top of page
  • Writer's pictureVadim Sidorovich

Аматары вольнай рогашукальнай прафэсіі: жарсны захоп і цяжкая праца

Updated: Jan 15, 2023

Акрамя збору грыбоў і ягад, у Беларусі існуе даволі шмат прыродных аматараў, што збіраюць рогі ласёў ды высакародных аленяў (далей проста аленяў). Сам аўтар у свой час (у 1980-х і 1990-х гадох) аддаў немалую даніну гэтаму жарсцліваму занятку, падняўшы напэўна сотню а можа і дзве гэтакіх рагоў. То было і ў Налібоцкай пушчы, а таксама ў іншых вялікіх лясох. Апошнія гады ў Налібоцкай пушчы нават нехта спрабуе зарабляць на жыцьцё, зьбіраючы рогі. Сапраўды тутай яшчэ пакуль ёсьць што зьбіраць. Да і збыць знойдзеныя рогі за грошы цяперака латва. Пад весну ў навакольных вёсках на электрычных слупах, каля дзьвярэй сельскіх крам нярэдка вісяць аб’явы: «Куплю рогі», а таксама па вёсках езьдзяць гэтакія скупшчыкі і скупаюць рогі. Пададзены адпаведныя тэлефоны ў Інтэрнэце – тэлефануй і да цябе нават прыедуць, каб выкупіць усе твае рогі. Наколькі памятую, скупшчыкі за адзін кіляграм рагоў даюць каля 30 беларускіх рублёў. Прыгожыя і масіўныя парныя рогі будуць відавочна даражэй.


Таксама чуў, што з ахвотаю купляюць парку ласіных рог, а то і адзін вялікі ласіны рог замежныя паляўнічыя і аматары прыроды, што езьдзяць у Беларусь. Дарэчы кажучы, паводле мытнага цыркуляру, скінутыя рогі можна вольна вывозіць за межы Беларусі. Таксама скінутыя рогі дазволена вольна зьбіраць людзям гэтак жа, як яны зьбіраюць грыбы або ягады, але без якіхсьці абмежаваньняў у тэрміне збору.


Калісьці ў 1980-х або ў 1990-х гадох і нават на пачатку 2000-х гадоў збор рагоў быў амаль што толькі аматарскім заняткам. Зьбіраліся рогі пераважна, як пачынала сыходзіць сьнегавое покрыва. То было цікава й жарсна, бо ў адным мейсцы часам мажліва было знайсьці досыць шмат рагоў. Ня часта гэтакае здаралася, але часам было.



На ражыным пошуку ў 1990-х гадох, аўтар - пасяродку.
На ражыным пошуку ў 1990-х гадох, аўтар - пасяродку.

Аднаго разу я недзе у пачатку 2000-х гадоў у Паазерскай пушчы ў хваёвай пасадцы на плошчы каля 20 гектараў адным красавіцкім надвячоркам я цягам чатырох гадзін знайшоў 29 ласіных рагоў, сярод якіх было сем парак пераважна немалых. Вось тое было ўдала, але толькі раз дагэтуль гэтакае здарылася ў маім жыцьці. Можа яшчэ калі будзе, але, на жаль, ужо няма аніякага часу на гэтую аматарскую справу. Можа мой сынок Вінцэська заменіць мяне на нейкі час у гэтае справе. Мінулую весну і ў гэтую зіму й весну ён ўжо знайшоў некалькі рагоў непадалёк ад нашае хаты ў Навусьці.


Наш сынок Вінцэська з самастойна знойдзеным рогам.


Мар'ян Мазура мяркуе, што рогі лепш шукаць перасоўваючыся на матацыкле. Гэтак рогашукальнік можа дапяць паўсюль. Мар'ян ведае што кажа, бо ён вядомы лідэр у пошуку рагоў у Налібоцкай пушчы.

