top of page
  • Writer's pictureVadim Sidorovich

Багатая гісторыяй прынёманьская вёска Сіняўская або Наднёманьская Слабада

Updated: Jan 15, 2023


Сааўтар: Ірына Ратэнка


Насамрэч прынёманская вёска Сіняўская Слабада або па-даўнейшаму Наднёманская Слабада, што мейсціцца на паўднёва-усходнем ускрайку Налібоцкай пушчы, поўніцца сваёй цікавай гісторыяй. Адылі, чамусьці хочацца пачаць аповяд аб гэтай вёсцы й падзеях у ёй і ейных ваколіцах з больш менш даволі звычайнай сучаснасьці.


Цяперака ў Сіняўскай Слабадзе амаль што няма прывабных сялянскіх забудоў. Як і шмат дзе ў Налібоцкай пушчы й ейных ваколіцах былыя сялянскія сядзібы, што яшчэ некалькі дзесяцігодзяў таму вялі значную сядзібную гаспадарку з мыкамі, япрукамі й г.д., цяперака ўсё больш пераўтвараюцца ў лецішча пераважна дзеля адпачынку. І неістотна ці то гаспадараць на тых панадворках дзеці або ўнукі былых сялян-гаспадароў, або новыя людзі з месца, напрыклад, з Менску. Выглядае больш менш аднолькава. Усе бавяць неяк час (грыбы, ягады, рыбалка, паляваньне), вырошчваюць бульбу, іншую гародніну, таксама садавіну, займаюцца кветкамі й не балей. Былога развою вясковага жыцьця няма ні на калева.


Сіняўская Слабада ў 2000-х гадох заўжды поўнілася кветкамі. Гэта надта прыемна бачыць. Фота 2018 году.



На гэтых фота некалькі прывабных фрагмэтў сучаснай Сіняўскай Слабада. Зьлева направа й зьверху ўніз відаць (1) Мала зьмененая колішняя сялянская сядзіба; (2) Нязьмененая новадзелам хата, якая мае дзьверы дзеля вынаса труны з гаспадаром пры ягоным пахаваньні, каб не выносілі ганебна праз шыбу або цесныя праходы каля асноўных дзьвярэў. Некалі ў Налібоцкай пушчы й ваколіцах амаль усе хаты мелі гэтакія дзьверы; (3) Знак прыпынку аўталаўкі, прыезд якой заўжды ёсьць падзея для мяшканцаў Сіняўскай Слабады; (4) Пакупнікі каля аўталаўкі ў Сіняўскай Слабадзе. Фота 2018 і 2019 гадоў.


На могілках у Сіняўскай Слабадзе ёсьць небезцікаўная старая частка, дзе раней мейсьцілася прыгожая драўняная царква Ўзвышэньня вятога Крыжа, што была адбудавана ў 1867 годзе. У 1870 годзе пры гэтай царкве была адчынена царкоўна-прыходская школа. У 1902 годзе ў ёй было 57 вучняў. Пад час Першай сусьветная вайны нямецкім гарматным абстрэлам. Таксама цікава, што на гэтых могілках як на даўнейшых магілах гэтак і нядаўніх прэвалююць некалькі прозвішчаў асабліва Балабановіч і Навумовіч.


Сапраўднай прывабнай адметнасьцю Сіняўскай Слабады зьяўляецца калёнія белых буслоў у 15-20 гнёздаў, якія пераважна мейсьцяцца на электрычных слупах. Падаецца, глядзеў бы й глядзеў на тое бусьляное хараство. Перш за ўсё сюды белых буслоў прываблівае кормная даліна Нёмну. Найбольш істотных чыньнікаў тамака два: выпас Ярэміцкага немалога статку калгасных мыкаў і штогодняе захаваўшаеся сенакашэньне ў Нёманьскай даліне ад вусьцяў Сулы й амаль што да Сіняўскай Слабады. Ад гэтага існуе сталая наяўнасьць нізкіх далінных травастанаў, што дае магчымасьць белым буслам дастаткова харчавацца. Фота 2015-2018 гадоў.


Ярэміцкая мыкі ў Нёманьскай даліне блізе Сіняўскай Слабады. Фота 2017 году.

Нёман і ягоная даліна блізу Сіняўскай Слабады ёсьць сапраўднае хараство. Фота 2019 году.



Як у самой Сіняўскай Слабадзе гэтак і ў бліжэйшых ваколіцах шмат усялякіх птушак, што цяжка не заўважыць мяшканцу або наведальніку нават далёкаму ад прыроды.



У Сіняўскай Слабадзе ёсьць немалы сьметнік, ад чаго ў гэтай вёсцы заўжды шмат негаспадарскіх катоў і бадзячых сабак. Не ведаю як тое каму, а нам гэта прывабна назіраць.



