top of page
  • Writer's pictureVadim Sidorovich

Бусляная вёска Панямонь пры Нёмне

Updated: Jan 15, 2023


Сааўтар Ірына Ратэнка


З гісторыі гэтай маляўнічай вёсачкі я ведаю няшмат. З параўнальна далёкага мінулага Панямоні ведаю толькі, што яна пераўтварылася з Храптовічскай гаёўні ў вёску дакладнее лесасечную й дрэўнасплаўную слабаду ў сярэдзіне XIX-тага стагодзьдзя пад час высечкі і спродажу тамтэйшых прынёманскіх дуброў спачатку Радзівіламі пры Наднеманскай Слабадзе і вышэй па Нёмну, а потым і Храптовічамі вышэй і ніжэй Шчорсаў. Таксама Панямонь значна пашырылася ў паваенны час пры савецкай калектывізацыі сельскай гаспадаркі, зьвядзеньня хутароў і перасяленьні хутарцоў у вёскі.


Памятую як у 1980-я й 1990-я гады Панямонь была яшчэ развойнай вёскай, поўнілася сялянамі й свойскімі жывёламі. Амаль што кожная сялянская радзіна ў тыя гады мела значную гаспадарку з мыкамі, коньмі, япрукамі й свойскай птушкай перш за ўсё шмат было гусямі. Цяперака нічога гэтага няма. Замест трох статкаў сялянскіх мыкаў няма аніводнай. Хтось на паўночным ускрайку Панямоні спрабуе гадаваць авечак, і тое ўся сколь значная прыватная гаспадарка на ўсю Панямонь. У левабярэжнай Панямоні быў калгасны млын на рэчцы Сервеч. Ягоны напаўразбураны будынак і зараз стаіць пры мосьце праз гэты левабярэжны Нёманскі прыток. Панямонь усё больш засяляецца месьцічамі дзеля адпачынку й агародніцтва ў цёплы сэзон, то бок зараз гэта насамрэч пасёлак лецішчаў пераважна менчукоў.


Былыя сялянскія хаты ў Панямоні, што карыстаюцца як лецішча. Фота 2018 году.

Адна з апошніх сядзіб сялян у Панямоньні. Фота 2019 году.


Хтось спрабуе гадаваць авечак на паўночным ускрайку Панямоні. Фота 2017 году.


Разваліны млына на рэчцы Сервеч у Панямоні.
Разваліны млына на рэчцы Сервеч у Панямоні.

Ня гледзячы на тое, што Панямонь як сама вёска мяне не надта прываблівае, я вітаю туды па некалькі разоў на месяц. Навакольле Панямоні поўна прыроднага хараства. Гэта перш за ўсё калёнія буслоў у 40-60 гнёздаў, што ў асноўным знаходзіцца з дзьвух бакоў правабярэжнай Панямоні. Тыя бусьлянкі пераважна разьмеркаваны на велічных прыгожых дубох, якіх у бліжэйшым навакольлі захавалася ня менш трыццаці. Некаторыя з тых дубоў прынамсі шэсьць зь іх векам 400-500 гадоў. Частка бусловых гнёздаў пабудавана імі на стрэхах гаспадарчых забудоў. То бок Панямонь – гэта бусьліная вёска. Акрамя таго ў бусьляной калёніі вядуцца вераб'і, шпакі, некалькі парак вялікіх савукоў, што гняздуюцца ў дубовых жаралах, й шэрыя чаплі. Некаторыя весны на адной з бусьлянак гняздуецца пугач. Адылі, у апошнія гады буслоў у Панямоні меншае, бо без мыкаў і сталага сенакашэньня на Нёманскіх паплавах ва ўмовах некошанага занадта высокага травастану буслам усё менш дзе ёсьць чым карміцца. Ім трэба невысокія травастаны, дзе б яны маглі б латва здабываць спажыву як то дробныя грызуны, жабы, рапухі й гады.


На асноўнай усходняй частцы Панямоньскай калёніі буслоў у 2000-я гады, а вось на фота Анатоля Фамянкова, што пададзена ўнізе відаць тая ж самая бусьляная калёнія на тых жа самых дубох толькі у 1967 годзе.





Паўднёва-заходнія ваколіцы Панямоні прывабліваюць шэрагам магутных дубоў. Калісьці да 1830-х гадоў пераважна ва ўсёй даліне Нёмна пры Панямоні расьлі раскошныя дубровы з гэтакіх дубоў, што былі высечаны Радзівіламі ў 1830-х і 1840-х гадох. Апошнія дуброўкі дасякаліся за польскім і савецкім часам.



Хараства прыдаюць раскошныя паплавы, што яшчэ не ўсе зарасьлі лазовымі хмызамі і дрэвамі. Поплаўныя лугі тутай розныя і сухадольныя, і забагененыя. У раньнюю весну ў Панямоні зачароўвае хараство палавені, якая можа падбірацца да самых Панямоньскіх хат. Хочацца быць і быць у Панямоні пры Нёмне, бо тутай ён асабліва прыгожы. Праз Нёман у Панямоні ёсьць драўняны мост. Таксама неперадавальнае хараство. Трэба тое бачыць.



Нёман каля Панямоні.


Прынёманьскі паплаў каля Панямоні.




Нёманьскае старарэчча ў Панямоні.

Панямоньскія ваколіцы ўзімку.


Драўляны Панямоньскі мост і ягоныя ледарубы, якія штогод усё больш разбураліся.


Улетку 2018 году ў Панямонь былі прывезены драўляныя будаўнічыя матэрыялы, каб аднавіць Панямоньскі мост.



Адноўлены Панямоньскі мост зімою 2019 года.



Наплыўны мост ў Панямоні ў 1960-тых гадох.

147 views0 comments
bottom of page