У Налібоцкай пушчы гэтакія выбітныя рэкорды ў свой час ставіла радзіна Мазураў з Козьлікаў, у асноўным бацька Бонік ды сыны Мар'ян і Юры. Бонік казаў мне, што некалькі разоў ён з сынамі й іншымі сваякамі назьбірвалі столькі рагоў, што вывозілі іх да хаты трактарным прычэпам. Сын Мар'ян, што й цяперака апантаны зборам рагоў, казаў мне ў 2013 годзе, што за жыцьцё падняў у Налібоцкай пушчы больш за 500 рагоў. Напрыклад, у весну 2013 году ён знайшоў 27 рагоў высакароднага аленя й 13 рагоў лася. Гэтай зімою з-за значнай канкурэнцыі задачнасьць пошуку рагоў ў Налібоцкай пушчы паменьшыла, але Мар'ян кожныя выходныя ўсёроўна на пушчы шукае рогі. Гэтакі заўзяты захоп, што напэўна без рогашукальніцтва немагчыма, і справа не ў заробку, а ў асалодзе й жарсьці.





Мазуры Бонік (зьлева), Мар'ян (па цэнтру) і Юры (справа).


Аднаго раза я чуў праўдзівую гісторыю, як у 1970-х гадох на Асвейскай багне пераважна каля асушальных канаў двое зьбіральшчыкаў (што апынуліся тамака не за рагамі) за дзень паднялі ледзь ня сто сегалеташніх і паляжалых ласёвых рагоў. Да хаты тыя людзі везьлі рогі на грузавіку. Але тады было надта шмат лася, як ніколі апошнімі дзесяцігоддзямі.


Вось што тычыцца рагоў аленя, то падобных рэкордаў у Беларусі я ня чуў. Але цяперака пры разьвядзеньні аленяў у агромістых вальерах, што будуюцца ўсё балей і балей у Беларусі, пры сучасным хуткім нарастаньні лічэбнасьці высакароднага аленя гэтакія ж рэкорды пэўне ж будуць і ў дачыненьні аленевых рагоў.


Але ўсё роўна падобных супер-ражыных дзён ня будзе, бо даволі шмат людзей пачынаюць шукаць рогі нават ужо з канца лістапада, калі лахі толькі пачынаюць скідаць рогі. У Налібоцкай пушчы пошук рагоў зьбірашчыкамі вядзецца нават па сьнегу, хаця і з малым вынікам, бо шмат якія рогі схаваны пад сьнегавым покрывам. Адылі ў моцную адлігу яны часова пратаіваюць і паступова вызьбірываюцца рогашукальнікамі й узімку. З восені й узімку зьбіраюць рогі ў асноўным тыя, для каго гэта асноўны заробак. Напрадвесьні да гэтакіх прафэсійных рогашукальнікаў далучаюцца ўсе астатнія і тутэйшыя, і наезжыя. Часам прыязджаюць цэлымі групамі да 6-8 чалавек. Таму штогод вызьбірываюцца рагі ўсе й паўсюдна.

Так што, калі Вы бачыце, што стаіць самаход у засьнежанай пушчы, то не зьдзіўляйцеся, то прыехалі ў Налібоцкую пушчу не грыбнікі, не ягаднікі, а амаль што прафэсійныя зьбіральнікі рагоў. Іхнія самаходы звычайна не пазадарожнікі, а найбольш танныя ды моцна ўжываныя малагабарытныя аўтамабілі. Праўда апошнім часам хтось зь іх абжыўся ды справіў грошы на набыцьцё Нівы. Каб гэтакаму прафэсійнаму рогашукальніку зарабіць на сваё жыцьцё й ягонай радзіны, то з канца лістапада й да пачатку чэрвеня яму трэба знайсьці каля 100 рагоў. Да і гэта дасьць толькі каля 80% патрэбных грошаў. Астатняе яны звычайна будуць дабіраць зьбіраньнем у пушчы металу й бутэляк летам і восеньню. Звыклыя да волі, яны кудысь уладкоўвацца на працу ня пойдуць. Гэта паразумела. На пытаньне, які то зыск шукаць рогі па сьнегу, яны звычайна кажуць наступнае. Калі за зімовы месяц у самым горшым выпадку (глыбокі сьнег) я знайду нават 5-7 рагоў, то тое пакрые выдаткі й ўсёроўна будзе балей грошаў чым заробкі ў сельскай гаспадарцы. Да і ачольнікаў штодня над табой не стаіць, хіба што жонка.



Хтось з пушчанскіх рогашукальнікаў і рогашукальніцкія самаходы ў мейсцах пошуку рагоў.



