвэсь, будучы польскім памежнікам у Івенцы, недзе на недалёкай мяжы паміж Польшай з Савецкім Саюзам будзе досыць доўга і задачна пакрываць кантрабандную дзейнасьць Антося і ягонага стрыечнага брата, прымаючы на сябе немалую рызыку. Напэўна Сальвэсь таксама меў зыск ад той кантрабанды, але, падаецца, ня тое было галоўным. А галоўным было тое аб чым напрыканцы свайго доўгага аповяда адзначыў дзед Рыгор - трымацца за навакольных, тутэйшых ды дапамагаць адно аднаму.
А пакуль што гэтак жыцьцё пайшло далей як і раней. Але потым яно зьнянацку карэнна зьмянілася, бо грымнула Першая сусьветная вайна. Цітавы сыны Сальвесь ды Апанас апынуліся ў расейскім войску. Апанас праз нейкі нядоўгі час загінуў ва ўсходняй Прусіі, а Сальвесь з адступіўшым расейскім войскам апынуўся ў Налібоцкай пушчы пад Шчорсамі з правабярэжжа Нёману. То было недзе вёрст трыццаць напрасткі ад бацькоўскай хаты. Сальвэсь быў увесь час на перадавой фронту, дзе служыў у альтэлерыйскам узводзе, які меў ад трох да пяці гармат бліжняга бою.
Спачатку Сальвесь радаваўся, што трапіў бліжэй да дому, а потым стала неяк ніякавата адчуваць што вось за нейкіх трыццаць вёрст ёсьць твая родная хата з любымі бацькамі, а ты тутай у гэтых напаўзатопленых траншэях і зямлянках павінен карміць вошаў, званцоў ды слепакоў, цяжка хварэць на розныя захворваньня, трымцець ад холаду або пакутваць ад сьпякоты ды духаты, не маючы ані мажлівасьці распрануцца, бо даб’е заедзь. Неяк, праз год напакутаваўшыся і абжыўшыся ў тых злыбядачых варунках, Сальвесь стаў пра сябе меркаваць ад уцёках да бацькоўскай хаты ў Трокі. Горай проста не магло быць. Паступова заўважыў, што гэты намер шырока распаўсюджаны сярод жаўнераў, што былі побач. Але жаўнеры ня ведалі куды бегчы, бо іхнія хаты і родныя былі далёка, а ягоныя ёсьць даволі блізка ў той жа пушчы.
Аднойчы ўвесну 1917 году Сальвесь выпадкова ўтруціўся ў размову трох добра знаёмых жаўнераў, да якіх быў у Сальвеся давер. Тыя абмяркоўвалі ўцёкі з фронту, і самае палкае пытаньне было, дзе хавацца ад перасьледу за дызэртырства. Сальвесь выклаў свой плян з патаемным жыцьцём у пушчы каля Трокаў, дзе тое-сёе змогуць дапамагчы ягоныя бацькі, па-сяброўскі нашыхтаваныя суседзі, некаторыя сваякі ды сябры з вёсак Пагарэлка і Сівіца. Вырашылі, што трэба ўзяць з сабою, з таго што можна дастаць. Асабліва пільнае пытаньне было наконт стрэльб і зарадаў – як шмат узбраеньня браць з сабою, бо яно ёсьць цяжкая ноша. Пагадзіліся ўзяць па адной стрэльбе й адну дадатковую, а зарадаў столькі сколькі будзе няцяжка несьці. Кожны браў кацялок, лыжку ды шынель. Разам пачынаць уцёкі было бы заўважна. Маглі тутай жа і схапіць ды расстраляць за дэзэртырства. Дамовіліся сустрэцца ў адным вядомым мейсцы, дзе магчыма было схавацца і дачакацца ўсіх.
Гэтак і зрабілі ўсе акрамя Сальвэся, якога акурат у гэты дзень забралі ў каравул, адкуль аніяк не зьбяжыш. Тых трох беглых назаўтра нейкім непаразумелым чынам злавілі ў тым патаемным мейсцы. У той жа дзень адбыўся ваенна-палявы суд, які вынес вырак расстраляць дэзэртыраў. Сальвэсь акурат кагадзе вярнуўся з каравулу. Вырак зачыталі перад пашыхтаванай ротай. Асуджаныя на расстрэл глядзелі на Сальвэся з цяжкім асуджэньнем. Назаўтра раніцаў іх павінны былі расстраляць. У Сальвэсявай галаве быў тлум думак аб тым, як ім мажліва дапамагчы. Сальвесь ведаў, дзе асуджаных будуць утрымліваць уначы. Ён добра ведаў як разьмеркавана ахова той палкавой вязьніцы, бо кагадзе сам вярнуўся з каравулу. Напасьці аднаму – то была пэўная пагібель. Вось каб знайсьці хоць аднаго хаўрусьніка на гэтую рызыкоўную справу, але спадзевы на тое амаль што не было. Насуперак меркаваньням такі хаўрусьнік нечакана знайшоўся. То быў зямляк і франтавы сябра аднаго з тых дэзэртыраў, які раней адмаўляўся ўцякаць, а цяперака быў згодны нават на яшчэ большую рызыку. Прыкра было тое, што нападая на каравул пры вязьніцы, трэба будзе забіваць аднаго а можа і некалькіх вартавых, якія ёсьць гэтакія ж вязьні гэтай ня іхняй, непатрэбнай вайны, як і яны самі. Але сядзець і чакаць, калі тых беглых расстраляюць, або ўцякаць, нават не паспрабаваўшы вызваліць тых вязьняў, Сальвэсь ня мог. То былі бы яшчэ большыя пакуты сумленьня.
