top of page
  • Writer's pictureVadim Sidorovich

Навусць да і па Другой сусветнай вайне: стан вёскі, вынішчэнне немцамі ды іншыя вядомыя падзеі

Updated: Mar 29

Сааўтар Баляслаў Сідаровіч


Да Другой сусветнай вайны паселішча Навусць складалася з Навусці-вёскі й Зарэчча. Калі Навусць-вёска была больш менш кампактным паселішчам, то Зарэчча было расцягнутае ледзь не на два кілямэтра ланцужком хутароў, якія ў той час мелі тры асноўныя назовы. Уніз па цячэньню Волькі то былі сьперва Волка, потым Козе Пенна і яшчэ ніжэй Валяватка. Паводле падрабязная польскай мапы канца 1920-х гадоў ва ўсёй Навусьці налічвалася 15-17 двароў: 7 двароў у Навусьці-вёсцы й 8-10 двароў у Зарэччы. У савецкам перапісу 1940 года значыцца 11 двароў, але невядома, што мелася на ўвазе пад Навусьцю, то бок толькі вёска, ці сукупна з Зарэччам. Навусць-вёска і Зарэчча ядналіся коннаезднымі дарогамі з двума драўнянымі мастамі ў накірунках Козе Пенна і Валяваткі.


Гэтакім чынам выглядала геаграфія Навусьці да Другой сусьветнай вайны, як сабе яна ўяўлялася ў Бакштоўскай гміне ў даваеннай Польшчы. Навусьць у той час лічылася засьценкам, то бок у ёй жытлавалі дробная шляхта і заможныя сяляне на сваіх куплёных або стала арандаваных землях. Жыхары Зарэчча дакладна атаесамлялі сябе чальцамі навусьцянскай тэрытарыяльнай супольнасьці, але найменавалі свае паселішча на дробным роўні, напрыклад, не як Навусьць-Валяватка, а каротка як Валяватка, а то яшчэ карацей як, напрыклад, хутар Дубіцкіх, або Дубіцкае. Таксама на хутар Лойкаў у Козе Пенна маглі казаць Лойкаўшчына, а на хутар Мазураў у Вольцы казалі Мазуроўшчына. Але ўся цалкам частка Навусьці на левы бераг Волькі заўжды найменавалася як Зарэчча. Цікава, што калі хтось з жыхароў Навусьці быў недзе на аддаленьні, напрыклад ў Дудах або Валожыне, і хтось іх пытаў адкуль яны, то тыя адказвалі што яны з Навусьці, а не, напрыклад, з Козе Пенна.


Я паспрабаваў зрабіць рэканструкцыю таго, якія радзіны жытлавалі ў Навусьцянскіх дварох. У гэтым мне немала дапамаглі аповеды тутэйшых жыхароў Ганны Комсы і яе дачкі Ліды, Марыі і Богдана Касьперовічаў, Рамуальды й Яўгена Шыбутаў, Баляслава Садоўскага, Тацьцяны й Алендзіка Мазалеўскіх, а таксама Ленарда і Тарэсі Юрэвіч.


Тутай хацелася бы зацеміць пра імёны людзей, што я буду падаваць далей, бо адных і тых жа людзей называлі адрозна ў залежнасьці ад культурнай прыналежнасьці і схільнасьці пэўнай асобы то бок беларускай, расейскай або польскай. Таксама шмат каго часта клікалі скарочана. Напрыклад беларуса Вінцэся маглі найменаваць як Вінцэнт, Вінэк, або Вікенцій, а беларуса Язэпа як Юзаф, Ёсіп або Іосіф. Гэтакіх прыкладаў у Навусьці, да і шырэй у Налібоцкай пушчы мне вядома шмат. Таму калі стала вядома, што для пэўнай асобы ўжывалася некалькі імёнаў, то я буду дадаваць іх у дужках. Яшчэ цікава, што мужніх жанок тутай клікалі ў асноўным па мужыку, напрыклад, мужык Ксавэры то жанка будзе Ксавэрыха. Часам нават суседзі не маглі ўзгадаць сапраўднае імя жанкі. Так што некаторыя сапраўдныя імёны некаторых жанок я знайшоў толькі на могілках, дзе пісалі на помніку па пашпарту.


Калі пералічваць тыя двары ўздоўж конаезднай лясной дарогі з поўначы на поўдзень праз Навусьць, то бок з Юраўска пры Іслачы на гасьцінец Івянец-Бакшты, то было прыкладна гэтак. Пасьля Першай сусьветнай вайны дакладна хтось жытлаваў у лесе зьлева да багеннага чорнаалешніку перад вёскай, але ўжо напрыканцы 1920-х гадоў тамака двара не было а толькі апрацоўвалася ніва ў некалі гэктараў. Гэтым хтось верагодна была радзіна палясоўшчыка Базыля Ігнатовіча. У сярэдзіне 1920-х яны пагарэлі й зьехалі ў Амэрыку на заробкі й тамака засталіся. Пагарэла тады ўсё: і хата, і гаспадарчыя забудовы. Былі меркаваньні пра падпал. Некалькі месяцаў да таго няшчасьця спадар Ігнатовіч моцна пасварыўся за сенакос пры рэчцы Пружэніца з польскім асаднікам. Таму навусьцянцам меркавалася, што той асаднік і спаліў Ігнатовічаў двор.


