top of page
Writer's pictureVadim Sidorovich

Даваенны фальварак Раўцы

Updated: Mar 29, 2023

Сааўтар Баляслаў Сідаровіч


У папярэднім вартыкуле я распавёў падаецца кранальную гісторыю пра гаротны скон пушчанскага фальварка Юніца. Ня менш кранальная гісторыя даваеннага фальварка Раўцы, што знаходзіўся кілямэтры са два на поўдзень ад Кляцішчаў. Інфармацыя дзеля напісаньня гэтага паста быў польскі краязнаўскі блог Станіслава Карліка (http://archiwum-kresowe.kresy24.pl/2602-rowce-gajowka-w-puszczy-nalibockiej-2) ды  аповяды старажыла з Кляцішчаў Эдзіка Хмара (гадоў пяць таму яму было 97 гадоў), бацька якога слугаваў у Чапроўскіх у фальварку Раўцы.


Той фальварак разьмяркоўваўся на галявіне каля пяці гектараў, занятых пераважна пашаю. Сам фальварак Раўцы складаўся з вялікай прыгожай хаты, якая ўлетку заўжды была ўбрана кветкамі, а таксама захапляла хараство квяцістых парканікаў, якія атачалі тую фальварковую хату. Тое відаць на фатаздымку 1930-х гадоў, што даецца ніжэй. Але на гэтым фатаздымку відаць толькі частка хаты, дакладнее крыху балей яе паловы. Хочацца зацеміць, што гэта адзіны каляровы фатаздымак тых гадоў з Налібоцкай пушчы, прынамсі, што мне давялося бачыць. Напрыканцы 1930-х гадоў акрамя асноўнай хаты ў Раўцах было два меншых гасьцявых будынка; даволі вялі будынак для парабкаў; стайня для разьмяшчэньня да дваццаці коней дзеля коннай выездкі і паляваньня гасьцей; а таксама хлеў для мыкаў і япрукоў.


Фальварковая хата ў Раўцах. Фотаздымак узяты з польскага блогу Станіслава Карліка http://archiwum-kresowe.kresy24.pl/2602-rowce-gajowka-w-puszczy-nalibockiej-2

Фальварак Раўцы на польскай мапе 1920-х гадоў.

Пераважна фальварковая гаспадарка спэцыялізавалася на арганізацыі і правядзеньні камэрцыйных паляваньняў. У Раўцы прыяжджалі на паляваньне з усёй заходняй Эўропы. Паляўнічыя туры ажыцьцяўляліся амаль што ва ўсе сэзоны, але пераважна восеньню і ўзімку. Найбольш папулярнымі аб'ектамі для камэрцыйнага паляваньня прыежджых гасьцей былі воўк, рысь, быкі лася і высакароднага аленя, вялікія вепры і глушцы.

Фатаздымак з польскага часопіса Lowiec Polski, 1928 год.

У 1920-х і 1930-х гадох на фальварку Раўцы гаспадарыў Аляксандр Чапроўскі.  Чапроўскі ёсьць вядомае ў Налібоцкай пушчы прозьвішча. Шэраг заможных радзін Чапроўскіх жытлавалі  ў Вялікім Печышчы, Кляцішчы і Рудні Налібоцкай. Жонку Аляксандра звалі Ленарда. Акрамя іхніх дзяцей зь імі ў фальварку жыла маці Аляксандра пажылая Юзефіна, або як яе найчасьцей звалі Юзэфа. У фальварковай хаце было шмат цяжкой шляхецкага кшталту мэблі з дубу. У гасьціннай фальварковай хаты стаяў вялікі стол і агромістыя фатэлі, прыгожыя зэдлі і крэслы.

У хаце было шмат аленіх і ласёвых рагоў, а таксама рэчаў, што былі зроблены з рагоў. Меліся шматлікія пудзілы паляўнічых звяроў і птушак. Прынамсі ў сярэдзіне 1930-х гадоў яны займалі цэлы пакой. Акрамя таго паўсюль было расстаўлена шмат вітліны, бо Аляксандр захапляўся пляценьнем з лазы, чароту, сітніку, а таксама рабіў прыгожыя карабы з хвойных пласьцін. Цалкам адметна, што ня гледзячы на пануючы статус, Аляксандр ня грэбаваў фізычнай працай, за што яго любілі і паважалі парабкі. Не была панаватай і Ленарда.


Ня гледзячы на тое напачатку 1940-х гадоў ужо савецкія ўлады высылаюць радзіну Чапроўскіх у Сыбір як эксплуататарскую клясу, а Аляксандра Чапроўскага яшчэ і як ваенізаванага польскага службоўца леса-лавецкай гаспадаркі. Мэбля, працоўныя прылады і іншыя фальварковыя рэчы паступова расьцягваюцца сялянамі з Кляцішча, Церабейна і Налібак. Будынкі засяляюцца. Да лета 1943 году ў Раўцах жыве да сямі сялянскіх радзін пераважна з Кляцішча. Летам 1943 году фальварак спальвае карны аддзел немцаў. Па вайне Чапроўскія вяртаюцца са сібірскай ссылкі ў Кляцішча, некалькі месяцаў мешкаюць недзе тамака і неўзабаве перасяляюцца ў Польшчу. Па вяртаньню з Сібіры яны казалі, што працаздольнасьць і навыкі паляваньня былі асноўнымі чыньнікамі, што дапамаглі ім выжыць у тых невыносных умовах.


Цяперака на былой вялікай галявіне Раўцоў расьце лес, але захавалася лонка ў некалькі гектараў, на якой разьмяшчаецца пасека Кляцішчанскага лясьніцтва.

Праваруч гэтай дарогі была тая фальварковая хата. Захаваліся рэшты фундаменту. Мейсца хаты зарасло маладым лесам.

Захавалася частка галявіны, дзе былі гаспадарчыя забудовы фальварку. Тамака цяперака мейсціцца пасека Кляцішчанскага лясьніцтва.

182 views0 comments

Comments


bottom of page