Напад адбыўся быццам бы задачна. Уначы па ціхаму забілі двух вартавых. Сальвэсь выдатна кідаў свой вялікі паляўнічы нож, гэта і вырашыла пасьпяховасьць нападу на каравул пры вязьніцы. Адразу даволі швыдка ўзламалі першыя дзьверы вязьніцы ды пачалі ўзлом другіх больш моцных дзвярэў усяродку. Але нечакана чамусьці раней часу зьявіўся ачольнік каравулу з шасьцю жаўнерамі. Адстрэліваючыся, нападнікі пусьціліся на ўцёкі. Сальвэсь уцёк, а ягонага хаўрусьніка забілі. Сальвэся шматавала ад злосьці і крыўды на няўдачу. Адно крыху суцяшала, што ён пасьпеў сказаць тым асуджаным на сьмерць дэзэртырам, як ён ня трапіў да іх у прызначанае мейсца сустрэчы. Таксама грэла, што ён усё ж такі жывы і непаранены, а таксама што ўрэшце зьбег ад бязглуздага фронту і самой гэтай супраць чалавечнай вайны. Пры Сальвэсе была стрэльба, каля пяцідзесяці зарадаў, свой паляўнічы нож, які ён узяў яшчэ з дому пры мабілізацыі й усё ж неяк захаваў дагэтуль. Таксама пры Сальвесе быў кацялок, некалькі лыжак, крыху солі і ладны пакунак з сухарамі чорнага хлеба, запалкі і немала па жаўнерскім меркам грошаў. Усё гэта, акрамя стрэльбы і нажа Сальвесь загадзя схаваў у вайсковым заплечніку ў лазовых хмызах на меркаваным шляху адыходу.
Але як схавацца ад пагоні? Сальвэсь дакладна ведаў, што яго будуць упарта шукаць. Больш таго Сальвэсь дагэтуль знаходзіўся ў франтавой паласе, шчыльна заселенай вайскоўцамі. Пакуль што на дзень ён схаваўся ў затопленай чорна-алешнікавай багне, дзе сядзеў пры вялікім кобле з сухім выгніўшым жаралом. Хто ня ведае, што ёсьць кобл, то гэта значна выступаючыя над вадой карнявыя спляценьні згуртаваньня алешын, а таксама камлявыя часткі іхніх стаўпуроў. Ўсярэдзіне такога спляценьня жывых карэньняў і стаўпуроў заўжды ёсьць адмерлыя і спарахнелыя кавалкі былых вялікіх алешын, што некалі расьлі на той купіне. Часта ў вялікіх коблах утвараюцца большыя або меншыя адтуліны кшталту жаралоў, якія могуць даць параўнальна сухі прытулак нават чалавеку, а ў некаторых выпадках нават мядзьведзю для зімовага засонку. Падобнае жарало, пашыранае нажом у спарахнелай сарцавіне кобла, у тую ноч дала Салвэсю досыць сухі і цёплы прытулак. Вада была побач, а ў заплечніку быў нейкі хлеб то бок хлебныя сухары. Сальвэсь чуў гукі франтавога жыцьця вайскоўцаў, але тое было ня побач а недзе на адлегласьці ня менш за паўвярсты. Можна было пераседзіць тутай некалькі содняў, ачомацца і добра абмеркаваць сваё становішча ды магчымы выратавальны шлях да бацькоўскай хаты.
А становішча было гэтакім, што Сальвесь пакуль што нават ня ведаў, у якім дакладна баку знаходзіцца бацькоўская хата ў Троках. Ён ведаў, што Трокі павінны быць на поўнач ад лініі фронту. Але з якога боку ёсьць фронт – гэта пакуль што было непаразумела. Нельга было даваць веры нейкім крыху мацнейшым вайсковым гукам і меркаваць, што вось тамака і ёсьць фронт. Трэба было дачакацца нейкай перастрэлкі расейскага і нямецкага бакоў і тады адсачыць хаду сонца і зорак адносна накірунка, у якім цягнецца лінія фронту. Раніцою Сальвесь недзе досыць далёка чуў шэраг стрэлаў, і ён падумаў, што тое забілі ягоных хаўрусьнікаў па няўдалам пабегу. Стала балюча прыкра, але жаданьне жыць брала сваё, і Сальвесь стаў прыкідваць, дзе было разьмеркаваньне іхняй роты адносна лініі фронту ўздоўж Нёмну. І яшчэ Сальвэсь узгадаў, як на мапе, якую яму неяк даводзілася разглядаць на сьцяне ў зямлянцы камандзіра роты, што даліна Нёмна, а зь ім і лінія фронту накіровалася ня строга з усходу на захад, а немала ўхілялася на поўдзень.
Ужо тады Сальвэсь замысьліў пабег і дбаў, каб запомніць усё на той мапе, як мага балей. Тамака былі нанесены разьмеркаваньні асноўных вайсковых згуртаваньняў, з чаго Сальвэсь усьвядоміў, што увесь шлях да Трокаў будзе небясьпечным, бо паўсюдна можна будзе перастрэць вайскоўцаў. Карыстаць дарогі будзе нельга зусім. Адзіны правільны вынахад – ісьці наўпрост праз сухадольны лес і багну, трымаючы накірунак па зоркам і сонцу, ды можа быць час ад часу спраўджваючы, у якім баку Івянец ад нейкіх пушчанцаў. Галоўнае было дабрацца да пушчанскага гасьцінца з Івенцу на Бакшты. Ён яго бы пазнаў у любым мейсцы. Адтуль яшчэ са свайго клусаўніцкага мінулага з бацькам і братам перад вайною Сальвэсь ведаў нетравыя пуцявіны да бацькоўскай хаты ў Троках. Сальвэсю вельмі шкада было загінулага брата і сябра Апанаса, з якім прайшлі столькі небясьпечных пуцявін і гэтак зрадніліся. Ён яшчэ раз з болем узгадаў брата Сальвэсь і з нянавісьцю падумаў аб гэтай абрыдлай вайне.
Прыгадваючы тую ротную мапу і арыентуючыся на накірунак стрэлаў недзе справа ззаду за вярсту а можа і дзьве, а таксама беручы пад увагу тое, што сонца ўзыходзіла праваруч, Сальвэсь усьвядоміў, што ён багеннай галявіне, якая здаецца звалася Валасеньскай. Мяркуючы па разнастайным гукам фронту і разьмеркаваньня расейскага войска, а таксама прыгадваючы тую вайсковую мапу на сьцяне ў ротнага ачольніка, Сальвэсь прыйшоў да высновы, што напэўна зараз ён недзе з паўднёва-усходняга боку той Валасеньскай багны. Пры гэтым ён не ўсяродку а бліжэй да сухадолу, бо менавіта па краю травяной багны часта растуць затопленыя чорна-алешнікі. Калі ён на Валасеньскай багне, то на поўнач наперадзе крыху больш вярсту будзе цягнуцца багенная травяная галявіна з старадаўняй грэбляй праз яе пасярэдзіне. Здаецца грэбля накіроўваецца з паўднёвага захаду на паўночны ўсход. Тое надта небясьпечнае мейсца і пераходзіць яе трэба ўсярэдзіне начы. Далей на поўнач цягнецца багна з ракою здаецца Вусаю і нейкім вялікім каналам у той рачной даліне або непадалёку.