Цалкам трэба зацеміць, што ўзгодна з аповядамі ўзгаданых вышэй тутэйшых людзей напрыканцы 1920-х гадоў і ў 1930-я гады ў Навусьці і навакольлі нібыта насоўвалася атмасфэра варажбы й супрацьдзеяньня паміж большасьцю тутэйшых беларусаў, якія выразна прэвалявалі ў нацыянальным складзе насельнікаў Налібоцкай пушчы з аднаго боку, і з другога боку прысланымі польскімі асаднікамі й службоўцамі, якімі польская ўлада наўмысна напаўняла пушчанскія абшары, каб найхутчэй паланізаваць новыя акупаваныя землі беларусаў. Ў Налібоцкай пушчы і ейным навакольлі польскім асаднікам (былым вайскоўцам, што хацелі асесьці на зямлі і займацца сельскай гаспадаркай) і польскім лясным і іншым службоўцам давалі найлепшыя землі. Але прыдатнай вольнай зямлі, якая б пуставала, не было. Таму ў большасьці выпадкаў сельскагаспадарчыя землі нейкім чынам пераразьмяркоўваліся ад пушчанскіх беларусаў да наезжых палякаў. Нават калі асаднікам даваліся найлепшыя землі з дзяржаўнай зямельнай маёмасьці, а тутэйшыя беларусы аніяк не маглі пашырыць свае зямельныя валоданьні, то тое таксама выклікала гнеў і абурэньне апошніх супраць нова-зьявіўшыхся гаспадароў. Асабліва гвалтоўна пераразьмяркоўваліся сенакосы, і тое кепскім чынам надта закранала беларускіх пушчанцаў. У Налібоцкай пушчы землі ёсьць пераважна бедныя – пясок або пераўвільгатнёная тарфа. На гэтакіх глебах шмат збожжа і бульбы ня вырасьціш. Таму аснову здабытку пушчанцам давала гадоўля быдла. А калі ў гаспадарцы ня досыць сенажатак, то ня зможаш трымаць і досыць быдла.


Уся гэтакім чынам ўзьнікшая варожасьць паміж беларускімі пушчанцамі з аднаго боку і з другога боку польскімі ўсяленцамі і службоўцамі мела наступствы й далей пад час вызваленьня ад Польшчы заходняй часткі Беларусі і асабліва цягам Другой сусьветнай вайны.

У 1940 і пачатку 1941 года савецкія ўлады высялялі з пушчы ў Сыбір лясных польскіх службоўцаў, асаднікаў і іхнія радзіны. Пад час вайны беларусы гэтак ці інакш ішлі ў савецкія партызаны, тады як палякі далучалісч да польскай арміі краёвай, якая таксама партызаніла ў Налібоцкай пушчы. Вядома, што паміж гэтымі двума вайсковымі згуртаваньмі не заўжды было мірна. Усе гэтыя акалічнасьці гэтак або інакш закранулі і навусьцянцаў, але ў рэчаіснасьці ўсёж такі ня гэтак моцна як недзе ў іншых частках Налібоцкай пушчы.


Мэтраў чатырыста далей па-за чорнаалешнікам праваруч дарогі наступным дваром быў Комсаў, дзе напрыканцы 1930-х гадоў мешкалі Ўладзімір (1913 года народжаньня) з жонкай Агатай і дачкамі Гэляй і Нінай, а таксама маці Агаты Ганна Ліпніцкая. Разам зь імі нейкі працяглы час мешкаў халасты Ганнін брат Ігнась Шыбут. Ганнін мужык Расьціслаў Ліпніцкі быў асочнікам ў Бакштоўскім лясніцтве, і адпаведны службовым абавязкам ён займаўся арганізацыяй і кантролям паляваньня ў леса-багенным тэрэне пад Навусьцю. У 1932 годзе Росьцік кімсьці быў наўмысна цяжка паранены на паляваньні і неўзабаве памёр ад ран. Яшчэ, быўшы ў прытомнасьці, Росьцік сьцьвярждаў, што страляў па яму хтось з палякаў, якога месяцам раней ён злавіў на клусаўніцтве дзіка. Але следства нічога не вызначыла, і забойца ня быў пакараны.


Росьцік быў пахаваны за 100 мэтраў ад свайго двара, дзе ў Навусьці на грудку былі тагачасныя могілкі, меўшыя ня менш за сорак капцоў. Некаторыя з надмагільных помнікаў былі даволі даўнія – недзе з пачатку XIX-тага стагодзьдзя. У якасьці помнікаў былі выплаўленыя чыгунныя крыжы з шыльдамі (верагодна выплаўленыя ў жалезнай гуце ў Рудні Налібоцкай), было некалькі надмагільных камянеў, адзін вялікі каменны крыж, але асноўнымі надмагільнымі помнікамі былі дубовыя крыжы. Вядомы імёны і прозьвішчы, што былі напісаныя на трох чыгунных шыльдах і адным вялікім каменным крыжы адмысловай прыгажосьці. Аднаго нябожчыка клікалі  Юльян Шыбут (было напісана па-расейску, год сьмерці 1901), другога – Геранім Каратынскі (было напісана па-беларуску, памёр недзе ў 1870-х гадох), трэцяга – Мсьціслаў Шыбут (было напісана па-расейску, год сьмерці 1912). Крыж быў самы стары і на ім было высечана прыблізна наступнае па беларуску: Сабіна Шыбут,  27 рок, 1804, то бок жыла 27 гадоў і памерла ў 1804 годзе. На іншых помніках былі надпісы на польскай мове (ня менш трох гэтакіх) у асноўным з прозьвішчам Мазура. Аднаго з нябозчыкаў клікалі Валер, другога – Юзаф. На тым магільным пагорачку і цяперака расьце шмат маладзіла, што беларусы паўсюдна садзяць на могілках, але аніякіх надмагільных тамака ўжо няма. Значная частка гэтага пагорачка забрана экскаватарам пры будаўніцтве дарогі да Навусьці ў пачатку 1980-х гадох, але кажуць, што тамака к таму часу ўжо ані надмагільных помнікаў, ані саміх капцовых пагорачкаў не было.  Сабінін крыж і два надмагільныя камяні былі скрадзены ўначы ў пачатку 1930-х гадоў. Астатнее (жалезныя помнікі і некалькі надмагільных камянёў) зніклі цягам вайны. Пасьля вайны на тым пагорачку ўжо нікога не хавалі, а хаваліся на могілках пры Каменнай Слабадзе. Аб гэтых могілках мне паведзілі Яўген Шыбут і Ленард Юрэвіч, якія чулі аб іх ад сваіх бацькоў.