У 2017 годзе ў Сіняўскай Слабадзе нам удалося купіць сялянскую хату, першую на ўездзе ад Налібоцкай пушчы. На падворку маем буслянку, таксама ад хаты відаць яшчэ чатыры іншыя бусьлянкі. Купілі зусім танна, прыбраліся, тое-сёе палепшылі і пару разоў на месяц вітаем туды на ноч, або на абед з турыстамі, дзе ўсім надта падабаецца. Найбольшае хараство даюць буслы й рэчка Нёман. Часам улетку прыязджаем туды адпачыць усёй радзінаю, забачыць буслоў і пабыць на Нёмне.


Гэта краявід з заходам сонца ад нашай хаты ў Сіняўскай Слабадзе.



У Беларускім Архіве фотакінадакумэнтаў удалося знайсьці шэраг фота сялянскага жыцьця ў Сіняўскай Слабадзе 1920-1930-х гадоў.



У Другую сусьветную вайну Сіняўская Слабада была ў зоне моцнага ўплыву савецкіх партызан, больш пэўна параўнальна вялікага атрада, які клікаў себе "Міцькі" і быў сформаваны Зьмітерам Дзенісенка. Яны пераважна базаваліся кілямэтраў шэсьць на паўночны захад ад Сіняўскай Слабады ва ўрочышчах Красны Бор і Галянёва каля рэчкі Чорная. Тамака й цяперака можна ўбачыць з сотню былых зямлянак. Ніжэй бачыце фота тых партызан у 1943 годзе, што ўзята з інтэрнэт-сайту http://cossac-awards.narod.ru/KazakRKKA.

Таксама ў жніўні 1942 году блізу Сіняўскай Слабады пераважна зь яе жыхароў быў створаны меншы партызанскі атрад « Камсамольскі», які быў падпарадкаваны "Міцькам".


Пачатак сялянкай калектывізацыі ў Сіняўскай Слабадзе ў 1940 годзе. Фота з Беларускага Архіву фотакінадакумэнтаў.


Сяляне з Сіняўскай Слабады й іншых суседніх вёсак працуюць на падсушэньні сенажацяў на травяным багно ў недалёкім урочышчы Буды. Канец 1940-х або пачатак 1950-х гадоў. Фота з Беларускага Архіву фотакінадакумэнтаў.


У 1940 годзе Сіняўская Слабада (110 двароў, 548 жыхароў) зьяўляецца цэнтрам Сіняўска-Слабодскага сельсавета Мірскага раёна Баранавіцкай вобласці. У ліпені 1942 годзе нямецка-фашысцкія захопнікі спалілі ўсе забудовы ў Сіняўскай Слабадзе й забілі 11 мірных жыхароў.

З 1950 году ў Сіняўскай Слабадзе савецкія ўлады арганізавалі калгас «Чырвоны бераг», а з 1975 года гэты калгас узмацняецца й перайменоўваецца ў «Сіняўская Слабада». Цяперака тамака аніякага калгасу няма, бо няма працаўнікоў. Па словах захаваўшыхся тамтэйшых сталых жыхароў узімку ў Сіняўскай Слабадзе зімуе недзе 8-12 чалавек пераважна пэнсійнага веку, а ў 2000 годзе тамака было яшчэ 47 жылых двароў з 89 зарэгістраванымі жыхарамі. Напрыканцы 1940-х гадоў у Сіняўскай Слабадзе была свая школа, якая існавала да канца 1970-х гадоў. Цяперака школы няма, як няма і дзяцей, якія б стала жылі з бацькамі ў Сіняўскай Слабадзе.



Ніжэй нам хацелася ў падборцы фота неяк адлюстраваць сялянскае жыцьцё ў Сіняўскай Слабадзе пасьля Другой сусьветнай вайны, калі яна поўнілася тамтэйшымі людзьмі, вялася немалая хатняя гаспадарка, быў каўгас, школа, радзіны мелі шмат дзяцей, якіх было відаць паўсюдна ў гэтай вёсцы й яе ваколіцах. Пакуль гэта фота-падборка малая, але яна будзе папаўняцца.

Фота сялянскага жыцьця ў Сіняўскай Слабадзе ў 1950-х і 1960-х гадоў. У асноўным гэта фота ад радзіннага кляну Балабановічаў. Зьлева направа й зьверху ўніз Ніна Балабановіч, 1955 год; Тамара Навумовіч, Уладзімер Балабановіч і Ганна Самец, 1956 год; Парэцкія Міхал і Ядзьвіга, канец 1960-х гадоў; Уладзімер Балабановіч на сваім першым матацыкле, а потым дзеці ўселіся на той матацыкал, пачатак 1960-х гадоў; жыхары Сіняўскай Слабады на сенакосе напрыканцы 1970-х гадоў; вучні Сіняўска-Слабоцкай школы з настаўнікамі Валянцінай і Яўгенам Бусько, 1959 год; жанкі з Сіняўскай Слабады на праполцы калгаснага ільну, 1954 год.