Яшчэ тады, разглядаючы ротную мапу, Сальвэсь зразумеў, што праход уздоўж таго канала здаецца Шубіна-Нёманскага ёсьць найлепшы шлях да сваіх знаёмых мясьцін. Далей Сальвэсь меркаваў наступным чынам, што недзе напрыканцы канала ёсьць вёска Кляцішча, а пад Кляцішчамі трэба дайсьці да вытокаў канала з Вусы, перайсьці на правы бок Вусы, а там больш-менш пушчанскім сухадолам некалькі вёрст на поўнач і ён на тым знаёмым гасьцінцы. Паміж Вусаю і гасьцінцам павінна быць рачулка з багеннай далінай. А тамака напрасткі праз пушчу і дома. Гэта яно так, але як будзе на практыцы было невядома, пэўна ня гэтак лёгка, як тое ўяўляецца.
Адылі яшчэ было зарана выпраўляцца ў той шлях да бацькоўскай хаты. Трэба было дачакацца перастрэлкі па фронце і запомніць хаду сонца і сузор'яў адносна наднёманскага фронту. Гэты першы дзень адседкі пры кобле было пахмурна і ані немагчыма было адсачыць хаду сонца. Цягам, як падавалася, бясконцага дня Сальвэсь назьбіраў па затопленаму чорнаалешніку карнявішчаў пухоўкі – гэтакай спрадвечнай ежы тых, хто хаваецца ў пушчанскіх нетрах. Назьбіраў столькі, каб уначы распаліць цяпельца і зварыць два поўныя кацялкі ды наесьціся досыць. Трэба было эканоміць хлебныя сухары, бо, хто яго ведае, якія будуць дні і ночы наперадзе. Таксама Сальвэсь наламаў парасткаў чорнай парэчкі, вялікі хмыз якой рос побач. З гэтых парасткаў можна было зварыць смачны духмяны напой, вось толькі цукру не было. Але былі дзьве гронкі саладкаватай леташняй каліны, якія Сальвэсь знайшоў непадалёку. За гады пушчанскага жыцьця з бацькам Цітам і братам Апанасам Сальвэсь даведаўся аб шмат якіх мажлівасьцях гатаваньня страўнай ежы з таго, што ёсьць у пушчы. Пад вечар праясьнілася і Сальвэсь дакладна бачыў, дзе ён ёсьць захад.
Як сьцямнела, Сальвесь згатаваў сабе вячэру, як ён яе заплянаваў і падрыхтаваў. Усе сухары засталіся цэлы, хаця рупіла, каб зьесьці хоць жадны зь іх. Была соль, таму асноўнай ежай Сальвэсь быў задаволены. На перадавой фронта часам па содням не было гарачага, а калі-небудзь выпадалі і зусім нісчымныя дні. Таму на тым тле гэтым вечарам Сальвэсь мей годную вячэру. Гатуючы вячэру і апасьля, Сальвэсь сачыў за хадою зорак, але не было галоўнага – перастрэлкі па фронту, каб ведаць ягонае разьмеркаваньне. Пад раніцу Сальвэсю пашанцавала, бо фронт загудзеў, і недзе з гадзіны дзьве адбывалася перастрэлка. Усё сыходзілася. Цяперака Сальвэсь упэўнена ведаў, што ён знаходзіцца на Валасеньскай багеннай галявіне, а на поўнач ад яго павінна быць старадаўняя грэбля, падбудаваная вайскоўцамі. Але як далёка тое? Гадзіне а 10-ай Сальвэсь атрымаў адказ і на гэтае пытаньне, бо было чуваць, як па грэбле перасоўвалася людзі і вайсковая тэхніка.
Цяперака трэба было спаць да вечара, а тады ў дарогу, – зь нейкай палёгкай падумаў Сальвэсь. Адылі, Сальвэсь усхапіўся ад сну яшчэ надвячоркам. Ён вырашыў прайсьці затоплены чорнаалешнік і выйсьці на травяную багенную галяліну яшчэ па сьветламу. Адтуль ён спадзяваўся ўбачыць тую старадаўнюю грэблю з прысадамі і яшчэ раз дакладна ўбачыць па заходу сонца, дзе ёсьць захад. Гэтак усё і атрымалася. Вось толькі ровень вады ў багне быў мейсцамі занадта глыбокі, і сама вада была яшчэ даволі сьцюдзёная. Таму Сальвэсь быў увесь мокры акрамя досыць цяжкога заплечніка, які на глыбокай вадзе ён падымаў угару над сабою. Калі яшчэ рухаўся то здранцьвеньне цела ад сьцюдзёнай вады можна было трываць, але калі на нейкую гадзіну давялося прыпыніцца на ўскрайку адчыненай багны, то цела проста калаціла ад асьцюдзяненьня. Грэла адно, што ён жывы і на шляху да роднай хаты. Таксама меркавалася, што як дойдзе да паўночнага края багны, то тамака зробіць прыпынак з вогнішчам, каб сагрэцца, абсушыцца, папіць гарачага чорна-парэчкавага навару з леташняй калінаю і згрызьці хлебны сухар.
Да грэблі дабіраўся надта цяжка, бо шлях наўпрост ускладніла рэчка Краманіца з шэрагам рамёнаў, дзе давялося пераплываць. Шэнціла наяўнасьць луннага сьвету, бо была амаль што поўня. Пераплываючы Краманіцу, Сальвэсь нейкім цудам зьбярог свой заплечнік амаль што сухім. У адным мейсцы пры Краманіцы мусіў затрымацца ледзь не на гадзіну, бо перакінуў стрэльбу цераз рэчышча, пераплыў, а стрэльбы знайсьці ў цемрачы на меркаваным мейсцы ня мог. Але раз і другі перамацваючы ўсё тамака ўрэшце ён знайшоў тую стрэльбу. Вырашыў, што больш гэтак рызыкаваць адзінаю сваёй абаронаю ён ня будзе. Грэблю перайшоў незаўважаным і рушыў раўнютка на поўнач, арыентуючыся па Стажарам. Праз гадзіну пакут па пояс у сьцюдзёнай вадзе Сальвэсь нарэшце дабраўся да сухадолу са сьцяною старасьвецкіх дубоў. Перш чымся распальваць вогнішча з засьцярогі вырашыў паслухаць ноч ну хаця б хвілін пятнаццаць, хаця ўжо падавалася, што ён канае ад той сьцюдзёнасьці. Але патрабаваньне бясьпекі перасіліла.
