У ранейшым пасьце грунтоўна апавядалася аб ладзе жыцьця ў Налібоцкай пушчы пад уладай магнатаў-землеўласьнікаў, у асноўным Радзівілаў і Храптовічаў цягам XVI-XVIII-ага стагодзьдзяў. То быў ледзь не напоўніцу дакумэнтальны вартыкул, які базаваўся на пэўных гістарычных крыніцах інфармацыі. Цяперака хацелася бы распавесьці шэраг Налібоцка-пушчанскіх гісторый таго далёкага часу, якія сталі вядомы балазе справаздачнаму ліставаньню падлоўчых Радзівілаўскай гаспадаркі ў Налібоцкай пушчы з Налібоцкім лоўчымі ды генэральным лоўчым з Нясьвіжскай канцылярыі Радзівілаў. Гэтыя гісторыі ёсьць даволі вольнага мастацкага апавяданьня, хаця і кожная гісторыя мае сваю дакумэнтальную аснову, а асноўная хада падзей ня ёсьць выдуманая.
Гэта апавяданьне пра двух варожых адзін аднаму пушчанцаў: дробнага шляхціча Валера Карбаўца з Паташні і Багуслава Віжаўца, які быў сялянскага паходжаньня з Вайнілаўшчыны. Тамака ў Налібоцкай пушчы яны жылі на мяжы XVII-ага і XVIII-ага стагодзьдзяў. Абодва Валер і Багуслаў працавалі на Радзівілаўскую лавецкую гаспадарку як асочнікі, жытлавалі недалёка на адлегласьці нейкіх шасьці вёрст напрасткі. Даглядалі яны за зьверыной у адным і тым жа леса-багенным абсягу Налібоцкай пушчы паміж Вайнілаўшчынай і Паташняй але з супрацьлеглых бакоў.
Іхняя нелюбоў пачалася з-за узьнікшай спрэчкі аб межах іхніх тэрэновых абходаў. Якраз у цэнтры таго абсягу знаходзілася параўнальна невялічкае але прыродна багатае ўрочышча, якое найменавалі Пярэсмыкі. Тамака заўжды было шмат зьверыны і пралягалі сапраўдныя зьвярыныя пярэсмыкі. Кожнаму з тых двух асочнікаў хацелася ў тых пярэсмыках па-асочнічку гаспадарыць. У гэтым было нямала асочнічкіх зыскаў. Аднаго раза Валер нават пабіўся з Багуславам за тыя пярэсмыкі. Валер атрымаў траўму і з месяц быў непрыдатны для працы. Тая скандальная справа дайшла да Налібоцкага падлоўчага. Падлоўчы не хацеў пакрыўдзіць ані Валера ані Багуслава, бо абодва слылі надта спраўнымі асочнікамі ды выконвалі важлівыя заданьні аховы зьверыны на памежным тэрэне ды шмат адказных іншых даручэньняў. Падлоўчы ўсяляк унікаў канфліктаў і спадзяваўся на іхнюю сумленнасьць і працавітасьць у асочніцкай справе, бо пракантраляваць іх было цяжка. Каб патрапіць з Броднага, дзе мешкаў Налібоцкі падлоўчы, да Паташні або Вайнілаўшчыны вярхом на кані, трэба было быць у дарозе поўны доўгі летні дзень ды й то з вялікімі высілкамі. Таму падлоўчы дыпляматычна падзяліў той зыскоўны кавалак спорнага тэрэну на дзьве часткі. Правабярэж ад рэчкі Юніца была за Багуславам, а левабярэж Юніцы адпаведна за Валерам.