Перад могілкамі была невялічкая праваслаўная капліца, бо на той час ў Навусьці за выняткам Мазураў з хутара Волькі ўсе радзіны былі праваслаўныя. Тое ішло ад праваслаўных магнатаў Храбтовічаў, якія валодалі гэтымі землямі да Першай сусьветнай вайны. Гэта яшчэ балей раздражняла й без таго шмат у чым варожыя стасункі навусьцянцаў і навакольных польскіх асаднікаў, якія выключна былі каталікамі. Таксама польскія ўлады максымальна спрыялі пашырэньню каталіцызма і былі заўжды на каталіцкім баку.

Але вернемся да даваеннай Навусьці. Далей у бок Волькі, бадай што напроці могілак праваруч дарогі жыла адна з Шыбутаўскіх радзін: дакладна дзед Ксавэры, сын Уладзімір з жонкай Зосяй і двума сынамі Яўгенам і Міхасём. Наступным зноў-такі праваруч дарогі быў двор Трафіма Шыбута з жонкай Фрэдэрыкай і чатырма дзецьмі (Базыль, Паліна, Тадэвуш і старэйшы Караль 1923 г.н.). Трафім быў родным братам Уладзіміра й сынам дзеда Ксавэры. Паміж падворкамі Уладзіміра й Трафіма мейсьцілася адбудаваная ў 1927 годзе грыбасушылка ад Бакштоўскага лясьніцтва. На гэтай грыбасушылцы радзіны Ўладзіміра і Трафіма, а можа й іншыя радзіны навусьцянцаў сушылі баравікі для лясьніцтва ў грыбны сэзон і мелі за гэта нейкі заробак.


На фотаздымках зьлева мужыкі з Навусьці перад хатай Трафіма Шыбута, пачатак 1930-х гадоў (зьлева направа Трафім Шыбут, Уладзімір Шыбут, Тарас Юшкевіч); Фрэдэрыка Шыбут (з Юрэвічаў), фота канца 1930-х гадоў; Базыль Шыбут сын Фрэдэрыкі і Трафіма, фота канца 1930-х гадоў. Фота з калекцыі Шыбутаў.


Недзе ў другой палове 1930-х гадоў адбыўся значны канфлікт з бойкай (на кулаках і калах) паміж нейкімі польскімі асаднікамі з аднаго боку, а з другога боку былі гэтыя мужыкі Шыбуты: Трафім, Уладзімір і Ксавэры. Таксама ў той бойцы на баку Шубутаў удзельнічалі нейкія іншыя навусьцянскія мужыкі як мінімум Тарас Юшкевіч. Нагода той сутычкі з палякамі вядома. То было карыстаньне пад сенажаці пэўнага кавалка даліны Волькі, а таксама лоўля ракаў і рыбы ўздоўж Волькі. Асаднікам асабліва перашкаджаў Трафім, бо ён быў адмыслоўцам лоўлі шчупакоў на жэрліцы ўлетку і з астрагою пад час іхняга нерасту ў красавіку. Таксама Трафім з жонкай Фрэдэрыкай і ў каапэрацыі з Уладзімірам і Агатай Комса лавілі надта шмат ракаў ў Вольцы на продаж нейкім габрэям-карчмарам. Шыбуты з дапамогаю ўплывовага дзядзькі (стрыечніка Ксавэры), што служыў кіроўцам справамі ў Храптовічскай Андрывожы пад Вішнева, адстаялі ў Бакштоўскай гміне свае пазыцыі ў карыстаньні Волькі. Але праз некалькі месяцаў Трафім быў забіты на той сенажаці стрэлам з лесу. Нягледзечы на намаганьні таго ўплывовага стрыечніка, забойцаў не знайшлі, да і напэўна нянадта шукалі. Як падавалася навусьцянцам акупацыйныя польскія ўлады былі на баку меркаваных забойцаў. Адылі ўсе навусьцянцы былі перакананыя, што імі былі тыя польскія асаднікі. Пасьля забойства Трафіма ўвесь цяжар, каб цягнуць дзьве гаспадаркі й забяспечваць дзяцей абодвух радзін, лёг на высілкі Ўладзіміра Шыбута. Бацька Ксавэры ўжо быў стары і ня мог укладаць у гаспадарку шмат моцы.


Далей да рэчцы Волька апошнім дваром уніз па цячэньню Волькі быў двор вотчыма Уладзіміра Комсы. Вотчыма звалі Хведарам, і ён паходзіў з роду Юшкевічаў недзе з Жабрачыхі. Маці Ўладзіміра Комсы клікалі Імпэрыяй. Яна сышлася з Хведарам пасьля гібелі першага мужыка Якіма Комсы. Першая жонка Хведара памерла пры чарговых родах. Калі ў Хведараву хату ўвайшла Імпэрыя, там ўжо было двое дзяцей. Імпэрыя з Хведарам нарадзілі яшчэ дваіх. Першы мужык Імпэрыі Якім загінуў заўчасна недзе ў пачатку 1920-х гадоў. Гісторыя ягонай пагібелі зноў-такі верагодна была ўлучана з палякамі. Ён быў на месячным адпачынку ў Навусьці пад час службы ў польскім войску. Вяртаючыся назад, Якім Комса бы застрэлены з вайсковай стрэльбы недалёка ад Ягадзеня, дзе каля Бакштаў на пастоі была ягоная вайсковая частка. Яшчэ да адпачынку Якім ня ладзіў з польскімі саслужыўцамі, што даходзіла да сутычак. Якім паходзіў з вёскі Ягадзень і незадоўга да вайсковай службы ён з радзінай усталяваўся жытлаваць аднаасобна на хутары пры рэчцы Пружэніца. Тое мейсца было на правым беразе Пружэніцы на адлегласьці каля аднаго кілямэтра ад хаты Ксавэра Шыбута. Адылі, ужо напрыканцы 1920-х гадоў тамака двара не было а толькі падтрымоўвалася дзьве сенажаткі з невялічкімі пунямі дзеля захоўваньня сена.