Было ціха, хаця напэўна недзе на адлегласьці дзьвух вёрстаў знаходзіўся немалы вайсковы лягер пад Будамі, а яшчэ на меншай адлегласьці але праз багну разьмяркоўваўся вайсковы лягер у Трасяніцы. Ужо, седзячы пры невялічкім вогнішчы, Сальвэсь пачуў брэх сабакі недзе за вярсту. То напэўна была гаёўня ў Сьмейна. Была вялікая спакуса завітаць у тую жылую хату хутарцоў, абсушыцца, добра пад’есьці. У Сальвэся было з сабою досыць грошаў за ўсё тое заплаціць. Але не было сумлёву, што ў той гаёўні былі на пастоі афіцэры. Таму ісьці туды было бы самазабойскім вар’яцтвам. За нейкія дзьве гадзіны пры тым цяпельцы Сальвэсь абсушыўся, пад’еў хлебных сухароў, напіўся шмат духмянай чорна-парэчкавай гарбаты, паспаў з поўгадзіны і рушыў у дарогу. Па-ранейшаму Сальвэсь трымаў паўночны накірунак, але цяперака, як яму помнілася з той ротнай мапы тутэйшай мясцовасьці, лепш было крыху закрэнчваць на захад. Цягам гэтай ночы трэба было дайсьці да Шубіна-Нёманскага каналу, але перад гэтым неабходна было перабрацца праз рэшты рэчкі Вуса і яе багенную даліну. Не прайшоўшы і двухсот мэтраў Сальвэсь заўважыў на дубе пчаліную калоду, якая была замацавана невысока. Залез туды з кацялком і лыжкаю, адчыніў калоду. Пчолы былі памерлыя, і мёду было яшчэ шмат. Спачатку шмат еў мёд лыжкаю пры калодзе, злазіў папіць вады, зноў залазіў да калоды і еў мёд, колькі ўлезла. Потым набраў поўны кацялок мёду і рушыў у дарогу зноў, калі ўжо з усходу стала сьвятлець. За поўгадзіны дабраўся да рэчышча Вусы, пераплываў голым глыбокія мейсцы шэраг разоў, перавозячы ўсё ў руках, выцягнутых над галавою, каб яно засталося сухім.
Калі ўжо дабраўся да сьцяны састарэлага багеннага чорнаалешніка, то ўжо над небасхілам сьвяціла сонейка. Вайсковых гукаў не было чуваць, толькі ўсё брахаў той сабака ў Сьмейным. Дарэчы кажучы той брэх быў выдатным арыентырам Сальвэсю, як ён дабіраўся да Вусы. Прыдатны кобл дзеля днёўкі Сальвесь знайшоў хутка, і прыпыніўся на адпачынак тамака. Яшчэ па дарозе Сальвэсь адрэзаў бяросты, каб зрабіць слоік. Пры кобле гэтакі берастовы слоік быў хутка і па-майстэрску зроблены. Сальвэсь пераклаў туды мёд з кацялка і вырашыў рызыкнуць распаліць невялічкае вогнішча, каб зварыць парэчкавую гарбату, якую цяперака можна было смачна папіць з мёдам. Цяпельца уклаў з бяздымных сухіх яловых галінак. У ягоным мейсцы прыгнечаныя багнай напаўсухія елкі там сям трапляліся пры коблах, і гэта давала спадзеву, што дыму амаль што ня будзе. Скіпяціў і выпіў з мёдам аж два кацялкі той гарбаты, падчысьціў жарало ў тым кобле і моцна заснуў. Калі Сальвэсь, цяжка змучаны мінулай ноччу ў сьцюдзёнай вадзе, прачнуўся, то ўжо вечарэла. Зьеў хлебны сухар, дапіў ранішняю гарбату і стаў зьбірацца ў дарогу. Рушыць трэба было на паўночны захад, увесь час прыслухоўваючыся, бо пад Будамі з поўначы, а пад Казловым Барком з поўдня было на пастоі ў зямлянках шмат вайскоўцаў. Вольным дзеля ягонага праходу быў лясны калідор з затопленым чорнаалешнікам шырынёю з вярсту. Менавіта па ім і трэба было ісьці. Неба к вечару заслалі аблокі, таму нябесныя арыентыры зьніклі. Адылі мажліва было накіроўвацца па брэху сабакі ў Сьмейным, як даволі часта брахаў. Відаць, што тамака кватаравалі чужакі з шэрагу вайскоўцаў, а мо быў хто іншы чужы для сабакі. Выходзіла, што той сабака павінен быў чуцца ззаду праваруч.
За няпоўную гадзіну Сальвэсь дайшоў да Шубіна-Нёманскага канала, найшоў прыдатнае мейсца для пераходу ўброд. Распрануўся, перайшоў з рэчамі ў руках. Зноў з той жа ротнай мапы Сальвэсь прыгадваў, што пад Будамі на Шубіна-Нёманскім канале павінен быць мост, на якім напэўна ёсьць вартавы, а можа і некалькі. Таму ўверх проці цячэньня каналу трэба ісьці лесам па правабярэжжу недзе мэтраў дзьвесьце ад прагаліны канала. На такой адлегласьці пры ціхай хадзе вартавыя з маста цябе пэўне ж не заўважаць, а з другога боку прыканальная прагаліна будзе хоць неяк яшчэ бачна, што дасьць магчымасьць трымаць маршрут уздоўж.
Гэтак усё і зьдзейсьніў. Урэшце выйшаў да травяной багны, якая прасьціралася на поўнач у бок Кляцішчаў. Дайсьці да роўня гэтай вёскі, ды абыйсьці яе незаўважаным – тое была бліжэйшая мэта. Сальвэсь вырашыў тутай дачакацца сьвітанку, каб добра агледзіцца. Распаліў цяпельца, зварыў карнявішчаў пухоўкі, якія зьеў з сольлю. Другой стравай быў малінавы ўзвар з мёдам і хлебным сухаром. Крыху паспаў у чаканьнях сьвятла. Ад першага браску ўзьлез на высокую елку, што расла на ўскрайку галявіны.