Праява конкурэнцыі за рогі ў Налібоцкай пушчы. Нехта паведамляе подпісамі на дрэвах, што рагоў, маўляў, ужо няма чаго шукаць. Канкурэнцыя за рогі ў Налібоцкай пушчы ў сэзон 2019-2020 гадоў насамрэч выбітная. Напрыклад аднаго разу на пачатку сакавіка гэтага году пад Кляцішчамі за дзень я налічыў аж 27 аўтамабіляў рогашукальнікаў. Большасьць зь іх была зьбянтэжана, што іх гэты год гэтак шмат.




Кароткая нарада рогашукальнікаў, як і дзе шукаць рогі ў гэты дзень у тым урочышчы, куды яны прыехалі.




З гэтых фота, што зроблены ў Налібоцкай пушчы пераважна ня гэтак даўно, відаць, што зьбіраць у пушчанскіх нетрах ёсьць што з рагоў.


Хтось з пушчанскіх рогашукальнікаў яшчэ ў іхнія задачныя пошуковыя дні.



Дзеля ўваходу ў ражыную тэму, трэба зацеміць, што ў самцоў (або як кажуць быкоў) як лася, гэтак і аленя рогі скідаюцца і адрастаюць штогод. Адразу паўстае цікавае пытаньне, а чаму рагоў няма ў самак гэтых гатункаў жывёл і навошта яны самцам? Адно з меркаваньняў базуецца на тым, што гэтакім чынам самцы аленя і лася пазбаўляюцца ад лішку разнастайных соляў і іншага мінэральнага рэчыва, якія набываюць з раслінным харчаваньнем, перш за ўсё ад паяданьня страўных парасткаў і кары хмызоў і дрэў. Самкі жа штогод аддаюць гэты мінэральны лішак у шкілет цялят пад час іхнай цяжарнасьці. Гэта толькі адно з меркаваньняў, якое аўтару падаецца найбольш праўдзівым, але можа яно і ня гэтак насамрэч. Нейкім аргумэнтам на карысьць гэтакай думкі можа быць наступны. Апошнім часам паляўнічыя бізнэсоўцы трымаюць шмат аленяў у загародках, харчуючы іх аўсом, сенам ды кукурузай. Гэтыя вальерныя быкі маюць значна лягчэйшыя і порыстыя рогі, бо відавочна ім бракуе мінэральнага харчаваньня ад гэтакай штучнай ежы.

Можа самі спосабы карыстаньня рагоў ласямі ды аленямі падкажуць навошта патрэбны ім рогі? Што тычыцца лася, то мне цяжка акрэсьліць, як быкі гэтага гатунку (па-беларуску лахі) ўжываюць свае рогі. Бароняцца ад ваўкоў яны капытамі, і напэўна не адзін воўк штогод забіваецца імі гэтакім чынам у Беларусі. Баронячыся, лахі сваіх рагоў амаль што не ўжываюць. Хтосьці скажа, можа ім трэба рогі каб счапляцца імі пры бойках пад час юру, то гэта зусім не так. Лахі мала б’юцца за лошаў у шлюбны час. Ім хапае ўзаемнай дэманстрацыі моцы, і слабейшы саступае. Гэтакім чынам, ласі сьведчаць аб непатрэбнасьці сваіх рагоў, то бок яны ў іх насамрэч як мінэральныя апраўкі, што выдаляюцца адзін раз на год.


Алені больш пасунутыя ў карысным ужытку сваіх рагоў. Па-першае яны часам бароняцца рагамі ад ваўкоў. Па-другое і галоўнае, быкі счапляюцца імі і тузаюцца. Гэтакім чынам вызначаецца больш моцны бык з дужэйшымі цягліцамі, а таксама больш спрытны. Пад час юру гэтакі бык завалодвае гарэмам і робіць значна большы рэпрадуктыўны ўнёсак у падтрыманьне папуляцыі. Экалагічна і эвалюцыйна гэта мэтазгодна. Само жа счапленьне быкоў рагамі захоўвае іх ад мажлівых ран. Гэта як у аўтамабіля своеасаблівы бампэр, што памяншае пашкоджаньне пры сутыкненьнях. Дзеля лепшага счапленьня на макушцы аленіх рагоў ёсьць разгалінаваньне, часам даволі развойнае, што завецца каронаю. Таксама пры галаве маецца надвочны адрожак ад ражынага стаўбуру, што нямала захоўвае ад мажлівых ран. Але не ўсё з гэтым дазваньня бясьпечна. Нягледзячы на ўсе згаданыя забяспячэньні, аленевыя быкі ўсё ж такі раняць адзін аднаго і асабліва тыя, што ня маюць двухвільчатай кароны ў рагах, замест якой ёсьць плыткую карону з выглядам забойскага рацішча. Калі рогі і ў аленя слугуюць як мінэральная апраўка, то трэба зазначыць, што алені прытарнаваліся мець з іх яшчэ такую сякую карысьць. Калі рогі скідаюцца і адрастаюць? У гэтым назіраецца шмат вытрымак, але прагледжваюцца і пэўныя заканамернасьці. Лахі скідаюць рогі з сярэдзіны лістапада і аж да пачатку сакавіка, пераважна ў другой палове сьнежня і першай палове студзеня. Быкі аленяў пачынаюць скідаць рогі ў сярэдзіне лютага і ў асноўным скідаюць іх да канца сакавіка, але самцы векам усяго некалькі гадоў могуць насіць свае малыя рогі аж да ліпеня. Заканамерна таксама і тое, што чым большыя рогі, тым раней яны скідаюцца.