Насупраць Хведара Юшкевіча леваруч дарогі, што накіроўвалася ў бок рэчкі Волькі й далей праз мост у Валяватку, мешкаў брат Хведара Тарас. Вядома, што Тарас пацярпеў у той бойцы з польскімі асаднікамі. Штось зь ім здарылася, можа была пашкоджана сьпіна, але перад вайною ён ані ня мог рабіць анічога цяжкага. Як мог яму дапамагаў брат Хведар, але нягледзечы на гэта гаспадарка Тарасавай радзіны была даволі бедная. У Тараса з жонкай Амэляй было таксама не менш чымся чацьвёра дзяцей.


Побач з дваром Тараса Юшкевіча вышэй па цячэньню Волькі ў перадваенны час мешкалі яшчэ дзьве радзіны. Адна зь іх была ад Юрася Шыбута, што быў братам Ксавэры Шыбут. На тым двары жылі Юрась з жонкай Феадосяй. Зь імі мешкалі іхні ўжо немалады сын Станіслаў, які меў жонку Мальвіну, а дзяцей у іх чамусьці не было. У другой хаце, што была бліжэй да Юшкевічаў, жыў Гаўрыла Шыбут (стрыечнік Ксавэры) з жонкай Эўфрасіняй і з дзецьмі. Аднаго зь іх клікалі Міхась, які па вайне будзе жытлаваць на тым падворку.


Вось і ўсё, што было ў Навусьці-вёсцы да Другой сусьветнай вайны. Цяперака паведзім якія двары былі ў Навусьці-Зарэччы. Калі пералічваць двары зьверху ўніз па цячэньню Волькі, то было недзе гэтак. У хутары Волька было два двары. Першы належаў радзіне Зыгаровічаў (бацька Флорыян, маці Яніна і трое дзяцей Лявон, Наста і Дарота). Наступным быў двор Казіміра і Ванды Мазураў з дзецьмі. Гэта параўнальна заможная радзіна была польскага паходжаньня і трымалася польскіх звычаяў. Казімір працаваў лясным аб'ездчыкам і кантраляваў лясныя працы ў навакольлі ад Івянецкага лясьніцтва. Гэта радзіна не дажыла ў Вольцы да вайны, і недзе напрыканцы 1940 году яна была выселена савецкімі ўладамі ў Сыбір.


Баляслаў і Ян Садоўскія каля хаты ў Козе Пенна ў 1940-м годзе.
Баляслаў і Ян Садоўскія ў Козе Пенна каля хаты Незабудак ў 1940-ым годзе. У дзьвярох стаіць Рыгор Незабудка. Фота з калекцыі Садоўскіх.
Фелікс і Ян Клачкевічы ў Козе Пенна каля хаты Незабудак ў 1940-ым годзе. Фота з калекцыі Зянона Клачкевіча.

Далей уніз па цячэньню Волькі мэтраў трыста ад Мазураў быў двор Рыгора Незабудкі. Яго жонку звалі Лізавета. Зь імі мешкаў Рыгораў бацька Станіслаў. Аднаго з сыноў, які будзе жыць на гэтым падворку па вайне быў Ян (Іван).


Яшчэ далей ў бок Волькі быў двор Кастуся і Юзэфіны Рыбіцкіх. У іх было чацьвёра дзяцей (аднаго зь іх клікалі Ян). Мэтраў чатырыста ў паўднёвы бок ад Рыбіцкіх жытлавалі Жыльневічы: Валер'ян з Зофьяй, якія мелі трох дзяцей Ганну, Ленарду й Альберта. Нейкі час напрыканцы 1920-х гадоў зь імі мешкаў брат Валер'яна Казімір з жонкай Лёксай і маленькай дачкой Каралінай.


Побач зь Жыльневічамі быў двор Жданкевічаў. Іхняя радзіна складалася з Мечыслава з жонкай Лёдзяй, двое дзяцей (Яўстах і Клера) і пажыля маці Мечыслава Паланэя (Пелагея). Мечыслаў з сярэдзіны 1920-х гадоў служыў палясоўшчыкам. Ён не надта карыстаўся дабразычлівасьцю навусьцянцаў, бо па службе павінен быў адшукваць злоўжываньні тутэйшых да лясных скарбаў. Вядома, гэта не падабалася, і з цягам часу Мечыслаў апынуўся у канфлікце з шэрагам навусьцянцаў. Служыўшы ў польскай лясной адміністрацыі, Мечыслаў быў схільны да польскасьці, што раздражняла шэрагі навусцянскіх беларусаў, якія былі больш прыгнечаны ўладамі чымся польскія лясныя службоўцы й асаднікі.


Далей мэтраў семсот па цячэньню Волькі жытлавалі Станіслаў і Алімпія Лойкі з трыма дзецьмі (Марцін, Дамінік і Васіль). Яшчэ ніжэй па левабярэжжу Волькі была частка Навусьцянскага Зарэчча, якая звалася Валяваткай аднаіменна з выспай, якая ўтваралася разгалінаваньням Волькі крыху ніжэй па яе цячэньню. Да Другой сусьветнай вайны было аж тры паселішча ў зарэчынскай Валяватцы, якая расьцягнулася на тры кілямэтры аж да Каменнай Слабады. Але ўсім гэтым цягам за Волькай была выспа Валяватка, што напэўна і дало найменьне ўсім гэтым хутарам. Першыя дзьве Валяваткі былі недалёка адзін ад аднаго (каля аднаго кілямэтра) і ад крайняй Юшкевічавай хаты Навусьці-вёскі (прыблізна 300 мэтраў), а трэцяя Валяватка была на дыстанцыі двух кілямэтраў ад другой і была побач з Каменнай Слабадой. Таму апошнюю зь іх я ўмоўна аднашу да Каменнай Слабады. Гэтаксама яна адносілася і па тэрытарыяльная разьмеркаваньню ў Бакштанскай гміне. Першая Валяватка разьмяркоўвалася на двух меншым і большым грудах (па вайне іх клікалі Гарадовічскія груды). Праз гэтыя груды і травяныя багны вакол іх праходзіла дарога з Навусьці-вёскі. Яна пралягала то па пяску, а то па грэблі сярод твані.