Адтуль было добра відаць, што ўздоўж Шубіна-Нёманскага канала з абодвух бакоў былі наезджаныя коннаездныя дарогі, але ісьці па ім падавалася надта небясьпечным. Насьцярожвала яшчэ й іншая рэч, што ўздоўж канала цягнуліся валы да палутара мэтраў вышынёю, а зь іх добра праглядалася ўся бліжэйшая частка багеннай галявіны. Адылі на валах і дарозе, колькі было відаць, нікога не было. Таксама было відаць, што ўперадзе зьлева была надта зьвілістая мяжа паміж лесам і травяной багнаю, і той лес быў мейсцамі багенны а мейсцамі сухадольны. Па травяной багне бачылася немала працяглых затапленьняў, якія былі аточаны зарасьнікамі шчыльнага і высокага трысьнягу. Асабліва шмат затапленьняў было на першай вярсьце шляху праз багну. У дадатак лясны ўскраек тамака быў ні чым іншым як затопленым чорнаалешнікам, дзе трэба было бы брэсьці ледзь не па пояс у вадзе. То бок ісьці праз травяную багну праваруч цячэньня каналу было немагчыма. Сярод травяной багны было найменша тры ўзвышэньня, парослыя старасьвецкімі дубамі. Багна ўлетку абкошвалася сялянамі напэўна з Кляцішча, бо ледзь не па ўсёй яе плошчы былі відаць стажковыя адонкі з большымі ці меншымі рэшткамі сена. Былі бачны і дзясяткі невялічкіх пунь для захоўваньня сена, і чымся паўночней тым балей іх было. Перасоўваючыся ад адонка да адонка, праходзячы па тых дубовых выспах, перадыхаючы і хаваючыся ў тых пунях – гэтакі шлях да роўня Кляцішча быў бы магчымы, але ў гэтым выпадку Сальвэсь быў бы як на далоні ў стральца з тых прыканальных валоў, і той стралец мог бы пазабаўляцца стралянінай па яму як у ціры. То было б вар’яцтвам ісьці і гэтакім шляхам. Сунуцца на захад у бок хутароў Баркі, то было таксама кепска, бо Сальвэсь трапіў бы ў больш раскошныя багна, па выхаду зь якіх паўсюль былі разьмеркаваны вайсковыя лягеры. Сальвэсь добра памятаваў тое з ротнай мапы. Да таго ж тая багна за Баркамі было падпісана на мапе як непрахадная. То быў бы загубны шлях. Але крыху яшчэ памеркаваўшы на конт гэтакага заходняга шляху, памятуючы, што Валасеньскае багна таксама было падпісана як непрахадное, Сальвесь усё ж такі канчаткова адкінуў то заходні накірунак. У гэтай сытуацыі яму нічога не заставалася, як ісьці па сьветламу ўздоўж канала проці цячэньня й увесь час пільна ўглядацца ўперад ды быць самім слыхам, каб выкрыць небясьпеку ў час.
Ён зьлез з елкі, перапакаваў зручней заплечнік, засяродзіўся і швыдка пакрочыў па той дарозе, якая была ўся ва ўхабінах і гразкіх калюгах. Гэтак лёгка прайшоў мо з вярсту, і тутай неспадзеўкі з зарасьніку лазовых хмызоў і трысьнягу перад ім выскачылі два жаўнера з воклічам: «Стой. Хто кроча. Будзем страляць». На Сальвэсева шчасьце ў той злыбядачы момант у двух мэтрах ад яго расла вялікая чорная алешына на чатыры стаўпуры, падняўшы карэньнямі зямлю ледзь не на мэтар. За яе Сальвэсь і кінуўся з лоўкасьцю рыся. Жаўнеры стрэлілі тройчы, але значна ў цела ня трапілі. Адна з куль як нажом разрэзала толькі скуру на плячы. Другая куля прабіла заплечнік, а трэцяя паляцела некуды зусім у паветра. Сальвесь праз нейкую хвіліну пачуў ад тых жаўнераў: «Жаўнер, ты жывы? Нам акурат трэба трэці злоўлены дэзэрцір, каб атрымаць двухтыднёвы адпачынак да хаты. Прынамсі во яму, меншаму з двух нас». Сальвэсь адказаў: «Хлопцы, ачамярэла гэта злыбядачая вайна, на якой забілі майго любага брата Апанаса. Хлопцы, я іду да састарэлых бацькоў, і мая родная хата ўжо ня гэтак далёка. Адпусьціце, дальбог». Адзін з тых адказаў, што будуць неяк яго браць жыўцом, хаця б і раненым. Тады Сальвесь крыкнуў: «Падкінь што-небудзь уверх, каб ведаць свае шансы. Пазабаўляемся перад сьмерцю». Тыя знянацку падкінулі конаўку, у якой Сальвесь трапна прабіў дюру акурат у цэнтры. Сальвэсь сказаў: «Ня рабей хлопцы, падымі, паглядзі, пакуль забіваць ня буду, памяркуйце. Бо можа Вам будзе лаўчэй даехаць па сваім хатам у трунах. Але наўрацьці, Вам тутай гэта забясьпечаць Вашы спадары афіцэры. Вас нават не закапаюць. Хутчэй за ўсё на гэтым самым мейсцы Вас будуць дзяўбсьці груганы». Хлопцы, я швыдкую вавёрку адным стрэлам зьбіваю са сваёй паляўнічай стрэльбы, ды з гэтай трохлінейкай трэці год у немцаў страляю на перадавой. Ня гэтак як Вы за нашымі сьпінамі хаваецеся як пацукі акапаўшыся, – дадаў Сальвэсь. Адзін з жаўнераў выйшаў і падняў зьнявечаную конаўку, відавочна, пашкадаваўшы на яе конт. Жаўнер залёг і ў адказ было зацяжное маўчаньне. Сальвэсь падабраўся і быў гатовы да любой разьвязкі канфлікту. Але маўчаньне доўжылася. Тады Сальвэсь зламіў галінку і крыху высунуў свой капялюш. Адразу прагрымеў стрэл, і капялюш быў прабіты. Адзін з жаўнераў на імгненьне прыпадняў галаву, каб зірнуць у бок Сальвэся, і тое скарыстаў Сальвэсь, забіўшы яго адным трапным стрэлам. Другі жаўнер, застаўшыся адзін, неўзабаве стаў прасіцца, каб Сальвэсь яго не забіваў. Сальвэсь патрабаваў выкінуць дзьве стрэльбы ўперад і ўстаць з рукамі ўгару. Той усё паслухмяна і не марудзячы выканаў.