Пад час скіданьня рагоў паміж лабавой косткаю і рогам утвараецца аддзяляльны скрыль, дзе рог адломваецца. Часьцей за ўсё гэта адбываецца пры атрасаньні футра апасьля лёжкі, а таксама пры скоках, напрыклад праз дарогу, канаву, або малую рэчку. У аленяў гэта таксама часта здараецца пры сутычках паміж быкамі, якія зімою ў іхных невялічкіх групках адбываюцца даволі часта. Часам пры сьвербе ў аддзяляльным скрыле рога быкі пачынаюць чухаць рогі аб невялічкія падатлівыя дрэўкі, што ўтварае гэтак званыя абцёскі. Менавіта пад імі і вакол гэтакіх абцёсак звычайна рогашукальнікі з імпэтам і навыперадкі спрабуюць знайсьці рог. Часам бывае і гэтак, але часьцей за ўсё пад імі рога не ляжыць. Таксама гэтакія рогаскідальныя абцёскі рогашукальнікі часта блытаюць са знакоўчымі дрэвамі аленяў ды зуброў. Справа ў тым, што алені, а таксама зубры часта знакуюць сваю тэрыторыю жыцьця, зьдзіраючы на дрэвах кару, ды яшчэ выдаляюць туды сакрэт са спэцыяльных залоз, аздабляючы гэтакую метку сваім водарам. То падобна на рогаскідальныя абцёскі, але ўзгаданыя знакоўчыя дрэвы з абадранаю карою звычайна значна таўсьцейшыя. Аб таўстыя дрэвы лох або бык аленя ніколі ня будуць адломваць рог, бо ён можа адламацца з часткаю лобнай косткі і агаліць капылы. У гэтакім выпадку быкі паміраюць, і падобныя здарэньні бываюць.


Апасьля скіданьня рог неўзабаве пачынаюць адрастаць новыя рогі. Яны мяккія і ў скуры, хутка растуць. Напоўніцу яны вырастаюць к канцу лета, скура мярцвее, і быкі абдзіраюць яе аб хмызы і дрэўцы. Потым крыху акрываўленыя і ліпкія рогі маюць бадай што белы колер звычайнай косткі. Але з часам на іх наліпае пыл, дробныя націнкі ўсялякага рэчыва, з якім сутыкаецца ўсё яшчэ ліпкі рог. Гэтакім чынам нізавошта ня мыйце карычняваты рог, што знайшлі. Асабліва небясьпечны дзеля гэтага мыючыя сродкі і гарачая вада. Карычневая прыгажосьць на рагах можа латва пазбавіцца свайго колеру, бо ўсё наліплае адмыецца. Менавіта з гэтай нагоды паляжалыя рогі бялеюць.