Неяк убаку на першым малым груду, што быў мэтраў трыста ад хат Юшкевічаў праз раку была адна хатка пажылых Матроны і Ануфрыя Шыбут. Дзяцей у іх не было. Калі быў жывы Ануфрый (ён памёр у 1933 годзе), то у іх была невялічкая жывёльная гаспадарка. Па канчыне Ануфрыя Матрона зьвяла гаспадарку і зарабляла як траўны лекар і павітуха. Яе паслугі былі досыць ангажаваны навусьцянцамі й іншымі навакольцамі. Каб дапамагчы ў народзінах за Матронай дасылалі конныя вазы нават з Заберазі і Бакштаў. Таксама Матроне ўдавалася зашэптаваць некаторыя хваробы. Гэтакім чынам можна казаць, што ў Навусьці быў свой лекар.


Далей ад Волькі праз грэблю на другім груду мейсьціліся тры двары, першы зь якіх быў заўважна багацейшы. Ён належаў радзіне Язэпа (Ёсіп, Юзаф) і Ганне Дубіцкім. Побач крыху далей жытлавалі дзьве іншыя радзіны Базыля і Ганны Віршыч, ды Аляксея і Нарцызы Шыбут. Вядома, што Аляксей быў стрыечным братам Ксавэры Шыбут з Навусьці-вёскі. Аляксей з Нарцызай мелі мінімум чацьвёра дзяцей: Пятро (1920 г.н.), Маруся (1924 г.н.), Феадосія (1927 г.н.) і Алесь (1930 г.н.).


Далей уніз па Вольцы ў другой Валяватцы, што знаходзілася ў адным кілямэтры ад першай, жытлавала  радзіна іншых Віршычаў, што былі сваякамі вышэй згаданых. Бацьку клікалі Андрэй, маці Мартай, дзяцей Васіль і Сяргей. Наколькі вядома, Андрэй і Базыль Віршычы былі роднымі братамі. Яны былі вядомымі ў навакольлі бортнікамі, але жылі не толькі з мёду. Акрамя пчол, браты ўтрымлівалі шмат быдла і займаліся капканным вылавам футравых звяркоў у асноўным выдзёр, норак і кунаў. У Навусьці Віршычы былі адносна заможнымі людзьмі.


Вось і ўсе даваенныя жыхары Навусьці як у правабярэжнай частцы ад Волькі (то бок Навусьць-вёска) гэтак і ў левабярэжнай частцы (то бок Зарэчча, якое складалася з Валяваткі, Козе-Пенна і Волькі). Трэба зацеміць, што сярод прозьвішчаў даваеннай Навусьці прэвалююць Шыбуты. Вядома, што гэта прозьвішча было ўспадкавана ад дзьвух сваяцкіх радзін братоў Шыбутаў, якія разам з радзінамі ў якасьці асочніка і ляснога стража былі пераселены ў Навусьць магнатамі Храптовічамі з Вішнева недзе напрыканцы XVIII-тага стагодзьдзя.


Вось і ўсе даваенныя жыхары Навусьці як у правабярэжнай частцы ад Волькі (то бок Навусьць-вёска) гэтак і ў левабярэжнай частцы (то бок Зарэчча, якое складалася з Валяваткі, Козе-Пенна і Волькі). Трэба зацеміць, што сярод прозьвішчаў даваеннай Навусьці прэвалююць Шыбуты. Вядома, што гэта прозьвішча было ўспадкавана ад дзьвух сваяцкіх радзін братоў Шыбутаў, якія разам з радзінамі ў якасьці асочніка і ляснога стража былі пераселены ў Навусьць магнатамі Храптовічамі з Вішнева недзе напрыканцы XVIII-тага стагодзьдзя.
Кавалак той вузкакалейнай чыгункі на дзялянцы ад Новага Двору да Козе Пенна прыблізна ў 1933-35 гадох у закінутым стане. Фота з калекцыі Садоўскіх.

Да ўсяго пералічанага абавязкова трэба дадаць, што да Навусьці (дакладна да Козе Пенна) ў міжваенны час была пракладзена вузкакалейка. Але, прынамсі, ад Івенца да Навусьці гэта чыгунка функцыявала на конным хаду. Упряжка з шасці коней цягнула некалькі вагонаў. Гэтая шасьціконная чыгунка праіснавала да 1935 году, калі была разабрана. Дакладнее гісторыя той вузкакалейкі была наступнай. Яе пачалі цягнуць у 1907 годзе з вёскі Вайгняты да вёскі Букатава, потым у 1922 годзе была значна падоўжана й перасекшы раку Бярэзіну паміж вёскамі Навасёлкі й Барценіхай была пракладзена пушчай да мястэчка Валожын, потым яна вялася на мястэчкі Першай, ды Івянец і далей да хутара Козе Пенна. Узгодна з тагачаснай польскай мапай гэта вузкакалейка была пракладзена ад Івянцу на вёску Серкулі, потым на вёскі Дайнаву, Паўдарожжа, Новы Двор і потым на Козе Пенна. Агульная яе даўжыня была 94 км. У асноўным гэта чыгунка карысталася для вывазу леса.


Гэта мейсца на пясчанай выдзьме паміж Козе Пенна і Навусьцю-вёскай, дзе быў тупік той вузкакалейнай чыгункі з Івянца, дакладнее  разварот той чыгункі ў супрацьлеглы бок па колу вакол выдзьмы.
Гэта мейсца на пясчанай выдзьме паміж Козе Пенна і Навусьцю-вёскай, дзе быў тупік той вузкакалейнай чыгункі з Івянца, дакладнее разварот той чыгункі ў супрацьлеглы бок па колу вакол выдзьмы.

