top of page
  • Writer's pictureVadim Sidorovich

Супрацьстаяньне Радзівілаўскіх баброўнікаў і гвалтоўных бабраловаў з Купійску на рацэ Вусе й яе прытоках пры Галяндэрні

У ранейшым пасьце грунтоўна апавядалася аб ладзе жыцьця ў Налібоцкай пушчы пад уладай магнатаў-землеўласьнікаў, у асноўным Радзівілаў і Храптовічаў цягам XVI-XVIII-ага стагодзьдзяў. То быў ледзь не напоўніцу дакумэнтальны вартыкул, які базаваўся на пэўных гістарычных крыніцах інфармацыі. Цяперака хацелася бы распавесьці шэраг Налібоцка-пушчанскіх гісторый таго далёкага часу, якія сталі вядомы балазе справаздачнаму ліставаньню падлоўчых Радзівілаўскай гаспадаркі ў Налібоцкай пушчы з Налібоцкім лоўчымі ды генэральным лоўчым з Нясьвіжскай канцылярыі Радзівілаў. Гэтыя гісторыі ёсьць даволі вольнага мастацкага апавяданьня, хаця і кожная гісторыя мае сваю дакумэнтальную аснову, а асноўная хада падзей ня ёсьць выдуманая.


То было ў 1750-ыя гады пад невялічкім людзкім паселішчам Галяндэрняй, дзе было дванаццаць двароў галендраў. Паўз Галяндэрню працякала рака Вуса. Ля мосту праз Вусу стаяў вялізны водны млын, пабудаваны галендрамі, то бок нашчадкамі выхадцаў з Галяндыі. Тыя ранейшыя галендры (як і іншыя з іншых падобных паселішчаў) яшчэ ў пачатку XVI-ага стагодзьдзя эмігравалі з Галяндыі ў Вялікае Княства Літоўскае дзеля пабудовы млыноў, гатараў, мастоў, асушэньня багнаў і вытворчасьці сыру па зыскоўнаму запрашэньню каралевы Польшчы і ВКЛ Бонны Сфорца.


Галяндэрня разьмяркоўвалася непадалёк ад Нёмну на ўскрайку ягонай даліны пры гасьцінцы з мястэчка Любча да мястэчка Налібокі. Па гэтым гасьцінцы ў той час езьдзіла і хадзіла нямала народу, бо то быў нашмат карацейшы шлях у гэтых накірунках. Таму ў Галяндэрні была Радзівілаўская карчма, якую арандаваў габрэй Гірша Бохан з жонкай Дорай. Тая карчма карысталася попытам.


На рацэ Вусе, у якую ўцякалі дзьве значныя рэчкі Краманіца і Быстра, разьмяркоўваўся раскошны бабровы гон, які быў адным з выбітных у Радзівілаўскіх валоданьнях. У гэтым рачным зьвязку ад Вусаўскага вусьця пры Нёмне ды ўверх па цячэньню Вусы да Будаў, а па Краманіцы ўверх па цячэньню да Кромані, а па Быстра ўверх па цячэньню да Красна-Горскай гаёўні ў лепшыя часы налічвалася ня менш сямідзесяці бабровых жэрэмяў то бок недзе пад 500 баброў. То быў важлівы бабровы гон, які яўляўся апірышчам бабровага насельніцтва ў тым абсягу Налібоцкай пушчы. Генэральны лоўчы лавецкай гаспадаркі Радзівілаў дазваляў баброўнікам здабыць тамака каля 150 баброў штогод. Тую лоўчую працу выконвалі два баброўнікі Ігнась Луцэвіч і Барталамей Смолак з дапамогай шэрага часовых наймітаў зь ліку падуладных Радзівілам пушчанцаў. Гэтыя жа баброўнікі ажыцьцяўлялі пільную ахову бабровага гону ў нізоўях Вусы.


