У ранейшым пасьце грунтоўна апавядалася аб ладзе жыцьця ў Налібоцкай пушчы пад уладай магнатаў-землеўласьнікаў, у асноўным Радзівілаў і Храптовічаў цягам XVI-XVIII-ага стагодзьдзяў. То быў ледзь не напоўніцу дакумэнтальны вартыкул, які базаваўся на пэўных гістарычных крыніцах інфармацыі. Цяперака хацелася бы распавесьці шэраг Налібоцка-пушчанскіх гісторый таго далёкага часу, якія сталі вядомы балазе справаздачнаму ліставаньню падлоўчых Радзівілаўскай гаспадаркі ў Налібоцкай пушчы з Налібоцкім лоўчымі ды генэральным лоўчым з Нясьвіжскай канцылярыі Радзівілаў. Гэтыя гісторыі ёсьць даволі вольнага мастацкага апавяданьня, хаця і кожная гісторыя мае сваю дакумэнтальную аснову, а асноўная хада падзей ня ёсьць выдуманая.
Людзкое паселішча Кляцішча ў пярвотнай леса-багеннай глухамані Налібоцкай пушчы (тады Мікалаеўскі лес) узьнікла недзе напрыканцы або нават яшчэ ў сярэдзіне ХVІІ-тага стагодзьдзя. У тым мейсцы пры раскошнай квяцістай абалоннай галявіне рэчкі Вусы ва ўрочышчы Парцыянава Налібоцкім падлавецтвам Нясьвіжскіх магнатаў Радзівілаў была ўтворана досыць вялікая пасека з наземных (або зямецкіх) калодаў ды надрэўных калодаў, то бок пчэльных калодаў, якія былі ўладкаваны пры доле або падвешаны на дрэвы. У дадатак некалькі кілямэтраў на захад была разьмешчана другая меншая пасека пры супольнай даліне рэчак Ліпніцы і Жоўтая, што менавалася як Карыцішча. Цалкам на гэтых двух пасеках было каля 70 зямецкіх калод, каля 100 калод на дрэвах і каля 20 борцяў (пчэльні ў жаралох жывых дрэў, якія абслугоўваюцца бортнікам). Адным з першых бортнікаў, якія былі тамака паселены з радзінаю на жыцьцё і бортную працу быў Карусь Хмара. Дадаткова пры пасеке ў Кляцішчах мейсьцілася гаёўня з адным, двума, або нават трыма дварамі лясных службоўцаў Налібоцкага падлавецтва.
Карусь Хмара павінен быў абслугоўваць усе гэтыя пчэльні. Фактычна на ягоную бортную справу працавала ўся радзіна асабліва ўвесну і першую палову лета ды ўвосень. Хапала рознай бортніцкай працы й узімку асабліва з вырабам новых калод і падрыхтоўкай розных бортніцкіх прылад. Бортніцтва як служба ў гаспадарцы Радзівілаў у радзіне Хмараў перадавалася старэйшаму здатнаму на тое сыну. Якому менавіта са старэйшых сыноў перадаць бортніцкую справу вырашаў бацька. Гэта звычаёвае права паважалася Радзівіламі, але ўсяроўна падлоўчы сачыў, каб той спадкаемца быў здатны на гэтакую нялёгкую і адказную працу. У сувязі з гэтым адной з істотных задач бортнікаў было вучыць бортнай справе кагось (натуральна часьцей за ўсё сыноў) сабе на зьмену. Калі бортнік працаваў ладна без прыкрых для Радзівілаў зрываў працы і належным чынам перадаў справы навучанаму ім бортніку, то ён атрымоўваў ад іх пажыцьцёвую пэнсію. Праца бортніка, якая ўлучана з лазаньнем на дрэвы і абслугоўваньнем калод і борцей на вышыні, а таксама пад’ёмам і замацоўкай цяжкіх калод на вышыні, а таксама сталымі сутычкамі з мядзьведзямі была вельмі небясьпечнай. Звычайна бортнікі, якія дагэтуль працавалі, былі не старэйшыя за пяцьдзясят гадоў, бо да гэтага веку яны пасьпявалі або забіцца, падаючы долу з дрэва, або скалечыцца тым або іншым чынам. Калі тое адбывалася з параўнальна маладым бортнікам, то часьцей за ўсё ягоную працу пераймаў брат, бо сыны яшчэ былі малымі або падлеткамі.
У Кляцішчах пчэльны ўзятак быў выдатны, бо навакольле з сярэдзіны красавіка і аж да кайстрычніка было выбітна квяцістым. Гэтым асабліва вылучаўся агромісты поплаўны луг Парцыянава пры Кляцішчах ды даліна Жоўтай і Ліпніцы ў Карыцішчах. Акурат пры іх і разьмяркоўваліся тыя пасекі. Адылі аніякая справа не абыходзіцца без перашкод і цяжкасьцяў. У бортнай справе Хмараў гэта перш за ўсё былі мядзьведзі як вялікія аматары мёду. Акурат у пушчанскіх навакольлях Кляцішчаў іх было зашмат, і калі анічога не рабіць супраць мядзьвежага гвалту да пчолак, то не засталося бы цэлай аніводнай пчэльнай калоды.