Пад час нямецкай блякады пушчанскіх партызанаў у ліпені-верасьні 1942 году нямецкія карнікі, прыбыўшы ў Навусьць 6 верасьня, загадалі жыхарам швыдка зьбірацца й ехаць коннымі вазамі ў Паўдарожжа. Падворак мусіў быць пакінуты мешканцамі за 15 хвілін. За гэты час некаторыя нават не маглі сабраць спалохаўшыхся дзяцей, што пахаваліся ад жахлівых карнікаў. Хто аслухаўся таго загаду, таго расстрэльвалі на мейсцы. Гэтак ў навусьцянскім Зарэччы загінула радзіна Жыльневічаў з пяці асоб. У Паўдарожжы прыбыўшых навусьцянцаў чакала пакутлівая сьмерць быць спаленым жыўцом. Тамака яны разам з паўдарожцамі, жыхарамі Новага Двору й Яськава (цалкам блізу ста асоб) былі сагнаны ў вялікае гумно і спалены. Сярод навусьцянцаў, што былі жахліва забіты ў Паўдарожжы, апынуліся дзьве радзіны Юшкевічаў, Фрэдэрыка Шыбут з трыма дзецьмі, радзіны Зыгаровічаў, Рыбіцкіх, Дубіцкіх ды Базыля і Ганны Віршычаў. Старэйшы сын Фрэдэрыкі Шыбут захаваўся, бо пасьвіў быдла ў даліне Волькіі, пачуўшы гвалт, схаваўся. Таксама далёка ня ўсе навусьцянцы паслухаліся таго загаду карнікаў. Як паказалі далейшыя падзеі шмат хто зь іх неяк выжыў цягам вайны.


Цяперака тое мейсца, дзе да вайны быў хутар Язэпа і Ганны Дубіцкіх, а па вайне жытлавалі Якім і Вераніка Гарадовічы.
Цяперака тое мейсца, дзе да вайны быў хутар Базыля і Ганны Віршыч, а па вайне этай дзялкай таксама карысталіся Якім і Вераніка Гарадовічы.
Мейсца, дзе да вайны жытлавалі Матрона й Ануфрый Шыбуты. Па вайне тутай быў двор Лукаша і Дашы Шыбутаў.
Цяперака тое мейсца, дзе да вайны быў хутар Аляксея і Нарцызы Шыбут.
Цяперака тое мейсца, дзе да вайны быў хутар Кастуся і Юзэфіны Рыбіцкіх, а па вайне жытлавалі Віктар і Юзэфіна Жыльневічы.
Цяперашні выгляд Лойкаўшчыны. Да вайны тутай жытлавала радзіна Станіслава й Алімпіі Лойкаў.
Мейсца, дзе да вайны стаяла хата Флярыяна й Яніны Зыгаровічаў.
Тутай да вайны жыла радзіна Ванды і Казіміра Мазураў.
На гэтым мейсцы да вайны стаяла хата Валерёяна і Зофьі Жыльневічаў.
Тутай да вайны жытлавала радзіна Мечыслава і Лёдзі Жданкевічаў.
Спадчыннае мейсца Віршычаў у Валяватцы-Жданках.

Таксама ў ліпені 1942 года, яшчэ да нямецкай карнай выправы былі забіты Мечыслаў і Паланэя Жданкевічы. Адны кажуць, што Мечыслава забілі немцы за сувязь з савецкімі партызанамі. Другія меркавалі, што гэта была расправа тутэйшых за мінулую прыхільнасьць Мечыслава да польскай адміністрацыі на пасадзе палясоўшчыка з магчымай шкодай гэтым асобам. Калі Мечыслава выводзілі з хаты, то яго маці Паланэя бегла за сынам, таму тыя невядомыя забілі і яе недзе ў адным кілямэтры ад хаты.


Уладзімір Комса ў партызанах.

Але, нягледзячы на тыя нямецкія карныя блякады, хтосьці з навусьцянцаў усё ж такі ацалеў. Хтосьці хаваўся ў зямлянках ды буданах далёка ў лесе (як шэраг Шыбутаў), або быў у партызанах і не забілі ў баёх (яе Уладзімер Комса, Пятро, Маруся, Феадосія і Алесь Шыбут). Частка гэтых навусьцянцаў выжыла і пасьля вайны перш за ўсё яны засялялі тое спаленае навусьцянскае мейсца. Хаты сталі адбудоўвацца ўжо ў 1944 годзе, як савецкія войскі пагналі немцаў назад з беларускіх земляў, і вайна адышла на захад ад Налібоцкай пушчы. Напрыклад, ужо ўлетку 1944 году была адбудавана невялічкая хата Ўладзімірам Шыбутам на папялішчы даваеннай хаты. Гэта хата ня мела падлогі і была з дранкавай страхой, але нейкую печ нават з комінам Шыбуты зрабілі.


З жыцьця Навусьці пад час той вайны акрамя яе зьнішчэньня  6 верасьня 1942 году стала вядома некалькі чымся значных гісторый. Першы зь іх, то як дзьве дачкі (Ніна і Геня) партызана Ўладзімера Комсы хаваліся з бабуляй Ганнай (даваенная жонка Ўладзіміра памерла перад вайной) у зямлянцы на грудах-выспах пры багеннай даліне Волькі, а Ўладзімер патаемна наведваў і прыхарчоўваў іх. Інакш напэўна б яны не выжылі, бо есьці ў бабулі анізваньня не было чаго. Толькі тое, што неяк садзілі па маленькіх схаваных гародах, а таксама тое, што можна было знайсьці ў лесе. Улетку гэта былі разнастайныя ягады і грыбы, страўныя часткі аеру, заячча капуста, карані пухоўкі ды чартапалоху. Таксама спрабавалі лавіць рыбу ў воднай расьліннасьці пры беразе Волькі. Узімку таксама капалі карані тых жа пухоўкі ды чартапалоху, елі алешнікавую парахню з перамёрзлай калінаю. Штось перападала ад некаторых ацалелых аднавяскоўцаў, якія як і яны хаваліся па лесе вакол былой Навусьці.