Цяперака крыху больш даўняй гісторыі ў яе сувязі з нечым сучасным.


Ёсьць розныя ўяўленьні аб сымбалічнай браме ў Налібоцкую пушчу, але для мяне адназначна гэта мост праз Нёман у Сіняўскай (былой Наднёманскай) Слабадзе. І вось чаму. Па-першае, гэта тое мейсца, дзе па драўнянаму масту на тоўстых палях тры стагодзьдзі рухалася гэтакая ці інакшая сувязь Радзівілаўскага маерату ў Нясьвіжы з Радзівілаўскімі валоданьнямі ў Налібоцкай пушчы, перш за ўсё зь ягонай лавецка-лесагаспадарчай афіцыны ў Налібоках. Часам па гэтаму масту праходзілі доўгія лавецкія конна-вярблюдныя працэсіі то з Нясьвіжу ў Налібокі, а то назад пасьля магнацкага паляваньня. Снавалі праз мост розныя пасыльныя з загадамі й справаздачамі. Везлі рознага кшталту пушчанскую даніну ў Нясьвіж: мяса й трафэі здабытага зьвера, улоўленую рыбу, дрэўну, паташ і іншае да Радзівілаўскага скарбу.

У Наднёманьскай (цяперака Сіняўскай Слабадзе) мешкаў Дзераўноўскі падлоўчы ад Радзівілаўскай лавецка-лясной гаспадаркі з Нясьвіжу. Мейсца ягонага жыхарства было абрана невыпадкова, бо гэтае паселішча мейсьцілася на гэтым гасьцінцы, што ішоў на Дзераўную й далей на Налібакі. Пры сядзібе Дзераўноўскага падлоўчага ў Сіняўскай Слабадзе ў асобным будынку была афіцына Дзераўноўскага падлавецтва, а таксама быў збудаваны досыць вялікі пастаялы двор пераважна дзеля пастою заможных паляўнічых з Радзівілаўскага атачэньня.



Радзівілаўская лавецкая працэсія на пераправе праз Нёман у Наднёманскай Слабадзе на шляху да Налібок, прыблізна XVII стагодьдзе. Малюнак Аляксандра Міцяніна.

Гэта цяперака той гасьцінец ад Сіняўскай Слабады на поўнач праз пушчу мінуя Рудзьмянскія хутары й далей на Налібокі. Менавіта па гэтай развойнай дарозе некалі пралягала сувязь агромістай Радзівілаўскай гаспадаркі ў Налібоках і Налібоцкай пушчы з магнацкім маёркам у Нясьвіжы.

Гэты прыдарожны крыж яшчэ нядаўна стаяў на тым Радзівілаўскім гасьцінцы ад Сіняўскай Слабады ў бок Налібокаў паўз Рудзьму. Калісьці тутай было шмат гэтакіх абракальных крыжоў ды яшчэ было з дзясятак камянёў з надпісамі аб пасьпяховых паляваньнях Радзівілаў у Налібоцкай пушчы. Кажуць, што большая частка гэтых камянёў зьнікла напярэдадні Другой сусьветнай вайны, а апошнія напрыканцы 1940-х гадоў. Напэўна былі ўжыты на нейкай будоўлі.

Не так даўно і я адчуваў тамака сваю собкую браму ў гэтую пушчу ў Сіняўскай Слабадзе. Тутака добры пад'езд да пушчы й стары драўняны мост, які поўніўся калярытам вясковай глыбінкі, далей паўз маленькую ціхую вёску самаход пераносіў мяне ў Налібоцкую пушчу, а ззаду, як адрэзала, заставаліся перапрацаваныя людзьмі аграрна-урбанізацыйныя прасторы. Гэтыя прасторы леваруч Нёмна цягам стагодзьдзяў настолька зьменены людзьмі, настолькі тамака зьнішчана ўсё прыродна-натуральнае, што, ня гледзячы на ўсе тамашнія зьнічкі дарагой мне ліцьвінскай гісторыі кшталту Мірскага замку мне заўжды хацелася хутчэй зьбегчы адтуль на прыроду ў недалёкую Налібоцкую пушчу. І той драўняны мост у Сіняўскай Слабадзе сапраўды быў як брама ў Налібоцкую пушчу.


Стары драўняны мост праз Нёман  у Сіняўскай Слабадзе ў 2014 годзе.
Стары драўняны мост праз Нёман у Сіняўскай Слабадзе ў 2014 годзе.