Адзін з зыскаў асочнікаў, на якім яны маглі бы дадаткова зарабіць грошаў былі рогі лася і аленя. Скінутыя рогі вялікія ды прыгожай формы й афарбоўкі прымаліся падлавецтвамі ад лясных службоўцаў, а за гэта выплочваліся пэўныя грошы. Таму бадай што кожны зь іх асабліва асочнікі, якія па сваёй службовай занятасьці бліжэй стаялі да зьверыны, ставіліся да збору рагоў захоцьцю і спраўна. Валер і Багуслаў не былі беднымі, але заможнымі іх таксама не назваў бы. Таму дадатковыя грошы, якія можна было зарабіць на рогах, былі ня лішнія. Акрамя таго жарсны захоп, які валодаў задачным рогашукальнікам, таксама матывізаваў абодвух на збор рагоў. Кожны зь іх яшчэ з восені высочваў, дзе жывуць рагулі, і потым пераважна тамака шукаў скінутыя рогі. А каб рогашукальная справа была больш пэўнай, бадай што кожны зь іх сьсякаў шмат асінаў у прыдатных мейсцах, каб ласі ды алені елі асінавую кару, тамака пераважна стаялі ды скідалі рогі. Гэтакі спосаб рогашукальніцтва часта спрацоўваў. Таму асочнікі ня шкадавалі фатыгі з высечкай асін. Тое дазвалялася падлоўчымі, але звычайна не ў гэтакіх вялікіх памерах, як тое рабілася асочнікамі, якія дбалі пра збор рагоў.
Гэтак жа штогод рабілі і Валер і Багуслаў. І вось аднойчы Багуслаў употай вышуквае вартыя здачы рогі на шэрагу гэтакіх мейсцах падрыхтаваных Валерам і на ягонай асочніцкай тэрыторыі. Дробныя і непрыгожыя зь іх Багуслаў пакідае Валеру, каб той нічога не западозрыў. Гэтак ён робіць і ў наступную вясну. У сваю чаргу Валер, не знайшоўшы тамака ладных рагоў два гады запар, пачынае нешта гэтакае падазраваць, што яго абкрадае Багуслаў. І вось ужо на трэцяю гэтакую вясну на сыходзе сьнегу Валер падпільноўвае Багуслава за гэтакім злачынствам і страляе яму ў нагу. Акурат Багуслаў нёс некалькі ладных рагоў з ягонага ражынага мейсца. Багуслаў бачыць, што страляў Валер. Валер забірае рогі, зьдзекліва лаецца і сыходзіць. Багуслаў неяк вялікімі высілкамі дабіраецца да сваёй хаты. Ніхто не паведамляе аб гэтым падлоўчаму. Неўзабаве нехта падпальвае хату і гаспадарчыя забудовы на сядзібе ў Валера. Валер ведае, што тое зрабілі сыны Багуслава. Хату Валер са сваімі сынамі пасьпеў абтушыць, а вось гаспадарчыя забудовы згарэлі напоўніцу. Тады праз тыдзень Валер з сынамі, шваграм і цесьцем конна й узброена робяць наезд на Багуслававу сядзібу і паляць усё. Швагр і адзін з сыноў Валера атрымоўваюць агнястрэльныя раненьні, але жыцьцю яны не пагражаюць. Абараняўшыйся бок таксама атрымоўвае несьмяротныя шабельныя раненьні.
Нарэшце Налібоцкі падлоўчы даведаўся аб усім, што здарылася, і сам прыехаў і да Паташні і да Вайнілаўшчыны, усё і ўсіх агледзіў і дапрасіў. Напэўна ён палічыў, што бакі з большага квіты ў нанесенай адзін аднаму шкодзе. Скарбовая маёмасьць не пацярпела, бо згарэўшыя забудовы былі іхнія прыватныя. Багуслава, як зачыншчыка міжусобіцы, падлоўчы высяляе з радзінаю ў скарбовую гаёўню Ляхава пад Налібокі, дзе ён трапляе пад штотыднёвы кантроль. Валеру падлоўчы даў лесу на аднаўленьне гаспадарчых забудоў. На тым тое праціваборства памежных асочнікаў скончылася.
Comments