Другая трагічная гісторыя пачалася з таго, як позьняй восеньню 1942 году да састарэлай Матроны Шыбут прыблудзіліся два габрэйскіх хлопчыкі, якія прасілі прытулку і паратунку. Як ужо паведамлялася Матрона жыла на бліжэйшым да Навусьці-вёскі зарэчным груду, дакладнее ў зарослым дрэвамі рагу гэтага грудку. Гэтакім чынам яе маленькая хатка стаяла на вотшыбе таго грудку і была незаўважанай. Мужык Матроны Ануфрый памёр яшчэ да вайны ў 1933 годзе. Матрона прытуліла тых хлопчыкаў, а потым давялося даглядаць яшчэ адно дзіця, бацька якога быў у партызанах. Нехта данёс немцам. У жніўні 1943 года Матрону з тымі хлопчыкамі немцы забілі на зарэчных Навусьцянскіх грудах, дзе па загаду немцаў састарэлая Матрона сама капала сабе магільную яму. Матрону застрэлілі, а дзяцей нямецкія карнікі замалацілі кіямі.


Караль Шыбут у Польшчы па вайне з паненкамі, недзе пачатак 1950-х гадоў.

Вядома, як ратаваўся Караль Шыбут, што пасьвіў быдла пад час зьнішчэньня Навусьці нямецкімі карнікамі 6 верасьня. Ён як пачуў гвалт у Навусьці, то адразу пабег да сваёй хаты. З мяжы леса ўбачыў, што іхняя хата гарыць. Бачыў шмат немцаў, бачыў, што гараць абедзьве Юшкевічавы хаты. Адразу жа пачуў справа стрэл, убачыў, як заваліўся хтось з вясковых мужыкоў, верагодна, Хведар Юшкевіч. Стаў ратавацца ўцёкамі па трысьнягам у даліне Волькі. Некалькі гадзін праляжаў у заломах трысьнягу. Потым дабраўся да выспаў на правам баку даліны Волькі. Яны былі парослыя густым лесам з вялікімі елкамі. Вылез на найбольшую з выспай. Сьцішыўся. Караля калаціла ад спазнанай жудасьці, хваляваньня за лёс маці, брата і дзьвух сясцёр. Пазьней ён з жахам даведаецца, што менавіта ў гэтыя гадзіны ягоная радзіна гарэла жыўцом у гумне ў Паўдарожжы. Раптам Караля скаланула думка, а што калі немцы пачнуць прачосваць гэтыя скрытныя мейсцы. Здагадацца было лёгка, бо не ў барох жа будуць хавацца зьбеглыя навусьцянцы, а менавіта ў нетрах даліны Волькі й абапал. Караль выбраў высокую елку з густой кронай, угледзеў мейсца на той елцы, дзе яго ня будзе відаць зьнізу. Залез туды і зрабіў штосьці кшталту сядзёлка з сухіх яловых галін і лапак. Сеў і прыслухаўся, а неўзабаве пад ім прайшлі немцы, што насамрэч прачэсвалі навакольле Навусьці. Яны вялі з сабою злоўленага Тараса Юшкевіча з двума дзецьмі.  Гэтак ён хаваўся на той выспе некалькі содняў. Уначы спаў пад вываратом вялікай елкі са стараны камля, дзе была суха і досыць утульна. Адылі ўначы ўсёроўна мёрз. Удзень то шукаў пад'есьці нейкіх чарніц або брусніц, то сядзеў на той елцы. Перасьцярога была не залішняй, бо немцы праходзілі яшчэ раз. Нарэшце Караль вырашыў пайсьці далей, уніз па цячэньню Волькі ў бок вялікай выспы, што звалася Валяватка (каля аднаго квадратовага кілямэтра), пашукаць згубленае быдла й абсталявацца больш пасобным сховішчам. На рагу Валяваткі нечакана сустрэў Уладзіміра Шыбута. Той завёў да сваіх, што хаваліся ў зямлянцы, замаскаванай зьверху імхом. Яго накармілі печанай бульбай. Даведаўся, што мыку і цялушку тыя сваяцкія Шыбуты знайшлі. Ужо Шыбутам была вядома трагедыя ў Паўдарожжы. Аб тым ім паведзілі браты Юзаф і Ян Мазалеўскія з Яськава, якіх Уладзімір таксама выпадкова перастрэў у лесе, як хадзіў на нейкую выведку сытуацыі. Караль даведаўся, што ягоныя родныя пакутліва загінулі. У хлапечай гістэрыцы папракнуў Уладзіміра і Ксавэры Шыбутаў, што тыя самі ўратаваліся, а ягоных крэўных не пазвалі з сабою й  не ўратавалі. Уладзімір абурыўся, а Ксавэры даводзіў, што Фрэдэрыка і слухаць не хацела, што б уцякаць, бо цябе не было на панадворку. Яна меркавала, што яе з дзецьмі не зачэпяць, што лепш дачакацца Караля. Адылі нейкая сварка ўсяроўна адбылася, і Караль сышоў. Праз некалькі дзён ён апынуўся ў Кляцішчы, якое немцы ў 1942 годзе не зьнішчалі. У некага тамака мешкаў, потым пасьля таго, як немцы спалілі Кляцішча летам 1943 году, Караль хаваўся ў лесе з габрэйскай групай Зорына, гэтак і перажыў вайну.


Наступная значная вядомая гісторыя, як усё тая жа радзіна Ўладзіміра Шыбута з каровай і цялушкай перажывалі вайну на грудзе-выспе Валяватка, што ў багеннай даліне Волькі на адлегласьці да двух кілямэтраў ад Навусьці, і тамака напрадзім'і 1942 году іх неаднаразова атакавалі ваўкі зграяй каля дзесяці асобнікаў. Абараніцца былі толькі сахор ды дзьве сякеры, якіх ваўкі не надта палохаліся. У выніку шматлікіх супрацьстаяньняў цялушку ўберагчы не змаглі. Ваўкі яе забілі й зьелі. Мыка ацалела. Стары бацька Ўладзіміра Ксавэры быў моцна пакусаны ваўкамі за нагу, а два ваўкі былі напэўна смяротна паранены сахорам. Адзін зь іх так і зьбег з сахорам у сьпіне. Тая Шыбутава нага кепска зажывала й лекавалася ледзь ня ўсю рэшту вайны. Мяркуецца гэтак, што Ксавэры ўрэшце памёр, бо на выспе Валяватка непадалёк ад рэштаў тых зямлянак відаць чыясьці магіла, тады як у паваенным жыцьці тых Шыбутаў аб Ксавэры зьвестак няма.