Асабліва цяжка было захаваць непашкоджанымі зямецкія калоды. Дзеля аховы гэтакіх пчэльняў мейсца іхняга разьмеркаваньня атачалі надта шырокімі дошкамі, у якія былі набіты зьнізу ўверх досыць вялікія цвікі з загнутым зубцом на канцы. Тыя дошкі ўкладалі шчыльным радам, прыкапвалі зямлёю ды маскавалі ігліцаю, сухімі травою і лісцем. Набліжаючыся да пчэльняў, мядзьведзь наступаў на тыя цвікі лапамі. Загнутыя зубцы ўпіваліся ў лапы і пры руху мядзьведзя ўтваралі цяжкія рваныя раны на тых ягоных лапах. Атрымаўшы гэтакія раны мядзьведзь не тое, што палохаўся зноў ісьці да тых пчэльняў, але нават нярэдка пакутліва паступова паміраў. Таксама набівалі шмат цвікоў у зямецкія калоды асабліва пры працоўных адтулінах у калоду, каб мядзьведзю было пакутліва іх разламываць, дабіраючыся да мёду. Але былі мядзьведзі, якія цямілі, што тыя дошкі з цвікамі можна пераскочыць і непашкоджаным дабрацца да калод, поўных мядовай спажывы. Часам гэтакія мядзьведзі давалі рады разбурыць цяжкую калоды, на якой было набіта шмат ахоўных цвікоў. Гэтакіх мядзьведзяў трэба было забіваць, што ў тыя часы было вельмі небясьпечнай і складанай справаю. Больш таго тады мядзьведзі былі менш пудлівыя, больш агрэсіўныя, а стрэльбы былі менш дальнабойкімі і ня гэтак трапнымі. Усё гэта вызначала небясьпеку стасункаў бортніка і мядзьведзяў пры пасеке.
Дзеля захаваньня пчэльных калод на вышыні стаўпур калоднага дрэва аблямоўвалі плятформаю з тоўстых дошак. На стаўпур набівалі кованыя гострыя гахі, на якія тыя мядзьведзі накалываліся лапамі або тулавам, атрымліваючы цяжкія рваныя раны. Таксама з плятформы зьвешывалі на вяроўках кавалкі стаўпуроў елак з тырчашчымі загостранымі абрубкамі галін. Караскаючыся на дрэва да пчэльнай калоды, мядзьведзь адпіхваў у бок тую ладунку, а яна, разгодваючыся, калола мядзьведзя ў бок. Адылі далёка не заўжды ўсё гэта спрацоўвала дзеля надзейнай аховы пчэльных калод на дрэвах. Мядзьведзі нярэдка ўсё ж такі дабіраліся да іх, разбуралі тыя пчэльні ды ласаваліся мёдам.
Вельмі небясьпечнымі для бортніка былі моцна параненыя мядзьведзі, якія адлежваліся непадалёку пасекі. Гэтак у пачатку XVIII-ага стагодзьдзя (прыблізна ў 1706 годзе) загінуў сын Каруся Ігнась Хмара. Ігнась пайшоў на працу да пасекі пры Карыцішчы. Тамака ён заўважыў пэўныя адзнакі, што на адно дрэва з калодаю караскаўся мядзьведзь, які моцна параніўся аб гостры гах прымацаваны да стаўпура. На мейсцы было ладна мядзьвежай юшкі і поўсьці. Паранены мядзьведзь гэтым часам адлежваўся ў хмызах блізу пасекі. Ігнась не ўцяміў небясьпекі і стаў аглядаць усю пасеку, ці ёсьць дзе пашкоджаньні і што пашкоджанае мядзьведзем. За плячыма ў Ігнася была напагатове двурульная крамянёвая стрэльба. Разьюшаны ранай мядзьведзь напаў на Ігнася вельмі швыдка, зьнянацку і ззаду. Мядзьведзь быў вялікі і ён хутка забіў Ігнася, выбіўшы стрэльбу моцным ударам пярэдней лапы. Пазьней састарэлы бацька Карусь з сынамі Марцінам і Антосем знайшлі тую стрэльбу досыць далёка ад разарванага трупу Ігнася і на ладнай адлегласьці ад мейсца іхняй барацьбы. Было відаць, што Ігнась спрабаваў бараніцца нажом, але дарма.