Дзе ў лесе шукаць рогі ласёў ды аленяў? Гэта пытаньне няпростае і адказаць на яго сьцісла ня латва, але паспрабуйма. У гэтым дачыненьні найбольш задачным з’яўляецца падыход, калі загадзя вызначаецца мейсца зімовага адстою быкоў у рогаскідальны час. Але гэта вымагае шмат дадатковых высілак. Другі падыход складаецца з таго, што апасьля сыходу або пад час хуткага таяньню сьнегавога покрыва ў пошуках рагоў трэба арыентавацца на наяўнасьць шматлікіх аправак ласёў ды аленяў, а лепш на тыя ад быкоў. Апраўкі ў быкоў больш шарападобныя, тады як у самак больш эліпсавідныя, то бок выцягнутыя. Адылі гэты другі падыход не зусім плённы, бо быкі маглі пражываць тамака ўжо без рагоў. Трэці падыход пошуку рагоў – гэта шукаць іх у тым прыродным асяродзьдзі, дзе ласі і алені пераважна жывуць пад час скіданьня рагоў. Але гэта ў сваю чаргу шмат ад якіх чыньнікаў залежыць. У выпадку лася, то ёсьць наступным чынам. Ласі з позьняй восені пакуль няма глыбокага сьнегу прэфэруюць пражываць у мейсцах, дзе шмат лазовых хмызоў, або ў барах-чарнічніках. Калі ў лазьняках шмат вады і падмарожвае, то наяўнасьць лёду выціскае ласёў адтуль, што трэба ўлічваць. У сваю чаргу глыбокі сьнег выціскае ласёў з чарнічнікаў па барох. Так што з швыдкім націскам зімы ласі шпарка апыноўваюцца ў хваёвых пасадках і чым больш друзлы і глыбокі снег, то ўсё больш яны канцэнтруюцца адзін ля аднаго менавіта тамака. Гэтакім чынам утвараюцца ласёвыя стойбішчы, дзе надта варта шукаць рогі. З аленямі ўсё лацьвей, іх часта падкармліваюць і таму перш за ўсё плённа шукаць іхныя рагі пры падкормачніках і ў іхнем навакольлі. Акрамя таго рагі аленяў, а таксама ласёў больш верагодна могуць быць на ўсялякіх травяных галявінах пры іхнай мяжы з лесам або хмызамі, у чарнічных барох, пры асушальных канавах, на зарослых торфараспрацоўках. Вельмі годнае мейсца шукаць рогі – гэта ветравалы з асінаю. Часам у паляўнічых гаспадарках спэцыяльна валяць асіны, каб падкарміць ласёў ды аленяў. Дык вось тамака трэба таксама шукаць рогі.


Шукаючы рогі, трэба рабіць гэта з улікам мажлівай канкурэнцыі, навыперадкі, бо інакш змарнуеце час, адно падыхаўшы сьвежым лясным паветрам. Калі ўвесну пры пошуку рог бачыце шмат адбіткаў людзкіх ботаў, то пэўне ж то былі рогашукальнікі. Звычайна ў гэтакім выпадку лепш перабрацца ў іншае мейсца і шукаць, дзе ніхто яшчэ не хадзіў.


Цікавае пытаньне, аб тым куды рогі дзяюцца, калі штогод скідаюцца ласямі ды аленямі? Тутай усё проста – яны пераважна ў людзей, калі не ў рогашукальнікаў, дык у грыбнікоў з ягаднікамі. Тыя рогі, што нейкім чынам застаюцца ў лесе паступова згрызаюцца мышамі, палёўкамі, вавёркамі ды зайцамі з мэтай мінэральнай спажывы. Таксама цікава, што робяць з рагамі людзі для сябе? Чаго толькі ня робяць, але пераважна тое, што неяк трапіла на вока аўтару, не адрознівалася выбітнай прыгажосцю. На маю думку - лепш рог сам па сабе будзе прыгадваць прыўдалаю часіну на прыродзе. Падаецца, ён сам па сабе ўжо надта прыгожы, каб пакласці іх некалькі, або гару недзе ў куту кватэры. Што тычыцца тых рагоў, што скупаюцца перакупшчыкамі, то напэўна напрыканцы гандлярскага ланцужка тыя рагі распілоўваюцца на аздабленне мэблі і іншага. Няшмат, але бываюць і даволі мастацкія вырабы з рагоў у выглядзе фатэляў, столікаў, жырандоляў, вешалак і іншага. Тутай можа быць багатая фантазія і адмысловае захапленне, што-небудзь рабіць з тых рагоў.


Аўтарскія вырабы з рагоў дзеля прыгажосьці хатняга быту. Столік і фатэль былі зроблены аж у 1985 годзе, у той час толькі маючы звычайную савецкую нажоўку і дрыль. Жарандолі зроблены мінулым годам са слабым сьветам для спальні.



512 views1 comment
bottom of page