Пасьля Другой сусьветнай вайны некаторыя ацалелыя радзіны адбудаваліся ў Навусьці, і ў1960-х гадох у Навусьці-вёсцы было сем двароў. Чатыры сядзібы цягнуліся ўздоўж рэчкі Волька. Па яе цячэньню спачатку была хата Івана Шыбута з жонкай Нінай (дачка Ўладзіміра Комсы ад першага шлюбу). У іх было некалькі дзяцей. Ніна памерла заўчасна. Пасьля Нінінай сьмерці Іван жыў з сужыцельніцай Флёрай, якая злоўжывала алкаголем. Іхняе сужыцельства скончылася трагічна – Іван забіў Флёру. Яго пасадзілі ў астрог надоўга, адкуль ён не вярнуўся.


Ніна Комса, Іван Шыбут і Нініна дачка Ганна Комса, што як і маці памерла заўчасна.


Далей была сядзіба Міхала Шыбута з жонкай Валяй. Зь імі мешкала Валіна маці Крысьціна. Проці хаты гэтых Шыбутаў у бок лесу па вайне была адбудавана стадола (канчаткова парушана ў 2010 годзе), дзе разьмяркоўваліся коні-цяжкавозы, што працавалі на тралёўцы лесу з людзьмі-наймітамі ад Бакштанскага леспрамгасу.


Стадола дзеля разьмеркаваньня каней-цяжкавозаў у Навусьці (у занепалым стане незадоўга перад яе ліквідацыяй).

То адбудаваная Ўладзімірам Комсам хата на беразе Волькі ў 1952 годзе

Ганна Комса ў маладосьці і старасці, Уладзімір Комса ў 1970-х гадох.


Ніжэй па цячэньню Волькі быў двор Уладзіміра Комсы з жонкай Ганнай (у дзявоцтве Шыбут, родная сястра ўжо прыгаданага Івана Шыбута). Яны мелі двух дзяцей Ліду і Валю. Ліда да гэтых часоў жыве ў бацькоўскай хаце з мужыком Міхасём але толькі ў цёплы сэзон. Далей, апошняй уніз па Вольцы была сядзіба другога Міхала Шыбута (сына Ўладзіміра Шыбута) з жонкай Лідай. Ад рэчкі ў бок лесу былі яшчэ тры сядзібы. Самая крайняя хата пры лесе па дарозе ў Юраўск належыла Яўгену Шыбуту (другому сыну Ўладзіміра Шыбута) з жонкай Рамуальдай, або па-простаму Ромай. Гэты двор адбудаваны акурат на мейсцы былога двара Ўладзіміра Шыбута сына Ксавэры Шыбута. Недалёка ад іхняй хаты ў бок Волькі была хата Марылі Шыбут (ейны мужык Яўхім памёр раней), потым хата яе сына зноў-такі Міхала Шыбута з жонкай Зосяй.


Рома й Яўген Шыбуты, іхні сын Анатоль каля хаты ў Навусьці ў 1969 годзе. Рамуальда Шыбут на сваім падворку ў Навусьці перад спродажам сядзібы ў 2002 годзе.



Кацярына й Іван Незабудкі ды Баляслаў Садоўскі (жыхары Козе Пенна) ловяць рыбу крыгаю на Вольцы блізу Навусьці, 1960 год.


Баляслаў Садоўскі з Козе Пенна ў 1970-я гады.

У Козе Пенна былі тры двары. Ад Волькі ў лес на ўсход былі сядзібы Жыльневічаў (Віктар з жонкай Юзэфінай або проста Юзэфай, якія мелі некалькі дзяцей), потым Незабудак (Іван з жонкай Кацярынай і з дзецьмі), потым Садоўскіх (Баляслава з жонкай Генуэфай, або проста Геняй, сын Уладзімір і дачка Марыя). Недалёка ад іх на паўднёвы захад жыла радзіна Рыбіцкіх (Іван з жонкай Міхалінай). Далей у Лойкаўшчыне жытлавалі Шчэрбацэвічы (Аляксандр з жонкай Яўгеніяй, якія мелі толькі адну дачку Марыю). Марыя пабралася з Богданам Касьпяровічам, і яны таксама мешкалі тамака аж пакуль ужо нажыўшы дванаццаць дзяцей ня выселіліся ў Яськава-Гвінты.



Марыя Шчэрбацэвіч у 1960-х гадох, яе бацька Александр Шчэрбацэвіч у 1990-х гадох.

Богдан Касьпяровіч і яго жонка Марыя (у дзявоцтве Касьпяровіч) у 2014 годзе каля свайго двара ў Яськава-Гвінты.


На двух Зарэчных выспах, што да вайны клікалі Валяваткай, у асноўным жытлавалі браты Гарадовічы. На бліжэйшым грудзе да Волькі быў двор Лукаша з жонкай Дашай. На далейшым грудзе ад Волькі жыў Якім Гарадовіч з жонкай Веранікай. Абедзе Гарадовічская радзіны мелі дзяцей. Па вайне на тыя груды ўсё часьцей кажуць як Гарадовічскія, а не Валяватка. Далей уніз па цячэньню Волькі ў трэцяй даваеннай Валяватцы па-ранейшаму мешкалі Віршычы (Станіслаў з жонкай Алесяй і дзецьмі). Тое мейсца сталі клікаць як Жданкі, а за найменьням Валяватка застаўся толькі хутар Сабалеўскіх, што недалёка ад Каменнай Слабады.


Хутар Віршычаў у Жданках, пачатак 1980-х гадоў. Стась Віршыч на сваім панадворку, 1960-я гады

104 views0 comments
bottom of page