Нейкі працяглы час клусаўніцтва на гэтым бабровым гоне амаль што не было. Адылі неяк Ігнась і Барталамей сталі заўважаць, што непаразумела чаму баброў меншае. Таксама ў сваіх справаздачах Налібоцкаму падлоўчаму яны адзначалі, што пабольшала адзнак прысутнасьці людзей на тых рэчках. Ігнась з Барталамеем сталі больш часу выдаткоўваць на агляд гэтых рачных мейсцаў жыхарства баброў. Сярод тых, хто быў перастрэты тамака, былі ўсё рыбакі тутэйшыя пушчанскія з крыгамі і жакамі, якім лавіць рыбу гэтымі прыладамі не забаранялася. Тыя людзі былі з Галяндэрні, Броднага ды Купійску. Таксама было відаць, што на бабровыя хаткі нехта ўзлазіў, але гэтак робяць рыбакі з крыгаю, бо вакол бабровых забудоў звычайна стаіць больш рыбы. Даклалі Налібоцкаму падлоўчаму, які мешкаў у Бродным, аб відавочным памяншэньні лічэбнасьці баброў. Увосені той забараніў вылаў баброў на Вуснянскім гоне і пакінуў дзеля ягонай ахову толькі аднаго Ігнася. У адзіночку Ігнась замарудзіўся пільнаваць бабровы гон на гэтакім вялікім ды цяжка прахадным абшары. К вясьне і лету баброў тамака яшчэ паменшыла.


А потым усё нетлумачальнае зьнянацку раскрылася. Неяк Ігнась хацеў часова схаваць сваю паклажу ва ўрочышчы Вочын у раскошным жарале вывернутага ветрам ўжо памерлага вялізнага дубу. Гэты дубовы стаўпур ляжаў сажняў сто ад ракі Вусы. Залез Ігнась у тое жарало, а там знайшоў некім схаваныя некалькі пікаў і драцяных жакаў дзеля вылаву баброў. Ігнась адразу жа паведаміў аб гэтым Налібоцкаму падлоўчаму і паказаў той клусаўніцкі схрон. Было відавочна, што прыладамі карысталіся з тыдзень таму, бо крыху захрасшай раскі на жаке яшчэ не сьпятрэла.


Каб вылавіць гэтых бабровых клусаўнікоў, у дапамогу Ігнасю даслалі два стральца ды ранейшага напарніка Барталамея. Падлоўчы загадаў зрабіць засаду пры тым схроне ды цалкам падрабязна абсьледаваць Вусьнянскі бабровы гон. Першыя дні ўважлівага абсьледаваньня большымі высілкамі сьведчылі, што ў гоне шмат дзейнічаюць бабровыя клусаўнікі, якія насамрэч вынішчаюць баброў у значнай колькасьці. У трысьнягох на старарэччы Вусы паміж Бродным і Галяндэрняй была знойдзена вялікая даўбёнка з падобнымі бабралоўнымі прыладамі і шэрагам бабралоўных залёзак. Штось гэтакае а менавіта меншы човень кшталту каймы з нейкімі бабралоўнымі прыладамі былі знойдзена на Валасеньскай багне таксама ў трысьнягох на адной з пратокаў Краманіцы. Даклалі аб усім гэтым падлоўчаму. Ён, памеркаваўшы, адмяніў хадавыя вышукі бабровых клусаўнікоў і іх падпільноўваньне пры схронах.


Меркавалася, што тыя клусаўнікамі паходзілі не з пушчанцаў, бо ўсіх навакольных пушчанцаў яны дасканала ведалі і ні на кім падозра не прыпынілася. Тое напэўна былі людзі з-за Нёмна, а значыць хутчэй за ўсё з вялікай занёманскай вёскі Купійску, якая стаяла акурат на супрацьлеглым беразе Нёмну. Таму было загадана вылаўліваць тых занёманскіх клусаўнікоў на шляху да Купійску або водным па рацэ Вусе, або па дарозе ад Галяндэрні да Купійску праз Нёманскі наплыўны мост. У дапамогу было накіравана яшчэ балей узброеных службоўцаў.

Шмат пільнавалі, але вынікаў не было. Між тым Ігнась назнаходзіў новыя зусім нядаўнія адзнакі пакрыёмай здабычы баброў уздоўж рэчкі Быстра. На Вусе трапляліся мужыкі з Купійску з дазволенымі рыбалоўнымі прыладамі. Таксама ўсё неяк зачаста трапляліся двое даўно знаёмых і рахманых парабкаў карчмара Гірша Бохана, які меў куплены паўгадавы квіт на лоўлю рыбы ў Вусе і Нёмне. Было відавочна, што тыя парабкі займаліся ловам рыбы. Нічога падазронага пры іх не было. Адно было незвычайным, што яны неяк занадта гучна гутарылі з падпільноўшчыкамі ды ледзь не выкрыквалі ім штось у адказ на нейкія пытаньні або прывітаньне.


Насамрэч, гэтакай патрэбы не было, бо і без таго было добра чуваць. Неяк падобным чынам паводзіліся тыя жа парабкі або карчмарова жонка Дора, калі хтось зь іх ехаў конным возам да Купійску. Некалькі разоў трапляліся на чаўне па Вусе то двое то трое мужыкоў з Купійску без анічога толькі з ежай у торбах. Яны казалі, што часова падпрацоўваюць у Гірша Бохана з нарыхтоўкай дроў на зіму. Карчмар тое пацьцвердзіў.


