Сааўтар Ірына Ратэнка
Мінулым траўнем у Налібоцкай пушчы адбылося надзвычайна патужнае размнажэньне янотападобнай сабакі. Цікавячыся барсуком і ваўком у Налібоцкай пушчы, штогод у траўні-чэрвені мы абсьледуем большасьць вядомых нор барсукоў, ліса, ваўкоў, а таксама складаныя норныя ўтварэньні баброў у берагох рэчак і каналаў. Усяго разам тое складае пад 300 норных мейсцаў. Усё тое ёсьць мажлівыя варункі дзеля гнездаваньня янотападобных сабак. Дадаткова яшчэ аглядаем каля сарака жаралоў у вялікіх стаўпурах паваленых памерлых дубоў пры рацэ Бярозе (Заходняй Бярэзіне), дзе таксама можа быць кодла янотападобных сабак.
Дык вось звычайна цягам апошніх ледзь не дзесяці гадоў да 2023 году адно кодла янотападобных сабак выяўлялася ў 20-30 ды нават у некаторыя гады у 40-50 гэтакіх патэнцыйных мейсцах гнездаваньня гэтага чужароднага гатунку. Гэтым жа годам кодлы янотападобнага сабакі выяўляліся ў кожным 2-5 гэтакім патэнцыйным мейсцы гнездаваньня ў залежнасьці ад іхняга тыпу. Напрыклад, што тычыцца барсучых гарадзішч, то гэты год у
кожным зь іх размнажаліся янотападобныя сабакі. Дадатковыя барсуччы норы таксама часта карысталіся янотападобнымі сабакамі дзеля размнажэньня, але крыху радзей чымся іхнія гарадзішчы. Што тычыцца 2023 году, то падобныя паказчыкі ўжо тады выбітна выдзяляліся над мінулымі гадамі, але былі ўсё ж яны не былі гэтакімі катастрафічна вялікімі як вясною гэтага году.
Чаго катастрафічнага чакаць для жывёльных супольніцтаваў у Налібоцкай пушчы ў недалёкай прышлосьці? Упэўнены, што значна паменьшае барсукоў, глушца, цецярукоў, зайцоў, качак, ды лясной куны. На кожны з гэтых гатункаў янотападобныя сабакі ажыцьцяўляюць сваеасаблівы моцны ўплыў, які сьцісла не растлумачыш. Тое з большага Вы можыце пацікавіцца ў навуковым блозе sidorovich.blog.
Comments