Пасьля загібелі Ігнася на бортніцкую службу ў Кляцішчах заступіў другі сын Каруся - Антось Хмара. Але праз два гады й ён загінуў ад напада, напэўна ўжо іншага мядзьведзя. Тое здарылася зноў у Карацішчы. Нейкі мядзьведзь павадзіўся пераскокваць праз дошкі з цвікамі і разбураць калоды. Той мядзьведзь відаць быў агрэсіўны, бо ён побач з пасекай шмат знакаваў абдзёрамі стаўпуры дрэў, ламаў дзеля знакоўкі маладыя дрэўцы ды ўтвараў занадта вялікія адбіткі лап, шматкроць разьбіваючы адбітак лапы, пасоўваючы яе ўбакі. Антось з той жа двурульнай крамянёвай стрэльбаю пільнаваў таго злачынца пры пасецы. Зноў мядзьведзь напаў на Антося сам імкліва і зьнянацку. Антось яго відаць параніў стрэлам, але не даў рады забіць, і той мядзьведзь разадраў Антося.
Тутай трэба зацеміць, што ў гэтакіх трагічных выпадках на наёмнай працы Радзівіламі выплачвалася пэнсія радзіне загілулага за страту кармільца. Сына і бацьку тым замяніць было немагчыма, але ўсё ж такі гэта была нейкая істотная дапамога.
Пасекі ў Кляцішчах пры Парцыянава і Карыцішчы былі надта меданосныя. Таму ў Радзівілаўскай бортніцкай гаспадарцы імкнуліся павялічваць тыя пасекі. Па сьмерці Антося на бортніцкую працу ў Кляцішчах заступіў трэці сын Каруся - Марцін. Ён быў менш здатны да бортніцтва, а тутай яшчэ адбывалася значнае павялічэньне колькасьці пчаліных калод. Працы і для двух бортнікаў было бы зашмат. А пры гэтым яшчэ напады мядзьведзяў на пчэльні і бортнікаў. Не абышоўся без нападу мядзьведзя і Марцін. Толькі на гэты раз быў забіты той нападаўшы мядзьведзь, бо Марцін слыў выдатным паляўнічым. Але той мядзьведзь падраў Марціну плячо.
У сувязі з усім гэтым тагачасны Налібоцкі падлоўчы Альбін Лапіцкі ў сваім лісьце ад 12 верасьня 1709 года справаздачыў генэральнаму лоўчаму ў Нясьвіжскую канцылярыю аб небясьпецы з мядзьведзямі на пасеках у Кляцішчах і аб пільнай патрэбе аднаго, а то і двух дасьведчаных бортніках. Раілася дабівацца вынішчэньня мядзьведзяў у ваколіцах Кляцішчаў. На тое лоўчы адказаў, што нават на памяньшэньне лічэбнасьці мядзьведзя Радзівілы ня пойдуць, бо тое адзін з істотнейшых спакменяў жарсных ловаў. Абяцаў даслаць з-пад Аталезі бортніцкую радзіну некага Валер’яна Адамцэвіча, якія тамака не прыжылася ды варажбуе з Аталезьскімі сялянамі. А пакуль тое адбудзецца, лоўчы раіў падлоўчаму хоць часова наняць кагось яшчэ з Хмараў. Неўзабаве на дапамогу Марціну быў наняты на працу старэйшы сын Ігнася Хмары - Ян. Напэўна тая бортная радзіна Адамцэвічаў усё ж такі пазьней была даслана на працу Кляцішчанскай пасекі, бо гэта прозьвішча Адамцэвічы прынамсі ў даваенных Кляцішчах і Рудні Налібоцкай мелі шэраг радзін.
Пазьней у пачатку XIX-ага стагодзьдзя немалая пасека зьявілася й у вёсцы Рудня Налібоцкая, што мейсьцілася на адлегласьці чатырох кілямэтрах ад Кляцішчаў. Пасекі ў Кляцішчах пры Парцыянава і пры Карычішчы ў гэты час яшчэ існавалі. Па-ранейшаму адной з бортных радзін былі Хмары. Вядома, што ў 1870 годзе бортніка Зыдара Хмару забіла нейкім чынам зваліўшаяся на яго пчэльная калода пад Рудняй Налібоцкай. Апошнія вядомыя Хмары да Другой сусьветнай вайны пераважна жытлавалі ў Рудні Налібоцкай. Гаспадар адной з гэтых радзін быў як і продкі бортнікам. Апошнія паваенныя пушчанскія Хмары прафэсійнымі бортнікамі не былі. Яны мелі пры сядзібе шэраг вульляў, але працавалі з іншым заняткам. Мне давялося ведаць бадай што апошняга пушчанскага Хмару на імя Эдуард або па-простаму Эдзік, які жытлаваў у Кляцішчах і не гэтак даўно памёр. Ён быў лесьніком і егерам. Эдзік Хмара шмат разоў мною згадваецца ў гэтай кнізе, бо з ягонымі цікавымі аповядамі аб пушчанскіх людзях і падзеях паўстала шмат патрэбнай інфармацыі.
Comments