Сальвэсь яго абшукаў і загадаў распрануць забітага і аддаць вопратку і абутак яму. Тады Сальвэсь зьвязаў рукі палоннаму, потым пераапрануў парткі і пераазуў боты, а сваімі патрапанымі парткамі зьвязаў таму ногі. Тады Сальвесь агледзіў плячо, якое крывавіла. Рана была нязначнай, але і яе трэба было неяк дызэнфікаваць, але чым. Падумалася аб мачы. У гэты самы момант палонны кінуў галавою на хмызы, у якіх яны хаваліся, і сказаў, што тамака ёсьць бутэлька з рэштай гарэлкі на дне. Сальвэсь хутка апрацаваў рану гарэлкай і потым агледзіў прабіты куляю заплечнік. Асноўная шкода была ў прабітым кацялку. Палонны сказаў: «Вазьмі ягоны, або мой тамака ў хмызах. Гэта ўсё ён з двума ягонымі стрэламі, тады як я стрэліў міма ў паветра». Падавалася на праўду. Таксама жаўнер са сваёй ахвоты сказаў, што да Кляцішча можа быць яшчэ адзін гэтакі ж вайсковы сакрэт з двух жаўнераў. Назваў і пароль «Шрапнэль», і прасіў Сальвэся ўзяць з сабою. Але той адмовіў, сказаўшы, што пасьля гэтак адбыўшыйся сутычкі, не дае яму веры. Зьвязанага жаўнера павінны былі знайсьці свае ўвечары пры зьмене сакрэта. На разьвітаньне Сальвэсь сказаў: «А гэтак добра магло бы ўсё скончыцца, бывай». Гэта ўсё ён, а я быў з самага пачатку згодны на твае ўмовы, – адказаў той і кіўнуў у бок забітага. . Сальвэсь запытаў, чаму ён быў згодны. Той адказаў: «Ты ж па мове беларус, і я таксама беларус з-пад Вітэбску». Сальвэсь пачуў гэта з прыязнасьцю, але швыдка сыйшоў. Ён апасаўся, што стрэлы чулі, і хтось сьпяшаецца на дапамогу.
Мяркуючы гэтак, Сальвэсь павярнуў у бок края здаецца ўжо сухадольнага леса па сенавознай коннай сьцежцы. Ўвязаны жаўнер увесь час глядзеў Сальвэсю ўсьлед. Акурат толькі дайшоўшы да сьцяны леса, Сальвэсь убачыў, што па дарозе ўздоўж канала шпарка скачуць на конях пяць казакаў з шаблямі і стрэльбамі за сьпінаю. Сальвэсь стаў назіраць, што будзе далей. Ён быў у адноснай бясьпецы, бо знаходзіўся ў лесе, у якім схавацца ад тых казакаў было не цяжка. Казакі хутка знайшлі таго зьвязанага жаўнера, штось стоячы распытвалі. Хутчэй за ўсё тое было аб тым, у які бок пакрочыў нападнік. Былы паланёны паказаў у адваротны Сальвэсеву бок – менавіта туды, адкуль Сальвэсь прыйшоў. Казакі швыдка туды паскакалі, а два зь іх неўзабаве пераплавіліся на левы бок канала. Цяперака Сальвесь паверыў былому палоннаму і на хвіліну пашкадаваў, што не ўзяў яго з сабою. Намерыўся ўцякаць, але чамусь яшчэ раз азірнуўся ў той бок і ўбачыў, што былы палонны схапіўшы дзьве стрэльбы і кацялок бяжыць да лесу гэтак жа, як і сышоў Сальвэсь. Сальвэсь швыдка крочыў яму насустрач, паказаўшыся на краю галявіны.
Паяднаўшыся, яны ні аб чым не размаўляючы, сталі хутка ўцякаць па лесу ўздоўж галявіны на поўнач. Неўзабаве раптоўныя хаўрусьнікі напаткалі коннаездную дарогу і іхнія ўцёкі адбываліся шыпчэй. Новага хаўрусьніка звалі на імя Лявон Дудар. Размаўлялі мала, усё больш прыглядваліся і прыслухоўваліся. На сваім шляху на поўнач за рэчку Вусу ў гэтак званую Завушню Сальвэсь здабыў некалькі гадзюк, сказаўшы Лявону, што прывараная гадзюка ды з сольлю ёсьць страўная і досыць смачная ежа. Той запытаў наконт, чаму яны ня беруць вужакаў, якіх павылазіла вунь як шмат ды вялікіх якіх. Сальвэсь адказаў, што вужакі атрутна сьмярдзючыя і брыдкія на смак, што іх аніяк не зьясі, бо будзе ванітаваць. Яшчэ на сваім шляху да Завушні хаўрусьнікі спудзілі крыжанку з гнязда, у якім было некалькі яек, якія яны выпілі на мейсцы. Сальвэсь зацеміў, што гэтым сэзонам самы раз харчавацца яйкамі, нават гэтакімі драздоў, гнёзды якіх у невялікіх елках і хмызах мажліва адшукваць. Таксама Сальвэсь распавёў, што ў мурашніках ёсьць мурашыныя яйкі, якія можна зьбіраць і крыху прыварваць, і што гэта таксама годнае харчаваньне.
Удзень набліжаючыся лесам да Кляцішчаў, Сальвэсю карцела завітаць наступнай ноччу да цёткі - бацькавай роднай сястры Алесі, якая была тамака ў шлюбе за мужыком з радзіннага кляну Сабалеўскіх. Сальвэсь бываў у яе не аднаго разу і добра ведаў самі Кляцішча, і дзе стаіць іхняя хата. Адылі, паразважаўшы крыху на гэты конт, Сальвесь вырашыў, што тое магло бы быць занадта небясьпечна. У Кляцішчах напэўна стаіць шмат расейскіх жаўнераў, да й у іхняй хаце мо мешкаюць жаўнеры ці афіцэры таксама.