Ледарубы гэтага мосту.
Ледарубы гэтага мосту.

Потым гэты прыгожы драўняны мост стаў памалу разбурацца. Узьніклі аварыйныя папярэджваньні пры ўезьдзе на мост. Хтосьці каля самога мосту на бэтоннай пліце напісаў: «Адбудуйце мяне». Адбудавалі.... з жалеза й бэтону, як у вялікім месцы з ілюмінацыяй. Узьнікла адчуваньне значнасьці гэтага страчанага старога прыгожага драўнянага мосту на палях як у тыя далёкія часы, а таксама кудысьці зьнікла й маё собкае адчуваньне той ранейшай брамы ў Налібоцкую пушчы.


Папярэджваньні пры ўездзе на мост у Сіняўскай Слабадзе, 2014 год.
Папярэджваньні пры ўездзе на мост у Сіняўскай Слабадзе, 2014 год.



Будаўніцтва новага маста ў Сіняўскай Слабадзе, і вось ён адбудаваны і з ілюмінацыяй нібыта ў вялікім месцы.

Нарэшце, ёсьць цікавае пытаньне, чаму Наднёманьская Слабада стала звацца Сіняўскай? Гісторыя гэтакая. Апошні ліцьвінскі Радзівіл Дамінік з немалым собкім войскам падтрымаў Напаліёна, як той ішоў вайной на Расею. Апасьля правалу Напаліёнаўскай ваенная кампаніі Дамінік адступаў з Напаліёнам і загінуў. Радзівілаўскія маёнткі, замкі й палацы былі ўшчэнт разрабаваны расейцамі пад час той вайны. На ўсю Радзівілаўскую маёмасьць расейскі цар Аляксандр І наклаў сэквэстар, што азначала іхнюю належнасьць да дзяржаўнай уласнасьці, а не Радзівілам. Па гэтым часе адбыўся яшчэ большы заняпад Радзівілаўскай нерухомасьці й яе рабунак. Але ўрэшце, улічваючы, што цалкам Радзівілы ёсьць уплывовыя эўрапейскія магнаты праз нейкі час расейскі цар скасаваў сэквэстар, і гэта ўся агромістая нерухомасьць была ўспадкавана прадстаўніком прускай галіны Радзівілаў напрыканцы 1820-х гадоў. Ім стаў Антоні Генрык Радзівіл, які атрымаў пасаду наступнага нясьвіскага ардыната. Акрамя большасьці былых маёнткаў, замкаў і палацаў за Антоніям таксама было замацавана значная частка былых Радзівілаўскіх зямельных валоданьняў у Налібоцкае пушчы, а таксама іншых лясных абшараў непадалёку (напрыклад, к усходу ад Стоўпцаў).


Каб аднавіць усё гэта майно, Антоні Генрык Радзівіл, потым новы нясьвіскі гаспадар Вільгельм Радзівіл распарадзіліся высякаць спрадвечныя дубровы па даліне Нёмну, сплаўляць іх па Нёмну да Кёніксберга й Клайпеды, а адтуль спрадаваць у Англію, Францыю ды Прусію. Патрэбны былі працаўнікі, каб сячы дубы, траляваць іх да румных мейсцаў па Нёмну (вялікі рум быў у Наднёманьскай Слабадзе), а таксама сплаўляў агромістыя дубовыя плыты ўніз па Нёмну. Дзеля гэтай мэты з вялікай Радзівілаўскай вёскі Сіняўка з-пад Клецку ў Наднёманьскую Слабаду было пераселена шмат радзін працаўнікоў. Цяжка сказаць колькі, але гэта не дзесяць і не двадцаць, значна балей. Во з той пары Наднёманьская Слабада паступова стала пераймяноўвацца як Сіняўская Слабада. Цягам 1830-х й 1840-х гадоў амаль што ўсе каштоўныя дубы вакол Наднёманьска-Сіняўскай Слабады павысекалі, як вышэй і ніжэй па даліне Нёмна. Якія то былі тыя дубровы крыху можна ўявіць забачыўшы магутныя некалькі дзясяткаў захаваўшыхся дубоў у Панямоні, або паглядзець рэштавую трохсотгадовую дуброву пад Бродным. Вось на гэтай аптымістычнай пазыцыі, што яшчэ пакуль што можна нешта гэтакае ўбачыць у Налібоцкай пушчы мы сканчаем свой аповяд пра Наднёманьска-Сіняўскую Слабаду.




Прыблізны выгляд спрадвечных прынёманьскіх дуброў да іх высечкі. Малюнак Аляксандра Міцяніна.


Высечка тых дуброў і конная трылёўка магутных дубоў да Нёмну. Малюнкі Аляксандра Міцяніна.



207 views0 comments
bottom of page