У ранейшым пасьце грунтоўна апавядалася аб ладзе жыцьця ў Налібоцкай пушчы пад уладай магнатаў-землеўласьнікаў, у асноўным Радзівілаў і Храптовічаў цягам XVI-XVIII-ага стагодзьдзяў. То быў ледзь не напоўніцу дакумэнтальны вартыкул, які базаваўся на пэўных гістарычных крыніцах інфармацыі. Цяперака хацелася бы распавесьці шэраг Налібоцка-пушчанскіх гісторый таго далёкага часу, якія сталі вядомы балазе справаздачнаму ліставаньню падлоўчых Радзівілаўскай гаспадаркі ў Налібоцкай пушчы з Налібоцкім лоўчымі ды генэральным лоўчым з Нясьвіжскай канцылярыі Радзівілаў. Гэтыя гісторыі ёсьць даволі вольнага мастацкага апавяданьня, хаця і кожная гісторыя мае сваю дакумэнтальную аснову, а асноўная хада падзей ня ёсьць выдуманая.
Супрацьдзеяньне Пацаў у адказ на вынішчэньне ў Любчанскай пушчы іхняй клусаўніцкай банды з дробнай шляхты не прымусіла сябе доўга чакаць. Тое адбылося яшчэ па белай сьцязе ў сакавіку. Стаялі маразы. Зюзя падмацоўваў сыход зімы як толькі мог. Багны былі замёрзлыя і дазвалялі хутка перасоўвацца па ім нават коннаму аддзелу. Таксама Пацы скарысталіся той акалічнасьцю, што ў гэты час Нясьвіжскі ардынат Мікалай Крыштап Радзівіл ладзіў вялікія ловы недзе к поўначы ад Налібок пад Прудамі. Адпаведна туды пасьцягвалі ўсіх стральцоў ды ўланаў, а таксама большасьць лясных службоўцаў. На лавецкіх водступах засталося па асочніку ды некаторая сялянская прыслуга.
Акурат у гэты час аддзел Пацаўскіх наймітаў колькасьцю пад трыццаць вояў рушыў з-за Бярозы паўз багну Паўднёвае Ўюнішча на найлепшыя Радзівілаўскія водступы пры Вусе. То былі водступы ў Казловым Барку ды Будах. Жывых сьведкаў з Радзівілаўскага боку не засталося. Усе лавецкія водступныя забудовы ды жытла былі спалены. Мікалай Крыштап Радзівіл ня змог давесьці праз суд, што гэта былі справункі Пацаў. Урэшце было адчуваньне, што яны квіты. Улетку ўладкаваньне тых водступаў было адноўлена і на пэўны час тамака быў разквартэраваны аддзел Радзівілаўскіх уланаў.
Comments