К вечару Сальвэсь з Лявонам былі ў пераважна сухадольным лесе к паўночнаму захаду ад Кляцішчаў то бок у Завушні. Дзеля бясьпечнага начлегу тамака пры даліне Вусы яны знайшлі невялічкую выспачку адрэзаную ад сухадолу затопленаю чорна-алешнікавай багнаю. На той высьпе расло шэраг вялізных елак, пад якімі на сухой ігліцы меўся годны прытулак. Хаўрусьнікі запалілі вогнішча, абсушыліся, зьелі тых гадзюк з апошнімі хлебнымі сухарамі, напіліся малінавага ўзвару. Сальвэсь пачаў адчуваць сябе кепска. Уначы ў яго пачаліся высокая тэмпература цела, моцная патлівасьць і дрыготкі. Наступнымі соднямі Лявон, як мог, дбайна апекаваўся хворым. Удзень Лявон шукаў птушыныя гнёзды з яйкамі, паляваў за гадюкамі, выкопваў карнявішча пухоўкі, ды зьбіраў мурашыныя яйкі ў раскопаных ім мурашніках. Усім гэтым харчаваў сябе і Сальвэся. Хвароба Сальвэся была відавочна не ад раны, якая швыдка гаілася, а ад жахлівай стомы і доўгага пераахалоджваньня. Толькі на чацьверты содзень Сальвесь акрыяў настолькі, што змог ісьці. На шчасьце ўцекачоў у Завушні цягам трох содняў адседкі іх ніхто не знайшоў. Мусіць шукалі ня там.
Праз яшчэ два содні апоўдні яны дабраліся да Трокаў. З ускрайку леса глянуўшы на бацькоўскую сядзібу, Сальвэсь убачыў, што на той сыгнальнай вяроўцы бацькамі былі разьвешаны бульбяныя мяшкі. Тое азначала небясьпеку, хутчэй за ўсё тое, што Сальвэся шукаюць і тутай. Тое было чакальным і прадбачаным. Не марудзячы Сальвэсь накіраваўся да бліжэйшай патаемнай зямлянкі-схрону яшчэ з часоў іхняга клусаўніцтва на Тышкевічскіх аленяў і дзікоў. Знайшоў той схрон лёгка, адчыніў уваход і здзівіўся. Схрон быў дагледжаны і адрапараваны. Залезьлі туды і запалілі сьвечку, што заўжды была ў нішы пры ўваходзе. У тым схроне было ўсё, што патрэбна Сальвэсю. У адным з кутоў на пасланым на дошкі старым кажуху ляжаў стос ягонай і Апанасавай вопраткі, а таксама ягоныя ледзь ня новыя ялавыя боты. Вопратка была папранай і адпрасаванай, а боты намазаны здорам. У другім куту быў гляк з гарэлкай, вялікі хатні цэбар з вадою, паўасьмін жытняга хлебу, брусоў з пяць сала, некалькі леташніх цыбулін ды тры белых сыра і кавалак солі. Сальвэся прыемна здрыганула ад гэтакага шчырага бацькоўскага клопату. У ручку гляка была ўторкнута натоўка, у якой паведамлялася, што яго шукаюць; што навакольле поўна вайскоўцаў, бо ў Вяла вайсковы шпіталь; прасілі, каб у гэтым схроне доўга не затрымліваўся а ішоў на табарышча ў Цыганы; зямлянка там у добрым стане, ёсьць паляўнічая стрэльба і зарады, соль, газьнічка і крэсіва, а таксама нейкі посуд, сякера, саламяныя матрац і падушка, а таксама дзяруга ўкрыцца ўначы. Напрыканцы дадавалася, што бацька Ціт, як паспакайнее і ня будзе вакол сядзібы вайсковых сокаў, то падыдзе на нейкі час у Цыганы, каб пабачыцца і паразмаўляць.
Час да ночы Сальвэсь і Лявон, выпіўшы гарэлкі і добра пад’еўшы, правялі ў дрымоце і размовах. У прыцемках яны выбраліся навонкі, узяўшы ежу, вопратку й іншае з сабою. Шлях па начной пушчы да ранейшага табарышча ва ўрочышчы Цыганы быў Сальвэсю добра знаёмы, і праз некалькі гадзін яны былі ўжо тамака. Даспалі ноч у той значна большай зямлянцы. Раніцай абаснаваліся, перабраўшы ўсё майно і навёўшы пэўны парадак. Зямлянка не выглядала занядбанай. Было заўважна, што яна час ад часу ўжываецца. Можа бацька Ціт, або сусед Нічыпар віталі туды, час ад часу нешта здабываючы ў Тышкевічскіх валоданьнях. Гэтакім чынам пачалося іхняе жыцьцё ў пушчанскіх нетрах са штодзённым клопатам аб ежы, думках аб цяжкасьцях наступнай зімы і патрэбах паступовай падрыхтоўкі да яе. Збудавалі дадатковую зямлянку на выпадак выкрыцьця кімсьці гэтай зямлянкі. Прыблізна раз на два тыдня прыходзіў бацька, неяк аднаго разу з ім прыйшла і маці. Але часьцей прыходзілі сёстры. Зімаваць у пушчы не прыйшлося.
Фронт развальваўся з-за цяжкасьцей і бязмэтнасьці ачамярэлай усім вайны. У Расеі адбылася рэвалюцыя, і новы ўрад адмовіўся ад той Мікалаеўскай вайны. Таму відавочна анікому не было спраў да беглых дызэртыраў Сальвэся і Лявона. Нават жаўнеры, якія зьдзейсьнілі гэтакае дэзэртырства, віталіся новай народнай уладаю. Сальвэсь з Лявонам, на ўсялякі выпадак навёўшы парадак на сваіх табарышчах, выйшлі з пушчы і сталі мешкаць у Троках. Лявон папрасіў рукі адной з Цітавых дачок на імя Сабіна, з якой ён неяк сышоўся за месяцы адстою ў пушчы пасьля аднаго з ейных прыходаў да іх на табарышча ў Цыганы. Згулялі вясельле ў сваім радзінна-суседскім цесным коле. Дзед Рыгор, які распавёў мне з большага гэту гісторыю, быў сынам Лявона і Сабіны.
