У ранейшым пасьце грунтоўна апавядалася аб ладзе жыцьця ў Налібоцкай пушчы пад уладай магнатаў-землеўласьнікаў, у асноўным Радзівілаў і Храптовічаў цягам XVI-XVIII-ага стагодзьдзяў. То быў ледзь не напоўніцу дакумэнтальны вартыкул, які базаваўся на пэўных гістарычных крыніцах інфармацыі. Цяперака хацелася бы распавесьці шэраг Налібоцка-пушчанскіх гісторый таго далёкага часу, якія сталі вядомы балазе справаздачнаму ліставаньню падлоўчых Радзівілаўскай гаспадаркі ў Налібоцкай пушчы з Налібоцкім лоўчымі ды генэральным лоўчым з Нясьвіжскай канцылярыі Радзівілаў. Гэтыя гісторыі ёсьць даволі вольнага мастацкага апавяданьня, хаця і кожная гісторыя мае сваю дакумэнтальную аснову, а асноўная хада падзей ня ёсьць выдуманая.
На рэчцы Краманіца непадалёку ад возера Кромань ёсьць урочышча Шкляны мост. Заўжды тамака быў мост праз Краманіцу. Я памятую той драўняны мост з 1970-ых гадоў, калі мой бацька браў мяне малога пажыць каля гэтага возера і парыбачыць у тых мясьцінах. Канчатковае разбурэньне таго маста ва ўрочышчы Шкляны Мост адбылася ў 1990-ых гадох, але яшчэ ў 2000-ых гадох былі бачны маставыя палі ды лагі.
Чаму гэтакі дзіўны назоў мела тое мейсца. На гэты конт я чуў і нават чытаў шэраг вэрсіяў.
Пэўныя падзеі адбываліся тамака недзе напрыканцы XVIII-ага стагодзьдзя. Гісторыя зводзіцца да таго, што каля таго мосту ў рэчцы Краманіца было патоплена даволі шмат каштоўных шкляных вырабаў з Налібоцкай шкляной гуты. Тая гута выпускала больш за сто гатункаў высокамастацкіх вырабаў у тым ліку жырандолі і падсвечнікі, шклянкі, чаркі, келіхі, бутэлькі-штофы, шкляныя дзіцячыя цацкі, лямпы, гранёнае і аконнае шкло ды шмат чаго яшчэ.
Шкляныя вырабы вывозіліся з гуты ў трох асноўных накірунках: на Нясьвіж і Стоўпцы, на Любчу і Наваградак, а таксама на Івянец, Ракаў ды Менск. Той шлях ад Налібак да Любчы і далей на Наваградак пралягаў праз рэчку Краманіцу і то бок па тым мосьце цераз Краманіцу.
Дык вось адна выказаных вэрсій кажа, што нейкі габрэйскі гандляр з Любчы накупіў на гуце шмат шкляных вырабаў, каб даражэй спрадаць іх у Любчы на кірмашы. Ён пагрузіў зашмат шкла на фурманку, а той мост ужо даўно не рапараваўся. Таму той перагружаны воз і кульнуўся на тым лядашчым мосьце. Усё дарагое шкло апынулася ў раце.
Другая гісторыя кажа, што Радзівілаўскі гутны працаўнік вёз шкляныя вырабы да Наваградку ў суправаджэньні Радзівілаўскага ваўскоўца. Той вайсковец адлучыўся акурат незадоўга да пераезду таго мосту цераз Краманіцу. А тамака на коней напалі ваўкі. У выніку той воўчай атакі і коні і воз са шклянымі вырабамі апынуліся ў Краманіцы. Потым, як адбіліся ад ваўкоў, той гутны працаўнік з вайскоўцам няшмат цэлага шкла дасталі з рэчкі.
Усё гэта так магло і быць і першае і другое. Шкляная гута ў Налібоках працавала больш за сто гадоў дакладна з 1717 году па 1866 год. То бок па той дарозе шкляныя вырабы вазілі да Наваградку і Любчы а можа і далей сотні а напэўна і тысячы разоў. Мяркуецца, што тамака Налібоцкае шкло падала гэтак або інакш з мосту ў Краманіцу дзясяткі разоў. Таму сярод тамтэйшых людзей цьвёрда ўсталяваўся тое найменьне Шкляны Мост.
Яшчэ стала вядома, што недзе ў сярэдзіне 1920-ых гадоў сын Гутмана – уладальніка польскай лесанарыхтоўчай кампаніі «Svierk», з наймітамі не адно лета шмат капаў пры тым мосьце, шукаючы Налібоцкія шкляныя вырабы. Той Гутманаўскі сын на імя Тодар шукаў іх і ў рацэ і пры беразе, а таксама ў багавіньні рачной абалоні. Тамака ён насамрэч знаходзіў нямала Налібоцкіх шкляных вырабаў і іх рэштаў. У яго была цэлая значная калекцыя гэтакіх знаходак, якія ён быццам бы зыскоўна спрадаў у сярэдзіне 1930-ых гадоў да нейкай прыватнай калекцыі ў Нямеччыне.
Comments