Час ішоў, а пільнаваньні адбываліся ўсё дарма. І вось неяк пры чарговай сустрэчы Боханаўскіх парабкаў і іхніх амаль што крыках у адказ на прывітаньне, адзін са стральцоў на імя Лука Бедункевіч зрабіў слушную выснову. Ён здагадаўся, што бабровым клусаўнікам дапамагае карчмар Гірш Бохан ды ягоныя парабкі, а таксама жонка. Магчыма карчмар мае свае зыскі ў гэтай клусаўніцкай справе. Напэўна тое бабровае мяса для карчмы а можа і штось яшчэ. Напэўна, калі аблупленыя скуры баброў вывозіліся клусаўнікамі чоўнам па Вусе або коламі па дарозе да Купійску, Боханаўскія парабкі або ягоная жонка па дамове з клусаўнікамі рушаліся ўперадзе ад клусаўнікоў ды пры сустрэчы з Радзівілаўскімі службоўцамі сваёй гучнай размовай або прывітаньнем яны папярэджвалі аб небясьпецы тых клусаўнікоў. У гэты самы час клусаўнікі рухаліся ззаду на бясьпечнай адлегласьці, і ў выпадку небясьпекі яны загадзя маглі даць драла. Службоўцы сталі па мажлівасьці сачыць за карчмою ў Галяндэрні, узяўшы пад увагу здагадку Лукі Бедункевіча, і тады адпаведны злачынны людзкі ланцужок быў выкрыты.


Перш за ўсё Радзівілаўскія службоўцы злавілі трох бабровых клусаўнікоў, якія рухаліся конным возам да мосту пад Купійскам. Пры гэтым яны папярэдне незаўважна прапусьцілі Боханаўскіх парабкаў таксама на колах. На тым клусаўніцкім возе пад сенам стральцы знайшлі пад дваццаць бабровых скур. Гэты былі ўжо знаёмыя мужыкі з Купійску, якія раней казалі, што яны дрова-нарыхтоўшчыкі ў Гіршы Бохана. Тых карчмаровых парабкаў, якіх кагадзе прапусьцілі, стральцы таксама дагналі і затрымалі. Пад пагрозай цяжкай кары іх прымусілі маўчаць аб паімцы клусаўніцкіх баброўнікаў з Купійску ды адпусьцілі. Клусаўнікі на допыце здалі, хто ў Любчы купляе ад іх бабровыя скуры, а таксама распавялі, якая роля ў гэтым Гірша Бохана. Ён даваў схованку ім у стадоле, што разьмяркоўвалася пры беразе Вусы ззаду будынка воднага млыну і таму была амаль што не відаць з гасьцінца. У той стадоле клусаўнікі аблуплівалі злоўленых баброў, а Гірш забіраў усё бабровае мяса для карчмы, ды меў сваю дзель у заробленых на бабровых футрах грошах. Клусаўнікі карысталі чатыры чаўна: адзін Боханаўскі пры стадоле, а тры іншых былі схаваны ў трысьнягох у далінах Быстры, Краманіцы ды вышэй Броднага на Вусе. Тамака ж былі схаваны бабралоўныя прылады. Да тых схронаў клусаўнікі перасоўваліся пешкі праз нетравыя дзялянкі пушчы, каб анікога не перастрэць. Злоўленых баброў выносілі вядомымі сьцежкамі ўначы да той стадолы за карчмою.

Пад пагрозай катаваньняў Купійскія клусаўнікі былі вымушаны пагадзіцца на наяўнае выкрыцьцё злачыннай ролі карчмара. Праз некалькі дзён яны явіліся да Гірша з некалькімі злоўленымі бабрамі, і калі ён з парабкамі ў той стадоле браў аблупленых баброў, туды ўварваліся Радзівілаўскія стральцы. Гэтакім чынам Гірш быў відавочна выкрыты. На тым арэнда Гіршам Боханам Радзівілаўскай карчмы ў Галяндэрні была скасавана. Усе датычныя ўлучна карчмарова жонка Дора атрымалі нямала бізуноў. Па суду Гірш Бохан, Купійскія клусаўнікі ды Любчанскі гандляр выплацілі Радзівілаўскаму скарбу шмат грошаў. На тым тая гісторыя скончылася, а той бабровы гон стаў памалу аднаўляцца.

19 views0 comments

Comments


bottom of page