Савецка-польская вайна, якая расчалася ў 1919 годзе, у сярэдзіне 1920 году падхапіла як Лявона, гэтак і Сальвэся. Яны апынуліся ў адной альтэлерыйскай роце польскага войска Юзафа Пілсудскага. Разам з імі ў тую ж роту таксама трапіў Антось Міхалевіч з Сівіцкіх хутароў. Яны ўсе ўтрох былі разам на панадворку, калі да Цітавай сядзібы пад’ехаў польскі мабілізацыйны аддзел. Усе трое былі мабілізаваны проста з падворка і накіраваны ў альтэлерыйскую роту, бо Сальвэсь сказаў, што мы ўсе альтэлерыйсты з нядаўняй імпэрыялістычнай вайны. З перамогай палякаў усе яны вярнуліся жывымі да хаты. Гэты ваенны год, як і папярэдні год адносна мірнага жыцьця паядналі Сальвэся, Лявона ды Антося моцным сяброўствам.
Вярнуўшыся з польска-савецкай вайны, радзінным гуртом адбудавалі Лявону і Сабіне новую хату непадалёк ад бацькоўскай і на тым жа пляцу зямлі. Лявон заняўся пераважна жывёлагадоўляй і бортніцтвам. Сальвэсь пабраўся з Крысьцінай Ашмянскай з Пелюжыны. Ён пачаў мешкаць побач з маці і бацькай у іхняй даволі прасторнай хаце. Сальвесь дапамагаў бацьку з вырабам бочак, штось рабіў у дзедавай кузьні ды выконваў асноўныя земляробскія справы. Паступова Сальвэсь з Антосем утруціліся ў паляўнічыя справы новых гаспадароў з Вяла, але ісьці туды на поўную службу палясоўшчыка не хацелі. Тым ня менш Вялаўскія справы займалі даволі шмат іхняга часу. Бацька Ціт слабеў і быў менш спраўны. Састарэлыя бацькі, малодшы брат і сястра, свая радзіна, у якой ўжо было першае немаўля, усё гэта вымагала ад Сальвэся здабычы больш і больш усялякага рэсурса, а найперш грошаў. З гэтай нагоды Сальвэсь пайшоў на службу ў Івянецкі памежны гарнізон паручнікам.
З другога боку Антось Міхалевіч са стрыечным братам, што жытлаваў пад Рубяжэвічамі ў вёсцы Караліна, наладзілі кантрабанду скрозь усталяваную польска-савецкую мяжу. Звычайна хадзілі паўз мяжу суполкай у 6-10 перамытнікаў. Машыністам таго перамыту, хто забясьпечваў начны арыентыр па тэрэну, а таксама набытак і збыт тавару быў стрыечнік Антося. Пасьля таго як таго стрыечніка неяк застрэлілі на мяжы машыністам кантрабанднай суполкі стаў сам Антось. Гэтыя перамытнікі звычайна пераходзілі мяжу ў лясным масіве паўднёвей Рубяжэвічаў. Па просьбе Антося Сальвэсь узяўся больш-менш забясьпечваць іхні праход праз мяжу. Сальвесь меў пэўныя дамоўленасьці на савецкім баку. Таму нярэдка праход мяжы адбываўся пад двайным прыкрыцьцем. На савецкім баку на хутары Лучыцы пад Койданава жытлавалі таксама Антосевы сваякі. Там была іхняя гэтак званая маліна, дзе кантрабандысты адпачывалі, чакаючы наступнай ночы, і дзе ў іх прымалі тавар. Тавар насілі дарагі, таму выручка была немалая. Яе дзялілі паміж усімі. Была там дзель і для Сальвэся. Неяк Антось трапіўся савецкім памежнікам, але яшчэ да адпраўкі Антося ў Менскі астрог Сальвесь праз знаёмцаў на савецкім баку сумеў выкупіць Антося. Неяк у 1929 годзе Сальвэся звольнілі з памежнікаў быццам бы за бойку ў мястэчку Волма. Некалькі мужыкоў з пацярпелага боку мелі лёгкія нажавыя раненьні. Сьведкі казалі, што Сальвэсь карыстаў у той бойцы сьцізорык, але суд не давёў тое. Зачыншчыкам быў пацярпелы бок, таму Сальвеся й іншых на яго баку не асудзілі, але з памежнай службы звольнілі. Далейшыя тры гады Сальвесь фартуе на польска-савецкай мяжы разам з Антосем. З таго яны кормяць свае радзіны. У 1933 годзе ў сувязі з пашырэньнем памежнага аддзелу ў Івянцы Сальвэся зноў запрашаюць туды на працу ў званьні паручніка. І зноў Сальвэсь пакрывае кантрабанду, што арганізуе і зьдзяйсьняе Антось. У 1935 годзе Антось атрымлівае агнястрэльнае раненьне і на год выбывае з перамытнай працы. Акрыяўшы, Антось бярэцца за кантрабанду зноў, і зноў гэта шмат у чым адбываецца пад прыкрыцьцем Сальвеся і ягоных саслужбоўцаў. Гэтак ім удаецца фартаваць на польска-савецкай мяжы аж да лета 1939 года.
Усярэдзіне верасьня 1939 году пры савецкім наступе Сальвэсь атрымлівае значнае раненьне. Нейкім намаганьнем волі ён лесам дабіраецца да Трокаў, яшчэ ў прытомнасьці бачыць жонку і трох дзетак два дні. Знаходзяць лекара, той штось дапамагае Сальвэсю і дае спадзеву на акрыяньне, але ўначы незаўважна Сальвэсь памірае ад раны. Ніхто з сяброў ні Антось, ні Лявон таксама не перажывуць Другую сусьветную вайну. Лявон гіне ў савецкіх партызанах пад час нямецкай блякады 1942 году, прыкрываўшы кулямётным агнём адыход асноўнага аддзелу. Антось уступіць у Польскую армію краёву, і ягоны лёс тамака невядомы, адылі, па вайне ён у Сівіцу не вярнуўся.
Рыгор скончыў свой доўгі і цікавы аповяд, выпіў чарку, каб усіх іх памянуць. Потым ён важка адзначыў, што паны, усялякія ачольнікі і служба – гэта ёсьць адно, а вось тутэйшыя людзі, зь якімі жывеш поруч – гэта галоўнае, бо яны парвуцца, а не здадуць. Ён, крыху памаўчаў, здавалася ўздыхнуў і дадаў, што цяперака не тое што раней і ўсялякай навалачы хапае. Тая Рыгорава гісторыя гэтак мяне ўразіла, што перажывалася мною ўсю тую едзку, ды нават цяперака праз дзесяцігодзьдзі я нярэдка яе прыгадваю, яна зноўку выклікае ў мяне шэраг хвалюючых пачуцьцяў.
Comments